Выбары-20201515

Мікіта Моніч ідзе ў назіральнікі — гутарка з культавым экскурсаводам, звольненым з Мастацкага музея за верш

Пасля дзёрзкага верша Мікіту Монічу давялося пакінуць працу ў Нацыянальным мастацкім музеі. Адным з найлепшых экскурсаводаў краіны яго называюць нездарма — людзі запісваліся ў ліст чакання, каб патрапіць на яго лекцыі.

Выпускнік факультэта міжнародных адносін БДУ і знаўца ўсходняга мастацтва, гультай і музейны пацук, як жартам называе сябе Мікіта.

У інтэрв'ю «Нашай Ніве» Моніч расказаў пра свае карані, залатую моладзь з ФМА, заробак экскурсавода і страх, які адчувае ў грамадстве.

«Мая экскурсія па горадзе каштуе 150 рублёў»

«Наша Ніва»: Чым цяпер заняты звольнены музейны работнік?

Мікіта Моніч: Гісторыя ў тым, што спачатку праца скончылася не з-за таго, што мяне звольнілі, а з-за таго, што прыйшоў каранавірус. Мне заўсёды падавалася, што я такі разумны, магу і лекцыю прачытаць, і экскурсію правесці, і з замежнікамі працую, таму заўсёды штосьці будзе. Але каранавірус зрабіў так, што нічога няма.

Пры гэтым калі ты яшчэ пяць год топіш за тое, што відэа-экскурсія — не тое, што трэба рабіць, што Google Art Project — выдатны праект, але не роўны спажыванню мастацтва, што гэта інфармаванне пра карціны, а не кантакт з імі, то ты не можаш сказаць: а цяпер я раблю ўсё праз Zoom, плаціце мне грошы. І таму прыйшлося штосьці прыдумляць. Добра, што ўсё стала блага не толькі ў мяне, а ва ўсіх івентараў, і там, дзе я сам не дадумаўся б, як зрабіць, на мяне выходзілі людзі, якім патрэбны быў выканаўца для якіх-небудзь праектаў.

А пасля ўжо пачаўся варушняк. Вершык, звальненне.

«НН»: Замоў пасля гучнага сыходу з музею больш стала?

ММ: Сыход у мяне быў ціхі. Але калі ўсё выйшла ў публічную прастору, я атрымаў неверагодную падтрымку. Самае фармальнае — было 100 запытаў у сябры, а цяпер тысяча, было 2000 падпісантаў у інстаграме, а цяпер 4000. Гэта добра, бо калі я публікую інфармацыю, што пройдзе экскурсія ці лекцыя, то больш людзей будзе бачыць, цікавіцца і прыходзіць.

Неверагодная колькасць людзей пісалі словы падтрымкі, удзячнасці, прапаноўвалі працу, грошы. У выніку гэтага я сутыкнуўся з тым найлепшым бокам беларусаў, што ў нас ёсць. Тая салідарнасць, якая цяпер нараджаецца, усе станоўчыя бакі нацыянальнага будаўніцтва — бо, на мой погляд, мы яго не скончылі, мы яшчэ не нацыя, мы ў працэсе — я іх адчуў. Гэта было клёва, і я ніяк не мог зразумець, чаму я (усміхаецца).

«НН»: На колькі тыдняў наперад распісаны экскурсіі?

ММ: Па-першае, я не зусім гарадскі экскурсавод, я не краязнаўца і не вельмі добры экскурсавод для мясцовага насельніцтва. Я працаваў з горадам як гід на замежных мовах. А для замежніка патрэбна не такая дэталёвая інфармацыя, бо час абмежаваны. Трэба даць кантэкст, агульны малюнак.

Але ёсць іншыя штукі. Лекцыі з Сучасным мастацкім тэатрам, Zoom-праекты — працы шмат. А яшчэ ж сям’я ёсць — трэба з дзіцём час бавіць.

«НН»: Але ж вы па-ранейшаму можаце вадзіць групы ў музей?

ММ: Па нашым заканадаўстве, толькі па дамоўленасці з адміністрацыяй чалавек, які там не працуе, можа штосьці рабіць. Трэба мне яе атрымаць. Зараз супакоіцца трохі сітуацыя, я пайду, паразмаўляю, штосьці прыдумаем — хацелася б, каб дазволілі.

«НН»: Наколькі топавы экскурсавод добра зарабляе?

ММ: Усё залежыць ад таго, наколькі шмат ён працуе, з кім, які кошт выстаўляе за свае паслугі. Бо яшчэ год ці два таму за тры гадзіны экскурсіі добры гід мог атрымаць 60-70 рублёў. Людзі, якіх ведаюць, ставілі большы кошт. Мая экскурсія па горадзе каштуе 150 рублёў — на рускай, французскай, іспанскай ці ангельскай мове. А ўжо спецыфічны праект — лекцыя, калабарацыя з якім-небудзь брэндам — як дамовішся.

«НН»: Ну вы маглі выйсці на ўзровень аплаты працы чыноўніка альбо айцішніка ці гэта 400 рублёў, пра якія часта кажуць у сферы культуры?

ММ: Не, гэта больш за 400 стоадсоткава. У пэўныя месяцы можна атрымаць і 2000 рублёў, часам да 3000.

Напрыклад, калі быў чэмпіянат свету па футболе ў Расіі, прыехала шмат лацінаамерыканцаў, якія ўжо калі дабраліся на другі бок планеты, то жадаюць усё паглядзець. Зборная згуляла — у іх ёсць тры дні. Адзін яны, калі перамаглі, бухаюць у Маскве, пасля на дзень едуць у Беларусь. Ім трэба а 7-й раніцы пачаць экскурсію па горадзе, пасля паехаць у Мір-Нясвіж, пасля ў Брэст у крэпасць і яшчэ вярнуцца сюды, каб а 7-й вечара трапіць у Тэатр оперы і балета. Нерэальна.

І табе плацяць добрыя грошы. Але колькі ў нас экскурсаводаў з іспанскай мовай? Шэсць на ўвесь горад. Таму аб нейкай канкурэнцыі размова не ідзе. Размова ідзе аб тым «слухайце, ёсць вольны яшчэ на заўтра?». Гэты гробаны чэмпіянат усё доўжыцца, а лацінаамерыканцы ўсё едуць. Сёння Мексіка, заўтра Венесуэла, паслязаўтра Аргенціна. Ты ўжо не рады гэтаму. Хопіць, можа, я аддам каму-небудзь працу? Тэлефануеш, а там табе асіплым голасам кажуць: «Што, што, Мікіта? Толькі не гэта».

«Любімыя месцы ў горадзе — Лошыцкі парк, хіпстар-штрасэ і Нацыянальны мастацкі музей»

«НН»: Ліцэнзію гіда-перакладчыка вы атрымалі з трэцяга разу. Як так?

ММ: Першыя два разы я на рускай мове здаваў, і было недастаткова добра, з пункту гледжання камісіі. А на трэці раз я пайшоў на іспанскую. Рускамоўная камісія мяне б, напэўна, зноў зарубіла, бо я на курсы не хадзіў. Пасля курсаў лягчэй — цябе ведаюць, ты ўжо заплаціў. І толькі выкладчыца іспанскай мовы на фразу «дык ён жа не хадзіў на курсы» зламала рэакцыю, таму што адказала: «Ну так, і як добра распавядае!» І мне далі ліцэнзію са словамі: «Віншуем, вы зрабілі яшчэ адзін крок да таго, каб аднойчы стаць вартым вадзіць па-руску экскурсію ў нашым горадзе».

«НН»: То-бок вас зарубалі толькі таму, што не былі на курсах?

ММ: Я не ведаю. Ну я недастаткова добра памятаў тэкст ці не мог назваць афіцыйную юрыдычную назву парка Перамогі — што ён мемарыяльны і г. д. І я сапраўды быў не настолькі падрыхтаваны, наколькі трэба, каб гэта было бездакорна і я мог сказаць: зарубілі! Мне падалося, што было дастаткова добра, каб даць, а ім — што дастаткова блага, каб не даць.

«НН»: Якія ў вас любімыя месцы ў горадзе?

ММ: Лошыцкі парк — я там побач жыву. Мядзвежына — найвыдатнейшае месца. Там сапраўдны лес, вялікая колькасць жывёлаў — у цябе знікае пачуццё, што гэта ўнутры горада, ты трапляеш у іншую прастору. Пэўна, на выбар уплывае, што ў мяне дзіцяці тры гады і нам трэба, каб быў побач з домам і жывёльны свет. 

Хіпстар-штрасэ — там добра, смачна. Удзень — я ўвечары ніколі не бываў, калі там тусіч. Самае, канечне, галоўнае месца — гэта Нацыянальны мастацкі музей.

«НН»: Хіпстар-штрасэ — гэта вы пра Зыбіцкую ці Кастрычніцкую?

ММ: Кастрычніцкую, канечне. Зыбіцкая — гэта русо-турысто-штрасэ.

«НН»: Вы ж яшчэ і рэпетытарствам займаецеся?

ММ: Гэта было 10 год таму. З мяне вельмі благі выкладчык. Я магу шмат разоў распавядаць адно і тое ж, а не крок за крокам адпрацоўваць нейкія навыкі.

«Мае вершы пра каханне не самая лепшая паэзія»

«НН»: Вашы радкі пра «Еву» разляцеліся па інтэрнэце. Як даўно пішаце вершы?

ММ: Калі быў старшакласнікам і студэнтам, пісаў. Пасля шмат год не. Год таму амаль выпадкова напісаў некалькі вершаў пра творы Зоі Луцэвіч для праекта «Мастак і горад». Гэта была замова крэатыўнага агенцтва, і гэта моцнае перажыванне, бо я зрабіў вершы і атрымаў за іх грошы. Калі такое я мог сабе ўявіць? І вось цяпер была нагода, я напісаў. Я не паэт.

«НН»: Але цяпер праславіліся як паэт. Думалі калісьці, што так будзе?

ММ: Калі ўдзельнічаў у студэнцкія гады на конкурсе маладых літаратараў «Брама мар» на журфаку і прайшоў у фінал, я, канечне, марыў, што калі-небудзь мая паэзія будзе мець пэўны поспех. З таго моманту 10 год прайшло — я ўжо ў іншым сябе знайшоў.

«НН»: Пра што былі тыя першыя вершы?

ММ: Пра каханне. Калі пагледзіце «Никита Монич / Стихи.ру», там захавалася іх штук сто. Але з іншага боку, у вас павінны быць вольны час, таму што гэта не самая лепшая паэзія.

Але я люблю чытаць. Ведаю пэўную колькасць вершаў на памяць. Для мяне спадарожнікам жыццёвым з’яўляецца паэзія Бродскага, творчасць Лінор Гаралік, часткова Вадзеннікава, Лоркі, Бадлера (у перакладах збольшага, хаця я магу чытаць іх у арыгінале). Усё накладае свой адбітак і, вось бачыце, часам рэалізуецца ў асабістай творчасці.

«Давялося два гады прапрацаваць на радыё «Культура», каб да беларускай мовы змяніць адносіны»

«НН»: Раскажыце пра свае карані. Чытала, у вас дзед татарын.

ММ: Так, адзін дзед татарын, бабуля — часткова полька, часткова беларуска, часткова ўкраінка — звычайна сітуацыя для Баранавічаў. Ну і калі дзед там служыў як ваенны лётчык, ён яе сустрэў. Хаця ўсе яго сваякі працавалі на шахтах.

Другая бабуля — Бабруйск-Вілейка, яна адзіная гарадская. А дзядуля — беларускі селянін з-пад Шчорсаў, які прыехаў у Менск вучыцца і ў выніку быў адным з намеснікаў дырэктара «Інтэграла». Такі архетыпічны прыклад савецкага сэлфмэйда, урбанізаванага інжынера ў першым пакаленні.

«НН»: У якой атмасферы вы раслі?

ММ: Мы жылі з маці ў Менску ў раёне старога аэрапорта на вуліцы Авакяна. А тата ўжо шмат год у Маскве жыве, будуе там метро. Я вучыўся ў гімназіі з паглыбленым вывучэннем французскай мовы. А з настаўніцай беларускай не пашанцавала. Мне давялося два гады прапрацаваць на радыё «Культура», каб да беларускай мовы змяніць свае адносіны, таму што я выйшаў са школкі з вельмі негатыўным стаўленнем да яе і без аніякіх ведаў.

У мяне абое бацькі скончылі РТІ. Не працавалі па спецыяльнасці амаль. Маці была мытневым агентам, працавала на МТЗ, у Белмедтэхніцы. Цяпер аператар сістэмы аўтаматычнага кіравання ў мастацкім музеі. Яна прыйшла год ці два таму сюды. Абрала гэта, страціўшы шмат у заробку і сказаўшы: я ўжо працавала ў многіх месцах, дзе плацяць грошы, але мне там дрэнна, я хачу ўрэшце працаваць у месцы, дзе мне добра.

«НН»: Вы ніколі не шкадавалі, што не абралі кар’еру дыпламата?

ММ: Часам так, калі бачу поспехі сваіх сяброў ці знаёмых, якія абралі гэты шлях. Калі яны распавядаюць цікавыя штукі з загранаў, трошачкі штосьці ўнутры варушыцца. Але я разумею, што я на гэта няздольны — гэта ж заўсёды трэба ў гальштуку быць, кожны дзень прыходзіць да пэўнай гадзіны, паперкі пісаць.

«НН»: Затое былі б паслом у Кітаі.

ММ: Чаму? У нас прапісана ў дакументах, што паслы прызначаюцца па прынцыпе лаяльнасці. Так у многіх краінах. З мяне не атрымаўся б добры дыпламат, вы ж бачыце (смяецца).

«НН»: А вашы былыя аднагрупнікі да каго даслужыліся?

ММ: ФМА — гэта, канечне, залаты факультэт, ёсць вялікая колькасць дзяцей выбітных людзей з палітыкі ці з бізнэсу. Усходазнаўства — таксама ФМА, але не 80 чалавек на курс, а 25. Гэта неверагодна высокія балы. І пасля трэба не проста правесці гады кум каралю, а фігачыць — бо ўсходняя мова, неабходна шмат перапрацоўваць сваю галаву. Мяне гэта вельмі змяніла.

Таму нават калі ў нас ёсць залатыя людзі, то яны вельмі таленавітыя — калі прырода дала не толькі ўплывовых ці багатых бацькоў, але яшчэ і розум, талент і працаздольнасць. Я быў там самым лянотным студэнтам.

Дзяўчынка, якая пасля бясплатна вучылася ў Стэнфардзе, была пэўны час асабістым памочнікам галоўнага саветолага ў Злучаных Штатах. Хтосьці піша для цэнтра Карнэгі матэрыялы па Турцыі, хтосьці пачаў займацца абсмажваннем кавы і адкрыў сваю фірмачку, хтосьці пайшоў у ІТ. Мой сябра шмат год працуе перакладчыкам-рэдактарам для Xiaomi ў Кітаі. Так шкада, я павінен быў у жніўні ехаць да яго, а каранавірус сказаў: а-а-а.

«НН»: На ФМА шмат зазнайства і пафасу? Усё ж такі асобная каста.

ММ: Скажу так: калі ўзяць і з ФМА адкінуць усіх выпускнікоў Ліцэя БДУ, зазнайства амаль не застанецца. Сярод іх неверагодная колькасць крутых чувакоў, проста так здарылася, што, напрыклад, у ліцэі №2, дзе таксама таленавітыя і адукаваныя, не распавядалі, што яны самыя лепшыя, а ў Ліцэі БДУ — распавядалі.

«НН»: Ваша жонка таксама вучылася з вамі на факультэце. Як яе кар’ера склалася?

ММ: Яна выкладчыца рускай мовы як замежнай ва Універсітэце культуры. Кітайцаў апошнія месяцы праз WeChat вучыла. Яна выдатны педагог — паколькі я лашара з пункту гледжання выкладчыцкай справы, я гэта вельмі добра разумею. Цяпер яна навучаецца ў аспірантуры. 

«У нас нацыянальная ідэя — гэта страх»

«НН»: Адкуль захапленне Усходам і экзотыкай?

ММ: Па-першае, гэта клёва, вельмі прыгожа і цікава. Па-другое, фільмы пра кітайцаў — там кунг-фу і гэтак далей. Па-трэцяе, Пялевін і ягоныя раманы «Чапаеў і Пустата», «Generation «П», аповесць «Пустэльнік і Шасціпалы» — там даволі шмат будысцкай тэмы.

І самае галоўнае, што гэта выпадак. У мяне ўсё выпадкова ў жыцці здараецца. Калі я атрымаў дыплом рэспубліканскай алімпіяды па грамадазнаўстве і мог абіраць, куды ісці без экзаменаў, вырашыў узяць што-небудзь такое, дзе прыйдзецца навучыцца чамусьці новаму. І гэты былі ўсходнія мовы. Быў выбар паміж кітайскай, карэйскай і турэцкай — я нічога пра іх не ведаў увогуле. І такі: «Кітайская? Пафасна, перспектыўна — хадзем туды». 

Калі б я цяпер пражываў гэта яшчэ раз з маёй галавой, я б, напэўна, не пайшоў на кітайскую. Ці пайшоў бы зноў, спадзеючыся, што ў гэты раз атрымаецца.

«НН»: Вы казалі, навучанне ва ўніверсітэце вельмі змяніла вас. Як?

ММ: Тут можна некалькі ўзроўняў праводзіць. Давайце фізіялагічны: за ўспрыняцце іерогліфаў адказвае трошачку не той кавалак мозгу, які за ўспрыняцце літар. Калі кітайцы бачаць малюнак, ён разгортваецца для іх не злева направа, а справа налева — гэта звязана з рознымі штукамі, у тым ліку як скрутак раскрываюць.

Гэта зусім іншая мова, зусім іншы метад пабудовы думкі. Калі мы зробім такую нітачку з пацеркамі моваў, руская будзе на адным канцы, а кітайская — на супрацьлеглым. І калі ты павінен навучыцца нараджаць тэкст на гэтай мове, табе патрэбна іншая прашыўка. Гэта прыступка, з якой ты можаш зірнуць на штосьці з іншага пункту гледжання. А гэта дае эфект бінакулярнага зроку, больш аб’ёмна ўспрымаеш наваколле.

«НН»: Усходняя філасофія дапамагае вам перажываць цяперашнія падзеі?

ММ: Так — колькі год я гэты будызм вывучаў для магістарскай (усміхаецца). Я не адношуся ні да якой канфесіі: найлепшае мастацтва — рэлігійнае, але чым больш я даведваюся пра рэлігію, тым больш разумею, што атэіст. Я чытаю кніжкі пра будызм. І ў пэўным сэнсе зразумеў, што ў мяне не засталося ніякіх контраргументаў на тыя ідэі, якія там выкладаюцца. Так што ў пэўным сэнсе светаўспрымальна я напалову будыст.

«НН»: А пасля чаго вас накрыла?

ММ: Слухайце, ну гэта жах, што ў нас адбываецца. Давайце скажам, што ў нас першая кропка будзе 2006 год і плошча Незалежнасці, а апошняя — «Ева». Гэта працэс — ён можа быць хуткі ці марудны. У мяне заняло з 2006 года, я ўвогуле слоўпок. Тое ж гніенне — вельмі маруднае гарэнне.

«НН»: Вы ў сёлетняй кампаніі за Бабарыку. Чым ён вам блізкі?

ММ: Гэта адзін з кандыдатаў у кандыдаты, якога я ведаю асабіста. Прыходзіў да яго, прапаноўваючы зрабіць музей (ці дызайну, ці асабістых калекцый) — ён мне адмовіў. Але так, што я быў цалкам задаволены і разумеў чаму.

Ёсць пэўная колькасць людзей, якія ідуць у прэзідэнты Беларусі. З іх больш за ўсё для культуры зрабіў Бабарыка. Астатнія не зрабілі нічога ці, як Лукашэнка, шмат благога. Дык за каго мне яшчэ быць? Я ж прафдэфармаваны, музейны пацук (смяецца).

«НН»: Вам не страшна ад таго, што цяпер адбываецца ў краіне?

ММ: Канечне, страшна. Усім нам. У нас нацыянальная ідэя — гэта страх. З абодвух бакоў вельмі страшна. І прэзідэнту, і тым, хто яму дапамагае, і ўсяму чынавенству, якое разумее добра, што іх заменіць эфектыўны механізм дакументаабароту і яны сябе не знойдуць. І ім яшчэ распавядаюць: вы будзеце ніхто без гэтай сістэмы.

І тым, хто з гэтага боку, страшна. Калі цябе п***іць могуць, а ты яго крануць не можаш. Калі могуць забраць і пратрымаць тры гадзіны, пратрымаць пятнаццаць сутак ці ўпаяць два гады — гэта рулетка, ты не ведаеш. Страх — нармалёвае пачуццё.

«НН»: І што з ім рабіць?

ММ: Тое, што лічыш вартым. Я вось вершыкі пішу.

«НН»: Вы казалі, што варварства — звальняць людзей за іх палітычную пазіцыю. А з якім яшчэ варварствам складана мірыцца?

ММ: Несправядлівасць — гэта для мяне псіхалагічны трыгер. Мяне плюшчыць, калі я бачу яе. 

У нас няма нафты, адзіны рэсурс, які ў нас ёсць, — гэта адукацыя. Яна была на даволі добрым узроўні, і яна ўсё яшчэ на даволі добрым узроўні (я хутчэй аптыміст). Калі робіцца штосьці благое ў адукацыі, мяне пачынае дзёргаць. 

Калі робіцца штосьці благое ў маёй прафесіі, калі музей не робіць тое, што павінен — захаванне і развіццё калекцыі. Калі ты знайшоў магчымасць набыць пэўны скарб, на які патрэбна 5000 даляраў, а табе кажуць: не, гэта мастацтва Азіі. Ну чаму, у нас жа калекцыя ёсць, мы ж беларускі Эрмітаж? Гэта расчароўвае.

***

На выбарах Мікіта будзе назіральнікам у раённай камісіі Ленінскага раёна Мінска — ён не сочыць за ходам галасавання у гэтыя дні, але ўвечары 9 жніўня зможа прысутнічаць на агучванні вынікаў па ўчастках. У камісію ён падаўся ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Ці там будзе больш шанцаў не дапусціць фальсіфікацыі?

«Пакуль што незразумела, але паспрабаваць трэба. Чым больш мы будзе інфармаваны, тым лепш», — упэўнены Моніч.

Запіс у назіральнікі для яго — яшчэ адзін спосаб змагацца з несправядлівасцю.

Каментары15

«Беларусы будуць ціхенька думаць сваё. А вада камень точыць, дый Лукашэнка фізічна не вечны». Глыбокі маналог былога мытніка Алеся Юркойця

«Беларусы будуць ціхенька думаць сваё. А вада камень точыць, дый Лукашэнка фізічна не вечны». Глыбокі маналог былога мытніка Алеся Юркойця

Усе навіны →
Усе навіны

Беларускі брамнік «Віслы» даведаўся, што ў яго будзе хлопчык, у незвычайнай абстаноўцы ФОТА

У Мінску раніцай на гадзіну спыніліся трамваі

У Італіі беларуса затрымалі ва ўзламанай ім кватэры

Трамп прапанаваў тэлевядоўцу пасаду міністра абароны 5

«Гэта не заробак, гэта бонус». Некаторым беларусам падабаецца атрымліваць частку зарплаты прадуктамі2

«Яна не ў турме, а на спецдачы КДБ!» Канспіролагі накінуліся на Калеснікаву65

«Як людзі на такое вядуцца? Ды вельмі проста». Расповеды беларусаў, якія працавалі тэлефоннымі ашуканцамі12

Алексіевіч пра маршы пратэсту: Цяпер было б больш жорстка, была б кроў. А тады мы думалі, што гэта свята24

Трамп абвясціў імя свайго дарадцы па нацбяспецы11

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Беларусы будуць ціхенька думаць сваё. А вада камень точыць, дый Лукашэнка фізічна не вечны». Глыбокі маналог былога мытніка Алеся Юркойця

«Беларусы будуць ціхенька думаць сваё. А вада камень точыць, дый Лукашэнка фізічна не вечны». Глыбокі маналог былога мытніка Алеся Юркойця

Галоўнае
Усе навіны →