Эксперымент заўзятара: ці лёгка трапіць на стадыён з «Пагоняй» на майцы?
2015 запомніцца многім беларускім аматарам спорту нашумелымі гісторыямі з «Пагоняй». Цягам усяго года ў прэсе з'яўляліся матэрыялы аб затрыманні заўзятараў з гістарычным гербам ВКЛ. Самы вядомы — арышт фанатаў на матчы Беларусь — Македонія. На думку затрыманых, прычынай канфлікту паслужылі шалікі з гербам «Пагоня». Супрацоўнікі міліцыі з гэтым не згодныя, сцвярджаючы, што заўзятары нецэнзурна лаяліся на стадыёне.
Таксама ў інтэрв'ю міністр МУС Ігар Шуневіч заявіў, што герб «Пагоня» не з'яўляецца забароненым на тэрыторыі Беларусі і што ўсе гісторыі пра затрыманні альбо праблемы з праходам на стадыёны праз гэтую сімволіку — выдуманыя.
Я вырашыў наведаць некалькі спартыўных мерапрыемстваў у байцы з «Пагоняй» і праверыць, узнікнуць ці не ў мяне канфлікты з органамі правапарадку.
Для эксперыменту была ўзятая байка са стылізаваным гербам «Пагоня» і надпісам «Magnus Ducatus Lituaniaе» (з лаціны — «Вялікае Княства Літоўскае»). У прыдачу я ўзяў з сабой дыктафон, каб у выпадку чаго давесці, што я не лаяўся матам у грамадскім месцы. Усякае ж бывае.
Для пачатку быў абраны кубкавы матч «Дынама-Мінск» — «Нёман». На жаль, халоднае надвор'е не дазваляла ісці на футбол проста ў байцы, таму было наважана расшпіліць паліто перад самім КПП стадыёна. Але не паспеў я дайсці да пункта пропуску, як дарогу мне заступіў супрацоўнік АМАПа.
— Стой. Што гэта такое?
— У сэнсе?
— Што ў сэнсе? На байцы што гэта?
— Герб «Пагоня».
Апошняя фраза чамусьці вельмі насмяшыла супрацоўніка міліцыі, і ён пачаў смяяцца. Затым амапавец прапанаваў «адысці і нармальна пагаварыць». Балазе што размова працягнулася не ў аўтазаку, што стаяў недалёка, а за 20 метраў ад пункта пропуску.
— Дзе ўзяў?
— Падарылі.
— А адкуль падарылі?
— Вы маеце на ўвазе, дзе купілі?
— Ну так.
— Не ведаю — гэта ж падарунак.
У гэты час да нас падышоў яшчэ адзін супрацоўнік міліцыі. «Ды тут у «Пагоні» адзін», — растлумачыў яму мой амапавец. Таго гэта не вельмі зацікавіла, і наша гутарка працягнулася.
— Што тут напісана?
— «Magnus Ducatus Lituaniaе». З латыні перакладаецца як «Вялікае Княства Літоўскае».
— Магнус… дукаціс… літуан…. Ну Літва, так.
Затым супрацоўнік міліцыі ўхвальна ляпнуў мяне па спіне і сказаў «Прыгажунчык». Нажаль, я так і не зразумеў, што гэта было: тонкая іронія ад ахоўніка парадку ці ён сапраўды быў рады, што я ў «Пагоні».
На самай КПП мяне чакаў узмоцнены надгляд. Прыйшлося нават прагартаць грошы ў кашальку, давёўшы, што я не праношу нешта забароненае.
Пасля праходу я чуў, як амапавец, які правяраў мяне нешта дакладвае праз рацыю. Пакуль я выбіраў месца, заўважыў, што да трыбунаў праз два ўваходы выйшла пара супрацоўнікаў міліцыі, якіх чамусьці вельмі цікавіла, дзе я сяду. Усе 10 хвілін да пачатку матча яны назіралі за мной, зрэдку кажучы нешта праз рацыю. Праз «Пагоню» гэта ці не — ужо не пазнаць. Але факт застаецца фактам: сачылі амапаўцы за мной у той дзень вельмі пільна і засяроджана.
Наступным для эксперыменту быў абраны яшчэ адзін кубкавы матч: «Іслач» — «Белшына». Прызнацца, менавіта на гэтым матчы я чакаў самы праблемны праход на стадыён. Год таму, на матчы яшчэ тады першалігавай «Іслачы», супрацоўнікі АМАПу цікавіліся, чаму мне весела і абяцалі, што яны могуць зрабіць так, каб я засмуткаваў. Але, насуперак чаканням, на стадыён удалося трапіць з мінімальнымі праблемамі. У адрозненне ад матча «Дынама» — «Нёман», да прапускнога пункта ўдалося дайсці без праблем: амапаўцы, якія стаялі недалёка ад уваходу, былі занятыя размовамі і нават не паглядзелі на мяне.
На самай КПП супрацоўнік міліцыі заўважыў маю байку, трохі адвёў мяне ў бок і пільна глядзеў на яе з дзясятак секунд. Пасля шэптам перакінуўся парай фраз з калегам і сказаў: «Праходзьце». Магчыма, ён да апошняга сумняваўся, ці сапраўды «Пагоня» на байцы. Але хутчэй за ўсё, ён адразу гэта зразумеў і проста абдумваў, важдацца яму са мной або проста прапусціць. У любым выпадку галоўнае тое, што на стадыён удалося патрапіць з невялікімі цяжкасцямі.
Апошнім у гэтым годзе афіцыйным футбольным матчам у Беларусі была сустрэча «Дынама» (Мінск) — «Вікторыя». Матч праходзіў на «Барысаў-Арэне». На гэтай сустрэчы не было ўвогуле ніякіх праблем з праходам на стадыён. У чарзе да КПП вельмі ветлівы і таварыскі амапавец паспеў абмеркаваць са мной надвор'е, колькасць гледачоў на сустрэчы і зрабіць свой прагноз матчу. Затым пажадаў мне поспеху і добрага шляху назад у Менск. На самым прапускным пункце мяне чакаў пільны надгляд, але на байку з «Пагоняй» супрацоўнік міліцыі нават не паглядзеў. Хутчэй за ўсё, гэта звязана з тым, што на вуліцы было даволі цёмна, і заўважыць малюнак на адзенні было цяжка. Як вынік — на матч удалося патрапіць без праблем.
Для параўнання яшчэ быў абраны баскетбольны матч «Цмокі» — «Хімкі», аднак, на шчасце, на гэты матч прапускалі ўсіх без надгляду.
У заключэнне можна сказаць, што пры праходзе на футбольныя матчы з сімволікай «Пагоня» ў вас могуць узнікнуць розныя праблемы, пачынаючы ад стараннага надгляду і заканчваючы прафілактычнымі гутаркамі. На жаль, канец футбольнага сезону не дазволіў наведаць большую колькасць матчаў. Варта гэтак жа адзначыць, што для эксперыменту была абраная байка са стылізаванай версіяй «Пагоні». Не выключана, што, праходзячы на стадыёны ў звычайнай майцы з гербам на ўсе грудзі, я б мог і зусім не патрапіць на матчы. Справа не дайшла да затрыманняў, але і бесперашкодна прайсці на матчы з «Пагоняй», насуперак сцвярджэнням МУС, таксама не ўдалося…
Застаецца спадзявацца толькі на тое, што ў 2016 стаўленне міліцыі да заўзятараў у атрыбутыцы з некалі дзяржаўным гербам зменіцца ў лепшы бок. Пакуль, на жаль, да гэтага далёка.
Каментары