Сяргей Сідорскі сёння правёў перамовы з прэзідэнтам Украіны Віктарам Юшчанкам і прэм'ер-міністрам Юліяй Цімашэнка.
"Мы здымаем усе ўзаемныя антыдэмпінгавыя расследаванні і ўсе абмежаванні і пераходзім да канструктыўнай працы", — заявіла прэм'ер-міністр Украіны Юлія Цімашэнка па выніках перамоў са сваім беларускім калегам Сяргеем Сідорскім у Кіеве 12 чэрвеня.
Як паведамляе прэс-служба Савета міністраў Беларусі, у Кіеве падпісаны мемарандум аб ўзаемаразуменні паміж Міністэрствам замежных спраў Беларусі і Міністэрствам эканомікі Украіны ў сферы прымянення спецыяльных (абаронных) антыдэмпінгавых і кампенсацыйных мер ва ўзаемным гандлі.
Прэм'еры таксама падпісалі міжурадавае пагадненне аб бязвізавым рэжыме, у межах якога будзе спрошчана працэдура рэгістрацыі грамадзян пры ўзаемных паездках.
Дакумент прадугледжвае, што дзейны трохдзённы тэрмін знаходжання грамадзян Украіны на тэрыторыі Беларусі без неабходнасці рэгістрацыі будзе павялічаны да 30 дзён.
Падпісанне новага пагаднення "выклікана неабходнасцю дакладнага нарматыўна-прававога ўрэгулявання рэжыму ўзаемных паездак грамадзян дзвюх краін і заклікана ўпарадкаваць працэс рэгістрацыі на тэрыторыі дзвюх дзяржаў", адзначае прэс-служба. Дакумент складзены на неабмежаваны тэрмін і пачынае дзейнічаць на 30-ы дзень з часу прыняцця дыпламатычнымі каналамі апошняга пісьмовага паведамлення аб выкананні ўсіх унутрыдзяржаўных працэдур.
Паводле вынікаў перамоў у Кіеве падпісана таксама пагадненне аб супрацоўніцтве Беларусі і Украіны ў галіне даследавання і выкарыстання касмічнай прасторы з мірнымі мэтамі.
Прэм'еры дамовіліся аб аднаўленні паставак украінскай электраэнергіі ў Беларусь. Кантракт на пастаўку ўкраінскай электраэнергіі ў Беларусь пачынае дзейнічаць сёння, 12 чэрвеня, паведаміў Сідорскі."Гэта яшчэ адзін спосаб плённага развіцця беларуска-ўкраінскіх адносін", — падкрэсліў ён.
Цімашэнка пацвердзіла, што рэалізацыя паставак электраэнергіі ў Беларусь пачнецца з часу вяртання беларускай урадавай дэлегацыі на радзіму. "Мы вельмі зацікаўленыя, каб пастаўкі ўкраінскай электраэнергіі на тэрыторыю Беларусі былі распачатыя. І сёння хачу даць даручэнне нашаму міністру паліва і энергетыкі, каб той кантракт, які падпісаны на пастаўку электраэнергіі, быў адразу пушчаны ў дзеянне, і каб мы пачалі пастаўку адразу ж пасля вашага (беларускай дэлегацыі) вяртання ў Беларусь", — заявіла прэм'ер-міністр.
Яна таксама адзначыла, што Украіна і Беларусь могуць актыўна супрацоўнічаць у пытаннях пастаўкі ўкраінскай электраэнергіі ў іншыя краіны. "Мы маглі б шмат зрабіць пры сумесным экспарце электраэнергіі ў іншыя краіны", — сказала Цімашэнка.
Кантракт на пастаўку ўкраінскай электраэнергіі быў падпісаны ў маі 2009 года. Беларусь гатова імпартаваць у 2009 годзе 750 млн. кВт.ч украінскай электраэнергіі па ўзаемавыгадных для бакоў цэнах, нагадвае прэс-служба.
Акрамя таго, на сённяшніх перамовах абмяркоўвалася магчымасць супрацоўніцтва ў сістэме нафтаперапрацоўкі."Украіна можа быць транспартнай краінай, якая паставіць неабходныя аб'ёмы нафты для Беларусі, — лічыць Юлія Цімашэнка. — І ўвогуле, нам трэба падумаць, як гэтыя транзітныя лініі па пастаўках нафты ў Беларусь можна аптымізаваць, каб вырабляць дадатковыя аб'ёмы нафтапрадуктаў як для Беларусі, так і для Украіны".
Паводле вынікаў перамоў прэм'еры таксама заявілі аб найхутчэйшым завяршэнні ўсіх працэдур па дэмаркацыі беларуска-ўкраінскай мяжы,паведамляе прэс-служба.
***
Як паведамляе прэс‑служба ўкраінскага прэзідэнта, «Юшчанка станоўча ацаніў той факт, што дамоўленасці паміж ім і яго беларускім калегам Аляксандрам Лукашэнкам аб актывізацыі супрацоўніцтва дзвюх краін у цэлым рэалізуюцца».
«Я задаволены тым, што ў нас ёсць добры канспект супрацоўніцтва, пачынаючы ад двухбаковых, рэгіянальных, еўрапейскіх узаемаадносінаў. Я ўсяляк буду падахвочваць і ўрад, і палітычныя сілы, і парламент Украіны разам супрацоўнічаць у гэтым кантэксце. Гэта для нас надзвычай важныя адносіны», — сказаў Юшчанка.
Ён выказаў надзею, што падчас цяперашняга візіту ва Украіну беларускага прэм’ер‑міністра будзе прапрацаваны шэраг стратэгічных пытанняў, якія працяглы час не ўдавалася вырашыць. «Спадзяюся, ваш візіт дасць магчымасць усе гэтыя пытанні ўрэгуляваць», — сказаў Юшчанка.
У сваю чаргу, Сідорскі зазначыў, што ўсе дамоўленасці, дасягнутыя падчас мінулай сустрэчы Юшчанкі і Лукашэнкі, узяты ў Беларусі пад «самы сур’ёзны кантроль» і будзе рабіцца ўсё, каб яны выконваліся ў поўным аб’ёме.
«Мы пастаянна надаем увагу развіццю нашых гандлёва‑эканамічных адносінаў. Думаю, у нас ёсць усе магчымасці, каб нарошчваць наш тавараабарот», — сказаў Сідорскі. Пры гэтым ён зазначыў, што летась тавараабарот Беларусі і Украіны склаў 5 млрд. даляраў.
Каментары