Здароўе

Чалавек памёр пасля таго, як занадта хутка выпіў паўтара літра кока-колы. Тлумачым чаму

Тры павучальныя гісторыі пераказаў Марк Газлян у сваім медычным блогу на партале французскага выдання «Монд».

Самы свежы з гэтых выпадкаў — гісторыя 22-гадовага кітайца, які сканаў у бальніцы ў Пекіне, пасля таго як у спякотны дзень за 10 хвілін выжлукціў 1,5 літра колы.

Хлопцу стала кепска, яго прывезла ў бальніцу хуткая дапамога са скаргамі на вострыя болі ў верхняй частцы жывата.

Тамограф паказаў бурбалкі газу ў вялікай вене, якая нясе кроў ад усяго стрававальнага тракту да печані, і ў сценках кішак, а таксама ішэмію печані.

18 гадзінаў рэанімацыйных захадаў не ўратавалі маладога чалавека.

Тамаграфія пацыента. A: Стрэлкі паказваюць на пнеўматоз унутрыпячонкавых адгалінаванняў варотнай вены (наяўнасць паветра ў гэтым сасудзе). B: Назапашванне газу ў сценцы кішэчніка (маленькія стрэлкі). Вялікая стрэлка паказвае на верхнюю брыжэечную артэрыю. Lyu S et al. Clin Res Hepatol Gastroenterol. 2021 May;45(3):101682.

У гэтага пацыента выпіванне вялікага аб’ёму колы за такі кароткі час выклікала назапашванне вялікага аб’ёму газу ў стрававальным тракце і хуткае падвышэнне ціску ў кішэчніку, з-за чаго газ трапіў у вену. Гэты незвычайны клінічны выпадак апісалі ў маі 2021 году хірургі шпіталя Чааян у Пекіне ў часопісе Clinics and Research in Hepatology and Gastroenterology.

Другі трагічны выпадак здарыўся ў Турцыі ў месяц Рамадан, калі прававерныя мусульмане трымаюць пост, ім забаронена есці днём.

Пасля дванаццаці гадзін поўнага ўстрымання ад ежы згаладалы хлопчык з'еў адразу дзве вялікія асновы для піцы з мясным фаршам і гароднінай — агульным аб’ёмам 180 г цеста, 120 г мяса і 100 г гародніны. Пасля гэтага ён з’еў 300 г марозіва, вялікі пакет чыпсаў і вінаград, а смагу наталіў, выпіўшы ажно літр газіроўкі. Даставілі хлопчыка ў шпіталь з уздутасцю жывата ў моцнай форме. На жаль, праз 45 хвілінаў ён памёр у рэанімацыі. Пра гэты выпадак паведамілі ў 2017 годзе турэцкія дзіцячыя хірургі ў часопісе Pediatric Emergency Care.

Падобны ж выпадак апісалі ўжо японскія судмедэксперты: 36-гадовы мужчына з лёгкімі разумовымі адхіленнямі падчас 1,5-гадзіннага візіту ў рэстарацыю з сябрамі з’еў некалькі порцый шашлыку, а таксама дзве вялікія порцыі сушы, дадаў наверх рысу з кары, смажанае кураня, бульбы і дэсертаў.

Ды ўсё тое запіў шматлікімі безалкагольнымі напоямі. Напрыканцы застолля яму стала кепска, ён быў вымушаны прылягчы. Па вяртанні дадому лепш не стала, і бацька адвез яго ў клініку, дзе яму далі лекі для аблягчэння стрававання ды выправілі дадому. Праз пяць гадзін мужчына ў нязменным стане трапіў ужо ў іншую бальніцу, атрымаў яшчэ лекаў для стрававання і вярнуўся дадому. Трэці візіт, ужо ў трэцюю бальніцу, і зноў вяртанне дадому. Без паляпшэння стану мужчына ў чацверты раз выправіўся ў шпіталь, але ў дарозе яму стала ўжо зусім блага, і хуткая дапамога завезла яго ў рэанімацыю, бо самастойна дыхаць ён ужо не мог. Дактары выкарысталі страўнікавы зонд, каб адсмактаць два літры змесціва, але было позна: пацыент памёр.

Ускрыццё паказала надзвычай расцягнуты страўнік і некроз сценак страўніка. Абструкцыя дванаццаціперснай кішкі спыніла апаражненне страўніка і пераціснула брыжэечную артэрыю. Медыкі падкрэсліваюць, што пры пашырэнні страўніка патрэбна ранняя дыягностыка і хуткае лячэнне: «клініцысты мусяць мець на ўвазе, што вострае пашырэнне страўніка можа адбыцца ў выніку простага пераядання нават у людзей, нясхільных да разладу харчовых паводзінаў».

Гэтыя недарэчныя трагедыі нагадваюць нам, піша Марк Газлян, што ўсё ж маюць рацыю старыя бабульчыны парады есці павольна, добра перажоўваючы ежу, ды падымацца з-за стала з пачуццём лёгкага недаедання, а не з раздзьмутым трыбухом.

Каментары

Цяпер чытаюць

Міліцыя затрымала таго самага расійскага турыста, які кінуў недакурак на вуліцы. Заўтра суд14

Міліцыя затрымала таго самага расійскага турыста, які кінуў недакурак на вуліцы. Заўтра суд

Усе навіны →
Усе навіны

Ці варта дзецям карыстацца ChatGPT? Разважае сузаснавальнік EPAM Леанід Лознер1

Пуцін накіраваў сваю яхту на поўнач — у Мурманск4

NASA запусціла робата, каб паспрабаваць адсунуць каштоўную касмічную абсерваторыю далей ад Зямлі

Беларус напаў з нажом на расійскага паліцэйскага, які сабраўся затрымаць яго за нелегальнае знаходжанне ў краіне3

ГУР Украіны знішчыла расійскі знішчальнік Міг-29 пад Севастопалем1

Зяленскі прапанаваў Пуціну сустрэцца ў Канстанцінаўцы, «раз яна цяпер пад кантролем Расіі»1

Крэмль апублікаваў відэа з Пуціным у вобразе палкаводца14

Футболка гэтага гульца стала самым прадаваным таварам на чэмпіянаце свету

Сын спявачкі Галіны Шышковай і былой зоркі тэлебачання Ягора Хрусталёва пайшоў працаваць на БТ6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Міліцыя затрымала таго самага расійскага турыста, які кінуў недакурак на вуліцы. Заўтра суд14

Міліцыя затрымала таго самага расійскага турыста, які кінуў недакурак на вуліцы. Заўтра суд

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць