«Мы не можам ігнараваць праблемы». Вільня адказала на выклік пасла ў МЗС Беларусі

Літва шануе эканамічнае партнёрства з Беларуссю, аднак «не можа ігнараваць праблемы, якія існуюць у гэтай краіне», заявіў літоўскі міністр замежных спраў Лінас Лінкявічус. Пра гэта паведамляе delfi.lt са спасылкай на BNS. Так ён адрэагаваў на выклік пасла Літвы Андруса Пулокаса ў МЗС РБ для тлумачэнняў з нагоды выказванняў прэзідэнта Літвы.
— Мы заўсёды памятаем пра тое, што гэта наш сусед, што мы з гэтым суседам і гандлюем, і супрацоўнічаем, і партнёрства ў гэтым сэнсе вельмі важнае. Аднак ёсць аспекты, якія заслугоўваюць каментароў. Мы не можам не звяртаць увагі на гэта. Наколькі мне вядома, прэзідэнт выказала свой погляд з нагоды арганізаваных Расіяй у апошні час вучэнняў, у якія Беларусь вельмі інтэграваная, яе тэрыторыя выкарыстоўваецца для дыслакацыі вялікіх магутнасцяў, — заявіў у сераду раніцай Лінкявічус, дадаўшы, што ў Мінску не жадаюць абмяркоўваць БелАЭС.
Нагадаем, 5 чэрвеня прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайце назвала «выклікам і пагрозай» суседства з Расіяй і Беларуссю.
— Эстонія, як і Латвія, а таксама Польшча для нас вельмі важныя, бо гэта усходняя мяжа НАТА, таму выклікі і пагрозы — тыя ж. Гэта - знаходжанне Расіі і Беларусі ля нашых усходніх межаў. Вядома, гэта і мілітарызацыя, якую мы назіраем у Калінінградзе, выкарыстанне тэрыторыі Беларусі для розных эксперыментаў і агрэсіўных гульняў, накіраваных супраць Захаду. Сярод іх — і маючыя адбыцца вайсковыя вучэнні [»Захад-2017»], — адзначыла Грыбаўскайце.
Увечары ў МЗС Беларусі выклікалі літоўскага пасла Андруса Пулокаса і запатрабавалі тлумачэнняў у сувязі з заявамі Грыбаўскайце.
— Выкарыстаная прэзідэнтам Літвы лексіка, уключаючы словы «агрэсіўныя гульні», з'яўляецца абразай для нашай краіны, якая вядзе міралюбівую палітыку, якая ўносіць рэальны і агульнапрызнаны ўнёсак у справу ўмацавання бяспекі нашага рэгіёну», — адзначылі ў МЗС.
Там дадалі, што такія заявы робяцца не для ўмацавання бяспекі ў рэгіёне, а каб павысіць сваю пазнавальнасць сярод партнёраў па НАТА і папулярнасць у выбаршчыкаў.
Каментары