Спорт33

«Зрабіла выбар на карысць дзіцяці». Аляксандра Герасіменя — пра завяршэнне кар'еры і дэпутацтва

Тыдзень таму алімпійская прызёрка Аляксандра Герасіменя аб'явіла пра завяршэнне кар'еры. Але яе графік, здаецца, не стаў менш шчыльным. «Наша Ніна» заспела спартоўку за некалькі хвілін да дабрачыннага марафону і распытала, ці чакаць ад яе лінейку спартыўных купальнікаў, як мацярынства змяніла жыццё і што цяпер будзе з беларускім плаваннем.

«Наша Ніна»: Як адрэагавалі заўзятары, калі вы аб’явілі пра завяршэнне кар’еры?

Аляксандра Герасіменя: Для многіх гэта была сумная падзея. Некаторыя спадзяваліся, што я паеду на Алімпійскія гульні, тым больш што я заяўляла, што збіраюся рыхтавацца да іх — і тут такая нечаканая аб’ява за год да Алімпіяды. Магчыма, для кагосьці непрыемная.

«НН»: Самі для сябе як даўно гэта рашэнне прынялі?

АГ: У мяне было практычна 10 месяцаў падумаць аб тым, хачу я працягваць ці заканчваць кар’еру. Кожны дзень было ўзважванне — ці змагу я, ці хачу я, ці атрымаецца.

«НН»: Атрымліваецца, трэба выбіраць — або нараджэнне дзіцяці, або алімпійскае золата?

АГ: Дзіця займае максімальную колькасць часу, любая мама ведае пра гэта, а спорт патрабуе часу не менш. Столькі гадзін на дзень у мяне проста няма. Адпаведна зрабіла выбар на карысць дзіцяці.

«НН»: А калі, дапусцім, рыхтавацца не на гэту Алімпіяду, а 2024 года?

АГ: Вой, не, вы што! Я і так згубіла столькі часу, пакуль цяжарная хадзіла і аднаўлялася пасля, таму гэта вельмі вялікі тэрмін. Я ж не маладзею (усміхаецца). Калі б мне было 20, думаю, так, цалкам можна было б падрыхтавацца і добра яшчэ выступіць.

«НН»: У плаванні ў колькі звычайна кар’еру завяршаюць?

АГ: Напэўна, у нас няма нейкай мяжы, што вось табе 30 гадоў і ты ўсё, ужо заканчваеш. Цяпер вялікая разбежка ва ўзросце плыўцоў. Ёсць 15—16-гадовыя дзяўчаты, які ўжо выйграюць Алімпійскія гульні, чэмпіянаты свету і ставяць сусветныя рэкорды, а таксама ёсць тыя, хто пасля 30 выступае і цалкам паспяхова. Але тых, каму за 30, канечне, менш.

«НН»: Якія планы пасля сыходу з прафесійнага спорту?

АГ: Насамрэч вельмі шмат ідэй, хочацца іх усіх рэалізаваць. Вось адна з іх — гэта мерапрыемства (дабрачынны марафон «24 РАЗАМ». — Nina), і ў далейшым таксама планую нешта падобнае ствараць для людзей, тое, што спадабаецца, прыжывецца. А наогул вельмі класна, калі ёсць куды сыходзіць. У мяне свой клуб плавання, вучні, якія мяне чакаюць. Ім, канечне, сумна, што я сышла з вялікага спорту, але з іншага боку я больш часу змагу ўдзяляць ім і іх дасягненням.

«НН»: А вы самі ведзяце групу па плаванні?

АГ: Я трэнірую, але не на штодзённай аснове. У мяне няма магчымасці і часу на гэта. Але прыходжу кантраляваць, праводзіць майстар-класы. Я прысутнічаю на ўсіх спаборніцтвах хлопцаў і дзяўчат, стараюся максімальна быць побач.

«НН»: Некаторыя спартоўкі пачынаюць модны бізнэс. Дар’я Домрачава адкрыла анлайн-краму адзення, Вольга Барабаншчыкава стала дызайнеркай. Вы не думалі пра гэта? Напрыклад, запусціць сваю лінію спартыўных купальнікаў?

АГ: Не, купальнікі спартыўныя вельмі складана стварыць, усяго толькі дзве-тры фірмы змагаюцца за сусветны рынак. У нас ёсць фірмовыя цішоткі клуба, і мы будзем хутчэй за ўсё пашырацца ў гэтым кірунку. Але гэта будзе для вузкага кола людзей. Клуб у нас як сямейнае кола, аб’ядноўвае тых, хто за здаровы і спартыўны лад жыцця. Аднаведна адзенне будзем ствараць, каб у ім было камфортна і ўтульна.

«НН»: Муж ваш працягвае выступаць. Не зайздросціце?

АГ: Не, вы што. Канечне, часам хочацца таксама выйсці на старт, паказаць вынік. Але я рэальна разумею, што ў той форме, у якой цяпер знаходжуся, да медаля мне пакуль далёка, а проста так выйсці, мне будзе некамфортна.

«НН»: У адным з леташніх інтэрв’ю вы казалі, што не адчуваеце, што ў спіну дыхае маладое пакаленне спартоўцаў. Што зараз: ёсць на каго пакінуць плаванне?

АГ: Ёсць, канечне, якія ўжо набліжаюцца да сусветнага п’едастала і паказваюць вынікі, канкурэнтаздольныя на сусветнай арэне. Гэта здорава, і я спадзяюся, што яны будуць расці далей. На Алімпійскіх гульнях у іх ёсць шанс пазмагацца за медаль. Будзе ці не медаль, загадваць ніхто не будзе. Усё ж такі гэта вельмі вялікая адказнасць і вялікае напружанне. Алімпійскія гульні — непрадказальны старт. Нават калі спартовец добра падрыхтаваны, там можа здарыцца ўсё, што заўгодна.

«НН»: На каго зараз робяць стаўку?

АГ: На тых, хто ва ўсіх на слыху, — Ілля Шымановіч, Насця Шкурдай. Думаю, і наша эстафета будзе змагацца за выхад у фінал. А гэта ўжо вялікі скачок наперад. Я лічу, што чым больш нашых спартоўцаў адбярэцца на Алімпіяду, тым большы поспех каманды. Магчыма, не так шмат лідараў, здольных змагацца за медаль, але ў любым выпадку тыя, хто адбіраецца, гэта ўжо годныя людзі, бо малая частка з тых, хто займаецца спортам, можа трапіць на Алімпійскія гульні.

«НН»: Вы неяк бедавалі, што ў плаванні не так шмат грошай, як у іншых відах спорту. Праблема застаецца?

АГ: Канечне, плаванне не такі камерцыйны від спорту, каб можна было зарабіць на жыццё і спакойна сябе адчуваць. Але якраз у апошнія гады сітуацыя стала змяняцца, з’явіліся новыя камерцыйныя турніры, спонсары, міжнародныя клубы, і цяпер ёсць у дзяцей магчымасць хоць неяк зарабіць, плюс добры спаборніцкі вопыт атрымаць.

«НН»: А ў нас у краіне дастаткова грошай у гэты спорт укладаецца? Заробкі трэнераў як?

АГ: Тут, мне здаецца, няма такой мяжы, дастаткова ці не. Канечне, басейнаў у нас не хапае. Асабліва ў рэгіёнах, дзе іх у прынцыпе няма. Таму казаць, каб у гэтых рэгіёнах прыходзілі дзеці ў плаванне, цяжка, бо ім няма дзе трэніравацца. Ёсць куды расці.

«НН»: Вам ужо цікавыя прапановы паступалі? Узначаліць федэрацыю плавання, нацыянальную зборную?

АГ: Вой, ну пачакайце, толькі тыдзень прайшоў з таго моманту, як я аб’явіла, што сыходжу. Я якраз з'язджаю адпачываць. Крыху трэба супакоіць гэту буру эмоцый і ўжо потым на халодную галаву вырашаць, як далей будаваць планы.

«НН»: Адпачываць куды едзеце? На мора?

АГ: Так, для мяне сонца, мора — гэта ўсё, што трэба. У гэтым годзе палячу ў Італію.

«НН»: Вы казалі, што ў дэпутаты не пойдзеце.

АГ: Пакуль я не гатовая на такі крок.

«НН»: Проста калі б пайшлі, можна было б будаваць басейны ў рэгіёнах.

АГ: Я згодна, але гэта таксама вялікая адказнасць і шмат часу і сіл зойме. Зноў такі: што значыць «пайшла»? Тут усё залежыць ад таго, наколькі б людзі за мяне галасавалі і далі магчымасць адабрацца. Таму казаць пра тое, што я ўжо дэпутат, няправільна.

«НН»: Дэкрэт у вас наогул быў?

АГ: Не, у дэкрэт я не сыходзіла. Быў толькі бальнічны — два месяцы пасля родаў. Я дома пакрысе пачынала займацца, рабіла практыкаванні агульнаўмацавальныя. Праз два-два з паловай месяцы, калі ўжо было можна, пайшла ў басейн. Трэнер узялася за мяне вельмі актыўна, і пасля першай трэніроўкі я сказала, што больш не прыйду (смяецца). Жартавала, канечне, але вельмі цяжка было першыя некалькі трэніровак. Элементарна ногі не магла адарваць ад падлогі — прэс не мацавала год.

«НН»: Як хутка ў форму фізічную вярнуліся?

АГ: Літаральна праз месяц. Цела ўспомніла, я ўцягнулася, было добра. Але я разумела, што ў такім рэжыме, як я жыву, цяжка. Начамі не спіш, днём магчымасці адпачыць няма, трэба яшчэ нейкія пытанні вырашыць. Плюс ты не можаш пасля трэніроўкі выдыхнуць — трэба бегчы дадому, бо чакае дзіця. Пастаянна глядзець на гадзіннік, хвалявацца, нервавацца. Занадта шмат лішняй энэргіі траціцца, што не на карысць.

«НН»: Як вам у статусе мамы? Заўзятары памятаюць, як у сацсетках вы пісалі, што ілюзіі аб цудоўным мацярынстве жорстка разбіліся аб рэальнасць.

АГ: Думаю, многія з такім сутыкаюцца, калі твае чаканне не зусім рэальныя. Плюс адбівалася тое, што я планавала працягваць трэніравацца і разумела, што ў такім рэжыме гэта практычна немагчыма. Я не спала ўночы, ледзь уставала з такімі вачыма, муж пастаянна ў ад’ездзе, табе трэба штосьці прыгатаваць паесці хоць бы для сябе. Карацей, першы час было вельмі складана. Потым крыху ужо ўцягнулася, дзіця падрасло, але ўсё роўна ўвагі патрабуе максімальна.

«НН»: Хто прыглядае за дачкой, калі вы ў раз’ездах?

АГ: Насамрэч усе, хто можа. Я і бабулю, і дзядулю прыцягваю, і сястру, і знаёмых, і хросную. Сяброўкі прыязджаюць дапамагаць.

«НН»: Дачку аддаcце ў плаванне?

АГ: Пра гэта яшчэ рана казаць. Але я вучу яе плаваць, ёй падабаецца. Вада адназначна яе стыхія.

Каментары3

Цяпер чытаюць

Сталі вядомыя новыя падрабязнасці лютаўскага жорсткага нападу на сям’ю пад Смалявічамі

Сталі вядомыя новыя падрабязнасці лютаўскага жорсткага нападу на сям’ю пад Смалявічамі

Усе навіны →
Усе навіны

У Растоўскай вобласці атакаваны склад Ozon. Пацярпелі сем чалавек2

Навукоўцы выявілі тры суперздольнасці, якія абараняюць кажаноў ад раку

У Мінску хутка знікне яшчэ адзін закутак прыватнага сектара. Тут пабудуюць жыллёвы комплекс8

На станцыі метро «Слуцкі гасцінец» спынілі цягнікі і выклікалі ратавальнікаў

Жыхары аграгарадка пад Гомелем стогнуць ад нашэсця «шалёнага агурка»1

У Тбілісі знайшлі мёртвым абхазскага блогера, які выступаў за прымірэнне з Грузіяй2

Лаўроў заявіў, што Расія хоча вырашыць пытанне вайны ва Украіне «па-пацанску»11

У Беларусі чакаецца павышэнне цэн на муку4

У дваццаці штатах ЗША тысячы людзей атруціліся мексіканскай салатай. Двое насмерць

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Сталі вядомыя новыя падрабязнасці лютаўскага жорсткага нападу на сям’ю пад Смалявічамі

Сталі вядомыя новыя падрабязнасці лютаўскага жорсткага нападу на сям’ю пад Смалявічамі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць