Грамадства

«Сотні тысяч, па-ранейшаму актыўныя, патрабуюць пераменаў», — распрацоўнік «Голасу» пра IT-тэхналогіі супраць дубінак

Распрацоўнік праекту «Голас», адзін з дырэктараў IT-кампаніі EPAM Павал Лібер расказвае «Радыё Свабода», як ідзе галасаваньне на плятформе за мірныя перамовы, якіх лічбаў чакаюць ініцыятары галасаваньня, чаго баяцца ўлады, ці ёсьць на баку Лукашэнкі таленавітыя айцішнікі і калі на «Голасе» зьявіцца беларуская мова.

Павал Лібер

Як хутка галасуюць беларусы

— Тое, як ідзе галасаваньне на плятформе «Голас», вас зьдзівіла, уразіла, расчаравала? Ці ўсё ідзе ў адпаведнасьці з чаканьнямі? На якія лічбы вы разьлічваеце на выхадзе?

— Нас прыемна зьдзівіла тая хуткасьць, зь якой людзі пачалі галасаваць. Першы дзень была пікавая нагрузка, якой мы не чакалі, чат-бот нават адказваў з затрымкай. У нас было адчуваньне, што сотні тысяч беларусаў пайшлі прагаласаваць у адзін момант. Падобна, што так і аказалася. У нас вельмі добрая дынаміка галасаваньня.

Калі «Голас» нарадзіўся пры канцы ліпеня, нам спатрэбілася амаль тры тыдні, каб сабраць першы мільён карыстальнікаў. Цяпер бачым амаль 700 тысяч праз чатыры дні ад пачатку галасаваньня.

Мы разумеем, што гэтыя сотні тысяч чалавек — вялізарная колькасьць для сучаснай Беларусі, дзе апошнія 6 месяцаў рэжым усімі спосабамі запалохваў людзей, пераконваў, што іх мала, што «змагароў» 200 чалавек на ўвесь Менск засталося. А тут можна пабачыць за некалькі дзён, што сотні тысяч, па-ранейшаму актыўныя, патрабуюць пераменаў. Гэты эфэкт, магчыма, самы моцны і самы каштоўны з таго, што адбылося за кароткі прамежак часу.

«Улады спрабуюць заблякаваць сайт «Голасу», на якім галасаваньне не адбываецца»

— Давайце пагаворым пра тое, як улады зрэагавалі на галасаваньне за мірныя перамены. Я маю на ўвазе праблемы з інтэрнэтам у Беларусі на наступны дзень, як пачалося галасаваньне. Як вы лічыце, ці можна супрацьпаставіць інтэлекту, кампэтэнцыям свабодных людзей дубінку, прымітыўнае блякаваньне? Ці ёсьць таленавітыя айцішнікі на службе ў рэжыму? Ці там збольшага толькі вітрыны ўмеюць біць і справы фабрыкаваць?

— Мы перакананыя, што там ёсьць таленавітыя людзі, але, найхутчэй, іх там вельмі мала. Практыка сьведчыць, што IT у Беларусі — прыватныя кампаніі. Менавіта таму мы думаем, што там ня так шмат людзей, здольных супрацьдзейнічаць сучасным IT-тэхналёгіям.

Рэжым спрабуе разарвацца. З аднаго боку, яны спрабуюць нас абясцэніць і расказаць, што гэта ўсё фэйкі, што гэта ўсё боты, не жывыя людзі, не зьвяртайце на гэта ўвагі. А з другога боку, яны аддаюць нам усю магчымую легітымнасьць, спрабуючы нас заблякаваць, спрабуючы выключыць інтэрнэт, спрабуючы адключыць сэрвісы кароткіх спасылак Тэлеграму, каб людзі не перасылалі адно аднаму паведамленьні аб галасаваньні.

Яны пацьвярджаюць, што самі гэтага баяцца. Насамрэч усе гэтыя блякаваньні ня вельмі палохаюць, таму што ўлады спрабуюць заблякаваць сайт «Голасу», на якім, па сутнасьці, галасаваньне не адбываецца. Галасаваньне адбываецца ў чат-ботах, і рэжым спрабуе зрабіць, каб людзі да гэтых чат-ботаў не дайшлі, бо там іх кантроль цалкам заканчваецца.

Акрамя тэхналягічных перашкодаў, яны дастаткова актыўна выкарыстоўваюць адміністрацыйны ціск. У нашай зваротнай сувязі вельмі шмат паведамленьняў пра тое, што людзям на заводах і прадпрыемствах наўпрост кажуць, каб не галасавалі, маўляў, забяром тэлефоны і праверым. Надзвычайна пры тым, што гэта галасаваньне ў інтэрнэце, прычым зь вельмі спакойнай фармулёўкай за мірны выхад з крызісу.

Мне падаецца, гэта тое, за што павінны прагаласаваць усёй краінай поўным складам. Мы бачым, што нам спрабуюць чыніць перашкоды, але пакуль што гэта ня мае вялікага эфэкту. Лічыльнік працягвае расьці, людзі ўсё больш уцягваюцца.

Адзінае, што цяпер больш камунікацыі мы будзем пераносіць у мэсэнджары, таму што ня ўсе ўмеюць карыстацца VPN, многім людзям нязручна, што там сайта няма. Таму мы тую аўдыторыю, што цяпер ёсьць, будзем прыцягваць, каб яны далей распаўсюджвалі інфармацыю пра галасаваньне і заклікалі людзей не баяцца. Шмат людзей па-ранейшаму баіцца.

«Мы не зьбіраем пэрсанальныя звесткі»

— Патлумачце, чаму гэта бясьпечна і канфідэнцыйна?

— Важна разумець, што за ўсю гісторыю нашай плятформы, а гэта больш за 8 месяцаў, ніколі ніякія звесткі з плятформы нікуды не пайшлі, ніводзін чалавек ня быў рассакрэчаны. Пры гэтым мы не зьбіраем пэрсанальныя звесткі, мы зьбіраем толькі нумары тэлефонаў, якія хэшуюцца і трапляюць у базу. І нават калі нехта можа атрымаць наўпроставы доступ да нашай базы, ён не пабачыць там ніякіх нумароў тэлефонаў.

Людзі, якія баяцца, што ў іх запатрабуюць паказаць тэлефон і праверыць, ці не галасавалі яны, могуць проста выдаліць паведамленьне ад чат-бота пасьля галасаваньня і паказаць абсалютна пусты тэлефон. У крайнім выпадку можна выдаліць самога чат-бота, каб зусім нічога не было ўсталявана. Гэта можна зрабіць пасьля галасаваньня, голас усё роўна будзе ўлічаны. Мы заклікаем не баяцца, мы разумеем, што 6 месяцаў рэжым запалохваў людзей, спрабаваў пераканаць іх, што любое дзеяньне ў інтэрнэце можа ператварыцца ў абсалютна рэальны грукат у дзьверы, выломваньне дзьвярэй і дубінкі. Але якраз у нашым выпадку не было такіх прэцэдэнтаў.

Мы заклікаем людзей не хвалявацца і выказваць сваю грамадзянскую думку. Вы можаце выказваць абсалютна любую сваю думку, можаце быць згодныя ці нязгодныя. Мы паважаем любую грамадзянскую пазыцыю, дзеля гэтага і задумвалася ўсё гэтае галасаваньне, каб атрымаць аб’ектыўны зрэз, якая колькасьць людзей падтрымлівае, а якая колькасьць людзей не падтрымлівае мірны выхад з крызісу празь перамовы.

Калі будзе беларускамоўная вэрсія

— Плятформе «Голас» закідаюць адсутнасьць беларускамоўнай вэрсіі. Што б вы адказалі?

— Беларуская мова найбліжэйшым часам зьявіцца. Само галасаваньне запускалася ў дастаткова сьціслыя тэрміны. На нашым сайце ёсьць беларуская мова, і, на жаль, мы не пасьпелі дадаць яе на старонку з галасаваньнем. Але да нас прыйшлі валянтэры, які прапанавалі дапамогу зь перакладам. Цяпер мы зь імі працуем і, адпаведна, хутка выпусьцім беларускамоўную вэрсію.

— Раней вы казалі пра тое, што над «Голасам» працавалі каля 40 чалавек. Гэта беларусы, якія альбо жывуць за мяжой, альбо часова выехалі за мяжу, што больш бясьпечна для праекту. Усе яны — супрацоўнікі IT-кампаній: як супэрбуйных у ЗША, так і беларускіх стартапаў. Ці ў бясьпецы каманда?

— Каманда, якая працуе над праектам, у бясьпецы. Большасьць людзей па-ранейшаму за мяжой. Каманда ўжо не такая вялікая. Самы складаны пэрыяд, пік у жніўні мы прайшлі, і цяпер на апытаньнях нам патрэбная меншая колькасьць людзей. Пры гэтым вялізарная колькасьць людзей застаецца ў камандзе са жніўня. Усе яны — валянтэры, робяць гэта ў свой вольны ад працы час. Практычна ва ўсіх ёсьць асноўнае месца працы. Такім чынам праект працягвае жыць і разьвівацца і ўсё яшчэ актыўна прыцягвае сотні тысяч людзей. Спадзяёмся дайсьці да мільёна.

Калісьці «Голас» здолеў дайсьці да мільёна за тры тыдні перад выбарамі. Гэта вельмі важна, бо тая дынаміка, якую мы бачым цяпер, паказвае, што пратэставы настрой, жаданьне пераменаў нікуды не падзеліся. Людзі па-ранейшаму маюць вялікі запыт на тое, каб пабачыць, што іх шмат, і цяперашняе галасаваньне дае ім на гэта адказ.

Чым унікальны беларускі досьвед

— Наколькі ўнікальны беларускі досьвед? Ці выкарыстоўваліся такія рэчы недзе ў сьвеце раней?

— У тым ці іншым выглядзе лічбавыя інструмэнты выкарыстоўваліся ў тым жа Ганконгу, каб паказаць пратэстоўцам, што іх шмат, але не ў такіх маштабах. Гэта вельмі цікавы досьвед, калі сотні тысяч людзей уключаюцца ў нейкую ініцыятыву ўсяго за некалькі дзён. Гэта ўражвае ўсіх — у тым ліку і міжнародную супольнасьць. Вельмі хутка мы атрымалі рэакцыю міжнароднай супольнасьці, якая была моцна ўражаная тым, як актыўна беларусы працягваюць патрабаваць пераменаў, расказваюць, што ў іх ёсьць праблемы. Наш досьвед унікальны, хоць сама канцэпцыя ў тым ці іншым выглядзе выкарыстоўвалася і раней.

— Які патэнцыял «Голасу» ў будучыні?

— У новай Беларусі «Голас» мог бы стаць кампанэнтай лічбавізацыі для правядзеньня рэфэрэндумаў, для лічбавых выбараў. Ён, безумоўна, ня можа замяніць увесь працэс, бо ёсьць вялікая колькасьць людзей, у якіх няма смартфонаў, якія так актыўна не карыстаюцца лічбавымі тэхналёгіямі. Пры гэтым ёсьць і вялізарная частка грамадзтва, якая хоча сёньня рабіць нейкія дзеяньні праз тэлефон, а не хадзіць кудысьці. Мы спрашчаем дзеяньні, лічбавізуем усе гэтыя працэсы, і «Голас» мог бы адыграць вялікую ролю ў гэтым. «Голас» ужо паказаў мільёнам беларусаў, што ўсё можна рабіць праз свой тэлефон. Многія пра гэта нават не задумваліся. Найбліжэйшым часам мы будзем працаваць зь беларускім грамадзтвам. У нас дастаткова вялікая аўдыторыя, гэта сотні тысяч чалавек.

«Голас», які пачуюць

— «Голас» — мэтафарычная назва, вельмі істотная для Беларусі. Голасу пазбаўленыя шмат гадоў многія беларусы, і яны хочуць рознымі спосабамі выказаць свой голас, аддаць свой голас. Як назва зьявілася?

— Назва «Голас» зьявілася ў выніку брэйнстормінгу ўсёй каманды. Ужо ня памятаю, хто прапанаваў, але назву падхапілі, яна прыжылася, і яна, сапраўды, вельмі мэтафарычная. З аднаго боку, паказвае, што адзін голас — істотная рэч, з другога боку — што ў кожнага чалавека мае быць голас, які ён павінен мець магчымасьць выказаць, каб яго пачулі. І гэта тое, што, па сутнасьці, наша плятформа дае беларусам.

Каментары

«Беларусы будуць ціхенька думаць сваё. А вада камень точыць, дый Лукашэнка фізічна не вечны». Глыбокі маналог былога мытніка Алеся Юркойця

«Беларусы будуць ціхенька думаць сваё. А вада камень точыць, дый Лукашэнка фізічна не вечны». Глыбокі маналог былога мытніка Алеся Юркойця

Усе навіны →
Усе навіны

У Італіі беларуса затрымалі ва ўзламанай ім кватэры

Трамп прапанаваў тэлевядоўцу пасаду міністра абароны 5

«Гэта не заробак, гэта бонус». Некаторым беларусам падабаецца атрымліваць частку зарплаты прадуктамі2

«Яна не ў турме, а на спецдачы КДБ!» Канспіролагі накінуліся на Калеснікаву65

«Як людзі на такое вядуцца? Ды вельмі проста». Расповеды беларусаў, якія працавалі тэлефоннымі ашуканцамі12

Алексіевіч пра маршы пратэсту: Цяпер было б больш жорстка, была б кроў. А тады мы думалі, што гэта свята24

Трамп абвясціў імя свайго дарадцы па нацбяспецы11

Атрад беларускіх добраахвотнікаў «Тэрор» заявіў пра самароспуск9

У Абхазіі пасля пратэстаў і перакрыцця мастоў адпусцілі з-пад варты апазіцыянераў

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Беларусы будуць ціхенька думаць сваё. А вада камень точыць, дый Лукашэнка фізічна не вечны». Глыбокі маналог былога мытніка Алеся Юркойця

«Беларусы будуць ціхенька думаць сваё. А вада камень точыць, дый Лукашэнка фізічна не вечны». Глыбокі маналог былога мытніка Алеся Юркойця

Галоўнае
Усе навіны →