Мінадукацыі: Школы і бацькі маюць права самі вырашаць, з якой гадзіны пачынаць заняткі
Рэжым работы школы вызначае дырэктар з бацькамі і педагогамі. Да таго ж, вырашаць, з якой гадзіны пачынаць заняткі, трэба з улікам асаблівасцяў раёна, у якім жывуць дзеці. Пра гэта прадстаўнікі Міністэрства адукацыі распавялі падчас анлайн-канферэнцыі на сайце Белтэлерадыёкампаніі.
Начальнік упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі Святлана Уклейка адзначыла, што вызначаць, пачынаць заняткі з 8.00, 8.30 або 9.00, трэба на ўзроўні навучальных устаноў.
— Узяць расклад званкоў з перапынкамі, урокамі, палічыць тры варыянты і паглядзець, як можна зрабіць.
Па словах прадстаўніка Міністэрства адукацыі, рэжым работы школы вызначае яе дырэктар.
— Але ў кожнай навучальнай установе, па Кодэксе аб адукацыі, ствараецца рада ўстановы. Гэта галоўны орган самакіравання, куды ўваходзяць адміністрацыя, педагогі, бацькі, і навучэнцы ў тым ліку. Разумееце, ніводны дырэктар не можа, седзячы ў сябе ў кабінеце, сказаць: усё, вучымся з дзевяці або з васьмі адназначна. У любым выпадку, трэба разумець мікрараён, у якім дзеці жывуць: напрыклад, дзеці проста ў школу прыходзяць, або ім патрэбны падвоз. Трэба ўсё ўлічваць, да дробязяў. Таксама ў раённым цэнтры, у малых гарадах. Але, зноў, ёсць пытанне здароўя.
Калі дзіця прыходзіць на першы ўрок першы і спіць — што ён засвоіць? Калі ёсць магчымасць пачынаць заняткі пазней, то чаму б не скарыстацца?
Каментары