У нядзелю, 11 траўня, у саборы сьв. Кірылы Тураўскага ў Брукліне (Нью-Ёрк) быў хіратанізаваны ў япіскапскую годнасьць а. архімандрыт Сьвятаслаў.
Абрад хіратоніі быў выкананы архіяпіскапам Уманскім і Дэтройцкім Аляксандрам, япіскапам Барыспальскім Пасіем ды япіскапам Х’юстанскім і Тэхаскім Макарыюсам у асысьце сьвятарства і пры ўдзеле вялікай колькасьці вернікаў зь Нью-Ёрку, Нью-Джэрсі і Канады, паведамляе сайт belaoc.org
***
Гісторыя БАПЦ на Захадзе неадназначная, а прыход сьв. Кірылы Тураўскага ў Брукліне спрычыніўся да шэрагу крызісаў.
У 1946 г. ярархі абвешчанай падчас нямецкай акупацыі Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы (мітрапаліт Панцеляймон, архіяпіскапы Філафей, Венядзікт ды інш.) далучыліся да Рускай зарубежнай праваслаўнай царквы. Гэта азначала таксама і пераход у юрысдыкцыю РЗПЦ больш за 70 беларускіх сьвятароў, якія апынуліся пасьля 1944 г. на эміграцыі.
Сыход сьвятароў у юрысдыкцыю РЗПЦ азначаў немагчымасьць разбудовы структуры беларускай царквы на Захадзе. Таму да канца 1940-х сярод кіраўніцтва палітычнай эміграцыі аформіліся два погляды наконт лёсу беларускай праваслаўнай царквы на Захадзе.
Адна частка палітычнай эміграцыі (яе найбольш яркім прадстаўніком зьяўляўся а. Мікалай Лапіцкі) лічыла, што на эміграцыі беларускія прыходы павінны падпарадкоўвацца канстанцінопальскаму (сусьветнаму) патрыярхату, ад якога ў 15 ст. беларуская царква атрымала аўтакефалію). У ЗША яны сваё далучэньне да канстанцінопальскай патрыярхіі аформілі праз паўночнаамэрыканскі экзархат сусьветнага патрыярхату.
Такія прыходы былі заснаваныя ў Саўт-Рывэры, Чыкага, Таронта і Мэльбурне (абодва -- сьв. Еўфрасіньні Полацкай), Манчэстары і Нотынгеме. У ЗША яны належаць да паўночнамэрыканскага экзархату сусьветнага патрыярхату, але ніколі ня мелі і ня маюць свайго япіскапа.
Іншая частка эміграцыі – яны належалі збольшага да Рады БНР – меркавала, што трэба адраджаць у любы спосаб незалежную БАПЦ. У чэрвені 1948 г. на саборыку БАПЦ у Канстанцы ў япіскапы БАПЦ быў хіратанізаваны япіскап УАПЦ а. Сяргей (Ахатэнка). Ён меўся кіраваць беларускімі прыходамі ў эміграцыі да высьвячэньня двух беларускіх япіскапаў.
У 1949 г. быў высьвячаны першы япіскап: ім стаў а. Васіль (Уладзімер Тамашчык). Апанэнты закідалі, што за няпоўныя два гады а. Васіль Тамашчык прайшоў шлях аднаго зь лідэраў беларускай эміграцыі – ён быў адным з найбліжэйшых паплечнікаў прэзыдэнта Рады БНР Міколы Абрамчыка – да ярарха царквы, і пазьней Васіль Тамашчык не спыніў палітычнай дзейнасьці. Ён, жывучы ад 1950 г. у Нью-Ёрку, уваходзіў у склад прэзыдыюму Рады БНР, што давала падставу зласьліўцам называць праект БАПЦ праектам Рады БНР.
Тым ня менш ідэя аднаўленьня БАПЦ набыла нямала прыхільнікаў сярод эміграцыі.
У 1950-х прыходы БАПЦ былі заснаваныя ў Нью-Ёрку (Бруклін), Дэтройце (сьв. Духа), Гайленд-Парку, Кліўлендзе (усе -- ЗША) Таронта (сьв. Кірылы Тураўскага), Мельбурне (Трох Віленскіх Пакутнікаў), Адэлайдзе (сьв. Пятра і Паўла), Брэдфардзе (Англія) і Манчэстары (Англія).
У пачатку 1960-х БАПЦ напаткаў першы крызіс. У выніку разладу ў парафіі сьв. Кірылы Тураўскага ў Брукліне гэты прыход раскалоўся на дзьве часткі. Нязгодныя з палітыкай яп. Васіля і анафэмаваныя ім сябры парафіі на чале з Кастусём Мерляком, Васілём Шчэцькам ды інш. пакінулі прыход і заснавалі на іншым канцы Атлянтык-авэню асобную царкву (раён Рычманд-Гіл), якую таксама назвалі імем Кірылы Тураўскага, але ў юрысдыкцыі беларускіх прыходаў пры амэрыканскім экзархаце канстанцінопальскага патрыярхату. Царква ў Рычманд-Гіле існуе і да сёньня.
У 1980-х БАПЦ на Захадзе раскалолася на дзьве часткі. Гэта было выклікана разладам паміж япіскапамі БАПЦ Мікалаем (Мацукевічам) з Таронта і мітрапалітам Андрэем (Крытам) з Кліўленду. Ад 1984 г. адну частку ўзначаліў япіскап Мікалай, другую -- мітрапаліт Ізяслаў (Бруцкі), які зьмяніў мітрапаліта Андрэя па ягонай сьмерці. Абедзьве плыні БАПЦ не ішлі не на якія кампрамісы.
Такі стан трываў да чэрвеня 2002 г., калі памёр а. Мікалай Мацукевіч. Праўда, ён перад сваёй сьмерцю высьвяціў у япіскапы БАПЦ Аляксандра Салагуба, якога потым пазбавіў сана. Салагуб тады не пагадзіўся з такім станам рэчаў.
У жніўні 2003 г. у Гайленд-Парку (Нью-Джэрзі) прайшоў царкоўны сабор БАПЦ, на якім было дэкляравана аб спыненьні спрэчак і канфліктаў, і аднаўленьні адзінства БАПЦ. Між іншым вядучым зьезду быў а. Вячаслаў Логін.
У 2004 г. у Нью-Ёрку быў высьвячаны ў япіскапы БАПЦ яшчэ адзін кандыдат зь Беларусі – а. Васіль (Касьцюк). Меркавалася, што менавіта ён заменіць старэнькага мітрапаліта Ізяслава. Але празь некаторы час а. Васіль (Касьцюк) быў адхілены ад япіскапскай катэдры і выдалены з царквы ў Брукліне. Пасьля сьмерці ў лістападзе 2007 г. мітрапаліта Ізяслава пытаньне аб яіпіскапскай катэдры паўстала зноў.
Цяпер у БАПЦ новы япіскап – а. Сьвятаслаў (Вячаслаў Логін), які таксама перабраўся ў ЗША зў 1990-ыя, а апошнім часам служыў у Таронцкім прыходзе сьв. Кірылы Тураўскага. Ці прызнаюць яго вернікі і сьвятары на Захадзе і ці здолее ён аб’яднаць розныя групоўкі царкоўных актывістаў, пакажа час.
На сёньня БАПЦ на Захадзе аб’ядноўвае некалькі прыходаў на эміграцыі: у Брукліне, Гайленд-Парку, Таронта (Кірылы Тураўскага), Кліўлендзе, Мэльбурне, Адэлайдзе, Манчэстары.
Высьвячэньне япіскапа Сьвятаслава. Ён -- другі зьлева. Фота belaoc.org |
Каментары