Віктар Марціновіч: Гэта быў прасякнуты болем і сумам, слязьмі і адчаем, але харошы год
Віктар Марціновіч на budzma.by падводзіць вынікі мінулага году.
Не скажу, што добры — бо добрым 2020 не быў ні разу.
Але харошым — у тым старадаўнім сэнсе, які ў беларускай мове выражае адначасова і прыгажосць, і ладнасць, — дык вось, харошым гэты год быў дакладна.
Так, мы не дачакаліся хуткабежнай перамогі, якую нам яшчэ ў ліпені «запланавалі» на лістапад хваравітыя аптымісты.
Але гэта не дрэнна.
Змены, якія хутка наступаюць, хутка ж і саступаюць.
Калі вы не памятаеце, у 1994-м тыя, хто галасаваў за Лукашэнку, думалі, што такім чынам яны канчаткова зрынаюць партыйную наменклатуру і савецкае мінулае ў выглядзе Кебіча. А выявілася, што паспяшаліся. «Перамены» і «дэкамунізацыя» аказаліся яшчэ большым запрыгоньваннем, яшчэ ярчэйшай «савецкасцю», ажно да вяртання сімвалаў і гімна.
То лепш пакрысе. Не губляючы галавы ад пераможнай млоснасці.
Каб зразумець паспелі ўсе ўдзельнікі працэсу.
Разуменне — гэта бадай што самы вялікі здабытак гэтага года.
Нарэшце ўсе, апошні пенсіянер, самы «далёкі ад палітыкі» фельчар, пабачылі, што такое «беларускія выбары». Веды, якія раней былі хіба што ў людзей, здольных знайсці і прачытаць інтэрв’ю з Міколам Статкевічам, імкліва сталі здабыткам усёй краіны.
Мы зразумелі, што такое нашы «парадак» і «дабрабыт».
На чым яны грунтуюцца.
Мільёны людзей прагледзелі тыя ролікі, з палоннымі ля платоў.
Мы зразумелі, што такое «законнасць», і тое разуменне шмат для каго аказалася самым страшным, вымусіла эміграваць. Бо адна рэч — перажыць гвалт, а іншая — зразумець, што «законным» (ці, наадварот, у залежнасці ад палітычнай патрэбы, «незаконным») можа быць абвешчанае што заўгодна.
Мы зразумелі, што такое страх, няўпэўненасць і боль. Бо не засталося, здаецца, у краіне сям’і, дзе анікога не зачапіла.
Мы зразумелі маштабы брахні, якой былі аточаныя нашыя жыцці і нашыя смерці. І гэта, дарэчы, пачалося яшчэ вясной, падчас пандэміі.
Мы ўпершыню на маёй памяці адчулі сябе большасцю — хаця, магчыма, былі большасцю і да гэтага.
Мы страцілі ілюзіі наконт Расіі, якая нібыта гатовая дапамагаць тутэйшым пераменам.
Мы адчулі моц такой простай і чалавечай рэчы, як салідарнасць. Гэта якраз тое, з чым змагаліся найперш, бо любая перамога ўтвараецца менавіта тады, калі большасць усвядомлівае сябе большасцю і пачынае дзейнічаць салідарна.
Мы паставілі гістарычныя рэкорды:
— па колькасці людзей на адной плошчы ў горадзе з двухмільённым насельніцтвам;
— па колькасці затрыманых за ўдзел у мірных мітынгах у еўрапейскай краіне, якая мяжуе з Еўрасаюзам;
— па працягласці пратэстаў;
— па колькасці затрыманых за працу журналістаў;
Зніклі цэлыя галіны ў вытворчасці ці культуры, па якіх раней пазнавалі Беларусь. Цяжка цяпер, праўда ж, казаць пра «нацыянальны айці-сектар» ці пра Купалаўскі тэатр.
Але прыметнік «беларускі» стаў адным са слоў 2020 года паводле версіі Оксфардскага слоўніка.
Гэта быў харошы год.
Год, калі ўсё патаемнае непазбежна выяўляла сваю прыхаваную сутнасць.
Калі Зло імкнулася да ананімнасці, але спатыкалася аб немінучасць дэанону (вось яно, навюткае паняцце, чым не слова года для нас)?
Калі чым люцей каралі герояў, тым больш хвалы яны адчувалі ад салідарнай бальшыні.
Гэта быў год жанчын.
— Марыя Калеснікава
— Вольга Хіжынкова
— Алена Леўчанка
Я шчыра спадзяюся, што тую, хто ўзначальвае гэты спіс, хутка выпусцяць.
Калі б я мог — спытаўся б у яе.
Ці памятаеце, Марыя, тую частку з Shawshank Redemption, дзе вязні чуюць Sull’aria з Моцартавага Le nozze di Figaro?
І пасля гэтага — наймацнейшы маналог пра тое, што музыка — гэта адзінае, што немагчыма канфіскаваць у арыштанта.
Я спадзяюся, што ноты з Бахавых партытур дапамагаюць Марыі перажыць адсутнасць неба і аблокаў.
Гэта быў харошы год.
Прасякнуты болем і сумам. Бяссоннем і роспаччу. Слязьмі і адчаем.
Але — харошы.
Каментары