Кіно11

Фільм Вайды «Павідокі» вылучаны на «Оскар»: галоўны герой — былы віляйчанін і ўраджэнец Мінска мастак Страмінскі

Фільм славутага рэжысёра Анджэя Вайды «Павідокі» («Powidoki») стаў польскім кандыдатам на «Оскар», як найлепшы неангламоўны фільм, паведамляе «Газета Выборча». Стужка расказвае пра складаны лёс аднаго з самых вядомых сучасных мастакоў і тэарэтыкаў мастацтва Уладзіслава Страмінскага. У галоўнай ролі — зорка польскага кінематографа Багуслаў Лінда.

Багуслаў Лінда. Фота Anna Wloch/Aksan Studio

Такое рашэнне прыняла нацыянальная Камісія па «Оскары» і Польскі інстытут кінамастацтва.

Сусветная прэм’ера фільма адбылася 10 верасня на міжнародным кінафестывалі ў Таронта ў секцыі «Майстры». У кастрычніку новы фільм пакажуць на фестывалі ў Рыме, Рыа і карэйскім Бусане.

Два перыяды жыцця Страмінскага звязаныя з Вілейкай, дзе ён жыў і працаваў.

Уладзіслаў Страмінскі быў адным з лідараў міжваеннага авангарднага мастацтва ў Польшчы, стваральнікам тэорыі Унізму, тэарэтыкам мастацтва, выкладчыкам. Разам з жонкай Кацярынай Кобра і іншымі паплечнікамі арганізаваў калекцыю сучаснага мастацтва, у якую свае творы дасылалі самыя значныя мастакі Еўропы таго часу.

Страмінскі і Вілейка

Два складаныя перыяды яго жыцця звязаныя з нашай Вілейкай. Ураджэнец Мінска, інвалід Першай сусветнай вайны, які страціў на фронце руку, нагу, вока, выкладаў у 1923-24 гадах мастацтва ў вілейскай гімназіі імя Сянкевіча. Сюды ж вяртаецца ён з Лодзі са сваім каханнем — жонкай Кацярынай і дачушкай Нікай у самым пачатку Другой сусветнай вайны 10 верасня 1939 года. Тут з’яўляецца першы з ваенных цыклаў малюнкаў мастака «Заходняя Беларусь».

Ніка згадвае, як мама вазіла траскучымі маразамі аднаногага бацьку ў саначках на ўрокі ў гімназію, пра іншыя складанасці жыцця:

«Мы жылі ў прымітыўных умовах. Каб справіць фізіялагічныя патрэбы ці прынесці вады, трэба было хадзіць на двор. У пакоі бліжэй да кухоннай пліты, адным бокам амаль дакранаючыся да ўваходу, стаяў мой дзіцячы ложачак.

Далей пасцель маёй мамы, а пры сцяне, насупраць дзвярэй, што вядуць у сені, ложак бацькі. Прыткнуты да яго кульгавы стол даўжэйшым бокам кранаўся акна. Менавіта тут, адвярнуўшыся ад пакоя, сядзеў бацька, пакрываючы аркушы паперы нейкімі незразумелымі мне рысункамі. Такім чынам і паўстаў цыкл «Заходняя Беларусь».

Напэўна, за гэтым самым сталом бацька таксама займаўся праектаваннем дэкарацый, пра якія пазней напісаў паэт і дыпламат Юльян Пшыбась: «…ён адзін у тым найгоршым для мастацтва часе мог даць прыклад жывапісу, які патрэбны быў прапагандзе. Пісьменнік Ежы Путрамант, які ў той час таксама жыў і працаваў у Вілейцы, згадвае ў сваім «Паўстагоддзі», як Страмінскі ператварыў на свята 1 мая 1940 года беднае шэрае мястэчка Вілейку ў каляровую феерыю, у тэатр прасторавых жывапісных кампазіцый. Бо тады ўлады развязалі яму рукі ў аздабленні горада». 

І ўсё ж у 1940 годзе сям’я Страмінскіх зноў мяняе месца жыхарства, вяртаючыся ў Лодзь.

Фільм «Павідокі»

Фільм расказвае аб паваенным часе, калі Страмінскі і Кобра ўжо не былі разам. Калі авангарднае мастацтва трапляе ў няміласць да польскіх сацыялістычных улад, якія пераследавалі Страмінскага да апошніх дзён у 1952 годзе. У ролі Нікі выступае маладая польская актрыса Браніслава Замахоўская.

На экраны польскіх кінатэатраў гэта карціна выйдзе 13 студзеня 2017 года.

Што такое «Павідокі»?

Павідокі (Powidoki), літаральна «паслявобраз», вобраз, які застаецца ў вачах. Успомніце дзіцячую забаву глядзець на сонца і плямы, што вы бачылі пасля гэтага перад сабой, заплюшчыўшы вочы. Упершыню гэта слова як мастацкі тэрмін увёў у абарот Страмінскі. Сэнс «паслявобразаў» можна адчуць у серыі яго карцін «Заходняя Беларусь», створанай ў Вілейцы ў 1939-40 гадах.

Каментары1

Як мінімум 14 чалавек затрыманыя за палітыку ў рабочым пасёлку Ялізава2

Як мінімум 14 чалавек затрыманыя за палітыку ў рабочым пасёлку Ялізава

Усе навіны →
Усе навіны

Дыпламаты краін ЕС наведалі Курапаты ФОТЫ10

Выкладчыца журфака БДУ: Многія маладыя людзі пераходзяць на беларускую мову, калі няма чаго сказаць арыгінальнага24

Рыжанкоў заявіў, што самаабарона Захаду ад Расіі і Беларусі «мяжуе з генацыдам»6

Сілавікі ўчора зноў затрымлівалі Ніну Багінскую4

Канапацкая падала дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы12

Пенсіянер адправіў 18 тысяч рублёў дзяўчыне, а гэта аказаўся хлопец1

Лукашэнка сцвярджае, што ЗША пагражалі Беларусі вайной9

Рэспубліканец Арнольд Шварцэнегер падтрымаў Камалу Харыс6

На старажытнай карце вучоныя знайшлі шлях да Ноевага каўчэга1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Як мінімум 14 чалавек затрыманыя за палітыку ў рабочым пасёлку Ялізава2

Як мінімум 14 чалавек затрыманыя за палітыку ў рабочым пасёлку Ялізава

Галоўнае
Усе навіны →