«Тролі-ольгінцы»: блогера Пальчыса заблакавалі ў фэйсбуку ў чацвёрты раз
Акаўнт у фэйсбуку вядомага блогера Эдуарда Пальчыса (Джона Сільвера) гэтымі днямі быў заблакаваны ўжо ў чацвёрты раз. Прычынай стаў пост пра адыёзнага персанажа Вячаслава Сафронава, вядомага сваімі прарасійскімі і антысеміцкімі выказваннямі.

«Выглядае, што Сафронаў з сябрамі, у іх ёсць такая групоўка «ватнікаў», дасылалі запыты пра маё блакаванне», — кажа Пальчыс.
У выніку акаўнт праз невялікі прамежак часу аднавілі, але з яго знік допіс пра Сафронава.
Эдуард расказвае, што гэта ўжо далёка не першы падобны выпадак, які здараецца з ім.
«Мой першы акаўнт у фэйсбуку быў ананімны, як «Джон Сільвер», ён праіснаваў паўтара года. Калі я знаходзіўся ў СІЗА, то яго заблакавалі па масавых скаргах троляў-ольгінцаў», — расказвае блогер.
Ужо па вызваленні Пальчыс стварыў рахунак на сапраўднае імя. Але ён пратрымаўся ўвогуле ўсяго толькі тры гадзіны. Гэта было 7 лістапада летась, тады Эдуард Пальчыс напісаў пост пра Клішэвіча, функцыянера БРСМ, які напаў на маладафронтаўца Змітра Дашкевіча падчас адкрыцця помніка Леніна на МТЗ.
«У БРСМ ёсць міні-сетка боткаў, якія, відаць, скардзіліся на мой допіс», — выказвае здагадку блогер.
Трэці акаўнт існаваў 7 месяцаў. І ён быў заблакаваны ў маі сёлета без называння прычын.
Як пазбегнуць такога? «Самы лепшы спосаб — верыфікаваць акаўнт, але гэта прасцей зрабіць на Захадзе, чым у нас. Калі ж такі варыянт не праходзіць, то трэба вельмі асцярожна ставіцца да таго, што пішаш, не дазваляць ніякіх абразаў», — сказаў Эдуард Пальчыс.
Прычым, як кажа блогер, падобных праблем з акаўнтамі Укантакце ці Твітары ў яго ніколі не ўзнікала.
Эдуард Пальчыс — стваральнік сайта 1863x.com. У кастрычніку мінулага года ён быў асуджаны да 1 года і 9 месяцаў «хатняй хіміі» па абвінавачванні ў распальванні варожасці па прыкмеце расавай, нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай ці іншай сацыяльнай прыналежнасці (ч. 1 арт. 130), а таксама вырабе і распаўсюдзе парнаграфічных матэрыялаў (арт. 343 КК).
Каментары