У ноч на 13 чэрвеня Ізраіль ударыў па Іране. Мэтай аперацыі былі ядзерныя аб'екты Ірана.

Ізраіль ударыў супрацьбункернымі боепрыпасамі па ядзерных падземных аб'ектах у Натанзе, што ў 220 кіламетрах ад сталіцы Ірана Тэгеран. Ізраільскія СМІ паведамляюць, што ядзерны аб’ект у Натанзе знішчаны дашчэнту.
Удар нанеслі таксама па прадпрыемстве па ўзбагачэнні ўрану ў Фардо.
У выніку ўдару загінулі высокапастаўленыя іранскія вайскоўцы. Сярод іх — камандуючы Корпуса вартавых ісламскай рэвалюцыі (КВІР) Хасейн Саламі, камандзір Ваенна-паветраных сіл КВІР Амір Алі Хаджызадэ, галоўнакамандуючы іранскіх Узброеных сіл Махамад Багеры, намеснік галоўнакамандуючага Галамалі Рашыд.

Reuters са спасылкай на дзве рэгіянальныя крыніцы піша, што падчас атакі загінулі не менш як 20 высокапастаўленых іранскіх камандзіраў.
Іранскія СМІ паведамляюць, што загінулі таксама прынамсі шэсць навукоўцаў-ядзершчыкаў, якія маюць дачыненне да ядзернай праграмы Ірана.
Пад атаку трапіла таксама сістэма супрацьпаветранай абароны Ірана. Быў атакаваны аэрапорт у Тэбрызе. Там месціцца вайскова-паветраная база.
Ізраіль ударыў па ракетных базах у Керманшахе і Харэмабадзе.
Пашкоджаны некалькі будынкаў у Тэгеране.

Іран запусціў 100 дронаў у адказ. Ізраіль паведаміў, што ўсе іранскія дроны былі збітыя за межамі паветранай прасторы краіны.
Ізраіль, Іран, Іарданія і Ірак часова закрылі сваю паветраную прастору і адмянілі ўсе палёты.
Рэакцыя ЗША
Дзяржсакратар Марка Рубіа заявіў, што Злучаныя Штаты не ўдзельнічалі ва ўдарах па Іране і галоўны прыярытэт для іх — абарона амерыканскіх сіл у рэгіёне. «Я хачу падкрэсліць: Ірану не варта пагражаць інтарэсам ЗША і амерыканскім вайскоўцам».
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заклікаў Іран заключыць здзелку, пакуль не позна.
«Я даваў Ірану шанец за шанцам заключыць здзелку. Я папярэджваў іх у самых ясных выразах «проста зрабіце гэта, — напісаў Трамп у сваёй сацсетцы Truth Social. — Я казаў ім, што гэта будзе горш, чым усё, з чым яны сутыкаліся, чакалі або пра што ім казалі, што ЗША вырабляюць найлепшыя і самыя моцныя ўзбраенні на свеце, НАМНОГА лепшыя, і ў Ізраіля іх шмат — і яны ведаюць, як імі карыстацца».
«Некаторыя іранскія ястрабы гаварылі смелыя словы. Цяпер яны ўсе МЁРТВЫЯ, і будзе яшчэ горш! Ужо шмат смерцяў і разбурэнняў, а наступныя запланаваныя атакі будуць яшчэ больш жорсткія, але ўсё яшчэ ёсць час, каб спыніць гэтую бойню. Іран мусіць заключыць здзелку, інакш ад яго нічога не застанецца, і ўратаваць тое, што некалі было вядома як Іранская Імперыя. Больш ніякіх смерцяў, ніякіх разбурэнняў. ПРОСТА ЗРАБІЦЕ ГЭТА, ПАКУЛЬ НЕ ПОЗНА. Божа вас усіх дабраславі!»
Іранскія медыя паведамляюць, што пасля атакі Ізраіля Іран не будзе ўдзельнічаць у ядзерных перамовах з ЗША. Яны павінны былі прайсці ў нядзелю 15 чэрвеня ў Амане.
Чаму Ізраіль нанёс удар менавіта цяпер
Ёсць некалькі прычын, чаму канфлікт, які даўно назіраецца паміж Ізраілем і Іранам, перайшоў у гарачую фазу, піша Bild.
Адна з іх — іранская ядзерная праграма станавілася ўсё больш небяспечнай.
12 чэрвеня МАГАТЭ абвінаваціла Іран у парушэнні абавязацельстваў па нераспаўсюджванні ядзернай зброі. Тэгеран абвясціў аб будаўніцтве новага аб'екта па ўзбагачэнні ўрану. Па словах экспертаў, Іран мог бы ўзброіцца ядзернай зброяй на працягу некалькіх месяцаў. Ізраіль упэўнены, што ў мул дастаткова ўрану для дзевяці ядзерных бомбаў, а іранскія ядзершчыкі ўсё хутчэй выраблялі зброевыя матэрыялы. Вялася і распрацоўка ядзерных ракет. Невыпадкова адной з мэтаў Ізраіля стала ліквідацыя іранскіх фізікаў.
Другая прычына — саюзнікі Ірана аслабленыя. Ліванская «Хезбала» ў вайне супраць Ізраіля восенню 2024 года страціла амаль усіх лідараў і большую частку свайго ракетнага арсенала. «Хезбала» фінансавалася і кантралявалася Іранам і, паводле задумы мул, павінна была ўтрымаць Ізраіль ад дзеянняў супраць іранскай ядзернай праграмы. Аслаблены і ХАМАС, які пакуль утрымлівае частку сектара Газа, але даўно знаходзіцца ў абарончай пазіцыі.
Трэцяе — сістэма СПА Ірана не можа супрацьстаяць ізраільскім ВПС.
Пасля ракетнай атакі Ірана на Ізраіль летась Ізраіль кропкавымі ўдарамі практычна цалкам вывеў са строю ўсю іранскую сістэму СПА. Пакуль яна не адноўленая, у Ізраіля ёсць час для ваенных дзеянняў супраць Ірана — без боязі, што ізраільскія самалёты будуць збітыя.
І чацвёртай прычынай называецца тое, што ядзерныя перамовы ішлі дрэнна. Іран знаходзіўся ў працэсе перамоваў з ЗША аб новым ядзерным пагадненні. Тэгеран павінен быў спыніць узбагачэнне ўрану, а ў абмен на гэта Вашынгтон прапаноўваў зняць эканамічныя санкцыі. Але перамовы ішлі дрэнна: прэзідэнт ЗША Дональд Трамп нядаўна заявіў, што ўсё менш верыць у магчымасць пагаднення з Іранам.
Каментары