Меркаванні2828

Белтэст

«Нарэшце!» Гэта быў ці не першы водгук, які давялося прачытаць у інтэрнэце адразу пасля таго, як з пасады дырэктаркі Белсату была звольнена Агнешка Рамашэўска. Сітуацыю на Белсаце аналізуе Віталь Тарас.

«Нарэшце!» Гэта быў ці не першы водгук, які давялося прачытаць у інтэрнэце адразу пасля таго, як з пасады дырэктаркі Белсату была звольнена Агнешка Рамашэўска.

На жаль, клічам «Нарэшце!» вычэрпваецца змест вельмі значнай часткі ананімных водгукаў на падзею. (Падобныя водгукі з’явіліся не толькі на сайце «Нашай Нівы», але і на іншых сайтах — Радыё Свабода, Хартыя‑97 і г.д.) Вось яшчэ некалькі — «Шэры, нецікавы канал», «Белсат не глядзеў і не буду глядзець, бо ён нікому не патрэбны». Цытую не даслоўна, але паводле сэнсу. Адзін з аўтараў водгукаў абураецца, што больш за тузін яго знаёмых працуюць у розных СМІ ў Польшчы замест таго, каб прыносіць карысць Беларусі.

Не буду ацэньваць дзеянні ці выказванні польскіх чыноўнікаў, у тым ліку, кіраўніцтва TVP, а таксама маўчанне МЗС, якое на тры чвэрці фінансуе Белсат. Гэта справа польскіх палітыкаў. Было б дзіўна папракаць у адсутнасці салідарнасці краіну, дзе нарадзілася «Салідарнасць», якая адолела камуністычную сістэму.

Мяне больш цікавіць рэакцыя на падзею ў самой Беларусі.

Зразумела, негатыўныя, ці, насамрэч, радасныя водгукі (кшталту — ура, у суседа карова здохла!) у Белнэце не абавязкова адлюстроўваюць грамадскую думку ў поўнай меры. Але звернем увагу на тое, што наведнікі згаданых вышэй сайтаў ёсць на сённяшні дзень асноўнай мэтавай аўдыторыяй вяшчання незалежнага беларускамоўнага тэлеканалу.

Ці не ёсць?

Завышаныя чаканні

Адназначна адказаць на гэтае пытанне складана, бо ўражанне такое, што кіраўніцтва каналу так і не вызначылася пакуль, на якую менавіта аўдыторыю ён вяшчае.

Сказаць, што Белсат разлічаны на ўсіх беларусаў — гэта ўсё адно што сказаць: ён вяшчае ў пустэчу.
Насамрэч, гэта, канечне, не так. Вялікая колькасць музычных перадач з удзелам рок‑музыкаў, а ў яшчэ большай ступені — удзел маладых беларускіх журналістаў ва ўсіх перадачах сведчыць пра тое, што канал арыентуецца найперш на моладзь. Але выходзіць, што не ўсім маладым гледачам у Беларусі гэта падабаецца. І гэта можна зразумець.
Ад Белсату многія гледачы (і не толькі маладыя, што было б зразумела) чакалі ледзве не рэвалюцыйнага прарыву.
Вось пачне тэлебачанне з‑за мяжы казаць праўду пра тое, што адбываецца ў Беларусі і ўвесь народ выйдзе на вуліцы шчыльнымі радамі. Некаму, відаць, дагэтуль хочацца, каб так сталася. Але так не бывае і не мусіць быць. Не можа ніякае, нават самае суперсучаснае тэлебачанне ўнесці ў грамадскую свядомасць тое, чаго ў ім няма, да чаго грамадства не гатова.

Пры канцы 70‑х — на пачатку 80‑х палякі прагна слухалі радыё «Свабодная Еўропа». Слухалі ў тым ліку і цяперашняга польскага сенатара Збігнева Рамашэўскага, аднаго са стваральнікаў праваабарончага Камітэту абароны рабочых і незалежнага радыё «Салідарнасць», бацькі Агнешкі Рамашэўскай. Бо ў гэтым была грамадская патрэба. Людзі прагнулі пачуць вольнае слова.

Цяперашняе радыё і тэлебачанне працуе ва ўмовах жорсткай канкурэнцыі. Праз спадарожнік «Сірыюс» можна глядзець не толькі Белсат, але больш за тысячу розных каналаў, пераважна забаўляльных. Дый БТ намагаецца не адставаць ад іншых — паказвае часам даволі якаснае кіно, папулярныя тэлесерыялы, забяспечвае трансляцыі найбольш цікавых спартыўных спаборніцтваў. Гэта адпавядае густам і патрэбам пераважнай большасці беларускіх гледачоў, ці, дакладней сказаць — спажыўцоў тэлепрадукцыі. І гэта рэальнасць, якую нельга не ўлічваць.

Шэсць гадзін па‑беларуску

Ці слушна паступае Белсат, калі паказвае тэлесерыялы кшталту «Элі МакБіл» ці «Ранча», які меў поспех у Польшчы? І так, і не. З аднаго боку, канал павінен прыцягваць і таго гледача, які аддае перавагу серыялам. Але ж ці вывучалі яго стваральнікі тэлеаўдыторыю ў Беларусі? І калі вывучалі, дык ці ўлічваюць на канале перавагі і густы менавіта беларускага гледача, большасці з якіх праблемы амерыканскіх юрыстаў, напрыклад, могуць падацца нясмешнымі і нават дзіўнаватымі.

Вельмі спецыфічная аўдыторыя і ў дакументальнага кіно. З аднаго боку, на Захадзе гэта стала ўжо ўсеагульным трэндам — там дакументальныя фільмы, асабліва на грамадсім тэлебачанні, карыстаюцца вялікай папулярнасцю. У беларускага гледача няма пакуль такой звычкі. Ды часам не хапае і сур’ёзнага прафесійнага адбору ў выбары дакументальных фільмаў.

З’яўленне многіх фільмаў носіць выпадковы характар. Уражанне такое, што на тэлеканале ўвогуле няма праграмнай палітыкі.
Перадачы паміж сабой часта ніяк не стыкуюцца — ні паводле логікі, ні хаця б з дапамогай рубрык, якія б стваралі б штодзённую структуру праграмы. Якія перадачы ідуць упершыню, а якія паўтараюцца ў трэці‑чацвёрты раз, недасведачанаму гледачу даведацца немагчыма. А якая ж тэлепраграма без прэм’ераў і без іх наступнага абмеркавання ў студыі?

Але спыню пералік недахопаў. За той нядоўгі час, які канал існуе, з’явіліся ў яго, на маю думку, і дасягненні. Па‑першае, моцна прыбавілі ва ўзроўні стваральнікі навіннай перадачы «Аб’ектыў». Геаграфія выпускаў становіцца ўсё больш разнастайнай. Большасць сюжэтаў рыхтуюцца аператыўна, усё больш наўпроставых уключэнняў, інтэрвью, апытанняў, каментароў. І гэта пры адсутнасці афіцыйнай акрэдытацыі карэспандэнтаў! А ў маладога вядоўцы Алеся Залеўскага ягонаму ўменню трымацца ў кадры, задаваць пытанні, весці інтэрв’ю адразу з некалькімі суразмоўцамі варта павучыцца, думаю, многім прафесіяналам старэйшага веку.

Альтэрнатывы няма

Ну, і нарэшце ёсць адна найважнейшая перавага Белсату. Гэта шэсць гадзінаў вяшчання па‑беларуску штодня. Не так важна нават, ці глядзіць нехта гэты канал усе шэсць гадзін запар. Не сакрэт, што многія ўключаюць тэлевізар на ўвесь вечар і могуць слухаць яго як радыё, як фон, займаючыся хатнімі справамі, часам у суседнім пакоі.

І вось гэты беларускі фон, кантэкст, дарагога каштуе. Ніводзін канал з тых, што ідзе ў Беларусі, не дае такога.
Выпускі навінаў культуры на канале «Лад» ці навіны Мінскай вобласці ў разлік не ідуць.

Фактычна, на сёння беларускамоўнаму каналу Белсат проста няма альтэрнатывы. Што не азначае, што яго праграмы не трэба ўдасканальваць, як і узровень якасці мовы, асабліва, пры перакладзе з замежных моваў.

Хацелася б, каб Назіральная рада каналу (сябры якой разгубіліся, атрымаўшы навіну пра зняццё дырэктаркі), мела б надалей хоць нейкія рэальныя паўнамоцтвы, а не была сходам «вясельных генералаў». Аўтарытэт старшыні Генадзя Бураўкіна, іншых сяброў рады занадта высокі, каб можна было яго растрачаваць.

І тут мы вяртаемся да пачатку размовы. Польскі бок, з тэрыторыі якога вядзецца вяшчанне, мае права, вядома, эканоміць на ўсім, у тым ліку і на вяшчанні для беларусаў. Але варта памятаць, што гісторыя незалежнай Беларусі не заканчваецца сённяшнім днём, як і будучыя яе адносіны з Польшчай.

Каментары28

«А што ў вас за праблемы? Далёка да Мінска ці няма каму падвезці?» Публічная пікіроўка Лукашэнкі і Пашыняна13

«А што ў вас за праблемы? Далёка да Мінска ці няма каму падвезці?» Публічная пікіроўка Лукашэнкі і Пашыняна

Усе навіны →
Усе навіны

Прыгожая традыцыя ў Берліне працягваецца. Дзясяткі тысяч заўзятараў «Уніёна» спявалі на стадыёне калядныя песні3

У Еўропе падымуць цэны на новыя аўто, каб стымуляваць пераходзіць на электрамабілі. Ці закране гэта Беларусь?29

Навагоднія падарункі ад Слуцкага сыраробнага камбіната ўразілі сваёй шчодрасцю10

На вуліцах Львова жыццё спаборнічае са смерцю ФОТАФАКТ9

60-гадовы мужчына, які ў 2020-м назіраў за выбарамі з табурэткі праз бінокль, пасля адваяваў два гады ва Украіне49

Пашкоджанні кабеляў працягваюцца. На гэты раз адзін з іх абарваны паміж Эстоніяй і Фінляндыяй4

Масквічы папрасілі Пуціна перанесці будаўніцтва гасцявога комплексу для пасольства Беларусі6

Навошта Лукашэнку «прэзідэнцкі баль» — такая дэманстратыўная і крыху архаічная, сэксісцкая па форме традыцыя?24

Байдэн збіраецца на развітанне ўвесці пакет санкцый супраць «ценявога флоту» Расіі

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«А што ў вас за праблемы? Далёка да Мінска ці няма каму падвезці?» Публічная пікіроўка Лукашэнкі і Пашыняна13

«А што ў вас за праблемы? Далёка да Мінска ці няма каму падвезці?» Публічная пікіроўка Лукашэнкі і Пашыняна

Галоўнае
Усе навіны →