Меркаванні66

Віктар Марціновіч: Чацвёрты Пуцін-прэзідэнт заяўлены мсціўцам

Фота Віктара Фядосенкі, Reuters

З Новым Вовам!

Пакуль мы ў Беларусі абмяркоўвалі сапраўды важныя рэчы, напрыклад, фотаздымак Ганны Бонд са свіной галавой, у суседняй Расіі адбылася адна непрыкметная драбяза. Уладзімір Пуцін пацвердзіў свой удзел у наступных прэзідэнцкіх выбарах. Зняўшы хай сабе і кволую, але інтрыгу наконт таго, будзе ён вылучацца сам альбо паставіць па прыколе пакіраваць імперыяй каго са знаёмых.

Вылучэнне Пуціна абсалютна роўнае ягонай перамозе: Сабчак з Навальным гарантуюць, што кампанія будзе не сумнай, але не першая, ні другі прэзідэнтам не стануць, як бы ні лютавала хіпстота на вулічных мітынгах за металадэтэктарамі.

І вось у гэтым, чацвёртым ужо для Пуціна, вылучэнні шмат было цікавостак, па якіх можна ўскосна зразумець, што за кадэнцыя наперадзе ў нашай магутнай суседкі. Само зацягнутае чаканне — пойдзе, не пойдзе — дало шмат трафіку юцьюбным канспіролагам, якія запэўнівалі, што Уладзімір Уладзіміравіч імкнецца заблытаць «сусветную закулісу» (вось ёсць словы, якім нават не хочацца шукаць адпаведнік у беларускай мове). Маўляў, ён цягне, каб перашкодзіць Беламу дому выбудаваць стратэгію супрацьдзеяння пуцінскай перамозе, і цягнуць ён будзе ну зусім да апошняй мяжы, пасля якой ужо юрыдычна немагчыма высунуцца.

Іншыя казалі: Пуцін палюе на добрую нагоду. Пуцін пільнуе навіны пра падрастанне цэнаў на нафту, добрых вестак з Сірыі, нейкай іншай буйной перамогі, на фоне якой можна было б з выгодай пайсці ў прэзідэнты. І нагода сапраўды здарылася: увесь мінулы тыдзень свет абмяркоўваў допінгавы скандал, скасаванне медалёў і гучнае адлучэнне Расіі ад Алімпіяды. І вось менавіта на гэтым фоне прагучала рашэнне вылучыцца. Расійская ліберальная прэса смешна напісала, што такім чынам Пуцін паспрабаваў «падсаладзіць горыч» ад рашэння МАК. Калегі не задаліся пытаннем: што для Пуціна важнейшае? Нейкая там Алімпіяда з медалямі ці асабісты палітычны лёс? І калі ўсе разумеюць, што не прэзідэнт для Алімпіяды, а Алімпіяда для прэзідэнта, тады ўсё наадварот. Пуцін не імкнуўся «падсаладзіць горыч». Ён скарыстаў горыч, каб кансалідаваць электарат і здабыць праз тое слодыч для сябе. Выкаваўся гэткі Пуцін крыўды.

Рашэнне МАК было агучанае 4 снежня, вылучэнне адбылося 6-га. Збянтэжанай Расіі паказалі: калі яе бэсцяць, побач ёсць той, хто не спусціць зласліўцам. Чацвёрты Пуцін-прэзідэнт заяўлены Пуціным-мсціўцам.

Гэтаксама як першага Пуціна абіралі дзеля таго, каб спыніць тэрарызм і неспакой у Чачні (войны ў Чачні сапраўды скончыліся, але, на жаль, пасля былі яшчэ Грузія і Украіна, прычым за першае адказны Мядзведзеў), гэтаксама як другі Пуцін «наводзіў парадак» і адбудоўваў вертыкаль, чацвёрты зоймецца ворагамі. Гэты Пуцін мяне непакоіць больш за ўсё, бо ягоны гнеў з самага пачатку, ад вылучэння, скіраваны вонкі.

І добра было б, калі б на другім полюсе ад Пуціна сядзела ўраўнаважаная і велічная Хілары. Але супернікам і процівагай Уладзіміру Уладзіміравічу ў найбліжэйшыя гады будзе такая цікавая і рухлівая асоба, як Дональд Трамп. І дзякуй Богу, ягоная ўвага цяпер скіраваная на Паўночную Карэю!

Бо калі раптам яны пачнуць дужацца — вось гэты Трамп, які адраджае «вялікую Амерыку», і гэты чацвёрты Пуцін, які вылучаецца з хорам пакрыўджаных алімпійцаў на бэкстэйджы, — усяму глобусу зробіцца цёпленька.

Вы заўважылі, як было аздоблена вылучэнне? Роўна ў той жа дзень, 6 снежня, за некалькі гадзін да аб’явы, Пуцін удзельнічаў у форуме «Дабраволец Расіі». І там, выглядае, ведаючы пра падрыхтаванае вылучэнне, урачыстай інтанацыяй, старанна падкрэсліваючы кожнае слова, вядучы запытаўся: «Вы! Будзеце! Прымаць! Удзел у выбарах 2018-га года?!». Са сцэнарнага пункту гледжання адказаць тут можна было толькі «Так!» ці «Не, Дзіма пойдзе». Аднак Пуцін завагаўся і абяцаў, што адказ будзе ў найбліжэйшы час (глядзі тут, на 7-й хвіліне). Вылучэнне як такое адбылося на 85-годдзі аўтазавода «ГАЗ», дзе ў яго ўжо не проста пыталіся, а менавіта прасілі вылучыцца. Прагучала фармулёўка «зрабіце ж нам падарунак». І Пуцін пагадзіўся. Пайшоў насустрач працоўным.

Гэта зусім не тое самае, што адбылося, калі ў 1999-м ён вылучыўся, атрымліваючы мантыю ганаровага сябра навуковага савета Пецярбургскага ўніверсітэта. Зусім іншае вылучэнне было і ў 2011-м, калі ў Лужніках сабраўся з’езд «Адзінай Расіі». У першым выпадку Пуцін заяўляў сябе як вучоны, у другім — як наменклатуршчык. Тут жа ідзе размова пра «айца народаў», «новага Сталіна», «Дзеда Мароза», якога клічуць усёй краінай. І ён яшчэ думае, прыходзіць на гэты ранішнік ці выйсці лепей на іншым, там, дзе «ГАЗ» — за вас».

Стыль вылучэння вытлумачальны: Пуцін цяпер, канечне, вельмі папулярны (гл. вар’яцкі відос). Расія пасля распаду СССР яшчэ ніколі не мела настолькі трывала папулярных лідэраў. 83 адсоткі — з такой падтрымкай можна зрабіць шмат.

І нарабіць таксама.

Папулярнасць выбягае з таго, што Пуціну ўдалося за 17 гадоў вычасаць краіну на свой капыл, вырасціць уласнага нават не выбаршчыка, але — грамадзяніна. Кожны з нас так ці інакш адчуў гэта ў сваім сяброўскім коле: тое, як змяніліся нашы расійскія знаёмцы і родзічы за Пуціным. Як трансфармаваліся тэмы, якія ім цікавыя. Як іншымі сталі крыніцы гонару і злосці. Як лёгка іх стала пакрыўдзіць. Як складана размаўляць пра Украіну і нават пра Беларусь. І я не ведаю, куды падзенецца раз’юшанасць гэтых людзей на Захад, як сыдзе і ці сыдзе мірным шляхам варожасць да «піндосаў». Вылучэнне Пуціна — гэта ўмацаванне кожнага з іх ва ўласных поглядах і [паламанай] карціне свету.

Чацвёрты прэзідэнцкі тэрмін Пуціна можа хаваць у сабе шмат сюрпрызаў для нас, беларусаў. Да трэцяй кадэнцыі мы і дапусціць не маглі, што ля нашай мяжы паўстануць ДНР і ЛНР, Крым будзе адсечаны ад Украіны, а Мінск зробіцца пляцоўкай для мірных перамоваў, бакамі ў якіх выступяць некалі «братэрскія» «славянскія» краіны.

То, пакуль «калектыўны рускі» просіць Пуціна зрабіць яму падарунак вылучэннем — мне, ад імя «калектыўнага суседа», хочацца папрасіць Пуціна болей нікога не «ратаваць» за межамі Расіі. Бо адзіны спосаб перамагчы злосць — ні на каго трывалы час не злавацца.

Каментары6

«А што ў вас за праблемы? Далёка да Мінска ці няма каму падвезці?» Публічная пікіроўка Лукашэнкі і Пашыняна13

«А што ў вас за праблемы? Далёка да Мінска ці няма каму падвезці?» Публічная пікіроўка Лукашэнкі і Пашыняна

Усе навіны →
Усе навіны

Прыгожая традыцыя ў Берліне працягваецца. Дзясяткі тысяч заўзятараў «Уніёна» спявалі на стадыёне калядныя песні3

У Еўропе падымуць цэны на новыя аўто, каб стымуляваць пераходзіць на электрамабілі. Ці закране гэта Беларусь?29

Навагоднія падарункі ад Слуцкага сыраробнага камбіната ўразілі сваёй шчодрасцю10

На вуліцах Львова жыццё спаборнічае са смерцю ФОТАФАКТ9

60-гадовы мужчына, які ў 2020-м назіраў за выбарамі з табурэткі праз бінокль, пасля адваяваў два гады ва Украіне49

Пашкоджанні кабеляў працягваюцца. На гэты раз адзін з іх абарваны паміж Эстоніяй і Фінляндыяй4

Масквічы папрасілі Пуціна перанесці будаўніцтва гасцявога комплексу для пасольства Беларусі6

Навошта Лукашэнку «прэзідэнцкі баль» — такая дэманстратыўная і крыху архаічная, сэксісцкая па форме традыцыя?24

Байдэн збіраецца на развітанне ўвесці пакет санкцый супраць «ценявога флоту» Расіі

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«А што ў вас за праблемы? Далёка да Мінска ці няма каму падвезці?» Публічная пікіроўка Лукашэнкі і Пашыняна13

«А што ў вас за праблемы? Далёка да Мінска ці няма каму падвезці?» Публічная пікіроўка Лукашэнкі і Пашыняна

Галоўнае
Усе навіны →