Улада2020

Хто такі Юрый Васкрасенскі? Палітычны шлях ад апазіцыянера да ўдзельніка інаўгурацыі Лукашэнкі і назад

Бізнэсовец, палітолаг Юрый Васкрасенскі 11 кастрычніка быў адпушчаны з СІЗА КДБ пад хатні арышт.

Ад каментароў недзяржаўным СМІ ён устрымліваецца — забаронена. Праўда, перад гэтым даў некалькі інтэрв’ю БТ і АНТ, у якіх каяўся за тое, што вырашыў далучыцца да каманды Бабарыкі, а таксама хваліў Аляксандра Лукашэнку.

«Наша Ніва» сабрала факты аб дзіўным лёсе гэтага чалавека.

Юрый Васкрасенскі. Скрын з інтэрв'ю АНТ, якое ён даваў з СІЗА КДБ

Юрый Васкрасенскі нарадзіўся ў 1977 годзе ў Мінску. Ягоны бацька Валерый — карэнны масквіч, з адукацыі радыётэхнік. У 1972 годзе ён разам з сям’ёй пераехаў у Мінск. Цікавая таксама постаць прадзеда Юрыя Васкрасенскага — гэта відны дзеяч рускай эміграцыі ў Францыі Васіль Васкрасенскі, больш вядомы як «Палкоўнік дэ Базіль».

Былы вайсковец Васкрасенскі ў эміграцыі стаў значным менеджарам культуры, дзякуючы яго намаганнямі паўсталі і функцыянавалі «Руская опера Парыжа», «Рускі балет Монтэ-Карла».

Што тычыцца самога Юрыя Васкрасенскага, то ў палітыку ён прыйшоў з ранніх гадоў. У якасці палітычнай сілы ён абірае камуністаў, не самы відавочны выбар для маладога чалавека ў пачатку 1990-х. Васкрасенскі становіцца сябрам Ленінскага камуністычнага саюза моладзі Беларусі, а таксама Партыі камуністаў Беларускай.

У ПКБ у Васкрасенскага дастаткова хутка атрымліваецца ўзбірацца па кар’ернай лесвіцы: спачатку ён узначальвае камсамол па Мінску, а потым і па ўсёй краіне. Той час быў паспяховы для ўсяго ПКБ, партыя на парламенцкіх выбарах набірае трыумфальныя 22%, займаючы першае месца.

Канстытуцыйны рэферэндум 1996 года паставіў беларускіх камуністаў перад няпростым выбарам: ці яны падтрымліваюць Лукашэнку, ці застаюцца ў апазіцыі да ўлады. Сяргей Калякін з таварышамі сыходзяць у апазіцыю, а частка сяброў партыі стварае новую Камуністычную партыю Беларусі, якая становіцца прапрэзідэнцкай.

Юрый Васкрасенскі быў сярод тых, хто перайшоў на бок Лукашэнкі. Гэта быў дастаткова моцны ўдар, калі лідар камсамола сыходзіць на бок праціўніка. Удзельнікі тагачасных падзей успамінаюць, што Васкрасенскі не проста сышоў у КПБ, але і актыўна агітаваў іншых сяброў партыі зрабіць тое ж самае, абяцаючы ім матэрыяльныя даброты.

«Нягоднік! — эмацыйна кажа пра яго намеснік старшыні «Справядлівага свету» (былой ПКБ) Валерый Ухналёў. — Гэты чалавек здрадзіць любому. У ПКБ ён пабачыў, што хуткай і лёгкай перамогі не будзе, таму перабег на іншы бок. Гэта несумленны чалавек сам па сабе, ніякіх справаў з ім мець не трэба. Ён спрабаваў удзельнічаць у многіх палітычных і грамадскіх рухах, але калі там даведваліся, што гэта за чалавек, то ён хутка сыходзіў».

У сярэдзіне 2000-х быў нават судовы працэс, калі Юрый Васкрасенскі падаў у суд і патрабаваў грашовай кампенсацыі з Сяргея Калякіна і газеты «Товарищ». Справа ў тым, што падчас аднаго са з’ездаў ПКБ Калякін назваў Васкрасенскага «палітычным прайдзісветам», а потым гэта перадрукаваў партыйны орган. Суддзя вырашыла не задавольваць пазоў Васкрасенскага, палічыўшы гэта «палітычнай дыскусіяй».

«Як паказаў час, Сяргей Калякін тады меў рацыю, — кажа адзін з сябраў «Справядлівага свету», які не захацеў прадстаўляцца. — Мяне вельмі здзівіла, што гэты чалавек выплыў у ініцыятыўнай групе Віктара Бабарыкі. Быў час, калі яны бралі ўсіх без разбору. Ну ладна збіраць подпісы, але ж не каардынатарам [яго ставіць], праверце ягоны бэкграўнд! Часта бывае, што рэвалюцыя выносіць на паверхню не толькі герояў, але і шмат пены. Вось Юра — гэта якраз «пена».

«Я добра памятаю прэс-канферэнцыю, якую давалі прадстаўнікі КПБ — Камай, Малафееў і там жа сядзеў Васкрасенскі, падпісаны яшчэ прадстаўніком ПКБ, хаця мы тады яго ўжо выключылі. Мне здаецца, што ў СІЗА КДБ з ім вельмі добра пагаварылі. У КДБ ж таксама не дурні працуюць, яны разумеюць, хто прайдзісвет, а хто — не», — кажа той самы прадстаўнік «Справядлівага свету».

Наступнае значнае з’яўленне Юрыя Васкрасенскага ў палітычным жыцці — гэта ўдзел у камандзе публіцыста і літаратуразнаўцы Аляксандра Фядуты на парламенцкіх выбарах 2000 года. Партыйная апазіцыя тыя выбары байкатавала, але Фядута вырашыў удзельнічаць «у знак пратэсту», каб даказаць, што байкот — гэта дурасць.

«Юрый Валер’евіч — мой даўні і добры сябар. Мы пазнаёміліся, калі я чытаў лекцыю перад студэнтамі Інстытута парламентарызму і прадпрымальніцтва, мяне запрасіў тагачасны рэктар Уладзімір Карагін. Пасля лекцыі да мяне падышоў студэнт, прадставіўся, хто ён такі, расказаў пра сябе, мы паразмаўлялі, завязалася сяброўства», — кажа Фядута.

Фядута кажа, што ў кампаніі-2000 Юрый разам са сваёй будучай жонкай Алесяй змаглі сабраць нямала подпісаў. Аднак тая кампанія для Фядуты не скончылася дэпутацкім мандатам, перамогу на акрузе запісалі Наталлі Машэравай, дачцэ колішняга кіраўніка БССР.

У 2001 годзе Фядута запрашае Васкрасенскага ў каманду кандыдата ў прэзідэнты Леаніда Сініцына, колішняга кіраўніка Адміністрацыі Лукашэнкі.

Многія лічылі на тых выбарах Сініцына кандыдатам-спойлерам, але Фядута лічыць, што гэта быў «кандыдат-авантурыст». «Ён адмёў вялікую колькасць сапраўдных подпісаў у Мінску, бо палічыў, што магілёўскія подпісы будуць таннейшыя, а магілёўскіх не было зусім, так ён паставіў крыж на сваёй палітычнай будучыні». Сініцына не зарэгістравалі кандыдатам у прэзідэнты.

Ці не засмучала Фядуту, што Васкрасенскі сышоў з апазіцыі на карысць КПБ? «Мне асабіста ён ніколі не здраджваў, нават у вельмі цяжкіх абставінах. Я прагледзеў усе запісы, зробленыя з удзелам Юрыя падчас ягонага знаходжання ў «амерыканцы» і не пачуў нічога, чаму б я больш не мог падаць яму рукі».

Дарэчы, цікавы факт — адным з аднакурснікаў Васкрасенскага па Інстытуце парламентарызму і прадпрымальніцтва быў Максім Осіпаў, адзін з самых адыёзных аўтараў «Советской Белоруссии».

Усе 2000-я Васкрасенскі будаваў кар’еру ў КПБ, паралельна займаючыся бізнэсам. У 2010 годзе ён стаў дэпутатам Мінскага гарадскога савета. Добра вядома, што дэпутатамі ў Беларусі проста так не становяцца, а тым больш у Мінску. Васкрасенскі вёў старонку ў інтэрнэце з назвай «Мінгарсавет».

На прэзідэнцкіх выбарах 2010 года ён уваходзіў у склад адной з мінскіх выбарчых раённых камісій. Там ён заяўляў пра поўны «разгул дэмакратыі». Успамінаў сваё баявое мінулае, калі сам скардзіўся на дзеянні ЦВК, але спісваў усё на «маладосць і эмоцыі».

Мабыць, гэта быў самы зорны час у палітычнай кар’еры Васкрасенскага, ён паўдзельнічаў ва Усебеларускім народным сходзе, які праходзіў перад самымі выбарамі. Нават пахваліўся, што ў якасці падарунка атрымаў мікрахвалёўку, скураны партфель «Галантэя» і гадзіннік «Луч».

У студзені 2011 года, калі ў краіне было некалькі дзясяткаў палітвязняў, у тым ліку і многія экс-кандыдаты ў прэзідэнты, Юрыя Васкрасенскага запрашаюць на чарговую інаўгурацыю Лукашэнкі. Вядома, што ён пагаджаецца і выкладвае здымкі з той запамінальнай падзеі.

Юрый Васкрасенскі на інаўгурацыі Лукашэнкі. Фота з ягонага жж

Наступныя чатыры гады ён удзельнічае ў працы Мінгарсавета, дае інтэрв’ю дзяржыўным тэлеканалам, прымае ўдзел у нейкіх лакальных падзеях. Асабліва нічым не вылучаецца. Пасля гэтага Васкрасенскі цалкам знікае з палітычнага поля, лічыць за лепшае сканцэнтравацца на бізнэсе і грошах. Ён сам казаў, што чалавек не бедны, мае ўласны катэдж.

Тым больш дзіўным і нечаканым было ягонае з’яўленне ў камандзе імавернага кандыдата ў прэзідэнты Віктара Бабарыкі. Цяпер некаторыя называюць Васкрасенскага ледзьве не каардынатарам штаба, але насамрэч жа ён кіраваў зборам подпісаў у адным з раёнаў Мінска — Першамайскім.

Пры гэтым шмат крытыкаваў штаб за тое, што кіраўніцтва занадта інфантыльна ставіцца да выбараў, а таксама казаў аб тым, што для перамогі неабходна шукаць падтрымку ў Маскве. Васкрасенскі сапраўды падчас пандэміі ездзіў у Расію.

«Важнейшая сустрэча ў Златаглавай скончаная. Запомнілася фраза калег, якія ўплываюць на знешнепалітычную павестку РФ: «Усім відавочна, што ваш прэзідэнт ідзе да дна, але праблема ў тым, што ён хоча пацягнуць за сабой краіну. Гэта няправільна». А вы як лічыце? Не перабольшваюць? Не нагнятаюць?»

Насамрэч мала зразумела, з кім менавіта, з чыёй санкцыі і дзеля якіх мэтаў Васкрасенскі сустракаўся ў Маскве. Магчыма, пасля поўнага ягонага вызвалення гэта стане вядома.

«Хутчэй за ўсё, яго цяпер будуць дэманстраваць як значнага апазіцыянера ў працы па зменах Канстытуцыі, але ж мы ведаем, хто гэта такі», — падсумоўвае прадстаўнік «Справядлівага свету».

Каментары20

Хакеіст Баскаў, ваенкам Крываносаў, медык Румо. Лукашэнка назваў сваіх давераных асобаў

Хакеіст Баскаў, ваенкам Крываносаў, медык Румо. Лукашэнка назваў сваіх давераных асобаў

Усе навіны →
Усе навіны

«Я член выбарчай камісіі і гэтым ганаруся». Лукашысты ладзяць новы флэшмоб10

Маск стварае свой уласны горад у Тэхасе1

«Цяпер страшна выйсці з дзецьмі з дому». У элітным ЖК пад Мінскам зграя бадзяжных сабак разарвала хатняга ката6

За «экстрэмізм» асудзілі хлопца, які некалі запускаў кампанію па віншаванні ветэранаў

У конкурсе на найлепшую паштовую марку трэці год запар перамагае работа, звязаная з сілавікамі2

Інстытут Мінэканомікі: Санкцыі прама закранаюць чвэрць эканомікі Беларусі1

Украінцы ўзялі ў палон беларуса з Касцюковічаў, які ваяваў за Расію13

Як рыхтавалася аперацыя па падрыве пэйджараў і рацый «Хезбалы»? Агенты «Масада» раскрылі падрабязнасці4

«Яндэкс Go» уводзіць падачу скаргаў на кошт таксі1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Хакеіст Баскаў, ваенкам Крываносаў, медык Румо. Лукашэнка назваў сваіх давераных асобаў

Хакеіст Баскаў, ваенкам Крываносаў, медык Румо. Лукашэнка назваў сваіх давераных асобаў

Галоўнае
Усе навіны →