Паўзабытае слова «ранцье» набывае другое дыханьне… Што адбываецца з дзяржаўнай уласнасьцю? Піша Віталь Валянюк.
Паўзабытае слова «ранцье» набывае другое дыханьне… Што адбываецца з дзяржаўнай уласнасьцю?
Як вядома, у савецкі час будавалі з размахам. Пад заводы і фабрыкі не шкадавалі ні зямлі, ні будаўнічых матэрыялаў, ні фінансаў. Але калі эканамічныя рэаліі рэзка зьмяніліся, лішнія плошчы гіганцкіх вытворчасьцяў абярнуліся для дырэктараў для дырэктараў галаўным болем: «Чым загрузіць? На што ўтрымліваць?» Но адначасова падулі і іншыя вятры: разам з ростам цэнаў на нерухомасьць і арэнду былы баласт у адначасьсе ператварыўся ў каштоўны актыў. Сёньня многія заводы могуць пачувацца грашавітымі і пасьпяховымі ранцье. Асабліва ў Менску, дзе адзін квадратны мэтар камэрцыйнай нерухомасьці здаецца ў арэнду па 20, 30, 40 эўра. Жыві і не бядуй, здаў камэрсантам былы цэх — і падлічвай прыбыткі!
Але просім ня блытаць: «стрыгуць купоны» з пушчаных у арэнду заводзкіх карпусоў часта зусім не адміністрацыі дзяржпрадпрыемстваў, а невялікія, але вельмі абароцістыя прыватныя фірмы.За якімі стаіць замежны, пераважна расейскі і ўкраінскі, капітал. І, верагодна, хтосьці яшчэ. Спэкуляцыі ў гэтай сфэры набылі мэгамаштаб!
Што адбываецца з дзяржаўнай уласнасьцю?
Купілі за 3,9 мільярды — прадалі за 13
Былога дырэктара, а цяпер галоўнага інжынера менскага прадпрыемства ААТ «Белгран» Мікалая Сабілу кантралёры і міліцыя правяралі ўжо не аднойчы. Але супрацьпраўнага ў ягоных дзеяньняў не знайшлі. Ды нічога «такога» ён нібы і не зьдзяйсьняў. Колькі гадоў таму з падтрымкі канцэрну «Мінскстрой» Мікалай Канстанцінавіч выставіў на аукцыён заводзкі корпус па вуліцы Радыяльнай плошчай каля 12 тысяч квадратных мэтраў. Зьявіліся два пакупнікі, якія выразам сваіх сур’ёзных твараў далі зразумець, што на вытворчых плошчах пачнуць новую і таксама вытворчую дзейнасьць на карысьць рэспублікі. Будынак за 3,9 мільярды рублёў быў прададзены зарэгістраванай у Менску агенцыі нерухомасьці. Паводле блізкіх да гэтай угоды людзей, «галава» гэтай сьціплай менскай фірмы знаходзіцца ў Маскве. У Беларусі дзейнасьць прадпрыемства забясьпечваюць зараз тры чалавекі: дырэктар, бухгальтар і юрыст. Што таксама не парушае закон. Аднак ствараецца ўражаньне, што ад самага пачатку ніхто і не разьлічваў, што новы ўласьнік купляе плошчы пад сур’ёзны вытворчы праект. Дзіўна было б чакаць гэтага ад малавядомай агенцыі нерухомасьці…
Пасьля таго як з прададзенага корпусу «Белграну» было вывезена старое абсталяваньне і зроблены рамонт, новы гаспадар хутка распрадаў па частках выкупленыя плошчы пад склады і майстэрні. Паводле словаў работнікаў заводу, «мэтры», калісьці іхныя і прададзеныя за 3,9 млрд., сышлі за 13 (!) мільярадаў рублёў. Сёньня на іх «прапісалася» цэлых 40 прадпрыемстваў. І ўсе плацяжы ідуць не дзяржаве, а «гаспадару», які з такй лёгкасьцю павярнуў выгадную справу. Розуму, аказваецца, ня трэба? Куды важней «сувязі»?
Новы дырэктар «Белграну» Аляксандар Казак не разумее, як можна было «прадаць тады частку заводу амаль задарма». А ў Мікалая Сабілы ёсьць тлумачэньне: «Сёньня лёгка разважаць, а ў той момант, калі мы прадавалі корпус, завод сядзеў без капейкі».
Ну і што? Прадалі, а што атрымалі наўзамен?
Разьбярыся цяпер, хто правы!
Зразумела толькі, што перад намі самы яскравы прыклад прымітыўнай спэкуляцыі — за дзяржаўны кошт хтосьці зьбіў(лі) немалы маёнтак. А цяпер, канечне, можна спрачацца да хрыпаты, ды што з таго. Гэта называецца «спрэчка на карысьць бедных» альбо, наадварот, на карысьць багатых…
«Завод разбамбілі, выцягнулі зь яго ўсё жывое…»
Яшчэ больш драматычная сытуацыя зь нерухомасьцю Менскага прыборабудаўнічага заводу (былога вытворчага аб’яднаньня імя Леніна). Актывы гэтага калісьці слаўнага прадпрыемства, гонару савецкага ВПК, таюць бы сакавіцкі сьнег. Ня так даўно адбыўся чарговы аукцыён. На продаж былі выстаўлены 7 тыс. квадратных мэтраў па праспэкце Незалежнасьці, 58, у самым цэнтры Менску, у двух кроках ад плошчы Якуба Коласа. Залатое месьцейка!
На прадмет законнасьці ўгодаў зь дзяржмаёмасьцю начальства заводу, таксама як і былое кіраўніцтва «Белграну», правяралася ня раз і ня два. Але, наколькі вядома, аніякіх супярэчнасьцяў з заканадаўствам да гэтага дня ня выяўлена. Але працоўнаму калектыву завода імя Леніна, уражанаму, як хвацка арудуюць за ягонай сьпінай, ад гэтага ня сьпіцца спакайней. Рабочыя перакананыя, што «завод разбазарваецца». Многія вінавацяць у гэтым кіраўніцтва прадпрыемства. Хтосьці ўказвае на патураньне з боку Міністэрства прамысловасьці, якое валодае кантрольным пакетам у ААТ. Маўляў, адказныя чыноўнікі глядзяць на мэтанакіраванае «праяданьне» маёмасьці праз пальцы. Разьбіраючыся ў сытуацыі, я пазваніў ў Мінпрам. Там мне параілі пагутарыць з кіраўніцтвам заводу. Размова з дырэктарам Мікалаем Рагожыкам выйшла цікавай.
«Завод разбамбілі, выцягнулі зь яго ўсё жывое… Я пісаў ліст і ў Міністэрства па падатках і зборах, ў Менгарвыканкам, і ў іншыя інстанцыі, але спыніць разбурэньне прадпрыемства не ўдалося», — зьдзівіў мяне шчырым прызнаньнем гендырэктар.
Тое, што ў апошні час справы заводу ідуць няважна, — не сакрэт. Аднак асабліва падтачыла эканоміку прадпрыемства, як лічыць Мікалай Рагожык, рашэньне падаткавай інспэкцыі аб арышце і продажы найбольш ліквіднай маёмасьці. Яна, маёмасьць, праз суд была выстаўлена на аукцыён для пагашэньня крэдытарскай запазычанасьці прадпрыемства, якая на пачатак 2006 году складала 22,8 мільярды рублёў. «Мне да гэтага часу незразумела, чаму нам ня здолелі даць адтэрміноўку, чаму прадалі наш корпус, — не хавае абурэньня гендырэктар. — У мяне былі сур’ёзныя планы. Я вёў перамовы з стратэгічным інвэстарам — буйным, салідным банкам. Была пэрспэктыва вырваць завод зь ямы. Але нашы плошчы проста і груба распрадалі. Незразумела, дарэчы, пад якія мэты».
Два паверхі на Менскім прыборабудаўнічым выкупіў працуючы ў Беларусі замежны банк. Астатнія дасталіся прыватным фірмам. І сярод іх таксама сустракаюцца прадстаўнікі маскоўскіх кампаніяў. Адзін з такіх прадстаўнікоў, па сьведчаньнях заводзкага калектыву, на выкупленай тэрыторыі не паказваецца ўжо больш за год. Дзіўныя паводзіны для інвэстара, ці ня так? Цікава, што прадстаўніцтва расейскай кампаніі, што выкупіла частку менскага заводу, у свой час узялося за перанос тралейбуснага дэпо з цэнтру сталіцы ва Ўручча. На вызваленым месцы ў раёне вуліцы Краснай плануецца адбудаваць гатэль 4—5 зорак і гандлёва‑забаляльны комплекс. Верагодна, ёсьць пляны датычна і ўчастку, які фірма «застаўпіла» на праспэкце Незалежнасьці. Але што гэта за пляны? І колькі яшчэ будуць прастойваць былыя заводзкія плошчы?
Зрэшты, на заводзе мяркуюць, што плошчы прытрымліваюцца для будучага перапродажу альбо перадачы ў арэнду, кошты на офісныя памяшканьні ў цэнтры Менску зьмяняюцца толькі ўверх. (Ужо сёньня ў інтэрнэце можна сустрэць прапановы аб здачы былых карпусоў завода імя Леніна па 29 эўра за 1 кв. мэтар.) Сапраўды, чаму б нядорага набытыя ў самым цэнтры Менску былыя вытворчыя плошчы не пусьціць, так сказаць, «пад пары»? Есьці яны ня просяць, наадварот, паціху расуць у цане. Але дзяржава застаецца і тут у якасьці статыста. Чаму? Ці няма тут элемэнтаў «камбінацыі», змовы з боку «вырашыўшых пытаньне» нейкіх уплывовых асобаў на карысьць тых, хто выдаваў сябе за інвэстараў, але зьяўляецца насамрэч брутальным спэкулянтам? Гэтыя «схемы», дарэчы, цудоўна вядомыя на ўсход ад Воршы. Праўда, там не цырымоняцца. Прысылаюць наймітаў з аўтаматамі і абвяшчаюць: «Было вашае — стала нашае». У Беларусі схемы мадэрнізуюцца пад мясцовыя рэаліі. Аўтаматчыкаў у ваўняных масках няма, яны замяняюцца рэспэктабэльнымі панамі, удзельнікамі «таргоў», «аукцыёнаў», хаця вынік той самы — адзін і той самы — ласыя кавалкі сыходзяць «налева».
Прастора і час
Яшчэ больш дзіўныя рэчы адбываюцца зь Менскім гадзіньнікавым заводам. Растлумачыць гандлёва‑эканамічныя дзівацтвы былога мэнэджмэнту прадпрыемства лягічна немагчыма. Продажы гадзіньнікаў у Нігерыю па 3—4 даляры за штуку, загадкавыя і стратныя камандзіроўкі ў ПАР, закупка кітайскіх камплектуючых праз расейскіх пасярэднікаў. Нарэшце, татальны распродаж плошчаў заводу па 400—700 даляраў за 1 кв. мэтар… І гэта ў цэнтры гораду, дзе гаворка ідзе пра значна большыя сумы.
Ці ня гэта выклікала фінансавы крызіс прадпрыемства?
Трывогу забіла падатковая інспэкцыя, якая ўстанавіла, што платаздольнасьць гадзіньнікавага заводу пайшла пад адкос. Завод быў прызнаны банкрутам. Над ягоным выратаваньнем зараз працуюць адразу некалькі дзяржаўных установаў. Але вынікі гэтай сумеснай працы, як бы гэта мякчэй сказаць, крыху дзіўныя. За час санацыі пазыкі прадпрыемства вырасьлі з 23 да 35 мільярдаў рублёў. Не адбылося аніякіх сур’ёзных навацыяў у тэхналёгіі вытворчасьці. Не атрымана новых пэрспэктыўных замоваў… Ствараецца такое адчуваньне, быццам хтосьці «наклаў лапу» на гэты завод. А дакладней, на цэлы квартал у цэнтры гораду, які займае Менскі гадзіньнікавы.
Недалёкае мінулае прадпрыемства выклікае багата пытаньняў, якія пакуль застаюцца без адказу. Як магчыма было прадаць плошчы па 400—700 даляраў за мэтар, калі рынкавы кошт іх быў каля 2000? Навошта ў арэнду прыватным фірмам, у тым ліку ізноў жа маскоўскім, плошчы здаваліся па 7—9 даляраў за мэтар? Бо «арандатары» перадавалі гэтыя ж мэтры ў карыстаньне іншым. Але ўжо па 30 даляраў! Не ўкладваецца ў галаве і відавочна стратная лізінгавая схема з 10‑м корпусам, дзе знаходзяцца ачыстныя збудаваньні, бойлерная, трансфарматарная падстанцыя, што забясьпечваюць жыцьцядзейнасьць прадпрыемства. Здаецца, у чыіхсьці планах было паралізаваць завод канчаткова…
Вакол гадзіньнікавага заводу працягваецца дзіўная вакханалія.
Ня менш загадкавая, чым мінулае, і будучыня гэтага прадпрыемства! Ня так даўно зьявілася інфармацыя аб перамовах з бізнэсоўцам, выхадцам з былога СССР, які прадстаўляе швайцарскую гадзіньнікавую марку. Быццам бы абмяркоўваўся варыянт стварэньня СП на базе Менскага гадзіньнікавага заводу. З вартых даверу крыніцаў ўдалося даведацца нектаорыя падрабязнасьці перамоваў. Сярод разгляданых варыянтаў быў і такі. Швайцарская кампанія інвэстуе ў СП 10 мільёнаў даляраў. Пасьля чаго да яе пяройдзе 80 адсоткаў новага сумеснага прадпрыемства…
Але як гэта разумець? Бо толькі будынкі, збудаваньні і абсталяваньне заводу ацэньваецца пад 200 мільярдаў рублёў. А яшчэ пад усім гэтым знаходзіцца і аграмадны ўчастак зямлі ў цэнтры Менску. Што за «парытэт узносаў»? І каму ён выгадны?! Ці ня спроба гэта ўвесьці ў бок увагу, выкупіць за грашы ўчастак у цэнтры Менску, а потым пачаць будаваць чарговы бізнэс‑цэнтар? Дарэчы, куды ні кінь, паўсюль жаданьне будаваць «бізнэс‑цэнтры»… Па шчырасьці прызнаемся, што з бізнэсам у нас пакуль што, мякка кажучы, ня вельмі… Затое бізнэс‑цэнтры растуць як грыбы цёплай восеньню ў добрым лесе. Што за парадокс? Што за гэтым хаваецца?
Замест пасьляслоўя
Прыход у Беларусь замежных інвэстараў і прыватызацыя прадпрыемстваў — працэс натуральны. Эканоміцы патрабуецца мадэрнізацыя. І замежны капітал можа стацца вельмі карысным. Але важна і іншае. Прыватызацыя не павінна ператварыцца ў барахолку, у распродаж каштоўнай джяржуласнасьці па стратных коштах. Пакуль жа ва многіх угодах з маёмсьцю беларускіх заводаў, асабліва менскіх, шмат туманнага. Незразумела, напрыклад, чаму тэрыторыі прадпрыемстваў распрадаюцца па кавалках, а не адзіным комплексам? Чаму перад інвэстарамі ня ставіцца дакладных, прадуманых умоваў: што і ў які тэрмін яны павінны зрабіць на выкупленых плошчах? Спасылкі на «недасканаласьць заканадаўства» выглядаюць у гэтым кантэксьце ня вельмі пераканаўча. Калі заканадаўства недасканалае, яго трэба дасканаліць — бо на вачох ідзе крутое раскраданьне дзяржаўных актываў. Чаго чакаем?
Паказальны прыклад Менскага авіярамонтнага заводу. Як вядома, асноўны падрадчык будаўніцтва дзелавога цэнтру «Менск‑Сіці» абавязаўся за свой кошт вынесьці вытворчасьць за межы гораду. Стварыць усе ўмовы для пасьпяховай працы заводу на новым месцы. А ў вызваленую ў Менску зямлю ўкласьці мільярды даляраў. Ці выгадная такая схема дзяржаве? Безумоўна! Але чаму яна не выкарыстоўваецца ў адносінах да Менскага гадзіньнікавага заводу? Да іншых буйных прадпрыемстваў? Чаму пры патураньні чыноўнікаў пад дахам дзяржпрадпрыемстваў гняздуюцца фірмы, якіх аніяк нельга запісаць у стратэгічныя інвэстары? Бо нават без акуляраў відаць, што гэта дробныя драпежнікі, аклапочаныя толькі сваёй выгадай. Зразумець іх можна, але ці можна пагадзіцца з такім становішчам справаў?.. Размовы пра «кепскае заканадаўства» часта становяцца шырмай, што маскуе нядобры намер. Па‑мойму, ківаньне на «заканадаўства» — гэта вельмі просталінейнае абвінавачваньне. Усё ня так проста. Бо агулам беручы, у краіне праведзеная сур’ёзная праца, накіраваная на тое, каб зрабіць угоды з уласнасьцю — зямлёй, нерухомасьцю, акцыямі — больш рынкавымі. Шмат прагрэсіўных крокаў робіцца і ў адносінах стварэньня фондавага рынку. Так што справа, хутчэй за ўсё, у іншым. У магутным карупцыйным складніку новай разбуральнай тэндэнцыі. І ня трэба цешыць сябе ілюзіямі. Раньце пачуваецца камфортна толькі ў адным выпадку: калі над ім хтосьці зацікаўлены і ўплывовы раскрывае «парасон бясьпекі»…
Каментары