Культура33

Гатэль «У загіблага вершатворцы»

30 чэрвеня, акурат паміж чарговай гадавінай гібелі галоўнага паэта беларусаў і чарговым сьвяткаваньнем Дня вызваленьня, у галоўным тэатры Беларусі ставілі, зразумела, спэктакль, прысьвечаны ягонай (галоўнага паэта) памяці. Піша ў сваім цыкле пра Купалаўскі тэатар Аляксандар Фядута.

30 чэрвеня, акурат паміж чарговай гадавінай гібелі галоўнага паэта беларусаў і чарговым сьвяткаваньнем Дня вызваленьня, у галоўным тэатры Беларусі ставілі, зразумела, спэктакль, прысьвечаны ягонай (галоўнага паэта) памяці. Піша ў сваім цыкле пра Купалаўскі тэатар Аляксандар Фядута.

Калі дапусьціць, што сярод гледачоў Купалаўскага ёсьць людзі, якія ня ведаюць, хто такі Янка Купала, дык ужо з самага пачатку спэктаклю «Сны аб Беларусі» яны даведаюцца пра дзьве рэчы: Купала — гэта беларускі паэт, які загінуў у нейкім маскоўскім гатэлі. Акалічнасьці гібелі невядомыя: зачытваецца ўслых НКВДысцкае (імаверна, праўдзівае) заключэньне пра падзеньне Івана Дамінікавіча Луцке… — даруйце, Луцэвіча, — з амаль фізіялягічнымі падрабязнасьцямі. Падаў у лесьвічны пралёт зь дзявятага паверху, ад чаго «кроплі крыві яго гарачай», гаворачы словамі іншага загіблага пры загадкавых акалічнасьцях савецкага клясыка, праліліся ўжо на сёмым паверсе.

У найлепшых традыцыях «фізіялягічнага нарысу» (быў такі жанр у літаратуры) узнаўляецца і побыт эпохі. Сцэна дэкараваная калёнамі а ля сталінскі ампір, жырандолямі‑коламі, падсьвечаная чырвоным сьвятлом, закліканым, імаверна, сымбалізаваць салжаніцынскае «чырвонае кола», што пракацілася па жыцьцях мільёнаў і мільёнаў савецкіх (і антысавецкіх) грамадзянаў. Па сцэне ходзяць людзі ў форме і цывільным, пакаёўкі і цень паэта, які аніяк ня можа супакоіцца і ўжо пасьля гібелі чытае вершы і дае паказаньні пра сваё жыцьцё.

Прыблізна такім жа чынам паказанае і мінулае паэта. Толькі жанр ужо іншы — не «фізіялягічны нарыс», а паэма ў найлепшых традыцыях этна‑сымбалізму, уласьцівага росквіту творчасьці Купалы. І вось тут якраз Уладзімер Савіцкі, пастаноўшчык і аўтар сцэнічнае кампазыцыі ў адной асобе, трапляе ў ім жа самім пастаўленую пастку.

Рэч у тым, што адна этна‑сымбалічная паэма ў рэпэртуары купалаўцаў ужо ёсьць. Гэта «Сымон‑музыка», пастаўлены ў свой час Міколам Пінігіным. І ўжо таму «Сны аб Беларусі» глядзяцца як своеасаблівы «дубль» пінігінскага спэктаклю. Падабенства ўзмацняецца, калі ўлічыць, што з уласна «паэмных» тэкстаў у абедзьвюх пастаноўках выкарыстоўваюцца абсалютна аналягічныя сцэны — фальклёрнае сьвята, п’янка ў карчме, крах сямейнага дабрабыту. Замест песьні жабракоў, праўда, — песьня музыкаў‑блазнаў.

Глядзіш — і разумееш, што ўсё гэта ты ўжо бачыў, на той самай сцэне, толькі ў трохі больш удалай пастаноўцы.

Рэч тут не ў ігры актораў. Акторы добрыя, і чаго‑чаго — а чытаць вершы Купалы купалаўцы ўмеюць вельмі нават добра. Міхаіл Зуй і Ганна Хітрык, якія граюць маладога паэта і ягоную каханую (такое адчуваньне, што, зьвёўшы гэтую рамантычную пару ў ролях пары камічнай у «Пінскай шляхце» Пінігін акурат і змусіў іх спарадыяваць іх жа ўласных пэрсанажаў з пастаноўкі Савіцкага), бліскучы Аляксандар Падабед, загрыміраваны пад менскі помнік Купалу, так, што нельга адрозьніць; нават абсалютна не прапісаныя аўтарам інсцэніроўкі (ці аўтарам п’есы?). Паэтава Маці (Зоя Белахвосьцік) і паэтаў Бацька (Мікалай Кірычэнка), якія сымбалізуюць Матчыну любоў і Бацькоўскі гонар; нават Людзі ў форме і ў цывільным, якія зьяўляюцца на імгненьне, Русалкі і Марысіны Бацькі — усе яны запамінаюцца, у кожнага свая інтанацыя. Зразумела, што адзін і той самы прыём немагчыма выкарыстаць два разы, як немагчыма двойчы ўвайсьці ў адну і тую самую раку. Купалаўскі тэатар паспрабаваў гэта зрабіць — і прайграў у двубоі з самім сабой.

Тым больш што спроба ўдала спалучыць біяграфію грамадзяніна СССР І.Д.Луцэвіча, які існаваў на праўдзе, і біяграфію чалавека, пад помнік якому так дбайна загрыміраваны Аляксандар Падабед, якому і граць амаль няма чаго — толькі вершы застаецца чытаць, — таксама няўдача — на наш погляд. З «Сымонам‑музыкам» было ўсё прасьцей: у адпаведнасьці з жанрам гісторыя станаўленьня творцы расказвалася выключна сымбалісцкімі сродкамі. Але як толькі сымбалізм заканчваецца, як у нашым выпадку, застаецца не рэалізм нават, а ў поўнай меры сацыялістычны рэалізм. Таму што быў такі жанр у савецкім тэатральным мастацтве — «дацкі спэктакль». То бок не спэктакль, вядома ж, на дацкай мове ці паводле п’есы дацкага аўтара, а спэктакль, прымеркаваны да чарговага юбілею. І быў на схіле савецкай эпохі ў Маскоўскім мастацкім акадэмічным тэатры нават адзін зь нямногіх удалых «дацкіх спэктакляў» — паводле п’есы Міхаіла Шатрова «Так пераможам!» — пра запавет У.І.Ульянава. Там хворы Ленін ачуньваў, прыяжджаў у працоўны кабінэт, дзе і зьяўляліся яму цені паплечнікаў, каб можна было зь імі наноў спрачацца, разважаць і да т.п. Хто ведаў гісторыю КПСС, той Бухарына ад Сьвярдлова адрозьніць мог. Хто ня ведаў — даваў веры акторам і рэжысёру. Але, на шчасьце, Ленін не пісаў (будзем спадзявацца) вершаў, а то падабенства двух спэктакляў пра ажыўшыя помнікі было б і ўвогуле забойчым.

Проста таму, што паказаная ў тым ўжо напаўзабытым спэктаклі МХАТ трагедыя Леніна, якая сталася трагедыяй для агромністай краіны (і нават больш як адной краіны), з таго спэктаклю ўсё‑ткі прарысоўвалася хоць неяк. А зразумець з інсцэніроўкі Ўладзімера Савіцкага, чаму, уласна кажучы, сігануў Купала ў той лесьвічны пралёт у гатэлі «Масква», проста немагчыма. Таму што Купалы на сцэне «купалаўскага» ўвечары 30 чэрвеня — не было!

Ёсьць грым Купалы (дакладней, помніка Купалу). Ёсьць вершы Купалы. Ёсьць нагода для таго, каб паставіць «дацкі спэктакль», прысьвечаны Купалу (а з такім самым посьпехам — ці няпосьпехам? — гэта мог бы быць спэктакль, прысьвечаны Пушкіну, Шэксьпіру, Дантэ, Эклезіясту, цару Саламону і ўсякаму іншаму паэту, які колісь жыў на нашым глёбусе…) А вось трагедыі Купалы — няма.

Ну ня скокнуў жа паэт зь дзявятага паверху толькі таму, што ён піў?! Гэта занадта простае тлумачэньне (адзінае зразумелае, дарэчы, тлумачэньне, калі меркаваць з таго, якія сьведчаньні дае на сцэне Аляксандар Падабед Аляксандру Паўлаву: ён, маўляў, і ў запой сыходзіць, і на склероз пакутуе — нават слаўны «Саюз Пісьменьнікаў Беларусі» ні запою, ні склерозу чамусьці рады не дае). Але другая вэрсія, прынятая сярод часткі нашай інтэлігентнай публікі, не прарысоўваецца зусім: для Людзей у форме і цывільным гэтае самагубства ажыўшага помніка аказваецца зусім нечаканым. А раз уся цэнтральная частка купалаўскай біяграфіі — і зь першай, няўдалай, спробай самагубства, і зь «ляўкоўскім цыклем», і з вайной, якая ўзрушыла паэта, — застаецца, як той казаў, за кадрам (толькі адзін намёк — куплет зь ліста «Вялікаму Сталіну ад беларускага народа»), то…

…то як скажаце гэта разумець?

Ды так і разумейце, таварыш глядач! Напіўся да шаленства і скокнуў у лесьвічны пралёт! Трэба было не руйнаваць маскоўскі гатэль «Масква», а проста перайменаваць яго ў нешта накшталт «Гатэль «У загіблага вершатворцы» — пазычыўшы назву ў старой і цалкам савецкай фантастычнай аповесьці братоў Стругацкіх.

Ня думаю, што дзеля гэтага быў пастаўлены спэктакль на сцэне Купалаўскага. Вой, ня думаю…

Скажам, калі б на сцэну на паклон столькі часу пасьля прэм’еры «Дзікага паляваньня караля Стаха» дагэтуль разам з выканаўцамі выхадзіў бы пастаноўшчык спэктаклю, гэта было б справядліва: у тым спэктаклі паводле Караткевіча кожны выкарыстаны рэжысёрам прыём апраўданы, прадуманы, вывераны. Грае ўсё. Калі на сцэну на паклон пасьля «Сноў аб Беларусі» выходзяць толькі акторы, гэта ня менш справядліва: паўтаруся, што вершы чытаць яны ўмеюць — прычым вельмі добра. Але тады і выпускайце CD з чытаньнем вершаў і пяяньнем песьняў!

А 30 чэрвеня мне ўпершыню было шкада патрачанага часу.

Аляксандар Фядута, глядач

Каментары3

Цяпер чытаюць

Пасля патрыятычнага парыву беларусаў у філармоніі ўдава кампазітара Моўчана забараніла ўсім выконваць «Малітву» Янкі Купалы14

Пасля патрыятычнага парыву беларусаў у філармоніі ўдава кампазітара Моўчана забараніла ўсім выконваць «Малітву» Янкі Купалы

Усе навіны →
Усе навіны

Беларус вядзе канал пра будаўніцтва і рамонт. У яго ўжо больш за мільён падпісчыкаў4

У Мінску на пешаходным пераходзе збілі жанчыну і 12‑гадовую дачку 8

Затрымалі 19‑гадовага пінчука за «рэабілітацыю нацызму»12

Беларусы масава нясуць грошы ў банкі. Чаму так і наколькі выгадна класці рублі на дэпазіты?8

У Венесуэле вызвалены яшчэ каля 80 палітычных зняволеных. Гэтага патрабавалі ЗША1

«Гэта не «надзень швэдар». Гэта холад, ад якога нікуды не схавацца». Як украінцы выжываюць без святла і цяпла ў халодных кватэрах7

Цана на золата ўпершыню перавысіла адзнаку $5 тысяч, працягваючы гістарычны рост

«Жыве!» ці «Жыве вечна!»? Як правільна? Вакол гэтага пытання разгарнулася палкая дыскусія32

Сабакі таксама пакутуюць на дэменцыю. Як запаволіць працэс?

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Пасля патрыятычнага парыву беларусаў у філармоніі ўдава кампазітара Моўчана забараніла ўсім выконваць «Малітву» Янкі Купалы14

Пасля патрыятычнага парыву беларусаў у філармоніі ўдава кампазітара Моўчана забараніла ўсім выконваць «Малітву» Янкі Купалы

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць