Бацькі амерыканскага студэнта Ота Уормбіра распавялі пра тое, у якім жахлівым стане знаходзіўся іх сын, калі яго даставілі з Паўночнай Карэі ў ЗША.
Фрэд і Сіндзі Уормбір у інтэрв'ю тэлеканалу Fox News назвалі паўночнакарэйцаў, што ўтрымлівалі іх сына, «тэрарыстамі», якія падвяргалі яго сістэматычным катаванням.
Ота Уормбір быў арыштаваны ў Пхеньяне і змешчаны на 17 месяцаў у турму за тое, што скраў з гасцініцы агітацыйны плакат. У чэрвені 2017 года яго выпусцілі з-за кратаў па медыцынскіх паказаннях, і ён памёр праз некалькі дзён пасля прыбыцця на радзіму.
У сваім першым інтэрв'ю СМІ яго бацькі адзначылі, што цяпер настаў час распавесці праўду пра стан іх 22-гадовага сына.
Дактары ў ЗША раней казалі, што малады чалавек знаходзіўся ў вегетатыўным стане, аднак Уормбіры сказалі, што назваць гэта комай «было б несправядліва».
Яны паведамілі, што, калі яны ўбачылі свайго сына [пасля прыезду з КНДР], ён «хістаўся з боку ў бок, рэзка тузаючыся пры гэтым і выдаючы нечалавечыя гукі».
У яго была паголеная галава, ён быў сляпы і глухі, яго рукі і ногі былі «цалкам дэфармаваныя», а на назе быў велізарны шнар.
«Было падобна, што хтосьці проста ўзяў у рукі абцугі і пераставіў яму ўсе ніжнія зубы. Да Ота пастаянна ўжываліся катаванні, і яму была наўмысна нанесена фізічная шкода Кім Чэн Ынам і ягоным рэжымам. Гэта не выпадковасць», — заявіў Фрэд Уормбір.
Ён таксама сказаў, што ўрад не паведаміў сям'і ніякай інфармацыі ад яго смерці.
Яго жонка дадала, што ўлады КНДР адправілі Ота дадому, бо «не хацелі, каб ён памёр на іх тэрыторыі».
Яна таксама патлумачыла, што сям'я адмовілася праводзіць ўскрыццё, бо вырашыла, што ён дастаткова напакутаваўся. «Я хацела, каб ён увесь час быў са мной», — сказала Сіндзі Уормбір.
Між тым мясцовыя амерыканскія газеты ставяць пад сумнеў некаторыя заявы, зробленыя Уормбірамі.
Газета Сincinnati Enquirer паведаміла, што атрымала копію справаздачы коранера па вонкавым аглядзе цела Ота Уормбіра, дзе было пералічана некалькі невялікіх шнараў, але нічога, што паказвала б на катаванні.
Газета прывяла спасылку на коранера акругі Гамільтан, які адзначыў у справаздачы, што зубы маладога чалавека былі «свае, і ў добрым стане», і што ён памёр, па ўсёй імавернасці, ад пашкоджання галаўнога мозгу, выкліканага кіслародным галаданнем.
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп, які мае звычай глядзець навінавую праграму тэлеканала «Fox and Friends», напісаў у твітары, што гэта было «выдатнае інтэрв'ю» і што «Ота ў Паўночнай Карэі жудасна катавалі».
Гэты прэзідэнцкі каментар, хутчэй за ўсё, толькі дадасць напружанасці ў адносіны паміж КНДР і ЗША, якія ўжо неаднаразова за апошні час абменьваліся на адрас адзін аднаго абвінавачваннямі і пагрозамі, у тым ліку і ядзернага паражэння.
Цяпер чытаюць
Топавы перакладчык паехаў у Беларусь мяняць пашпарт — і сеў за данаты. «КДБ паглядзеў на суму і вырашыў, што ніхто ў здаровым розуме не можа выдаткаваць столькі ўласных грошай»

Каментары