Свет2121

Літоўскія энергетыкі лічаць, што Літва павінна дапамагчы Беларусі ў будаўніцтве АЭС

У Астраўцы поўным ходам ідзе будаўніцтва Беларускай АЭС. Першы энергаблок будучай станцыі плануецца ўвесці ў эксплуатацыю ўжо у 2019 годзе, а другі — на год пазней. Нягледзячы на заявы ўладаў пра тое, што праект абсалютна бяспечны, у суседняй Літве не сціхае хваля пратэстаў і крытыкі. Афіцыйная Вільня заклікае спыніць будаўніцтва АЭС і блакаваць пастаўкі яе энергіі ў Еўропу. Але літоўскія энергетыкі не настолькі катэгарычныя, піша Дзяніс Параскевіч у Belarus Security Blog.

Фота Ірыны Арахоўскай.

На афіцыйным узроўні мы чуем гранічна рэзкія выказванні з боку літоўскага кіраўніцтва, якія тлумачаць сваю жорсткасць жаданнем засцерагчы жыхароў сваёй краіны. Засцярогі літоўцаў часткова справядлівыя, паколькі станцыя будуецца ўсяго за 40 кіламетраў ад Вільні. Прадстаўнікі ўлады рэгулярна нагадваюць шараговым грамадзянам пра зданяў Чарнобыля, кажуць пра тое, што станцыя і абраная пляцоўка для яе будаўніцтва небяспечныя, але большасць з гэтых заяў — палітычныя.

Калі ж справа даходзіць да канкрэтыкі і рэальных аргументаў, зарыентавацца даволі складана, паколькі мы не бачым пазіцыю літоўскіх энергетыкаў, а апошнім, безумоўна, ёсць што сказаць.

BSBlog звярнуўся па каментары да найбольш аўтарытэтных літоўскіх спецыялістаў у галіне энергетыкі, паспрабаваўшы высветліць, ці абгрунтаваныя прэтэнзіі кіраўніцтва Літвы па пытанні БелАЭС на адрас Мінска.

Пазіцыя Мінэнерга Літвы

Перш за ўсё неабходна падкрэсліць, што Мінэнерга Літвы дэталёва азнаёмілася са справаздачай стрэс-тэстаў, праведзеных на БелАЭС. Нягледзячы на тое, што Дзяржатамнагляд заявіў аб паспяховым праходжанні выпрабаванняў, што пацвярджаюць і эксперты МАГАТЭ, літоўскія спецыялісты сфармулявалі больш за 100 заўваг і пытанняў адносна ўстойлівасці станцыі да экстрэмальных сітуацый. Выснову калег з суседняй краіны можна звесці да наступнага: АЭС не адпавядае неабходным патрабаванням бяспекі хоць бы таму, што сама будпляцоўка знаходзіцца ў небяспечным месцы.

У якасці пацверджання сваіх сцверджанняў Мінэнерга прэзентаваў справаздачу літоўскай Дзяржаўнай інспекцыі па бяспецы атамнай энергетыкі (ДІБАЭ), дзе ўказваецца, што

Беларусь па выніках стрэс-тэстаў не змагла даказаць, што станцыя вытрымае, напрыклад, сутыкненне з цяжкім пасажырскім самалётам. Хоць гэта неабходная ўмова, якую прад'яўляе, у прыватнасці, Заходнееўрапейская асацыяцыя органаў рэгулявання ядзернай бяспекі (WENRA).

Улічваючы тое, што станцыя знаходзіцца ў непасрэднай блізкасці ад Вільні, побач з якой размешчаны Міжнародны віленскі аэрапорт, выключаць варыянт падобнага інцыдэнту нельга.

Акрамя гэтага, у справаздачы гаворыцца пра тое, што беларускаму боку не хапае аргументаў для таго, каб гарантаваць пераход на незалежную сістэму кіравання станцыі ў выпадку цяжкіх аварый, як таго патрабуе МАГАТЭ — гэтыя патрабаванні з'явіліся пасля 2011 года, калі адбылася аварыя на АЭС Фукусіма- 1.

Таксама ў справаздачы літоўскіх спецыялістаў паказана, што Дзяржатамнагляд не ўлічвае пагрозу лясных пажараў, паводак і землятрусаў. Справа ў тым, што аналіз ўстойлівасці БелАЭС да падземнай стыхіі заснаваны на даследаваннях 1997 года, у той час як апошнія штуршкі ў гэтым рэгіёне былі зафіксаваныя ў 2004 годзе. Тады землятрус сілай 3—5,7 балаў адбыўся ў Калінінградскай вобласці.

Слова міністра

Міністр энергетыкі Літвы Жыгімонт Вайчунас расказаў, што прадстаўлены спіс заўваг кажа толькі аб тым, што Беларусь першапачаткова абрала няправільнае месца для будаўніцтва АЭС, а значыць, Літва павінна перашкодзіць уводу ў эксплуатацыю энергаблокаў усімі магчымымі спосабамі.

«Справаздача аб стрэс-тэстах на астравецкай АЭС, якую прадставіла Беларусь і ацанілі нашы эксперты, не дае пераканання ў самым важным моманце — у тым, што пляцоўку для будаўніцтва станцыі выбралі ў аптымальным месцы. Эксперты сфармулявалі больш за 100 заўваг. Гэты доўгі спіс толькі пацвярджае, колькі ж яшчэ шмат неадказаных пытанняў і сур'ёзных праблем.

Беларусь абавязаная нарэшце даказаць, што гэтая станцыя адпавядае сучасным міжнародным стандартам ядзернай бяспекі, сфармуляваным пасля падзей на Фукусіме. На жаль, зыходзячы з нашай інфармацыі, мы не можам сцвярджаць, што беларускі бок абраў правільнае месца. Мы не можам пагадзіцца на тое, каб АЭС калі-небудзь увялі ў эксплуатацыю», — канстатаваў кіраўнік Мінэнерга.

Іншы погляд

Неабходна адзначыць, што ў выніковым дакуменце літоўскай ДІБАЭ падаецца пералік структур і сур'ёзных арганізацый, якія ўзялі ўдзел у ацэнцы справаздачы аб стрэс-тэстах на БелАЭС. Туды ўвайшлі і МЗС, і Мінпрыроды, і Літоўскі энергетычны інстытут (ЛЭІ), і геалагічная служба, і Агенцтва па ўтылізацыі ядзерных адходаў, атамшчыкі са спыненай Ігналінскай АЭС і іншыя адмыслоўцы, аднак прозвішчы канкрэтных спецыялістаў і навукоўцаў не названыя.

Да гэтага часу ўлады Літвы на ўсіх узроўнях сцвярджалі, што БелАЭС — гэта пагроза, але адмаўляліся апублікаваць імёны энергетыкаў, якія б змаглі пацвердзіць дадзенае сцверджанне.

Парадокс заключаецца ў тым, што цэлы шэраг літоўскіх спецыялістаў з рэальнымі імёнамі і прозвішчамі, то бок фізікі-ядзершчыкі, інжынеры-энергетыкі і прафесура (ЛЭУ) выступаюць супраць пазіцыі ўладаў. Па іх словах, БелАЭС бяспечная і будуецца яна менавіта ў тым месцы, у якім і павінна.

BSBlog звярнуўся па ацэнку да найбольш аўтарытэтных літоўскіх энергетыкаў — Юргіса Вілемаса, прафесара, былога кіраўніка ЛЕІ, і інжынера-энергетыка Альгірдаса Стумбраса. Абодва яны з'яўляюцца ганаровымі членамі літоўскага камітэта Сусветнай энергетычнай рады.

Па словах Юргіса Вілемаса, ключавая памылка Літвы ў тым, што яна адмаўляецца ад дыялогу з суседзямі. Ён нагадаў, што восенню мінулага года першыя асобы краіны абрынуліся з крытыкай на ЛЭІ толькі за тое, што яго работнікі кансультаваліся з калегамі з Беларусі з нагоды будаўніцтва станцыі.

Кіраўнікам МЗС, Мінэнерга і Мінадукацыі не спадабалася тое, што літоўскія навукоўцы дапамагалі беларусам разбірацца з дакументамі «Расатама» — улады расцанілі гэта як дапамогу ў «ажыццяўленні праекта, які ўяўляе пагрозу нацыянальнай бяспецы», хоць, па сутнасці, лічыць Вілемас, энергетыкі рабілі тое, што павінны — дапамагалі забяспечыць усебаковую бяспеку энергапраектаў.

«Улады літаральна ціснулі на літоўскіх энергетыкаў, хоць тыя рабілі высакародную справу. У нашых жа інтарэсах дапамагаць Беларусі забяспечыць максімальную бяспеку станцыі. Тым не менш дзяржава лічыць, што мы павінны цалкам абстрагавацца ад гэтага праекта, загадзя ахрысціўшы яго «небяспечным». На мой погляд, гэта няправільна.

Мы павінны прыняць той факт, што станцыю пабудуюць, і нам трэба паклапаціцца аб яе бяспецы дзеля сваёй жа бяспекі. Для гэтага неабходна размаўляць і весці дыялог, але мы гэтага не робім. Беларусь з-за палітычных момантаў таксама не хоча ісці насустрач.

Літва цвёрда вырашыла змагацца са станцыяй, хоць, напрыклад, суседняя Латвія прытрымліваецца зусім іншага пункту гледжання. Трэба разумець, што ўсе палітычныя заявы нашага кіраўніцтва далёкія ад пазіцыі энергетыкаў.

Больш за тое, усе тыя, хто рэальна займаецца ядзернай энергетыкай і працуе ў гэтай галіне, пацвердзяць, што праект БелАЭС — адзін з самых надзейных і якасных у свеце, на паперы ён дасканалы. Іншае пытанне ў тым, як ажыццяўляецца будаўніцтва станцыі, але калі нешта будзе ісці не так, то МАГАТЭ проста не дасць увесці яе ў эксплуатацыю. Пакуль жа ў МАГАТЭ не было ніякіх сур'ёзных нараканняў у бок Мінска», — кажа Ю. Вілемас.

Альгірдас Стумбрас прытрымліваецца аналагічнага меркавання. Паводле яго слоў, прэтэнзіі Вільні на адрас Мінска не абгрунтаваныя. Асабліва яго здзіўляе тое, што Літва папракае Беларусь за «няправільнае» месца будаўніцтва. Літоўскі бок сцвярджае, што беларусы спецыяльна будуюць АЭС у непасрэднай блізкасці ад Вільні. Маўляў, такім чынам, Расія і Беларусь гуляе ў свае «геапалітычныя гульні» на межах з Еўрасаюзам.

«Не ведаю, чаму ў Мінэнерга лічаць, што Беларусь выбрала няправільнае месца для будпляцоўкі. Палітыкі дзівяцца, чаму будуюць менавіта на захадзе, а не ў глыбіні краіны, але растлумачыць гэта не так складана. Справа ў тым, што ў Беларусі лініі пабудаваны так, што энергія павінна ісці менавіта з захаду на ўсход. А на ўсходзе недахопу ў энергіі няма. Там ёсць Лукомльская ГРЭС, непадалёк знаходзіцца Смаленская АЭС, таму рашэнне Беларусі будаваць станцыю на захадзе цалкам зразумела.

Кажучы пра бяспеку БелАЭС, магу толькі паўтарыць тое, што казаў неаднаразова: МАГАТЭ ажыццяўляе нагляд за працамі, калі ў іх з'явяцца прэтэнзіі, я ўпэўнены, што іх ліквідуюць, а калі не ліквідуюць, то ім проста не дадуць дазвол на ўвод у эксплуатацыю. Акрамя таго, Латвія і Эстонія чамусьці не лічыць яе небяспечнай і адмаўляецца блакаваць энергію, як гэта зрабілі мы. Хтосьці адкажа, што нашаму прыкладу рушыла ўслед Польшча, але Варшава кіруецца крыхуі іншымі меркаваннямі, бо ў найбліжэйшай будучыні яны самі хочуць будаваць падобную АЭС.

Таксама ўсе мы ведаем, што «Расатам» будуе ідэнтычныя станцыі ў Фінляндыі і Венгрыі. А асцярогі Літвы з нагоды таго, што АЭС размешчана занадта блізка ад Вільні, нелагічныя, бо ў многіх краінах Заходняй Еўропы атамныя станцыі размешчаныя зусім блізка ад буйных гарадоў, у прыватнасці ў Швейцарыі і Люксембургу, але ніхто гэтага не баіцца», — канстатаваў А. Стумбрас.

Высновы

Нягледзячы на ўсе «за» і «супраць», відавочна, што Літве, як справядліва адзначыў Ю. Вілемас, неабходна змірыцца з тым фактам, што БелАЭС пабудуюць і ўвядуць у эксплуатацыю на працягу двух наступных гадоў. Безумоўна, што літоўскія ўлады маюць права задаваць пытанні і патрабаваць ад Беларусі выканання ўсіх нормаў бяспекі, бо станцыя знаходзіцца ў непасрэднай блізкасці ад літоўскай сталіцы.

Аднак на фоне гучных палітычных заяваў, канфрантацыі з Расіяй і крытыкі ў бок афіцыйнага Мінска пытанне пра надзейнасць станцыі непрыкметна адыходзіць у Літве на другі план. Апытаныя незалежныя спецыялісты ў галіне энергетыкі паспрабавалі данесці гранічна ясную думку: дыялог заўсёды лепш, чым яго адсутнасць. Таму лагічна, што Літве, калі яна сапраўды зацікаўлена ў сваёй бяспецы, важна падтрымліваць дыялог з Мінскам, важна дапамагаць беларускага боку працаваць з дакументамі «Расатам», а таксама весці сумесную працу дзеля агульнага дабра.

Супярэчнасцяў ў гэтым пытанні нямала, і яны заўсёды будуць, але, відавочна, што кожны бок не жадае паўтарэння чарнобыльскай і фукусімскай аварый, з наступствамі якіх краіны змагаюцца да гэтага часу.

Каментары21

«А што ў вас за праблемы? Далёка да Мінска ці няма каму падвезці?» Публічная пікіроўка Лукашэнкі і Пашыняна10

«А што ў вас за праблемы? Далёка да Мінска ці няма каму падвезці?» Публічная пікіроўка Лукашэнкі і Пашыняна

Усе навіны →
Усе навіны

Пашкоджанні кабеляў працягваюцца. На гэты раз адзін з іх абарваны паміж Эстоніяй і Фінляндыяй4

Масквічы папрасілі Пуціна перанесці будаўніцтва гасцявога комплексу для пасольства Беларусі6

Навошта Лукашэнку «прэзідэнцкі баль» — такая дэманстратыўная і крыху архаічная, сэксісцкая па форме традыцыя?24

Байдэн збіраецца на развітанне ўвесці пакет санкцый супраць «ценявога флоту» Расіі

Па квіткі на яго спектаклі гадзінамі стаяць у чэргах. Інтэрв'ю з новым рэжысёрам Тэатра лялек

Экс-футбаліст Сяргей Алейнікаў знайшоў працу ў Балгарыі

Ізаляванае племя ў бразільскіх трапічных лясах знялі схаванай камерай9

Жонка Башара Асада знаходзіцца ў крытычным стане з-за лейкозу. Лекары ацэньваюць яе шанцы як 50/50

Самалёт Баку-Грозны, падобна, быў падбіты з расійскага зенітна-ракетнага комплексу3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«А што ў вас за праблемы? Далёка да Мінска ці няма каму падвезці?» Публічная пікіроўка Лукашэнкі і Пашыняна10

«А што ў вас за праблемы? Далёка да Мінска ці няма каму падвезці?» Публічная пікіроўка Лукашэнкі і Пашыняна

Галоўнае
Усе навіны →