Андрэ Бём: Мару перакласьці на нямецкую «Каласы пад сярпом тваім» і «Новую зямлю»
Упершыню studenty.by прапануе інтэрвію з выкладчыкам беларускай ВНУ, што таксама ёсьць адмеднасьцю беларускага студэнцтва. Андрэ Бём (André Böhm) – малады выкладчык БДУ – лектар DAAD (Deutscher Akademischer Austauschdienst), немец па нацыянальнасьці, які дасканала валодае беларускай мовай і сьцьвярджае, «што беларуская мова лепшая за яе рэпутацыю і больш багатая». Зьдзіўляецца мужнасьці беларускіх студэнтаў і разьбіраецца ў сапраўдных драніках. Усе падрабязнасьці выведала Ганна Краснова.
Андрэ захапляецца беларускай літаратурай і культурай, перавагу з клясыкі аддае М. Багдановічу, У. Караткевічу, В.Быкаву. Займаецца перакладамі беларускай літаратуры. Адзін з такіх зборнікаў, куды ўвайшлі пераклады Андрэ Бёма «Фронтлінія». Мае за плячыма дыплём на тэму «Сьветабачаньне і канцэпцыя пэрсанажаў у выбраных эпічных творах У. Караткевіча » і досьвед навучаньня, практыкі і працы на Беларусі і ў Нямеччыне. Зьдзіўляецца мужнасьці беларускіх студэнтаў, якія па 3-4 чалавека жывуць у інтэрнацкіх пакойчыках і пры гэтым добра ладзяць. Разьбіраецца ў сапраўдных драніках, падкрэсьліваючы, што нямецкія дранікі да беларускіх не дацягваюць, бо зробленыя, пэўна, з паўфабрыкатаў.
- Андрэ, якім чынам ты трапіў упершыню на Беларусь і што натхніла цябе вярнуцца, каб застацца тут на працяглы час?
- Так атрымалася, што ў мяне практычна ўсё зьвязана зь Беларусьсю. Упершыню я патрапіў на Беларусь роўна дзесяць год таму, у траўні 1996 года. Гэта была экскурсія па праграме IBB. У траўні 1997 зноў наведаў Беларусь. Пасьля паступіў у Бохумскі ўнівэрсытэт на славістыку і трапіў зноў у Менск у 1999 годзе ужо на навучаньне па абмену. Адвучыўся 3 сэмэстры ў БДУ, вярнуўся ў Нямеччыну і вырашыў перавесьціся ў Лейпцыгскі ўнівэрсытэт. Трэба сказаць, што ў Нямеччыне гэта ня так складана. Я перавёўся ў Лейпцыгскі ўнівэрсытэт, таму што там ёсьць спэцыяльнасьць усходнеславянская філялёгія. Навучаючыся ў Лейпцыгу, я арганізоўваў вандроўкі студэнтаў на Беларусь. Месяц яны былі тут, наведвалі курсы ў БДУ, займаліся вывучэньнем мовы, некаторыя вырашылі нават вывучыць беларускую мову. Два гады таму я трапіў на стажыроўку ў БДУ ужо выкладаць нямецкую мову. І зь мінулага году я працую тут як лектар DAAD.
- Вядома, што сыстэма адукацыі ў нас і за мяжой ці дакладней сказаць у Эўропе карэнным чынам адрозьніваюцца. Ты сам асноўную адукацыю атрымаў дома, у Нямеччыне. А зараз працуеш у Беларусі, дзе сёньняшнія студэнты вучацца па амаль такой самай схеме, як вучыліся іхнія бацькі, бабулі й дзядулі. Што заўважаеш ты як выкладчык?
- Моладзь ў Нямеччыне становіцца студэнтамі ў 19, 20, 21, 22, 23 год і нават пазьней, таму яны лічацца дарослымі. А тут такая яшчэ больш школьная сыстэма. Тут дакладная праграма, а ў Нямеччыне большая свабода, што тычыцца, напрыклад, сэмінараў. Іх студэнт можа абіраць па ўласным жаданьні, спэцыяльнасьці, спэцыялізацыі. А ў беларускай ВНУ дакладная, усім вядомая праграма. У Нямеччыне людзі адказваюць самі за свае адзнакі, посьпехі і, калі ў іх няма матывацыі вучыцца, гэта іх праблема, а ў Беларусі мне прыходзіцца, так сказаць, ціснуць. Хаця тое, што беларускія студэнты вучацца па вызначанай праграме, таксама ня кепска, таму што ім даюць канкрэтныя веды. Менавіта на філялягічных факультэтах даюць тут грунтоўныя веды па мове: па граматыцы, фанэтыцы менавіта. Фанэтыка лічыцца тут увогуле вельмі важнай дысцыплінай, у Нямеччыне гэта наагул ня важна, калі чалавек паступіў на замежныя мовы, фанэтыка, скажам, важны, але не самая галоўны прадмет. Тут ужо на першым, другіх курсах студэнты філялягічных спэцыяльнасьцей размаўляюць вельмі добра на замежнай мове, ня ўсе канешне, але большасьць.
- Як паводзіць сябе на занятках беларускі студэнт і выкладчык, а як нямецкі студэнт і выкладчык?
- У беларускага выкладчыка ёсьць нейкі аўтарытэт, якога ў нямецкага выкладчыка не хапае. Ці такі (аўтарытэт) там проста не патрэбны. Што тычыцца інтарэсаў, хобі - тут і там яны больш або менш аднолькавыя, там тусоўкі, напрыклад (усьміхаецца). Мае студэнты ўжо ведаюць, што я ня вельмі такі строгі з аднаго боку (ўсьміхаецца, і падкрэсьлівае, што менавіта не такі строгі, а не мяккаваты), але зь іншага боку кіраўніцтва катэдры можа на мяне ціснуць, каб я быў больш строгі.
Таксама і такое бывае. Усё ж такі, мае студэнты ведаюць, што яны павінны здаць залік ці іспыт.
- Што цікавенькага прыгадваеш са свайго студэнцкага часу?
- Распавяду, калі я вучыўся тут. Памятаю на навучаньне я прыехаў сюды ў 1999 годзе і засяліўся, скажам, у такі звычайны беларускі інтэрнат. Для мяне ўсё было новае, цікавае, так сказаць, крута. Я глядзеў на ўсё круглымі вачыма. Праз колькі часу, праз 2-3 месяцы, у мяне адбыўся культурны шок, але не абавязкова разумець гэта толькі ў нэгатыўным сэнсе, т.б. калі я пачаў глядзець на ўсё рэалістычна. Яшчэ мяне захапляла, што студэнты, якія жывуць утрох у адным пакоі, у Нямеччыне гэтага наогул немагчыма нават ў інтэрнатах, трымаюцца разам, сябруюць, нават калі яны маюць розныя погляды на жыцьцё і маюць розныя інтарэсы. А яшчэ было цікава, што раз на тыдзень ці раз ў месяц яны езьдзяць дахаты і прыяжджаюць зь вялікімі торбамі прадуктаў, частуюць (расказвае з асалодай).
Я прыехаў на Беларусь, не думаючы пра нейкія там стэрэатыпы. Я адкрываў патрошку Беларусь для сябе сам.
- Што ты думаеш аб прымусовым разьмеркаваньні беларускіх студэнтаў пасьля сканчэньня установы адукацыі? Тым больш, што тэрмін «расплаты» за бюджэтнае навучаньне зьбіраюцца зьмяніць з двух на пяць год?
- Мне цяжка сказаць, таму што там у Нямеччыне такога няма. Лепш самаму выбіраць свой шлях ў жыцьці. Калі гэта прымус, то гэтым шмат што сказана.
- А як да цябе, як да беларускамоўнага выкладчыка - немца, ставяцца беларускія студэнты?
- Я ня вельмі люблю праводзіць такую форму праверкі ведаў, як слоўнікавыя дыктоўкі ці тэсты. У такіх выпадках я проста стараюся падрыхтаваць розныя тэсты на розныя тэмы, і тады я ім даю не расейскія словы, а беларускія. Пры гэтым яны заўважаюць, што там вельмі шмат мяккіх знакаў (усьміхаецца). І зрэдку яны не разумеюць нейкія словы. Часам яны прапаноўваюць вельмі шмат варыянтаў перакладу, але толькі ня правільны.
- Ты меў магчымасьць павучыцца ў Беларусі. І гэта быў студэнцкі абмен. Што для студэнта можа значыць хаця б адзін сэмэстар навучаньня ў іншай краіне?
- Гэта вельмі важна для студэнта. І гэта «выгодна» для духоўнага і інтэлектуальнага разьвіцьця студэнтаў. Яны вучаць ня толькі замежную мову, але знаёміцца і з рознымі людзьмі, людзьмі з розных культураў. Гэта карысна таксама для разьвіцьця культуры ўнівэрсытэтаў, якія займаюцца абменамі. І шкада, што ў Беларусі пакуль не распаўсюджаная большая колькасьць стыпэндыяльных праграмаў. Калі такая магчымасьць ёсьць, я параіў бы кожнаму беларускаму студэнту зацікавіцца і ўсур’ёз узяцца за падрыхтоўку і падачу дакумэнтаў на стыпэндыю. Але важна, каб студэнты пасьля вярталіся на Беларусь.
- А чым могуць быць карысныя такія выкладчыкі як ты? Якія прыяжджаюць зь іншых краінаў выкладаць.
- Мая задача заключаецца ня ў тым, каб тлумачыць студэнтам нейкія граматычныя ці фанэтычныя фэномэны, гэта могуць рабіць і беларускія калегі, якія часта робяць гэта лепей, чым нямецкія выкладчыкі, і гэта варта падкрэсьліць. Мая задача ў тым, каб пазнаёміць студэнтаў зь нямецкай гісторыяй, культурай, мэнталітэтам. Ёсьць шмат стэрэатыпаў пра тую ж самую Нямеччыну, але я хачу перадаць рэалістычны вобраз. Я вельмі інтэнсіўна займаўся дасьледваньнямі нямецка-беларускіх узаемаадносінаў і гэта ў сваім курсе краіназнаўства таксама спрабую адлюстраваць. Не ўсім гэта зразумець, але мне хочацца, каб людзі, зь якімі я падтрымліваю сувязь, працую, проста зь якімі я тусуюся, адчулі, што імі таксама цікавяцца. Некалькі год я прапагандую ў Нямеччыне беларускую культуру, асабліва літаратуру і змагаюся з стэрэатыпамі.
- Якія пляны ты маеш на бліжэйшы час?
- Я хачу яшчэ некалькі гадоў пажыць і папрацаваць тут. Таксама я хачу перакласьці яшчэ шмат-шмат беларускіх пісьменьнікаў, паспрабаваць перакласьці «Каласы пад сярпом тваім»і «Новую зямлю», але гэта такая мара, нават яшчэ не плянуецца. Нерэальна. Не, ў прынцыпе, усё рэальна!
- Ці ёсьць ў цябе якія-небудзь пажаданьні беларускім студэнтам?
- Я зычу вам ўсім, каб вы ўладзілі сваё жыцьцё па ўласных жаданьнях і ўяўленьнях, каб вы выкарыстоўвалі, ды нават эксплюатавалі ўсе свае магчымасьці і стварылі нешта новае, надзвычайнае, экстравагантнае! Плённага працягу!
Ганна Краснова
Каментары