Першы айчынны круізны цеплаход «Белая Русь» змяніў маршрут руху праз сезоннае падзенне ўзроўню вады ў рацэ Прыпяць, паведаміў TUT.BY намеснік гендырэктара па эканоміцы РУЭСП «Днепра-Бугскі водны шлях» Сяргей Зубко.
Раней рачныя турысты падымаліся на борт судна ў Брэсце і плылі да Мазыра. Там адна група ішла на сушу, а наступная засялялася ў каюты і плыла да Брэста. Цяпер маршрут закальцавалі і «Белая Русь» не пакідае межы Брэсцкай вобласці.
Судна выходзіць з Брэста, ідзе да шлюза Стахава на Століншчыне. Там турысты на аўтобусе едуць у Тураў, Гомельскай вобласці, і пасля экскурсій вяртаюцца на борт. Затым судна разварочваецца і ідзе назад у абласны цэнтр.
Цяперашні маршрут выглядае так: Брэст — Белавежская пушча — Ляхавічы — Дубае — Моталь — Дастоева - Пінск — Стахава — Тураў — Давыд-Гарадок — Качановічы - Пінск — водападзел — Кобрын — Брэст.
«Мы прапанавалі нашым турыстам замест заказніка «Прыпяцкі» нацыянальны парк «Белавежская пушча». Адзначым, што турыст ад гэтых змен не пакутуе. Мы са свайго боку зрабілі для іх зручнасці ўсё», — падкрэсліў Сяргей Зубко.
Плануецца, што па гэтым маршруце «Белая Русь» будзе хадзіць да пачатку верасня.
Каментары