Свет

«Мы цяпер захраслі тут на ўсё жыццё». Курды, якія вярнуліся з Беларусі тыдзень таму, трапілі ў яшчэ большую нявыкрутку

Многія курды, каб назбіраць грошай на падарожжа ў ЕС праз Беларусь, пазычалі грошы і прадавалі маёмасць. 430 з іх вярнуліся дадому ні з чым. Пра трагедыю на мяжы і вяртанне ў безнадзейнасць з імі пагаварылі журналісты «Аль-Джазіры».

Скрыншот відэа з іракскага аэрапорта ад «Аль-Джазіры»

28‑гадовы курд Азад з горада Дахук узгадвае, што казаў жонцы перад выхадам з самалёта ў Эрбіле: «Мы апусцім шапкі нізка на твар, надзенем маскі і выйдзем з аэрапорта як мага хутчэй».

Усе ў сіняках, з болем у вачах, Азад і яго жонка, якая не захацела называць сваё імя, сказалі «Аль-Джазіры», што на польска-беларускай мяжы з імі абыходзіліся як з быдлам. І што вярнуўшыся ў горад, з якога яны так пакутліва спрабавалі з’ехаць, яны не хочуць адказваць на пытанні журналістаў.

«У бліжэйшы час мы паспрабуем проста не думаць пра сваю будучыню ў Курдыстане, бо як толькі мы пачынаем думаць пра гэта, мы разумеем, што будучыні ў нас тут няма, — расказаў пазней Азад журналістам, ужо прыехаўшы ў свой дом. — Але мы абодва разумеем, што мы цяпер захраслі тут на ўсё жыццё».

Азад разам з 430 іншымі іракцамі вярнуўся з Беларусі на эвакуацыйным рэйсе тыдзень таму. У той жа час большасць уцекачоў вырашыла застацца ў Беларусі, спадзеючыся, што раней ці пазней яны ўсё ж прарвуцца ў Польшчу.

«Я вярнуся. Я гатовы спрабаваць яшчэ сотні раз. І наступным летам я паспрабую зноў», — кажа і адзін з пасажыраў эвакуацыйнага рэйса.

Час змірыцца

Вярнуцца ў Ірак было нялёгкім рашэннем. Як і іншыя курды, Азад наашчаджаў грошай, нешта пазычыў у сваякоў, амаль прадаў дом, таму, калі ў мігранцкім лагеры яны з жонкай пачулі пра эвакуцыю, якую ладзіць Ірак для сваіх грамадзян, яны спачатку катэгарычна адмовіліся вяртацца.

«Я помню, як сказаў у тую ноч у намёце жонцы, што мы не для гэтага патрацілі столькі грошай і сіл», — кажа Азад. Але ўжо на наступны дзень беларускія вайскоўцы зноў пачалі выштурхоўваць іх у Польшчу, а польскія — назад у Беларусь.

«Туды-назад, туды-назад, яны гуляліся з намі як з быдлам», — кажа ён, пахмурнеючы. «Вось тады мы і прынялі рашэнне змірыцца і больш не марыць пра тое, каб перабрацца ў Еўропу».

Гісторыя Азада — толькі маленькая доля гуманітарнай катастрофы на мяжы Беларусі і Польшчы. На сёння прынамсі адзінаццаць чалавек загінулі падчас памежнага крызісу і шмат людзей усё яшчэ мёрзнуць у лясах, не маючы дастаткова вады і ежы.

Скрыншот з відэа ў аэрапорце Ірака ад «Аль-Джазіры»

Змрочная карціна чакае і тых, хто вяртаецца ў Курдыстан. Пасты з сацыяльных сетках расказваюць пра бяду і нястачу, у якую вяртаюцца людзі з самалёта. Адна курдская сям’я нават не мела грошай, каб узяць таксі з аэрапорта ў лагер вымушаных перасяленцаў, дзе яны жылі да ад’езду.

Мой адзіны шанец

Хаця Курдыстан, рэгіён, дзе жывуць курды і язіды, у параўнанні з іншымі рэгіёнамі Ірака можа пахваліцца адноснай бяспекай і росквітам, курды ўсё часцей не могуць знайсці працу і скардзяцца на суцэльную карумпаванасць краю. Некаторыя раёны тут былі разрабаваныя войскамі ІДІЛу і яны ўсё яшчэ не могуць аднавіцца.

Працаўладкавацца ў Курдыстане амаль немагчыма. «Я шукаў-шукаў, але так і не знайшоў працу, таму маім адзіным шанцам было — з’ехаць з Эрбіля», — расказаў «Аль-Джазіры» яшчэ адзін малады чалавек, які ўсё яшчэ застаецца ў Беларусі.

Мясцовы курдскі ўрад падкрэслівае, што мігранцкі крызіс арганізавалі кантрабандысты, і ўлады ўжо пачалі расследаванне, арыштаваўшы першых 10 падазраваных у незаконным вывазе людзей. Але многія людзі, што пагаварылі з «Аль-Джазірай», казалі, што яны добраахвотна паляцелі, афіцыйна аформіўшы ўсе квіткі і візы праз турыстычныя агенцтвы.

Для тых 430 людзей, што вярнуліся з Беларусі, будучыня выглядае цяпер яшчэ больш змрочнай, чым перад падарожжам. Іх чакае цяпер яшчэ больш адчаю і безвыходнасці.

«Я не чакаю таго, што сродкі масавай інфармацыі сапраўды будуць турбавацца пра нас, і не думаю, што людзі могуць зразумець, праз што мы прайшлі, але я рады, што мне ёсць з кім пагаварыць», — кажа Азад на заканчэнне размовы.

Бежанец ці мігрант? У чым розніца і чаму называць эканамічных мігрантаў «бежанцамі» азначае шкодзіць самім бежанцам?

«Нават ведаючы, што мяне чакае смерць наперадзе, я не хачу паміраць тут». Чаму курдская моладзь масава пакідае Ірак?

Каментары

Цяпер чытаюць

Наладжваецца бізнэс па афармленні расіянамі беларускіх ВНЖ на фіктыўных падставах. Усё дзеля куплі аўто на беларускіх нумарах

Наладжваецца бізнэс па афармленні расіянамі беларускіх ВНЖ на фіктыўных падставах. Усё дзеля куплі аўто на беларускіх нумарах

Усе навіны →
Усе навіны

У Польшчы прадаюць фотаздымак Ціханоўскай з яе аўтографам5

Тэлевышкі ў Беларусі: украінскі эксперт растлумачыў, чаму маякі на іх складаней заглушыць, чым GPS5

Беларуска на «Міс Сусвет» здзівіла сваім уборам22

Фірмовую краму магілёўскага мясакамбіната ў Мінску ўрачыста адкрывалі з удзелам ганаровай варты, святара і Карпянкова ФОТАФАКТ13

Беларусаў шакаваў рост цэнаў на скумбрыю, яйкі і сала. Вось што людзі кажуць11

Зяленскі зноў заявіў пра сістэмныя абмежаванні хуткасці Starshield над Украінай — да 161 км/г8

У Рыме ідзе «дождж» з памёту: людзі ходзяць з парасонамі ВІДЭА7

У выніку выбуху ў Санкт-Пецярбургу мог загінуць галоўны штурман 6‑й арміі ВПС і СПА5

Пакаралі літоўскіх памежнікаў, якія стаялі на шухеры пры перакідванні цыгарэт праз мяжу5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Наладжваецца бізнэс па афармленні расіянамі беларускіх ВНЖ на фіктыўных падставах. Усё дзеля куплі аўто на беларускіх нумарах

Наладжваецца бізнэс па афармленні расіянамі беларускіх ВНЖ на фіктыўных падставах. Усё дзеля куплі аўто на беларускіх нумарах

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць