Кіно пад выглядам тэатральнага спектакля: немагчымая інтымнасць у прэм'еры «З вучылішча»
Пра новую пастаноўку рэжысёра Аляксандра Марчанкі, аўтара нашумелага спектакля «Опіум», піша Аляксей Стрэльнікаў.
Жывыя відэатрансляцыі — галоўны рэжысёрскі прыём, якім пастаноўшчык спектакля Аляксандр Марчанка «адкрывае» п'есу Андрэя Іванова «З вучылішча». Адэкватнасць рэжысуры правяраецца менавіта тым, наколькі прыём працуе на ўзбагачэнне сэнсаў матэрыялу. І гэта якраз той выпадак.
Ок16 — гэта ад пачатку не тэатральная зала, яе нязручнасць можна пераадольваць рознымі сродкамі, і калі на вялікі экран задніка транслюецца буйным планам тое, што засланяюць спіны іншых гледачоў, — гэта прынамсі зручна. Ці калі на экране раптам паказваюць застаўлены мэбляй пакойчык галоўнай гераіні Таццяны і яе бацькі, гэтыя яскравыя эпізоды не патрабуюць часу для змены дэкарацый, рытм спектакля ўзмацняецца, фантасмагорыя становіцца яшчэ больш вострай і злой. То бок тэхнічна трансляцыі працуюць на карысць, тут няма пытанняў, але ці мае гэта мастацкі сэнс? Або нам проста паказваюць кіно пад выглядам тэатральнага спектакля?
Раптам заўважаеш, што «жывым планам» (гэты тэрмін часта выкарыстоўваюць у тэатры лялек, ён абазначае, калі выканаўца выступае не праз ляльку, а наўпрост, як драматычны артыст) збольшага ідуць сцэны паміж галоўнымі героямі Сяргеем і Таццянай, а астатні свет дадзены праз экран. З такой найбольш складанай і важнай сцэны спектакль якраз пачынаецца. Тут, на жаль, не абысціся без спойлераў: мы бачым на экране цырульню (окей, барбер-шоп), дзе Сяргей (Арцём Курэнь), па сутнасці, просіць аб дапамозе свайго знаёмага Славіка (Дзмітрый Мухін). Цікава, што пры статычнай камеры там даволі жвава ўсё адбываецца ўнутры кадра, цудоўная праца рэжысёра відэа Ігара Вепшкоўскага. Славіка стрыгуць, ён важна разважае пра «выгаранне» і прымушае, па сутнасці, Сяргея адмовіцца ад уласных прынцыпаў («Я не святая, — кажа ў іншым эпізодзе галоўная гераіня Таццяна. — Проста ў мяне прынцыпы!»), а менавіта спакусіць дзяўчыну-гопніцу, якая яму не падабаецца. І тут тое, што мы бачым гэтую сцэну не ўласнымі вачыма, а праз экран, дазваляе адчуць нейкую дадатковую дыстанцыю. Як быццам адбываецца тое не на самай справе, як быццам гэта такое кепскае кіно, як быццам гэта не сапраўднае жыццё. Праблема ў тым, што менавіта гэтыя «несапраўдныя» падзеі значна ўплываюць на лёс герояў. І нават апісаная вышэй сцэна становіцца завязкай трагедыі.
Інтымнасць, якую перажываюць героі, аказваецца пад пастаянным ціскам медыя: тэлефонаў, камп’ютараў (узнагародай для Сяргея становіцца Макбук), але шырэй — знешняга свету. Інтымнасць такім чынам аказваецца немагчымай увогуле: бацькі, сябры, фрэнды з фэйсбуку прагнуць ведаць, патрабуюць відэа, фотак, доказаў, клятваў. Калі Косцік, хлопец-гопнік (яго вельмі эмацыйна выконвае Максім Брагінец), які некалі забіў суперніка, патрабуе ад Сяргея, каб ён расказаў, «як гэта было» (маецца на ўвазе першы сэкс з Таццянай), гэта здаецца вычварэннем, але ў кантэксце спектакля так робяць усе. Нават бацькі дапытваюцца, што і як (геніяльны эпізод разыгрывае Аляксандр Малчанаў, ён грае бацьку Таццяны і ўвесь час патрабуе ад яе адказу, куды яна сабралася. А калі даведваецца, што дачку запрасілі ў тэатр, пачынае істэрычна смяяцца), нават барбер на самых сальных момантах спыняе працу і пачынае ўважліва слухаць.
А ці была там нейкая інтымнасць? Сюжэт банальны, пра «паматросіў і кінуў», але хімія паміж галоўнымі выканаўцамі, Арцёмам Курэнем і Ганнай Семянякай, робіць сюжэт больш жывым і кранальным. Папрок Ганне Семяняка, што яна няправільна грае гопніцу — гэта як папрок Джуліі Робертс, што яна кепска грае прастытутку (паралель п'есы Іванова з сюжэтам фільма «Красотка» здаецца цікавай). Цяжка падабраць словы, каб апісаць неверагодную энергетыку, якую Семяняка стварае на сцэне. Артыстка амаль увесь спектакль грае на пазітыве, яе Таццяна дамінуе, яна, па сутнасці, спакушае выкладчыка Сяргея, нават у самыя жорсткія моманты гэтая Таццяна істэрычна хіхікае. Мы быццам бы сутыкаемся з нейкай незямной сілай, дзе прыгажосць — толькі бачная частка магутнай моцы, якая можа нас знішчыць. Заканчваецца спектакль доўгім пранізлівым позіркам Ганны Семяняка ў залу, які вытрымаць немагчыма. Самым лёгкім было сыграць Таццяну, каб яе было шкада. Ганна Семяняка грае так, што шкада становіцца самога сябе.
Слабасць Сяргея ў Арцёма Курэня тлумачыцца менавіта гэтым самашкадаваннем. Ён не даў рады стыхіі сапраўдных пачуццяў, філасофія (якую ён сам не вельмі паважае) яму не дапамагла нават у гэтым. Філасофія, як культурнасць, як традыцыя, выяўлена на сцэне бюстамі антычных мысляроў, яны герою, здаецца, толькі перашкаджаюць. Па п'есе і спектаклі герой Курэня нібыта ў канфлікце са Славікам, даказаць яму і сабе ўласную вартасць і годнасць для яго вельмі важна. Але менавіта сустрэча з Таццянай зніштажае ўласны самападман. Хто ты ёсць на самай справе? На што ты згодны? На што ты здольны? Нават лірычнасць сцэн, дзе героі кахаюцца, не даюць герою Курэня магчымасці даць на гэтыя пытанні адказы, якія ўмацавалі яго годнасць. Цудоўны эпізод на дваіх з Максімам Брагінцам нагадвае адну з найлепшых сцэн «Ідыёта» Дастаеўскага, Сяргей і Косця, бы князь Мышкін і Рагожын, спустошаныя сядзяць і не ўсведамляюць, што нічога не могуць зрабіць з сапраўднай прыгажосцю свету, які мог бы зрабіць так шмат дабрыні.
Спектакль Аляксандра Марчанкі, як і чакалася, працягнуў лінію «Опіума», жорсткіх сацыяльных спектакляў пра жыццё і смерць. Бойся не смерці, а такога жыцця — хочацца перарабіць выслоўе класіка.
-
У Гомельскім драматычным тэатры — кадравыя чысткі. Зноў праз «палітыку»
-
«Будзе смешна і балюча»: «Купалаўцы» прэзентуюць заўтра новы спектакль. У галоўных ролях — Манаеў, Белахвосцік, Гарцуева
-
«Рашэнне прыйшло звонку». Што адбываецца ў віцебскім тэатры, дзе ў спектаклі прагучала «Жыве Фландрыя!» і пачалася чарада звальненняў?
Каментары