Суд Кастрычніцкага раёна Гродна 3 сакавіка павінен быў вынесці прысуд па крымінальнай справе мясцовага таксіста Аляксея Лапы. Мужчыну абвінавачваюць паводле арт. 364 КК (Гвалт альбо пагроза гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў). Але ўсё пайшло не так, паведамляюць праваабаронцы.
Гэта адзін з самых працяглых судоў па крымінальнай справе па артыкуле 364 КК за апошні час, суд распачаўся яшчэ 5 лістапада і доўжыцца амаль чатыры месяцы.
У якасці пацярпелых выступаюць два супрацоўнікі АМАПа — Арцём Логіш і Павел Конан.
Справу разглядае суддзя Дзмітрый Кедаль. Дзяржабвінаваўца — пракурор Георгій Смольскі.
Па версіі абвінавачвання, Аляксей 11 жніўня з мэтай перашкодзіць дзейнасці супрацоўнікаў міліцыі ўжыў гвалт над імі, то-бок наехаў на іх на машыне. Пры гэтым толькі ў Конана былі сінякі і ранкі: сінякі на локці і калене, драпіна на ілбе, якія выклікалі кароткачасовую страту здароўя. Нагадаем, 11 жніўня каля плошчы Дзекабрыстаў машыну Аляксея спынілі супрацоўнікі АМАПа і жорстка затрымалі ўсю кампанію. Таксі сілавікі разбілі, людзей, якія знаходзяцца ўнутры, выцягнулі на дарогу і збілі.
Аляксей Лапа атрымаў множныя цялесныя пашкоджанні пасля затрымання.
Пракурор Смольскі прасіў прызнаць Лапу вінаватым і прызначыць яму 3 гады пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму і ўзяць пад варту ў зале суда.
Чытайце падрабязнасці:
Пракурор патрабуе для гродзенскага таксіста Лапы, якога моцна збілі пры затрыманні, тры гады калоніі
3 сакавіка Аляксей Лапа ў суд не з'явіўся з невядомых прычын, месцазнаходжанне яго невядомае. На тэлефанаванні не адказвае. Пракурор кажа: абвінавачваны не з'явіўся, аб'явіць яго у вышук і змяніць меру стрымання. Суддзя зрабіў перапынак і сышоў у дарадчы пакой.
Суддзя пастанавіў: згодна з падпіскай аб нявыездзе Лапа павінен з'яўляцца ў суд па першым патрабаванні. Ён парушыў меру стрымання, абвясціць у вышук і заключыць пад варту. Вытворчасць па справе прыпыніць, копію пастановы накіраваць пракурору Гродна.
Каментары