Грамадства

Аршанцу, які выхоўвае чатырох дзяцей, прысудзілі «хімію» за абразу міліцыянта

Суд Аршанскага раёну і гораду Воршы прысудзіў 23 красавіка Максіму Шаўлінскаму два гады «хіміі» з накіраваньнем ва ўстанову адкрытага тыпу і выплату тысячы рублёў кампэнсацыі за маральную шкоду, піша Свабода

Яго абвінавацілі па артыкуле 369 (зьнявага прадстаўніка ўлады) за камэнтар у чаце пра супрацоўніка аршанскай міліцыі Вішнеўскага.

«Я быў у шоку, кажу, хлопцы, вы ашалелі, ці што?»

Максіму Шаўлінскаму 32 гады. Падчас працы ў гандлёвай кампаніі ён стварыў закрыты чат «УКантакце», у якім супрацоўнікі абмяркоўвалі карпаратывы.

«На фоне падзеяў, якія адбываліся ў краіне ў жніўні, супрацоўнік, якога таксама судзілі, недзе ў сеціве знайшоў фатаздымак зь міліцыянтам і подпісам, што той быў у ачапленьні і нібыта зьбіў дубінкай дзяўчыну. Ён дадаў гэтае фота ў чат. Усе, натуральна, на нэрвах, — кажа Максім. — Я напісаў гнеўнае выказваньне, што гэта бязьмежжа, што яны робяць. Іншыя таксама пісалі. Напісалі і забыліся. А ў гэтым чаце была касірка, у якой муж міліцыянт. І ён празь яе тэлефон залез у гэты закрыты чат і потым напісаў на мяне заяву. Атрымліваецца, гэты міліцыянт залез у асабістую, чужую інфармацыю. Ён ня меў на гэта права, але гэтага ніхто не хацеў улічваць».

Трэцяга верасьня супрацоўнікі міліцыі забралі Максіма з працы на допыт. Ён прызнаўся, што пісаў у чаце, і даў свой тэлефон для агляду.

«Як з суседзямі на кухні, пагутарылі і забыліся. А яны зачапіліся за гэта, маўляў, зьнявага. Мяне памурыжылі, потым пачалі хлопца, які разьмясьціў здымак, мурыжыць. Яго затрымалі, адвезьлі на суткі ў Віцебск, потым на судзе ў яго я праходзіў як сьведка. Ён звычайны рабацяга, у яго малое дзіця. Яму далі паўтара года «хіміі» па артыкуле 188 (паклёп). Потым сталі цягаць мяне, пачаліся допыты і вобшукі, вопіс маёмасьці».

У лютым у Максіма нарадзілася дачка, а ў сакавіку ён пайшоў яе рэгістраваць у ЗАГС. У гэты час яму патэлефанавалі зь міліцыі, каб прыйшоў у пастарунак. І затрымалі яго на трое сутак.

«Я быў у шоку, кажу, хлопцы, вы ашалелі, ці што?» — кажа Максім.

У пастарунку міліцыянты прапаноўвалі запісаць відэа з прабачэньнямі на адрас Вішнеўскага, якое пакажуць толькі «зьняважанаму». Але Максім адмовіўся, бо такія відэа потым трапляюць на БТ.

«Мой адвакат пагутарыў са сьледчым, маўляў, у мяне малое дзіця, што яны робяць? Сьледчы пагадзіўся, што ня трэба затрымліваць, і мяне адпусьцілі. Але цягалі ў Віцебск, нават на псыхіятрычную экспэртызу. Сабралі справу на два тамы».

Перад судом супрацоўнік міліцыі падаў пазоў на кампэнсацыю ў тысячу рублёў за маральную шкоду.

«Судзьдзя спытаўся, а чаму менавіта такая сума, а не якіх-небудзь 20 рублёў. Ён сказаў, што пацярпеў, перажываў, ноч ня спаў і сапсаваўся апэтыт», — кажа Максім.

Дзяржаўны абвінаваўца папрасіў пакараць Максіма трыма гадамі «хіміі», але суд даў два. Прысуд Максім абскардзіў, чакае выніку. Грашовую кампэнсацыю міліцыянту ён ужо сплаціў, і той даў расьпіску, што прэтэнзій ня мае.

«Калі мяне накіруюць на «хімію», то адкуль жонцы чакаць дапамогі?»

Максім выхоўвае чатырох дзяцей, на старэйшую 12-гадовую дачку ад першага шлюбу выплачвае алімэнты. У сям’і двое сыноў другой жонкі 7 і 9 гадоў і меншая дачка, якая нарадзілася 23 лютага. Сям’я наймае кватэру.

«Тое, што я плачу алімэнты, гэта іх наогул не цікавіць. У іх ідэя ў тым, каб пакараць. Бо маглі даць штраф ці «хатнюю хімію». Але палічылі, што трэба вырваць зь сям’і і накіраваць куды-небудзь далей. А тое, што жонка сядзіць на дзіцячай выплаце, не працуе і я адзіны кармілец, іх не цікавіць. Калі мяне накіруюць на «хімію», то адкуль жонцы чакаць дапамогі? На судзе ўсе плакалі. Бацькі расчараваліся, што ў краіне ёсьць справядлівасьць. Усе сумныя. Беларусь — краіна для сумных».

«Я не лічу сябе злачынцам»

У Максіма, які цяпер працуе сталяром-станочнікам, ёсьць хобі — ён стварае і выконвае электронную музыку, якую выкладвае ў сеціве. Ён таксама займаецца радыётэхнікай, электронікай, рамантуе відэа- і музычнае абсталяваньне, сам вырабляе ўзмацняльнікі і эфэктары. Максім грае на гітары, бас-гітары і клявішных.

«Я выкарыстоўваю пэўныя сэмплы, а гітарныя і клявішныя партыі выконваю сам. Мая музыка — гэта сумесь розных стыляў, для кожнага нешта знойдзецца. Яна павінна станоўча ўплываць на чалавека, каб ён задумваўся пра нешта. Дзякуючы музыцы я выказваю свае эмоцыі і перажываньні».

Паводле Максіма, перасьлед за камэнтары ў чаце — для яго гэта шок, ён ня мог такога нават уявіць.

«Я расчараваўся ў праваахоўнай і судовай сыстэме. Я не лічу сябе злачынцам і не лічу, што за камэнтары трэба так караць. Гэта несправядліва. Але ў нашай краіне справядлівасьць страціла сваё значэньне і сэнс».

Каментары

Цяпер чытаюць

Памятаеце Асоль Слівец? Жыццё фрыстайлісткі змянілася да непазнавальнасці, цяпер яна Абігаль7

Памятаеце Асоль Слівец? Жыццё фрыстайлісткі змянілася да непазнавальнасці, цяпер яна Абігаль

Усе навіны →
Усе навіны

Сапраўдны палац за 90 рублёў. У Беларусі шукаюць гаспадара для пабудовы 1751 года6

Гэтай ноччу тэмпература не апускалася ніжэй за 10 градусаў

Францыя і Канада адкрылі консульствы ў Грэнландыі

Адстаўны падпалкоўнік міліцыі адсудзіў кватэру ў сваёй дачкі. Гучная сямейная гісторыя з Брэста14

Галоўнага судмедэксперта Мазыра асудзілі па справе Гаюна7

Дзяржаўныя СМІ паведамілі пра аднаўленне чыгуначнага злучэння з Польшчай. Ці праўда?11

«Ён яшчэ сваё слова скажа». Ціханоўская — пра Ціханоўскага11

«Нешта можа здарыцца»: Трамп зрабіў новую заяву наконт мірных перамоў аб Украіне1

На Алімпіядзе ізалявалі жаночую зборную па хакеі

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Памятаеце Асоль Слівец? Жыццё фрыстайлісткі змянілася да непазнавальнасці, цяпер яна Абігаль7

Памятаеце Асоль Слівец? Жыццё фрыстайлісткі змянілася да непазнавальнасці, цяпер яна Абігаль

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць