Культура

Узі Вайль. Гэта не «Хамас», гэта Сьмерць, каб яна здохла

Колькі хвілін пасьля таго, як дзіця, нарэшце, заснула, Мэір Коэн зьняможана паваліўся на канапу ў гасьцёўні. — Сьпіць? — запытала Раніт. — Сьпіць, — адказаў ён. Вочы міжволі зьліпаліся, і тут у дзьверы пазванілі. Раніт пайшла адчыняць. На парозе стаяў невысокі чалавек у акулярах, які трымаў у руках вялікую тэчку. — Мэйл і Аніт Каноэ? — спытаў ён. Яна няўцямна паглядзела на чалавека. Ён паўтарыў пытаньне. — Мэір і Раніт Коэн, — няўпэўнена паправіла яна. — А-а! — выгукнуў чалавек і паглядзеў у свае паперы. — От, кампутары! Хіба ж можна ім верыць?! Я з сацыяльнага страхаваньня, — ён прасунуў руку для поціску. — Я дэмограф.

Колькі хвілін пасьля таго, як дзіця, нарэшце, заснула, Мэір Коэн зьняможана паваліўся на канапу ў гасьцёўні.

— Сьпіць? — запытала Раніт.

— Сьпіць, — адказаў ён.

Вочы міжволі зьліпаліся, і тут у дзьверы пазванілі.

Раніт пайшла адчыняць. На парозе стаяў невысокі чалавек у акулярах, які трымаў у руках вялікую тэчку.

— Мэйл і Аніт Каноэ? — спытаў ён.

Яна няўцямна паглядзела на чалавека. Ён паўтарыў пытаньне.

— Мэір і Раніт Коэн, — няўпэўнена паправіла яна.

— А-а! — выгукнуў чалавек і паглядзеў у свае паперы. — От, кампутары! Хіба ж можна ім верыць?! Я з сацыяльнага страхаваньня, — ён прасунуў руку для поціску. — Я дэмограф.

— Вельмі прыемна, — павіталася зь ім за руку Раніт. — Вы… хто?

— Дэмограф. Я раблю статыстычныя апытаньні насельніцтва для сацыяльнага страхаваньня. Вы дазволіце пару-тройку пытаньняў?

— Мы якраз…

— Мале-енечкіх такіх пытаньняў, — папрасіў дэмограф.

Яна зірнула на мужа, той паціснуў плячыма.

— Выдатна! — сказаў дэмограф і зайшоў у кватэру.

* * *

Праз паўгадзіны ён усё яшчэ сядзеў у іхняй гасьцёўні, гартаў паперы, чытаючы пытаньні манатонным голасам: «А зараз пяройдзем да дзяцей».

Ён шчыра ўсьміхнуўся і зірнуў па баках.

— Дзеці ёсьць?

— Адно. Адна дачка, — адказаў Мэір.

— Колькі год?

— Паўгодзіку, — вымавіў Мэір. — Яшчэ доўга?

— Не, зусім не, яшчэ трошкі і ўсё.

«Шэсьць месяцаў», — занатаваў у сябе дэмограф.

— Гм, яна, відаць, ужо гаворыць?

Бацькі глянулі на яго са зьдзіўленьнем.

— Не гаворыць?

— Не гаворыць, — адказала Раніт. — А вы што, ведаеце многа шасьцімесячных дзетак, якія гавораць?

— Я…

Ён зьбянтэжыўся.

— Я… У мяне няма дзетак… Я яшчэ малады. Я проста выглядаю старэйшым. Гэта таму што я ў акулярах. І таму, што я працую ў сацыяльным страхаваньні.

Мэір зірнуў у столь. Раніт — на свае пантофлі.

— І як яе завуць?

— Яэль,— адказала Раніт.

— Прыгожае імя.

Ён запісаў.

— Вы так назвалі яе ў гонар кагосьці зь сям’і?

— У гонар Іцхака Рабіна, — адказаў Мэір. — Яшчэ многа пытаньняў?

— Не, зусім не, — запэўніў акулярык і занатаваў: «У гонар Рабіна».

Мэір і Раніт пераглянуліся.

— Гэта жарт, — сказала Раніт.

Маладзён запытальна паглядзеў на жанчыну.

— Мой муж жартуе.

— А-а, пачуцьцё гумару. Вельмі важная рэч, — кемліва хітнуў галавой дэмограф. Але ж напісанага ня сьцёр.

— Прафэсія? — зьвярнуўся ён да Мэіра.

Мэір уважліва паглядзеў на дэмографа. Празь некалькі сэкундаў гаспадар кватэры казаў:

— Раблю паветра. Спэцыяліст па вытворчасьці паветра, вось мая прафэсія.

Дэмограф занатаваў і тут жа запытаўся:

— І колькі, калі не сакрэт, колькі вы зарабляеце ў месяц? Усё канфідэнцыйна. Ад тысячы да дзьвюх, ад дзьвюх да чатырох ці больш за чатыры тысячы?

— Я б жадаў зірнуць на ваша пасьведчаньне, — прамовіў Мэір.

Дэмограф пакрыўдзіўся, але ж дакумэнт дастаў. Гэта было афіцыйнае пасьведчаньне супрацоўніка сацыяльнага страхаваньня, на якім стаяў фатаздымак маладзёна і была пазначана яго пасада — «дэмаграфічны дасьледчык».

— Такім чынам? — вярнуўся да свайго пытаньня маладзён.

— Такім чынам, больш за чатыры тысячы, — адказаў Мэір. — Значна больш. Мо нават восем.

Мэір зь цікаўнасьцю паглядзеў на дэмографа: «Ці занатуе гэта ёлуп?»

Ёлуп занатаваў.

— Больш за восем тысяч, прыстойныя грошы! — ён выглядаў заклапочаным. Мусіць, падумаў на хвіліну аб уласнай перакваліфікацыі на спэцыялісты па паветры.

— Ага, — пагадзіўся Мэір. — Але ўлетку няма працы.

— Сапраўды? Чаму?

— Ну, вы ж ведаеце, што такое лета. Няма чым дыхаць — паветра зусім няма.

— А-а, — вымавіў дэмограф і занатаваў.

Потым зьвярнуўся да Раніт:

— А ваша прафэсія?

— А я дзяўчына па выкліку, — адказала жанчына.

І, трохі падумаўшы, дадала:

— Бюджэтная арганізацыя. Абслугоўваем афіцыйных асоб з-за мяжы.

Дэмограф пачырванеў.

— Гэта я тады заразіла СНІДам Рока Гадсана, — казала яна з гонарам.

Ён схіліўся над сваімі паперамі, пішучы безупынку. Мэір і Раніт усё гадалі — што ён там піша? Скончыўшы, ён спытаў:

— Вашы этнічныя карані?

— Мы прышэльцы, — адказала Раніт.

— Гэта хто?

— Прышэльцы зь іншай плянэты, — растлумачыў Мэір.

Гэтым разам малады дэмограф нарэшце падняў свае вялікія акуляры і ўтаропіўся ў гаспадароў.

І тут прачнулася іх маленькая дачка ды заплакала.

— Дзіцятка засьпявала, — сказала Раніт ды паднялася. — Прабачце.

Дэмограф паглядзеў ёй усьлед і сказаў:

— Яна корміць малаком?

— Яна сікае на яе, — адказаў Мэір, — кожныя пяць гадзін. Так вядзецца ў нас на плянэце.

Дэмограф зноўку пачырванеў. Раптам Мэір адчуў сябе няёмка.

— Прабачце, — казаў Мэір, — я таксама мушу пайсьці да дачкі.

Калі ён зайшоў у спальню, то ўбачыў Раніт, якая схілілася над дзіцем. Яе разьдзірала ад сьмеху.

— Ціха, ціха, — засыкаў Мэір, — мы перайшлі край. Нават няёмка.

— Ён вар’ят, — прашаптала Раніт, — ён жа вар’ят!

— Ён не вар’ят. Хлопец трохі тормаз, ці што… Добры дурань. Але ж ён скеміў.

— Ты праверыў, пасьведчаньне сапраўднае?

— Напісана «Сацыяльнае страхаваньне», а хто там яго ведае…

Ён узяў дачку на рукі.

І тут у дзьверы пазванілі.

— Так позна? — зьдзівіўся Мэір.

Яна паціснула плячыма.

Ён пайшоў адчыняць. На парозе стаяла Сьмерць. Яна не была апранута ў чорнае. Яна ня мела касы ў руцэ. У яе адсутнічалі крылы за сьпінаю. І голас яна мела ня вельмі каб нізкі. Але тое стаяла Сьмерць. У гэтым не было ні найменшага сумневу.

Найбольш уражвалі ейныя вочы. Праз гады, калі малады дэмограф паспрабуе прыгадаць, як яна выглядала, адзінае, што яму ўдасца ўспомніць, — ейныя вочы. Не халодныя і не жахлівыя, хутчэй наадварот: Сьмерць мела добрыя, пяшчотныя вочы. Аднак рашучыя.

Мэір аслупянеў. Дачка на руках. Раніт выйшла са спальні, таксама ўстала як укапаная.

Сьмерць паглядзела Мэіру проста ў вочы.

— Я? — прашаптаў ён.

— Ты.

Ён зьнерухомеў.

— Я?!

— Ты.

— Як… як я?

— Парб, — адказала Сьмерць.

— Але я малады. У мяне дачка, паўгодзіку толькі!

— Што, маладыя не паміраюць? — пацікавілася Сьмерць. — Хадзем. У цябе аўтамабільная катастрофа праз паўгадзіны.

І тут уперад порстка выскачыла Раніт ды ўхапілася за мужа:

— Не! Ты ня можаш так проста ўварвацца пасярод… пасярод усяго!

Сьмерць са зьдзіўленьнем паглядзела на Раніт:

— Чаму?

— Але… але за што? — прамармытала Раніт. — Што ён зрабіў?

Сьмерць тужліва ўсьміхнулася.

— Не! — крыкнула Раніт. — Я хачу ведаць за што! Ты ня можаш так проста ўзяць і забраць яго. Скажы хоць за што!

— Цяпер ты хочаш ведаць чаму, потым захочаш даведацца куды. Годзе! Мы не выдаём сваіх сакрэтаў.

Мэір адкрыў рот і тут жа яго закрыў. Пасьля гэтага ён павярнуўся да Раніт і працягнуў ёй дзіця.

Паглядзеў на жонку. І на сваю маленькую дачку. Потым павярнуўся і пайшоў у кірунку неасьветленай лесьвічнай пляцоўкі. Раніт чула, як пакрысе аціхае гук ягоных крокаў па сходах.

* * *

Першым выйшаў з аслупяненьня малады дэмограф. Ён зачыніў дзьверы і далікатна павёў Раніт у гасьцёўню.

— Сядай, — прамовіў ён, — перш-наперш трэба сесьці.

Атарапелая, яна зрабіла, як ён казаў.

— Тое, што здарылася з табою, — гэта бяда, — сказаў маладзён, — страшная бяда. Хочаш, я згатую гарбаты? Мо яшчэ чаго, алькаголю якога?

— У Мэіра ёсьць віскі, — прамовіла Раніт.

І заплакала.

Дэмограф агледзеў пакой, знайшоў сьцянны бар і наліў трохі віскі ў вялікую шклянку. З адсутным позіркам Раніт глынула пітво і закашлялася. Потым няголасна аддыхалася. Паглядзела на дзіця і прамовіла: «Што ж я маю рабіць? Як я пракармлю яе? Як я адна дам рады?»

Малады дэмограф ня ведаў, што сказаць.

— Як я… — сьлёзы душылі яе, — як я скажу ёй, што ў яе больш няма таты?..

Раніт плакала моцным, але ціхім плачам, доўга-доўга, пакуль у яе ня скончыліся сьлёзы. Потым яна паглядзела на дзяўчынку і сказала ёй:

— Цяпер мы адны, дочачка. Толькі я і ты.

І тут у дзьверы зноўку пазванілі. Ніхто не скрануўся зь месца. Пасьля трэцяга званка дзьверы расчыніліся самі.

Гэта зноўку была Сьмерць.

Яна зайшла ў пакой.

Зьнямелыя, яны глядзелі на яе. Сьмерць паказала на жанчыну. Ня верачы сваім вачам, Раніт шырока разявіла рот.

— Я ведаю, — з тугою ў голасе сказала Сьмерць. — Час ад часу такое здараецца.

— Але што….

— Тэракт. На вуліцы Ібн Гвіроль выбухнула набітая ўзрыўчаткай машына.

Дэмограф ускочыў.

— Хвіліначку! — запратэставаў ён. — Пачакайце, спадарыня! Гэта напэўна памылка. Толькі хвіліну таму вы забралі ейнага мужа.

Сьмерць стомлена паціснула плячыма.

— Дык што? — казала яна. — Як яны там пішуць аб гэтым у «Едыёт ахранот»*: «Маленькая Яэль страціла маму ў тэракце празь лічаныя гадзіны пасьля таго, як бацька загінуў у аўтамабільнай катастрофе». Так вось у жыцьці. Вы што, учора нарадзіліся?!

— Але я… калі ласка! — Раніт паглядзела Сьмерці ў вочы. — Я не магу пакінуць яе адну! Ёй толькі шэсьць месяцаў.

Стурбаваная, Сьмерць завагалася.

— Я магу ўзяць яе разам з намі, — прапанавала яна без асаблівага імпэту.

Раніт нічога не адказала.

— Добра, — прамовіла Сьмерць. — Табе пара разьвітацца з дачкою.

Яна паклала дзіця на канапу.

Яна пацалавала дачку.

Яна захутала яе ў ружовую шарсьцяную коўдру, якая ляжала на канапе. Захутала як сьлед, два разы. І павярнулася да выхаду. Сьмерць адчыніла ёй дзьверы.

— От гэтыя тэракты, — казала сябе пад нос Сьмерць, калі, мінуўшы дэмографа, стала спускацца па сходах, — быццам цэлы месяц працавала.

* * *

Пасьля таго як дзьверы зачыніліся, малады дэмограф застаўся сам-насам зь дзяўчынкай. Па немалым часе ўпершыню зварухнуўся. Глыбока ўздыхнуў. Сеў побач зь ёй на канапе. Дзяўчынка прачнулася і заплакала.

Дэмограф узяў яе на рукі і засьпяваў:

Як нараджаецца песенька?

Як дзіцятка — сьпярша…

Потым, потым…

тра-ля-ля-ля-ля…

Ня памятаю…

Ён перастаў сьпяваць.

— Што мне з табою рабіць, малюпацька? — зьвярнуўся ён да дзяўчынкі. — Ня ведаю, як гэта сказаць, але з табою здарылася нешта кепскае.

Дзяўчынка перастала плакаць, глянула на дэмографа і ўсьміхнулася.

— Слухай, — сказаў ён і пачаў цацкацца зь яе маленькімі ручкамі, — гэта… паслухай, табе прыйдзецца гадавацца бяз мамы і таты.

Дробны сьмяшок зьляцеў зь ейных вуснаў.

— І каб гэта не сапсавала табе ўсё жыцьцё. Ты ня думай, што жыцьцё — гэта кепска. Бо жыцьцё — гэта цудоўна. Сапраўды цудоўна. Але сяды-тады здараюцца рэчы, якія нельга… якія цяжка… я маю на ўвазе…

Ён уздыхнуў. Дзяўчынка паглядзела на яго шырока расплюшчанымі вачыма.

— Але гэта ня значыць, што жыцьцё не цудоўнае, — працягнуў ён.

У куточку яе вуснаў зьявіўся маленькі цурочак сьліны. Дзяўчынка ўсьміхнулася.

«Я думаю, што яны вадзілі мяне за нос, — сказаў ён сабе. — Усё нахлусілі. Пра імя таксама. Дзяўчынку, мусіць, завуць зусім не Яэль».

І, як гэта ня раз здаралася раней, дзяўчынка заплакала.

— Ціха, ціха, ня плач, — пачаў ён. — Я тутака. Слухай, я ня вельмі цямлю ў дзетках. У мяне іх ніколі не было. Але я буду старацца. Я цябе не пакіну.

Ён пачаў гушкаць яе і пяшчотна засьпяваў:

Люлі-люлі-люлі,

Прыляцелі гулі…

І ў дзьверы зноўку пазванілі.

Сьмерць зайшла ў кватэру няўпэўненым крокам.

— Быў яшчэ адзін тэракт, — выбачлівым тонам паведаміла яна.

Яна хітнула ў бок дзяўчынкі. Дэмограф ускочыў.

— Каб ты здохла! — закрычаў ён. — Шкыньдзёхай, падла!

Сьмерць пастаяла-памулялася. Потым узьняла вочы ўгору.

— Ну добра, — сказала, — хай сабе.

Разьвярнулася і сышла.

Ня верачы сабе, малады дэмограф паклаў дзяўчынку на канапу, пахітаў галавою і сказаў:

— Ах ты, поскудзь паганая!

Пераклад з габрэйскае Паўла Касьцюкевіча

Узі Вайль (нар. у 1964) — ізраільскі празаік, журналіст, перакладчык.

Каментары

Цяпер чытаюць

Як беларусы ў Вільні адзначылі Дзень Волі ШМАТ ФОТА4

Як беларусы ў Вільні адзначылі Дзень Волі ШМАТ ФОТА

Усе навіны →
Усе навіны

У Гомелі 17‑гадовы навучэнец каледжа забіў аднагрупніка нажом1

Магчымы мокры снег. Сіноптыкі прагназуюць абвал тэмпературы на 12—15 градусаў1

Кім Чэн Ын сустрэў Лукашэнку ганаровай вартай на белых конях10

Орбан заявіў, што спыняе пастаўкі газу ва Украіну

«Лукашэнка любіць лаяцца матам, ты лаешся ў адказ. А гарэлку я выліваў на падлогу». Коўл распавёў пра візіты ў Мінск42

Вялікая сума наяўных грошай, паўтысячы патронаў. Што вядома пра справу затрыманага ў Харкаве беларуса-добраахвотніка7

OpenAI закрывае Sora — нейрасетку для генерацыі кароткіх відэа

У Запарожжы ўзнагародзілі ваяроў Палка Каліноўскага1

У Жлобіне згарэў МАЗ ВІДЭА1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Як беларусы ў Вільні адзначылі Дзень Волі ШМАТ ФОТА4

Як беларусы ў Вільні адзначылі Дзень Волі ШМАТ ФОТА

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць