У Мінску ў мастацкай галерэі «Універсітэт культуры» праходзіць выстава вышываных карцін клуба «Сузор'е» грамадскага аб'яднання «Беларускі саюз жанчын». Яна прысвечаная Дню маці.
У экспазіцыі прадстаўлена больш за сто работ, выкананых у рознай тэхніцы ручнога гафту: падліковы крыж, паўкрыж, габеленавы шывок, ручная і машынная гладзь.
Кіраўнік клуба Наталля Сак зазначыла: «Выставу гэту ў поўнай меры можна назваць чароўнай, бо нездарма кажуць, што вышывальшчыцы бачаць свет праз вушка іголкі, і для іх усё звычайнае ператвараецца ў чароўны свет! Свет гэты створаны на кавалачках тканіны пры дапамозе маленькай іголачкі і рознакаляровых нітачак! Але як шмат кветак і адценняў, як шмат дзіўных і незвычайных сюжэтаў можна тут убачыць! Кожная работа — гэта маленькі шэдэўр, створаны з цеплынёй, любоўю і жаданнем зрабіць наша жыццё больш дзіўным і прыгожым!»
Каментары