Закон Кубку Стэнлі: калі беларусы зарабляюць балы, іх каманды выйграюць
Вынікі матчаў аўторка з удзелам братоў Касьціцыных і Салея.
«Каларада Эвэланш» выраўняла лік у сэрыі з «Мінэсотай Уайлд». У чацьвёртым матчы «лавіны» перамаглі суперніка вельмі ўпэўнена – 5:1.
Не апошнюю ролю ў разгроме «драпежнікаў» сыграў і беларус Руслан Салей. Спачатку ён аддаў галявы пас Брунэту пры першым узяцьці варот «Мінэсоты», а на 28-ай хвіліне гульні зрабіў лік 4:0. Салей прызнаны першай зоркай матчу.
Пры агульным ліку ў сэрыі 2:2 каманды зноў пераяжджаюць у Мінэсоту. Наступная гульня адбудзецца 17 красавіка. Гэтая сэрыя рызыкуе зацягнуцца да ўсіх сямі матчаў.
Затое за крок ад выхад у наступную стадыю «Манрэаль Канадыянс». Гэтай ноччу 24-разовыя пераможцы Кубку Стэнлі зь мінімальным лікам адужалі «Бостан Бруінс» – 1:0. Пераможную шайбу за некалькі сэкунд да сырэны на другі перапынак закінуў Патрыс Брысбуа. Лік у сэрыі – 3:1.
Цяпер каманды пераяжджаюць у Канаду. Ужо ў наступнай сустрэчы 17 красавіка «Манрэаль» зможа забясьпечыць сабе выхад у 1/4 Кубку Стэнлі.
***
Іншыя матчы ночы аўторка.
«Калгары» – «Сан-Хасэ» – 2:3, лік у сэрыі 2:2.
«Філадэльфія» – «Вашынгтон» – 6:3, лік у сэрыі 2:1.
«Далас» – «Анахайм» – 2:4, лік у сэрыі 2:1.
Каментары