16 лістапада споўнілася 90 год з дня народзінаў Кастуся Акулы
— аднаго з заснавальнікаў Згуртаваньня Беларусаў Канады і ягонага першага кіраўніка, пісьменьніка, лаўрэата прэміі імя Ф.Багушэвіча, журналіста, грамадскага дзеяча, аднае з самых адметных пастацяў беларускае эміграцыі. Менавіта з гэтае нагоды беларуская грамадскасць Канады прызначыла лістапад 2015 года месяцам Кастуся Акулы.
Кастусь Акула: радкі з аўтографам
У першы дзень лістапада, на Дзяды, сябры Згуртавання беларусаў Канады наведалі таронтаўскія могілкі Pine Hills, дзе пахаваны Кастусь Акула.
Прыбралі ягоную магілу. Пасадзілі новыя кветкі — ірысы бессьмяротныя брунатна-чырвонага і белага колераў. Узялі па чарцы за ўсіх Дзядоў — тых, што ляжаць у Канадзе, і тых, што засталіся ў Беларусі, і ўсіх раскінутых па свеце.
16 лістапада канадыйскія беларусы, хто ведаў Кастуся Акулу, хто вельмі за ім сумуе, ізноў прыйшлі на ягоную магілу. Прынеслі белыя і чырвоныя кветкі, сцягі, ручнікі, Пагоню — усё, што было для яго святым у жыцці. Чыталі ягоныя вершы. Дзяліліся ўспамінамі… А потым зрабілі маленькую пілігрымку па «акулаўскіх мясцінах» у Таронта. Дом, дзе ён жыў, куды прывёў жонку Надзею, дзе нарадзіліся й выраслі іхнія чацвёра дзяцей — Алесь, Ганна, Альгерд, Юрась. А яшчэ — і гэта сталася сюрпрызам — Іра Варабей прывяла ўсіх у той парк, да тае лаўкі, куды аднойчы даўно прывёз яе дзядзька Кастусь, каб «пакарміць вавёрак», а насамрэч распавесці ёй, як тут, на гэтай лаўцы, 40 гадоў таму (цяпер ужо болей за 50) пісалася (набіралася на ручной друкарцы) трылогія «Гараватка». Зноў дзяліліся ўспамінамі, але збольшага пасядзелі моўчкі, прыслухоўваючыся да думак прысутнага тут Кастуся…
«…Калі, спадзяюся, некалі мае думкі выклічуць згадкі ці хваляванні ў каторага нашага суродзіча, дык запрашаю наведаць святыню маей адзіноты …
Сядзьце побач, падумаем, паразважаем. З якога, дазвольце спытаць, вы году й каторага стагоддзя?
Прызнаюся вам, люблю звяртацца да тых, што пасля прыйдуць. Ці мала хто мяне, за маю пісаніну, дзіваком лічыць. Вы, пэўне ж, з адлегласці часу, інакш мяне разумееце. Апроч таго, у вас яшчэ адна выгада: праз мяне вы можаце зазірнуць у мой свет, а я ў ваш аніяк не магу, бо вы йдзеце пасля мяне, значыцца ў нейкай меры будзеце й прадуктам такіх, ці падобных, як я. Таму, каб пазнаць сябе, вы будзеце намагацца пазнаць нас, папярэднікаў, так, як і мы намагаліся пазнаць сваіх прашчураў…» (Кастусь Акула )
У нядзелю, 22 лістапада беларуская грамадскасць Канады ўрачыста адзначыла 90-я ўгодкі народзінаў нашага знакамітага суродзіча.
У Беларускім цэнтры, што ў Таронта, высілкамі сябраў Згуртаваньня беларусаў Канады — арганізацыі, якую ў 1948 г. заснаваў Кастусь Акула — сталася ганаровая акадэмія.
Распачаў урачыстасці Старшыня Галоўнае ўправы Згуртавання беларусаў Канады Зміцер Эльяшэвіч. Ён адзначыў ролю й месца юбіляра ў гісторыі беларускае паваеннае эміграцыі ў Канадзе.
Пакінутае Кастусём Акулам у спадчыну сталася найістотнейшым унёскам у справу мацавання Беларушчыны не толькі ў Канадзе, але й ва ўсім Заходнім свеце.
Кастусь Акула застаўся ў нашай памяці найперш як чалавек адданы сваёй Радзіме-Беларусі. Так, Канада стала яго домам, і ён пра тое неаднойчы казаў. Аднак уражвала ягоная любоў да Беларусі, цікавасць да ўсяго, чым жыла Бацькаўшчына. Ён з велізарнаю павагаю ставіўся да беларускага слова, і вельмі цешыўся, калі яшчэ адна беларускамоўная асоба з найноўшае іміграцыйнаe хвалі завітвала ў наш Беларускі цэнтр.
Алесь Кот распавёў пра той перыяд канца 40-х гадоў мінулага стагоддзя, калі групаю беларусаў з ліку тых, што прыехалі па кантрактах у Канаду з Вялікае Брытаніі, сталася закладзенаю першая беларуская нацыянальная арганізацыя ў Паўночнай Амерыцы, што атрымала назоў ''Згуртаванне беларусаў у Канадзе''.
Расцярушаныя па велізарных абшарах Канады, беларусы напачатку не мелі аніякіх магчымасцяў дзеля наладжвання стасункаў паміж сабою. Былы жаўнер Другога корпусу арміі Андэрса, малады хлапец Кастусь Акула добраахвотна ўзяў на сябе цяжар скамунікаваць і сабраць разам колькісь сведамых суродічаў праз выданне і рассылку першае ў Паўночнай Амерыцы беларускае газеты ''Беларускі Эмігрант''.
Друкаванае слова разыходзілася па свеце й атрымоўвала першыя водгукі, ўсё больш і больш прыцягваючы ўвагу беларускага люду, з-за вайны вымушана пакінуўшага Бацькаўшчыну. Так, 23 сакавіка 1948 г. рэдакцыя атрымала ліст з Гальштаду, Швецыя, у якім сказана й наступнае:
''… Мая Вам вялікая ўдзячнасьць за тры экз. ''Беларускага Эмігранта''. Так склалася, што надовечы быў у нас праездам у Штокгольм Сп. Прэзідэнт М. Абрамчык. Вось-жа ён прачытаў рэдагаваны Вамі часапіс ад першае да астатняе балонкі і выказаўся дужа пахвальна як аб змесце ''Беларускага Эмігранта'', так і аб ягоным афармленні. У гэтым лісце на спробу шлю Вам 1 дал. Няхай расце і развіваецца Ваш заакіянскі часапіс, — мы са Старога Сьвету будзем яму памоцным чым і як мага…''
Ваш А.О.''
Кастусю Акулу тады было 22 гады.
Прамоўца таксама прадэманстраваў прысутным у зале Беларускага цэнтру гістарычны Камунікат Часовае Галоўнае Ўправы закладваемае арганізацыі і агучыў першую тэзу гэтага дакумента:
''… 28-га лістапада 1948 г. на Сходзе беларусаў у Таронта, скліканай Ініцыятыўнай Групай да арганізавання беларусаў у Канадзе, было пастаноўлена ўтварыць беларускую нацыянальную арганізацыю ў Канадзе п. наз. ''Згуртаванне Беларусаў у Канадзе'' /З.Б.К./. Выбрана спаміж сяброў сходу Часовая Галоўная Управа Ў наступным складзе:
Старшыня - К. Акула
Заст. Стар. - Б. Аранскі
Сакратар - М. Пашкевіч
Скарбнік і рэф. дапамогі - Я. Пітушка …''
Увага аўдыторыі сталася засяроджанаю на тым, што словы ''беларус'', ''беларускі'' у адным толькі першым сказе гэтага асноватворчага дакумента ўзгадваюцца чатыры разы, а ва ўсім адобачынкавым тэксце камунікату - васемнаццаць(!) разоў. Навошта? Каб ні ў кaгo не засталося сумненняў, якога кшталту закладваецца арганізацыя. Не прыхільнікаў Беларушчыны, не сяброў Беларусі, не аматараў беларускага слова, але менавіта арганізацыя БЕЛАРУСАЎ. Бо калі прыцісне і прыйдзецца сур'ёзна змагацца за сваё, за беларускае, то па вялікім рахунку і на ''прыхільніка'', і на ''аматара'', калі яны небеларускага паходжання, спадзяванні квёлыя.
Сталася узгаданым і яшчэ пра некаторыя тэмы, што сціпла абмінаюцца увагаю падчас расповеду пра грамадска-палітычную дзейнасць Кастуся Акулы. А менавіта пра Камітэт сувязі былых беларускіх ветэранаў, які ён ўзначальваў.
Першая сусьветная сустрэча беларускіх ветэранаў адбылася 17-18 жніўня 1974 году ў Манчэстэры, Вялікая Брытанія. Удзельнічалі ў ёй былыя беларускія вайскоўцы з пяці краінаў: Аўстраліі, Вялікае Брытаніі, Іспаніі, Канады й Францыі. Мэтаю сустрэчы было святкаванне 30-х угодкаў Беларускае краёвае абароны і ўшанаванне памяці тых беларусаў, што змагаліся й аддалі сваё жыццё за волю Бацькаўшчыны. Згодна з рашэннем удзельнікаў сустрэчы й пачалося выданне часапісу беларускіх ветэранаў ''Зважай'', галоўным рэдактарам якога быў ізноў жа Кастусь Акула. Часапіс стаўся магутным ідэалагічным рупарам беларусаў замежжа, годным выданнем, што прыйшло на змену газеце ''Беларускі Эмігрант''.
На працягу колькісь год Кастусь Акула ўваходзіў у склад Рады БНР, з'яўляўся прадстаўніком Рады ў Канадзе.
Маючы на руках невылечна хворых жонку і трох дзяцей, працаваў на вытворчасці, займаўся разнастайнай грамадскай дзейнасцю і і пры ўсім гэтым знаходзіў магчымасць пісаць, выдаваць і дапамагаць у гэтай справе іншым…
Калі ў 1988 годзе паўстаў Беларускі Народны Фронт, Згуртаванне беларусаў Канады не вагалася з вызначэннем свае пазіцыі адносна дачыненняў з новапаўсталай у Беларусі палітычнай сілай, але адразу ж зразумела, што тыя надзеі на вяртанне Бацькаўшчынаю свае незалежнасці, якія натхнялі беларускую эміграцыю ў першыя 10—15 паваенных год, і сталіся страчанымі з пачаткам перыяду так званага мірнага суіснавання Захаду з Усходам, атрымоўваюць магутную падпітку, права на новае жыццё. Навязванне стасункаў з Фронтам, зарганізаванне візіту ў Канаду дэлегацыі БНФ на чале з ягоным Старшынём Зянонам Пазняком, кантакты паміж кіраўніцтвам абедзвюх арганізацыяў, усебаковая дапамога першай рэльнай апазіцыйнай існуючай у Беларусі камуністычнай уладзе сілай. Кастусь Акула й тут праявіў сябе як адданы беларускі патрыёт, моцна дапамогшы Фронту матэрыяльна.
Далей Алесь Кот зачытаў успаміны вядомых асобаў з розных куткоў свету, адмыслова падрыхтаваныя імі да ўрачыстасцяў у Канадзе з нагоды 90-годдзя народзінаў Кастуся Акулы: сярод іх — Старшыні Рады БНР Івонкі Сурвіллы, Атава, Дырэктара Беларускага інстытуту навукі і мастацтва ў ЗША доктара Вітаўта Кіпеля, Нью-Ёрк, пісьменніка Уладзіміра Арлова, Менск, краязнаўцы Ігара Бараноўскага, Берасце, Старшыні КХП-БНФ ''Адраджэнне'' Зянона Пазняка, Варшава.
З успамінаў Івонкі Сурвіллы:
''..Усе мы ведаем пра талент гэтага вялікага беларускага патрыёта. Ведаем пра ягоныя, часам вельмі адважныя выступленні, — як прыкладам у 1967 годзе на Сусветнай выставе ў Манрэалі. …Але, магчыма не ўсе ведаюць пра ягоную шчодрасць. А гэта — велізарная якасць чалавека.
Кастусь не меў машыны. Не меў, бо вырашыў, што грошы, якія яна каштавала б — больш прыгадзіліся ў Беларусі. Кожны месяц высылаў частку свае пенсіі ў Беларусь. Адным памагаў, другім ахвяраваў на розныя ініцыятывы.
Кастусь Акула заўсёды быў часткаю нашае Беларускае Сям'і у Канадзе. Калі жаніўся ягоны сын Юрка ў Фларыдзе, — і бацькоў яго ўжо не было між намі, — запрасіў мяне на вяселле, бо я была, як і кожны з нас, часткаю яго беларускае сям'і. Для мяне было гонарам прысутнічаць на вяселлі сына Кастуся''.
Уладзімер Арлоў, голас якога па тэлефоннай лініі праз узмацняльнік чула ўся зала Беларускага цэнтру:
''… За акіянам Кастусь Акула рэдагаваў газету «Беларускі эмігрант», часапіс беларускіх ветэранаў ''Зважай'', супрацоўнічаў з славутым парыжскім «Континентом».
У 1962-м пабачыў свет першы раман Кастуся Акулы «Змагарныя дарогі», які ў 1994-м быў перавыдадзены ў Беларусі і некалькі месяцаў займаў найвышэйшыя радкі ў спісах айчынных бестселераў, адкуль потым перавандраваў у складзены «Нашай Нівай» пералік 100 найбольш папулярных беларускіх кнігаў ХХ стагоддзя. Пяру Кастуся Акулы належыць цэлая бібліятэка, дзе адметная месца займае аўтабіяграфічная трылогія «Гараватка».
Ён шчодра падтрымліваў нашы незалежныя выданні. Любіў рабіць падарункі, прычым гэта заўсёды былі карысныя й патрэбныя рэчы. Чаравікі зь неверагодна трывалай валовай скуры, прывезеныя мне на пачатку 1990-х, я абуваю й цяпер…''
З успамінаў Зянона Пазняка.
«Я ўдзячны Богу…»
Я пазнаёміўся з Кастусём Акулам у красавіку 1991 года ў Таронта. Тады дэлегацыя дэпутацкай Апазыцыі Беларускага Народнага Фронту, якую я ўзначальваў, на працягу месяца гасьцявала з палітычным візытам па запрашэньні беларускіх арганізацыяў у ЗША і Канадзе. Гэта быў першы вызыт беларускай антыкамуністычнай апазыцыі за мяжу (яшчэ існаваў камуністычны Савецкі Саюз). Візыт быў важны для абодвух бакоў — для Фронта і для беларускай эміграцыі. Пра гэта было шмат тады напісана. Адтуль распачаліся сталыя кантакты Фронта з эміграцыяй.
Я застаў яшчэ шмат каго зь вядомых беларускіх афіцэраў, ваяроў зь немцамі, удзельнікаў вялікіх бітваў. Некаторыя нават дэманстравалі выпраўку. Сяргей Гутырчык, напрыклад, на прыёме ў Беларускім цэнтры ў Саўт-Рывэры (ЗША) падыйшоў, стукнуў абцасамі па стойцы «зважай!», прадставіўся і «далажыў» пра сябе.
Потым была Канада. Першае маё ўражаньне ад Кастуся Акулы — гэта ваяр, жаўнер. Ён гаварыў гучна, наўпрост і пра галоўнае. А галоўнае — гэта Беларусь, незалежнасьць і свабода. Мы, дэпутаты, Фронта, хадзілі разам зь ім у ратушу да кіраўніка (мэра) горада Таронта з візытам. А перад ратушай на высокім флагштоку якраз вісеў Беларускі Бел-Чырвона-Белы сьцяг. Гэта спадар Кастусь пастараўся дамовіцца да 25-га Сакавіка. І мэр Таронта тады, дзякуючы Кастусю Акулу, быў добрым сябрам беларусаў Канады.
Я на той час не чытаў твораў пісьменьніка (не існавала магчымасьці), але мы шмат пра што пасьпелі пагаварыць, не ўдаючыся ў сантымэнты. Увогуле, гэта мацнейшы пісьменьнік эміграцыі. Кастусь Акула здаваўся мне суровым, адкрытым і нават крыху грубаватым, але я адчуваў, што гэта чалавек-глыба, асоба моцнага духу.
Вярнуўшыся ў Менск, месяцы праз два-тры я, раптам, атрымліваю пасылку з Канады. Напісана, што адпраўнік К. Акула. Зьдзіўлены, я адчыніў скрынку. Там былі крупы, цукар, мука, вермішэль, кансэрвы і ўсялякія прадукты. Нічога з таго мне было не патрэбна, але вось тут я і зразумеў, што лёс пазнаёміў мяне з сапраўдным беларусам, з ваяром, гатовым моўчкі падставіць плячо. Тады былі матэрыяльна цяжкія, галаднавтыя для многіх гады ў Беларусі. Акула ведаў пра тое і ня толькі мне, шмат каму з фронтаўцаў па-сялянску пасылаў пасылкі з прадуктамі, нібы гэта былі не 90-я, а цяжкія 40-я. Маўляў, трымайцеся, хлопцы!
Я чуў ад дасьведчаных людзей пра цяжкае сямейнае становішча Акулы (хворая жонка і дзеці). Казалі, што ягоны быт — гэта пакутлівае і вялікае выпрабаваньне. Але Акула маўчаў. Ніхто не павінен быў ведаць пра яго бяду.
Бывала вечарам спадар Кастусь не вытрымліваў напружаньня, піў гарэлку. І тады яму хацелася з кімсьці пагаварыць, хоць пра што. Ён набіраў нумар тэлефона і званіў. А была ўжо ноч.
— Халера! — Абураўся мне адзін раззлаваны ягоны знаёмец. — У дзьве гадзіны ночы мне звоніць. Я ўжо спаў.
Я ў дзьве гадзіны ночы, тады ў эміграцыі ў 90-х, амаль ніколі яшчэ ня спаў. Трэба было шмат пісаць, адсылаць матэр'ялы праз факс, гаварыць па тэлефоне. У Менску якраз была раніца.
Часам гучэў званок і ў слухаўцы — знаёмы голас Кастуся Акулы. Ведаючы, што гаворка будзе доўгай, я клаўся на ложак, прыціскаў вухам слухаўку і слухаў, устаўляючы рэплікі, бывала да раніцы.
Справа ня ў тым, што я ўсё разумеў, што адбываецца з маім субяседнікам, мне цікава было таксама яго паслухаць. З усяго, што казаў Кастусь Акула, мне найбольш запомніліся (і ўразілі) два ягоныя выказваньні.
— Ведаеш, я шчасьлівы чалавек, я прайшоў вайну, быў пад Монтэ-Касына. Колькі маіх сяброў пабіла, пакалечыла, а мяне хоць бы драпнула. Ніколі нават ня раніла. Як я ўдзячны Богу і хачу сваім жыцьцём аддзячыць Яму.
І другое.
— Ведаеш, каб ты ўбачыў як я жыву…, ня ведаю, пэўна мала б хто тое вытрымаў. Але я так ўдзячны Богу за гэтае жыцьцё. Як Бог дае, то, відаць, для мяне гэтак і трэба быць, так і добра. Я ж так маліўся на вайне, каб застацца жыць…, жыць для Беларусі.
Аднойчы спадар Кастусь, відаць, стаміўся гаварыць і замаўчаў. Пасьля доўгай маўчанкі голас:
— Зянон, ты — чалавек. Дзякуй табе, што ты мяне выслухаў. Дзякуй табе.
Мяне тое скаланула. Як важна было для яго выгаварыцца і каб нехта яго пачуў. Але ніколі ён не казаў пра сваю бяду, ня жаліўся, не бедаваў. Ён нішчыў словамі ворагаў Беларусі. Яму трэба было вяваць.
Гэта было даўно, у 1996-1997-1998-я гады. З той пары мінула шмат часу. Кастусю Акулу цяпер было б дзевяноста гадоў.
З успамінаў доктара Вітаўта Кіпеля.
''… Кастусь Акула актыўна папулярызаваў кнігі БІНІМу ў Паўночнай Амерыцы. Майстраваў іх выставы у Альберце, Ванкуверы (Канада), Чыкага, Дэтройце (ЗША). Лётаў, ездзіў па Паўночнай Амерыцы за свае грошы. Гатэлі, харчаванне ў дарозе. Нятанная грамадская дзейнасць.
Падчас працы над ''Змагарнымі дарогамі'' К. Акула сьпецыяльна прыязджаў у Нью-Ёрк прачытваць даклады пра хаду працы, дыскутаваў з Францішакам Кушалем наконт эпізодаў кнігі пра Беларускую краёвую абарону, афіцэрскую школу БКА.
К. Акулам падрыхтавана і напалову прафінансавана ($4,000 з ягонае кішэні) рэпрадукцыя ''Псалтыра'' Францыска Скарыны, выданага ў Вільні ў 1522 г. І навогуле ягонаю традыцыяй стала дапамагаць з рэалізацыяй тых выдавецкіх праектаў БІНІМу, у якіх ён актыўна ўдзельнічаў. Звычайна 50% выдаткаў на тыя праекты ён пакрываў сам.
З успамінаў краязнаўцы Ігара Бараноўскага з Берасця
''… Мы з сябрамі навязалі кантакты з канадыйскімі беларусамі, абменьваліся інфармацыяй, друкаванымі выданнямі. Сярод іншых мы пачалі атрымліваць з Канады і часапіс беларускіх ветэранаў «Зважай», рэдактарам якога быў Кастусь Акула. З часам ён даслаў нам і свае кнігі «Змагарныя дарогі», «Гараватка», «За волю», напісаны па-англійску раман «Tomorrow is Yesterday («Заўтра — гэта ўчора»). Надзвычай цікава было чытаць аўтабіяграфічны раман Кастуся Акулы «Змагарныя дарогі», бо апісанае ў ім сталася абсалютна новым і невядомым для большасьці з нас. Гэтая кніга, як і іншыя ягоныя творы, хадзіла па руках. Асабліва цікавілася моладзь. Таму потым папрасілі Кастуся Акулу, каб ён, па магчымасьці, даслаў яшчэ адзін камплект сваіх кніг — адмыслова для надзвычайна папулярнае ў тыя часы бібліятэчкі ў сядзібе Берасцейскай абласной Рады БНФ, каб больш людзей змаглі пазнаёміцца з ягонымі творамі…''
Перад аўдыторыяй з прамоваю выступіла ганаровы сябра Згуртаваньня Беларусаў Канады пісьменніца Вольга Іпатава.
''… Сёння, праз колькі гадоў, якія прайшлі з дня смерці Кастуся Акулы, можна з упэўненасцю падцвердзіць, што ён – найбуйнейшы пісьменнік беларускага замежжа. Пра гэта яшчэ амаль чвэртку стагоддзя таму ўпершыню заявіў даследчык Мікола Мішчанчук у сваёй кнізе «Літаратура беларускага замежжа», якая выйшла пад эгідай Міністэрства адукацыі і навукі і Педагагічнага універсітэта імя Максіма Танка ў 1993 годзе.
… Мабыць, ні адзін з пісьменнікаў замежжа не падвяргаўся праз усе свае гады такому цкаванню са сваёй радзімы, як гэты чалавек, які яшчэ ў маладосці прысягнуў служыць Беларусі і слова гэтае стрымаў. Яго здзекліва высмейвалі, пастаянна аблівалі брудам, шантажавалі родных, што засталіся на Глыбоччыне.
Яго закляймілі некалі (а менавіта ў «Голасе Радзімы», №42 за 1966 год), найлепшыя і на той, і на гэты час беларускія пісьменнікі – ягоныя, можна сказаць, калегі. Горка і балюча і сёння чытаць словы, некалі, вядома ж, прадыктаваныя пісьменнікам зверху і адрасаваныя не толькі К. Акулу, але і Ст. Станкевічу, Р. Крушыну, Ю.Віцьбічу: «Не вам і не вашым хаўруснікам гаварыць пра літаратуру, якая сцвярджае вялікія ідэі сапраўднай чалавечнасці, не вам гаварыць пра волю і справядлівасць. Прадаўшыся адзін раз, цяжка, відаць, утрымацца, каб не прадацца і другі». Але як крыўдна, як невыносна цяжка было, думаецца, чытаць іх калісьці самому Кастусю Акулу, які ў той час працаваў рабочым і творы свае пісаў ў нешматлікія вольныя хвіліны.
Але час мяняецца і паціху ставіць усё на свае месцы. Рада беларускіх пісьменнікаў абрала К. Акулу ( а таксама В. Кіпеля і Я. Запрудніка) сваімі ганаровымі сябрамі, кнігі нашых замежных калег і паплечнікаў па літаратуры выходзяць нават у сённяшняй Беларусі, хай сабе і не ў дзяржаўных выдавецтвах.
У літаратуры ёсць свая асаблівасць – творы перажываюць свайго стваральніка, жывуць і пасьля ягонай смерці.
Кастусь Акула паўстае ў нашай памяці як жывы, дзейсны пісьменнік. Яго творы перачытваеш, нанова перажываючы разам з імі нялёгкія шляхі беларуса, што апынуўся на чужыне і не зламаўся, не забыўся на роднае, больш таго – акумуляваў ў сабе вопыт свайго часу…»
Гаспадыня канадыйскае дызайнерскае кампаніі ''Spirit of Belarus'' пісьменьніца Ірына Варабей прачытала сваё эсэ ''Кастусь Акула — Беларус, Жаўнер, Пісьменьнік, Змагар…'', напісанае яшчэ ў лютым 2008 года адмыслова на саракавіны па Кастусю Акулу. У ім, у прыватнасьці, сталася сказаным наступнае:
«… Ён хацеў ваяваць і быў гатовы аддаць жыццё за свой край і ягоную гісторыю, але апынуўся далёка ад яго. Ён быў жаўнерам, і хвалі вайны матлялі яго без ягонага дазволу.
І прышоў той дзень. І надышла тая ноч ў далёкай Італіі, калі ў адзіноце, у казарме польскага корпусу брытанскай арміі, куды расфармавалі кадэтаў афіцэрскае школы Беларускае краёвае абароны, - залічылі туды як палякаў, бо «няма» такое краіны Беларусь, і «няма» такога народу беларусы — пасталелы не па гадох юнак прысягаў шэптам сваёй радзіме — Беларусі.
«Імем зямлі сваёй, маткі і ўсімі святымі прысягаю выкарыстаць рэшту жыцця свайго, не пашкадаваць сілаў, каб у будучыні служыць адно народу свайму, пакрыўджанаму й паняволенаму…»
Ён зразумеў, што змагацца за свой край можна і за краем яго.
Будучыня. Няведамая далячынь…
«Час такі — ліха на яго!» Ніці якога лёсу спрадаюць табе Судзяніцы?..
«Ці паверыш. Бабка адна была наваражыла мне, што пражыву жыццё вельмі доўгае, але турбулентнае…» Бабка ні ў чым не памылілася. … Ён быў абраны, каб зрабіць тое, што зрабіў, і ніхто іншы гэтага не зрабіў. Цяпер ужо няведама, ці ён заслужыў абранасць, ці быў ад роду наканаваны служыць. Шляхі Найвышэйшага нам няведамыя. Судзяніцы аберагалі ягонае жыцьцё ў самых неверагодных абставінах. Ён дакладна ведаў, для чаго. Каб выканаць сваё жыццёвае прызначэнне: пакінуць гісторыі й літаратуры адзіны, маштабу эпапэі, твор, што занатуе пакутны шлях на захад Беларускае краёвае абароны і ўсяго вызвольніцкага руху трагічных 40-х. І яшчэ — гісторыю Беларусі першае паловы ХХ ст., што перажыла тры акупацыі, зрабіўшыся полем брані паміж двума гіганцкімі драпежнікамі.
Прысязе, дадзенай у адзіноце ў тую гарачую італьянскую ноч у польскай казарме, застаўся верным да канца свайго доўгага і турбулентнага жыцця, апошняй думкай якога было — Беларусь…''
Скончыла сваю прамову Ірына Варабей словамі, што Кастусь Акула быў для яе не проста ''дзядзькам Кастусём'', але нават ''бацькам'', што ён стаўся першым чалавекам, хто сустрэў яе ў Беларускім цэнтры ў Таронта, а яна сталася апошняй з беларусаў, каго ён бачыў і з кім размаўляў у сваім жыцці.
Потым прамоўца пракаментавала змайстраванае ёю слайд-шоу ''Па Акулаўскіх мясцінах'' і некаторыя рэдкія здымкі Кастуся Акулы са свайго прыватнага архіву.
Напрыканцы імпрэзы ейныя ўдзельнікі паглядзелі відэастужку пра дзядзьку Кастуся з архіву Вольгі Іпатавай. Расчуліліся…
Сярод ягоных партрэтаў рознага веку, зноўку патрымалі, пагарталі ягоныя кнігі і цэльныя падшыўкі ягонай газеты ''Беларускі Эмігрант'', часапісу «Зважай''. Хтосьці набыў перакладзены з англійскае мовы на беларускую Ірынай Варабей і выдадзены ў 2008 годзе ў серыі ''Бібліятэка Бацькаўшчыны'' раман К. Акулы ''Заўтра ёсць учора''…
29 лістапага падчас адзначэння Дня Герояў у Беларускім цэнтры ізноў сталася ўзгаданым імя Кастуся Акулы, які праз свае выданні неаднаразова годна выказваўся пра случчакоў, што паўсталі на смяротны бой з расейскаю камуністычнаю навалаю, неаднаразова сам асабіста стаяў у ганаровай варце са схіленым бел-чырвона-белым сьцягам падчас адзначэння Слуцкага Збройнага Чыну. З лістападаўскага 1977 года выпуску рэдагаванага Кастусём Акулам часапісу ''Зважай'' сталіся агучанымі наступныя радкі:
''… У кожны лістападаўскі Дзень Герояў мы, на эміграцыі, чытаем сімвалічную лісту нацыянальных Герояў. Іх шмат і, безумоўна, усіх згадаць нельга. Але ў сваіх малітвах да Бога і ў гутарках на ўрачыстасцях мы думаем пра ўсіх. Яны — частка нашае вялікае, змагарнае гісторыі, непакорнага народнага духу і вечна жыць будуць з намі. Мы ведаем, што народ, які змог даць такіх выдатных людзей, ніколі не загіне, ён здабудзе сабе волю».
У звароце да суродічаў з нагоды 95-х угодкаў Слуцкага Збройнага Чыну Старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла казала: ''… Ісці змагацца ім [случчакам] было цяжка — як гэта было б сёння вам. Але яны ўсё ж пайшлі…''
20-гадоваму кадэту польскае афіцэрскае школы ў Вялікай Брытаніі Кастусю Акулу таксама было няпроста прыняць рашэнне ў той час, калі эміграцыйная польская ўлада малявала яму, грамадзяніну Польшчы, ружовыя жыццёвыя перспектывы, але з перадумоваю пайсці пад касьцёл і запісацца палякам. Беларус Кастусь застаўся беларусам, абраўшы сваім шляхам змаганне за СВОЙ Край — Беларусь і паклаўшы на алтар таго змагання ўсё сваё жыцьцё.
Час ідзе. Але разам з намі, побач, заўсёды наш Кастусь Акула. Мы сумуем за ім…
Каментары