Ён спытаўся: ці можа беларускае кіраўніцтва сапраўды шчыра пайсці насустрач Захаду? Пра сустрэчу з амерыканскім прэзідэнтам распавядае ў сваім блогу Аляксандр Класкоўскі.
Буш зайшоў нечакана, не праз тыя дзверы, на якія ўсе глядзелі. Я на яго шляху апынуўся першы. Прэзідэнт працягнуў руку, як стары знаёмы:— Хэлоў, Аляксандр!
Карацей, ідэнтыфікаваў умомант. То бок да гутаркі рыхтаваўся і ўважліва прагледзеў даведкі на гасцей.
Ідэя арганізатараў была такая: на Дзень правоў чалавека сабраць у Белым доме тых, хто выступае за гэтыя самыя правы ў краінах, дзе іх бракуе. А каб надаць імпрэзе мадэрну, выбралі вузейшы кантэкст: блогеры, прадстаўнікі новых медый у барацьбе за правы чалавека.
Так і апынулася ў Вашынгтоне наша пярэстая кампанія: прадстаўнікі Бірмы, Кітая, Ірана, Кубы, Беларусі, Егіпта, Венесуэлы (двое апошнія — віртуальна, на экране, прычым у венесуэльца нешта заклінавала з гукам, і ён сваё «венсэрэмас» даносіў мовай жэстаў).
Натуральна, не буду пераказваць усю гадзінную гутарку, сканцэнтруюся на тым, як гучала ў гасцёўні Рузвельта (так называецца гэты пакой рэзідэнцыі) беларуская праблематыка.
Адчувалася: Буш сапраўды ганарыцца тым, што Мінск быў змушаны выпусціць палітвязняў. Лічыць гэта канкрэтным дасягненнем, хай сабе і прамежкавым, у нялёгкай справе разгрызання беларускага цвёрдага арэшка.
Я ж імкнуўся давесці, што
цяпер ключавой становіцца праблема свабоды выказвання, разняволення СМІ ў Беларусі.
І тут рэч не ў карпаратыўным інтарэсе журналісцкага цэха. Падчас мінулых выбараў усе ўбачылі: крыхі галоснасці з панскага стала (лімітаваныя «гаваркія галовы» ў тэлевізары) — не вырашэнне праблемы. Свабода СМІ патрэбная не толькі і не столькі нават дзеля падтрымкі палітычнай апазіцыі. Гэта патрэбна, каб у нашай краіне паўстала грамадзянская супольнасць, каб лёс Беларусі не вырашаўся над галовамі безгалосага электарату.
Буш паказаў на Вольгу Казуліну, дачку былога палітвязня № 1. Вось яна балатавалася ў парламент — вы, Аляксандр, яе падтрымлівалі як журналіст? Кажу: ведаеце, ўвогуле ў сваіх артыкулах я пракламую тое, што, спадзяюся, на карысць і апазіцыі таксама. Але калі стану абслугоўваць палітыкаў, то чым я буду адрознівацца ад афіцыйных журналістаў? Я бачу місію СМІ не ў тым, каб рабіць рэвалюцыю, а ў тым, каб даваць інфармацыю, сумленны аналіз, даносіць праўду.
Буш пацікавіўся: ці страшна ў вас казаць уголас тое, што не падабаецца ўраду?
На фоне блогераў з Ірана, Бірмы, дзе людзей проста трушчаць, маляваць сябе вялікім героем было няёмка. Кажу: у нас краіна кропкавых рэпрэсій. Аднаго пасадзяць — тысячы баяцца. Праблема самацэнзуры для беларускай журналістыкі — адна з самых балючых. (Дарэчы, як высветлілася, практычна ўсе астатнія блогеры, што былі на сустрэчы, мусілі эміграваць. Іранец — пасля таго, як адседзеў у турме.)
Буш спытаўся: ці можа беларускае кіраўніцтва сапраўды шчыра пайсці насустрач Захаду? Сэнс майго адказу (тут і далей пераказваю па памяці, тэзісна — дыктафона ў мяне не было) быў такі: наіўна думаць, што яно загарэлася ідэямі дэмакратыі ды прасяклася піетэтам перад правамі чалавека.
Але бяруць за горла два чыннікі: Расія і фінансавы крызіс. Так што на саступкі даводзіцца ісці праз не хачу. Вось тут узнікае, калі хочаце, і выклік для Захаду: як скарыстаць гэтае акно магчымасцей.
Далей адбылася маленькая дыскусія пра эканамічныя санкцыі. Гэтыя ўколы шпількай, кажу, толькі раздражняюць. Не заўжды просталінейная палітыка — найлепшая. Трэба спалучаць прынцыповасць і гнуткасць.
Тут Буш кінуў рэмарку: ну вось калі б усе краіны далучыліся, тады і эфект быў бы!
Мая аргументацыя была такая: па-першае, гэта нерэальна, бо нават Вашынгтон і Брусель не могуць паразумецца ў беларускім пытанні, а па-другое, ёсць небяспека, што беларускаму кіраўніцтву не застанецца іншага шляху, як здавацца Расіі.
Тут за Буша заступілася Вольга Казуліна. У сэнсе, што толькі бізун афіцыйны Мінск і разумее. Карацей, кропкі на «і» ў гэтым пытанні мы так і не расставілі. Падазраю, што апошняе слова застанецца ўсё ж за Белым домам :)
Забягаючы наперад, рэзюмую: гаворка з Бушам, размовы з прадстаўнікамі яго каманды пакінулі ўражанне, што
нейкай асаблівай, неардынарнай стратэгіі ў беларускім пытанні Вашынгтон сёння не мае. Ёсць агульная ўстаноўка: трымаць на цугундары, дамагацца дэмакратызацыі.
Адчуваецца скепсіс у дачыненні да той лініі, што абраў зараз у стасунках з Мінскам Брусель. Маўляў, сядуць гэтыя еўрапейкія мудрыя печкуры у галёш. Але пра каардынацыю ці пра моцную самастойную парадыгму дзеянняў ЗША на беларускім кірунку казаць зараз не выпадае.
Некаторыя палітолагі бачаць тут гульню у добрага і злога следчага, аднак Вашынгтон, бадай, увогуле не гуляе, а проста трымае паўзу.
Па-першае, гэтая адміністрацыя ўжо сядзіць на чамаданах (ды і на Абаму адразу наваліцца процьма болей вострых для Штатаў праблем).
Па-другое, Амерыка ад Беларусі далёка, гандаль з «апошняй дыктатурай» (я пра гандаль у літаральным сэнсе) невялікі. Гэта на Варшаву, Вільню, Берлін ціснуць пытанні канкрэтных гешэфтаў. Ды і геапалітычна Еўропа заклапочана значна болей. Яна хоча стварыць на ўсходнім напрамку падушку бяспекі, санітарны кардон — называйце як хочаце. Прасцей кажучы — адгарадзіцца ад непрадказальнай Расіі паласой лаяльных да ЕС краін. Таму Брусель і выбары «стэрыльнай палаты» праглынуў, і сваё Ўсходняе партнёрства рэкламуе. Штаты ж могуць дазволіць сабе з алімпійскім спакоем чакаць, пакуль «кліент саспее».
Трохі пераскочу. Назаўтра пасля гутаркі з Бушам адзін з не самых дробных чыноўнікаў Дзярждэпу, калі я спытаўся, ці ёсць у іх нейкая дарожная карта, ці можна канкрэтызаваць сённяшнія патрабаванні ЗША да кіраўніцтва Беларусі, — назваў сярод іншых і вяртанне ЕГУ ў Мінск.
Улада, дарэчы, цалкам можа зрабіць такі шырокі жэст: калі ласка! І вось уявіце сябе, што універсітэт, які зараз вольна працуе па еўрапейскіх стандартах, заганяюць пад каўпак тутэйшай сістэмы адукацыі. Беларусь жа — адзіная ў Старым Свеце краіна, не інтэграваная ў Балонскі працэс. Карацей, застануцца ад ЕГУ рожкі ды ножкі. А не захоча выгнаная ВНУ вяртацца (што найхутчэй і будзе, там жа не самагубцы) — улада атрымае магутны козыр: мы выканалі патрабаванне Вашынгтона, а капрызная прафесура, бач, носам круціць!
Так што добрымі намерамі можа быць выбрукавана дарога ў пекла. Д’ябал хаваецца ў дэталях. А менавіта дэталі, нюансы беларускай сітуацыі, як я пераканаўся, з-за акіяну не заўсёды бачныя. Там не ведаюць, напрыклад, што вяртанне двух апальных друкаваных брэндаў у кіёскі ды паштовыя каталогі абярнулася натуральнай абдзіралаўкай: за распаўсюд з рэдакцыі НН лупяць 55% ад адпускной цаны. Ну і гэтак далей. Усю адлігу можна ахарактарызаваць фразай класіка: па форме правільна, а па сутнасці — здзек.
Сёння найважней стварыць для прэсы ў Беларусі мінімальна прымальныя рамкавыя ўмовы. Калі не скасаваць, то хаця б накласці мараторый на драконаўскія артыкулы новага закону аб СМІ. Адбіцца ад ідэі абавязковай рэгістрацыі інтэрнет-рэсурсаў. Ліквідаваць эканамічную дыскрымінацыю недзяржаўных СМІ і г.д.
Хаця б фрагментарна я пастараўся, наколькі было магчыма, акрэсліць спецыфіку беларускай сітуацыі — і медыйнай, і ўвогуле — на сустрэчы ў гасцёўні Рузвельта. Што было няпроста, бо амерыканскі прэзідэнт як дасведчаны мадэратар раз-пораз рэзка мяняў рэчышча гаворкі. А выказацца хацелі усе.
У нейкі момант у мяне мільганула непаліткарэктная асацыяцыя: некалі былі хадакі ў Леніна — а цяпер вось блогеры ў Буша. Гаспадар таксама імкнуўся выглядаць «самым чалавечным чалавекам»: жартаваў, падміргваў, карацей, усяляк падкрэсліваў, што ніякай дыстанцыі між намі не мусіць быць. Прыканцы прапанаваў усім разам сфатаграфавацца. Па-сяброўску прыабняў людзей з «апошняй дыктатуры».
Фота Крыса Грынберга з сайта Белага дома
Ну і ўсё, гуд лак!
Буш па-майстэрску ўклаўся ў гадзіну. Зразумела, шмат спраў, трэба падбіваць бабкі. Сам ён спакойна згадваў, што, вось, неўзабаве трэба здаваць справы новаму прэзідэнту. Пра тое ж спакойна казалі і людзі з яго атачэння: сыходзім, саступаем месца новай камандзе (дадаючы: але беларускай праблематыкі не пакінем!). Ні для кога гэта не выглядала жыццёвай катастрофай.
Будзённая ратацыя эліт, невядомая сённяшняй Беларусі.
Каля Белага дома — разгром, тырчаць нейкія металічныя каркасы. Робяць трыбуны для інаўгурацыі Абамы.
Вось жывуць жа людзі, дзвесце гадоў не ламаючы канстытуцыю. І няблага, далажу я вам, жывуць.
Каментары