Рэалізацыю планаў Расіі адносна анексіі Беларусі можна прадухіліць, калі Захад будзе паводзіць сябе разумней, чым гэта было ў выпадку з Украінай, піша журналіст брытанскага выдання The Times Роджэр Боес.
Журналіст звяртае ўвагу, што час Уладзіміра Пуціна заканчваецца ў 2024 годзе, і ён павінен будзе зрабіць для сябе выбар. Па Канстытуцыі ён не зможа зноў стаць прэзідэнтам.
Ён можа пагадзіцца з часовым паніжэннем да ўзроўню прэм'ер-міністра, а затым вярнуцца на пасаду прэзідэнта ў 2030 годзе. Аднак да таго часу яму будзе 78 гадоў, адзначае Боес.
Найбольш прывабным варыянтам для гэтага галоўнага крамлёўскага драпежніка можа стаць анексія Беларусі, піша журналіст.
«Калі такі варыянт будзе рэалізаваны, а эканомікі дзвюх краін будуць цалкам інтэграваныя, то ў выніку можа з'явіцца Расія+. У такім выпадку Пуцін зможа без праблем стаць кіраўніком гэтага новага дзяржаўнага ўтварэння, і тады яму не трэба будзе нават займацца пераводам сваіх супрацоўнікаў з крамлёўскіх кабінетаў у іншае месца», — піша калумніст The Times.
Праблема з падобным сцэнаром у тым, што Беларуссю ўжо кіруе Лукашэнка. Для задавальнення амбіцый Пуціна Лукашэнку пры такім сцэнары прыйдзецца пасунуцца.
Брытанскі журналіст адзначае, што такі сцэнар будзе азначаць палітычнае супрацьстаянне, у якім значную перавагу будзе мець Крэмль.
Абранне прэзідэнтам Украіны Уладзіміра Зяленскага можа ўскладніць жыццё Пуціну, лічыць журналіст The Times. Пуцін хоча паслаблення заходніх санкцый, аднак ён не мае намеру адмаўляцца — ні на ўсходзе краіны, ні ў Крыму — ад таго, што ён атрымаў з дапамогай сілы і хітрасці ў 2014 годзе. Таму Пуцін будзе спрабаваць раздзьмуць праблемы для таго, каб любы варыянт будучага міру быў заключаны на яго умовах, а не на ўмовах Зяленскага. Новы гвалт на Данбасе прывядзе да новага раўнду санкцый з боку Захаду. Перазагрузка ў адносінах паміж Крамлём і адміністрацыяй Трампа перастане быць актуальнай. Гэта можа таксама прымусіць Лукашэнку накіраваць свой позірк у бок Захаду ці нават Кітая ў пошуках больш стабільнага партнёрства.
Журналіст адзначае, што Расія ўжо не валодае тым эканамічным уплывам, якім яна карысталася да таго, як санкцыі сталі адчувальнымі.
Найбольшая праблема для беларусаў, лічыць брытанец, эканамічная, паколькі бізнэс-мадэль Беларусі амаль цалкам заснавана на расійскіх субсідыях. Масква хоча абкласці мытам тую нафту, якую яна накіроўвае да свайго суседа. Лукашэнка пярэчыць і кажа, што так не паводзяць сябе з самым блізкім хаўруснікам Масквы. Адказ Крамля: паскарайце інтэграцыю дзвюх краін, каб з'явілася супольная мытная служба, супольная валюта, супольная судовая сістэма і супольная канстытуцыя. Пастаўце расійскія ваенныя базы. Гуляйце ў камандзе, і тады мы зможам усталяваць унутраныя цэны на прадаваную вам нафту.
Іншымі словамі, аддайце частку свайго суверэнітэту, зрабіце ўнёсак у пенсійны план Пуціна, і тады мы будзем працягваць вас падтрымліваць.
Журналіст лічыць, што гэта не прывядзе да ўварвання ва ўкраінскім стылі, хоць афіцэры НАТА пры правядзенні ваенных гульняў улічваюць такую магчымасць. Расія, на думку Боеса, будзе ўзмацняць ціск на Лукашэнку, спрабуючы такім чынам схіліць яго да хуткага аб'яднання.
Калумніст заўважае, што няма ніякага сэнсу ў тым, каб тэрмінова запрашаць лукашэнкаўскую Беларусь у Еўрасаюз або ў НАТА. Але калі Масква працягне заганяць нашу краіну ў кут, Беларусь, магчыма, у найбліжэйшы час папросіць крэдыт у Міжнароднага валютнага фонду (МВФ). Умовай гэтага можа стаць правядзенне глыбокіх эканамічных рэформаў. Магчыма, Лукашэнка будзе дамагацца таксама фінансавай падтрымкі з боку Еўропы.
«Паступова мы можам дапамагчы аўтакратыі пачаць дыхаць свабадней — і паказаць Пуціну, што ён не можа ставіцца да былых савецкіх рэспублік як да сваёй асабістай гульнявой пляцоўкі», — піша Роджэр Боес.
Каментары