Лужычане жывуць у Нямеччыне і не забываюцца мовы сваёй
Лужыца — рэгіён, разьмешчаны на тэрыторыі нямецкіх земляў Саксонія і Брандэнбург. У гэтым рэгіёне жыве невялікая славянская нацыянальная меншасьць — лужычане або лужыцкія сэрбы. (Ня блытаць з балканскімі сэрбамі!)
У лужыцкіх сэрбаў свая асобная мова, нават дзьве: верхнялужыцкая і ніжнялужыцкая. Лужычане ў Саксоніі гавораць на верхнялужыцкай мове, а ў Брандэнбургу — на ніжнялужыцкай. Наагул можна сказаць, што верхнялужыцкая мова бліжэйшая да чэскай мовы, а ніжнялужыцкая — да польскай.
20 тысяч лужычанаў гавораць на сваёй мове — і старыя, і малыя
У канцы чэрвеня мы наведалі паўднёвую частку Лужыцы, якая знаходзіцца ў Саксоніі. Мы прыехалі сюды зайсьці ў рэдакцыю газэты «Serbske Nowiny», якая месьціцца ў горадзе Будышын (Баўцэн), культурным цэнтры лужыцкіх сэрбаў, а таксама пабываць на міжнародным фальклёрным фэстывалі, які арганізуецца раз на два гады.
Ацэньваецца, што ў 40-тысячным Будышыне каля 10% насельніцтва складаюць этнічныя лужыцкія сэрбы. Горад прыгожа раскінуўся над ракой Шпрэўяй (Шпрэе), за 50 кілямэтраў на ўсход ад Дрэздэну. У горадзе вылучаецца гістарычны цэнтар з замкам Ортэнбург, які быў збудаваны яшчэ ў Х стагодзьдзі і перабудаваны ў гатычным стылі ў другой палове XV стагодзьдзя.
Лічыцца, што ў Нямеччыне жывуць каля 60 тысяч лужыцкіх сэрбаў — 20 тысяч у Верхняй Лужыцы і 40 тысяч у Ніжняй Лужыцы. Аднак гэтыя дадзеныя не пацьверджаныя ніякімі падлікамі: у агульнанацыянальных нямецкіх перапісах этнічнае паходжаньне не адзначаецца.
Галоўны рэдактар штодзённай газэты «Serbske Nowiny» Янак Воўчар (па-лужыцку Janek Wowčer; па-нямецку Janek Schäfer) сказаў нам, што на верхнялужыцкай мове ўсё яшчэ гавораць каля 20 тысяч чалавек. Усе яны, зразумела, валодаюць і нямецкай мовай. І няблага разумеюць сумежныя славянскія мовы: чэскую і польскую. Мы без праблемаў дагаворваліся з лужычанамі на чэскай мове. Зразумець іхную верхнялужыцкую нам было нашмат цяжэй, чым ім нашу чэскую.
Сытуацыя зь ніжнелужыцкай мовай значна больш складаная — некаторыя кажуць, што гэтая мова ўжо амаль памерла. Тым ня менш, існуе адмысловая праграма падтрыманьня і ажыўленьня ніжнялужыцкай мовы для дзяцей у дзіцячых садках і школах Ніжняй Лужыцы.
А як ставяцца да нацыянальнай меншасьці прадстаўнікі большасьці - немцы? Мы папрасілі нашага суразмоўцу адказваць на нашы пытаньні на сваёй роднай мове, якую беларусам рэдка дзе і калі даводзіцца чуць.
Штодзённая газэта з каляровымі карцінкамі
Газэта «Serbske Nowiny» выходзіць пяць разоў на тыдзень. Распаўсюджваецца выключна праз падпіску. Цяпер у яе — 1000 падпісчыкаў. Раз на месяц выходзіць нямецкамоўны дадатак да газэты. Газэта пачала выходзіць у 1842 годзе, а ў 1854 атрымала назву «Serbske Nowiny». У 1937 годзе нацысты закрылі гэтае выданьне. У часы Германскай дэмакратычнай рэспублікі газэта ўзнавіла выхад пад новай назвай — «Nowa doba». У 1989 годзе вярнулася да традыцыйнай назвы. У рэдакцыі працуюць 13 чалавек: 7 рэдактараў-журналістаў, стажор, фатограф, стыль-рэдактар, 2 графічныя рэдактары, сакратарка.
Газэта «Serbske Nowiny» выходзіць у выдавецтве «Domowina» ў Будышыне. Выдавецтва месьціцца ў тым самым будынку, што і газэта. У тым самым будынку знаходзіцца таксама лужыцкая кнігарня. «Domowina» атрымлівае фінансавыя сродкі з Фонду лужыцкага народу, прыблізна 2 мільёны эўра на год. У сваю чаргу, Фонд лужыцкага народу атрымлівае штогод амаль 17 мільёнаў эўра: 8,2 мільёна ад фэдэральнага ўраду; 5,7 мільёна ад зямлі Саксонія; 2,9 мільёна ад зямлі Брандэнбург.
Па дарозе з рэдакцыі мы абышлі будынак, дзе месьцяцца ўсе лужыцкія культурныя ўстановы, і зазірнулі ў кнігарню. Лужыцкія кнігі выходзяць рэгулярна, хоць і нягуста. Актыўна пішуць некалькі дзясяткаў літаратараў, але над імі па-ранейшаму ўзвышаюцца постаці сучасных клясыкаў - паэта Кіта Лорэнца і празаіка Юрыя Брэзана. На жаль, фатаграфаваць нам у самой кнігарні не дазволілі - рэжымны аб'ект… Затое нам пашэнціла скупіць у букіністычным аддзеле два апошнія асобнікі «Верхнялужыцка-расейскага слоўніка» 1974 году выданьня, набылі і што з гэтым слоўнікам пачытаць.
На вуліцах у Будышыне лужыцкай мовы асабліва не пачуеш. Але ёсьць месцы, якія трэба ведаць. Апрача ўжо згаданага «бастыёну», дзе месцяцца культурныя ўстановы, рэдакцыі і кнігарня, ёсьць яшчэ Сэрбскі музэй з даволі добрай і ўсеахопнай экспазыцыяй.
Яшчэ адін абавязковы пункт праграмы кожнага госьля лужыцкай сталіцы - рэстаран сэрбалужыцкай кухні «Wjelbik», які славіцца сваёй гасьціннасьцю і кулінарнай аўтэнтыкай.
Спыніліся мы ў гатэлі «Dom Eck» - «Саборны рог», які месьціцца каля Катэдральнага сабору, як раз на рагу. Праўда, дзеля таго, што мы ведалі толькі нямецкую назву, ідэнтыфікаваць гатэль, не зазіраючы ў слоўнік, удалося не адразу.
Фэстываль
Якраз у Кросчычах — дзе жыве тысяча чалавек, амаль усе зь якіх гавораць на верхнялужыцкай мове — 24 чэрвеня адбыліся найважнейшыя канцэрты сёлетняга Міжнароднага фальклёрнага фэстывалю ў Лужыцы, на які былі запрошаныя фальклёрныя калектывы з тузіну замежных краінаў, у тым ліку і «Крупіцкія музыкі» зь Беларусі. Дарэчы, гэты калектыў, створаны ў вёсцы Крупіцы Менскага раёну 35 гадоў таму, на нашу думку меў найлепшы выступ на фэстывалі ў Кросчыцах.
Але цікавейшымі за выступы ўдзельнікаў фэстывалю былі жывыя кантакты зь мясцовымі людзьмі.
Школа, сям'я, асяродзьдзе
Каля 5 тысяч дзяцей у Верхняй Лужыцы ходзяць у лужыцкія і дзьвюхмоўныя, лужыцка-нямецкія, школы. У малодшых клясах усе прадметы выкладаюцца па-лужыцку; у старэйшых — такія прадметы як фізыка і матэматыка выкладаюцца па-нямецку і па-лужыцку. Мы пагаварылі зь сям’ёй Клемэнса і Юдыт Шкодаў зь вёскі Панчыцы пра тое, ці лёгка захоўваць сваю мову, культуру і традыцыі лужыцкім сэрбам ім у сям’і і лужыцкім сэрбам у Саксоніі.
На разьвітаньне Юдыт зь дзецьмі засьпявалі нам лужыцкую песеньку.
Апошняя сустрэча чакала нас ужо, калі мы зьбіраліся вяртацца ў Прагу. Проста на фэстывальнай вуліцы нас пазналі нейкія беларускія людзі - Пятро і Марлена. Як выявілася, яны тут ня першы і не другі раз, цікавяцца лужыцкай сытуацыяй, маюць тут сяброў, зь якімі падтрымліваюць творчыя кантакты. Сябры гэтыя таксама стаялі побач - гэта быў вядомы нават і ў Беларусі сэрбалужыцкі «антыфолк-панк-шансон»-дуэт Berlinska dróha - Ута і Паўль. На фоне фэстывальных бутафорскіх «вышыванак» яны глядзеліся сапраўды жыва і арыгінальна.
Каментары