
Галоўны дарадца прэзідэнта ЗША Дональда Трампа Стывен Бэнан заявіў, што мэйнстрымныя амерыканскія СМІ «павінны маўчаць», бо яны не здолелі спрагназаваць вынік прэзідэнцкіх выбараў, а падчас кампаніі падтрымлівалі саперніцу Трампа Хілары Клінтан.
«СМІ павінны адчуваць сорам і прыніжэнне, маўчаць і проста слухаць»,— заявіў ён газеце The New York Times.
На думку Бэнана, медыя «не разумеюць краіны» і «да гэтага часу не разумеюць, чаму Дональд Трамп — прэзідэнт».
«Вы — апазіцыйная партыя. Недэмакраты», — цытуе яго газета.
The New York Times звярнулася па каментар да Бэнана па выніках першых дзён працы новага прэс-сакратара Белага дома Шона Спайсэра, якога журналісты выкрылі ў прадастаўленні непраўдзівых звестак.
Стывен Бэнан да жніўня 2016 года кіраваў кансерватыўным сайтам Breitbart News, папулярным сярод амерыканскіх «альтэрнатыўных правых». Ён сышоў з сайта, каб узначаліць перадвыбарчы штаб Дональда Трампа.
Бэнан таксама быў кандыдатам на пасаду кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта. У выніку гэтую пасаду заняў адзін з кіраўнікоў Рэспубліканскай партыі Рэйнс Прыбус, а Бэнан стаў галоўным дарадцам па стратэгічных пытаннях, дадае meduza.io.
Каментары