Дудзь: Расійская ўлада ўсе апошнія гады старанна размывала годнасць
Юрый Дудзь размясціў у сябе ў Тэлеграме чарговы допіс, прысвечаны апошнім падзеям.
«Учора ўвечары стала вядома, як на анлайн-канферэнцыі ААН па клімаце прадстаўнік Расіі Алег Анісімаў прамовіў: «Цяпер я выступаю не як член расійскай дэлегацыі, а як чалавек, які пражывае ў Расіі і выказвае сваё спачуванне Украіне, і шкадуе аб тым, што мы не змаглі прадухіліць вось гэтыя дзеянні».
Анісімаў (доктар геаграфічных навук, прафесар, загадчык аддзела Інстытута «Расгідрамета») трапіў у навіны, а «Медуза» ўзяла ў яго разгорнуты каментарый. Вельмі хочацца, каб гэты каментарый увайшоў у падручнікі па гісторыі і сацыялогіі, якія будуць вывучаць падаўленне чалавечай волі ў Расіі.
Там было, напрыклад, такое:
«Я баюся, што маё выступленне адаб'ецца на маёй кар'еры. Вядома, баюся. Але, паслухайце мяне, мне 64 гады. Праз два тыдні будзе 65. Я жыву ў Расіі і не хачу бегчы з гэтай краіны, сваёй Радзімы, проста з-за таго, што я чагосьці асцерагаюся. З пункту гледжання грамадзяніна краіны, я не сказаў нічога такога, што гэтую краіну б зганьбіла. Нічога такога не сказаў, так. І ўсе гэтыя мае асцярогі — нішто ў параўнанні з тым пачуццём задавальнення, якое я атрымаў, выказаўшы сваю пазіцыю. Ведаеце, не заўсёды ўдаецца сказаць так, каб гэта пачулі ўсе краіны ААН».
Упэўнены, што амаль любы чалавек (і дакладна той, хто па нейкіх прычынах можа казаць на вялікую аўдыторыю) сутыкаўся з гэтым:
у Расіі адбываецца нешта несправядлівае, ты хочаш пра гэта выказацца, але баішся, бо жывеш у рэпрэсіўнай дзяржаве, сабраўшыся з сіламі, усё роўна выказваешся, накрывае хваляй нейкага асаблівага, рэдкага пачуцця — трывога нікуды не сыходзіць, але табе лепш.
Гэта асаблівае пачуццё — і ёсць тое самае задавальненне (не блытаць з самазадаволеннем) ад таго, што ты не засцаў і выказаў сваю пазіцыю. З такіх задавальненняў, нават у самым невялікім і не прынцыповым пытанні, аднаго заадным, і складваецца чалавечая годнасць, такія задавальненні ў выніку і робяць нас людзьмі.
Расійская ўлада ўсе апошнія гады гэтую годнасць старанна размывала, але ў апошнія дні проста шарахнула па ёй кіслатой: вайну з Украінай нельга называць «вайной», крытыкі ўварвання ва Украіну — здраднікі.
Чаму так адбываецца — зразумела: людзі Пуціну ўжо даўно не патрэбныя. Гэта было ясна і так, але цяпер яшчэ і зарыфмавалася бясконцымі нарадамі за кіламетровым сталом: нават найбліжэйшыя паплечнікі, нават у разгар найцяжэйшай вайны не набліжаюцца да нацыянальнага лідара і атрымліваюць ядзерныя загады з іншага канца кабінета.
А паколькі чалавечую годнасць, як біцэпс і прэс, трэба трэніраваць пастаянна, дазволю сабе некалькі разоў выказаць сваё меркаванне.
1. Пуцін уварваўся на тэрыторыю суверэннай дзяржавы і вядзе там вайну.
2. Улада сакралізавала свята Дня Перамогі (у тым ліку увёўшы ў Канстытуцыю і Крымінальны кодэкс адпаведныя артыкулы), але ўжо чатыры дні скручвае і адпраўляе пад адміністрацыйны арышт людзей, якія выходзяць на мітынг з плакатамі «Не — вайне».
3. Мінабароны Расіі сцвярджае, што знішчае з дапамогай высокадакладнай зброі толькі ваенныя аб'екты праціўніка, але ва Украіне, па даных ААН, ужо больш за 100 загінулых мірных жыхароў, сотні параненых, больш за 350 000 бежанцаў і невядома колькі тысяч — у бомбасховішчах.
4. Пуцін яшчэ ў верасні 2021 года назваў галоўным ворагам Расіі беднасць, але ўжо праз пяць месяцаў тарпедаваў эканоміку нашай краіны і вырак значную частку насельніцтва не на беднасць, а на галечу.
5. «А як жа Данбас усе гэтыя 8 гадоў?» Данбас усе гэтыя 8 гадоў — гэта трагедыя з тысячамі ахвяр. З вялікай доляй верагоднасці, гэтай трагедыі не здарылася б, калі б не ўдзел Расіі. І так, усе гэтыя 8 гадоў там было шмат несправядлівага і жудаснага з абодвух бакоў.
6. Пуцін сцвярджае, што асноўныя сутыкненні Расіі — не з рэгулярнай украінскай арміяй, а з атрадамі неанацыстаў і бандэраўцаў, і вось ад гэтага вушам, вядома, цяжэй за ўсё. Добра, што неанацысты выконваюць загады галоўнакамандуючага-габрэя. Добра, што ў ліку тых, хто гэтаму галоўнакамандуючаму прапануе дапамогу — прэм'ер-міністр Ізраіля.
Любы, каму людзі яшчэ патрэбныя, хто размаўляе са сваімі сябрамі і роднымі ва Украіне, у курсе: абараняцца там выйшлі прыкладна ўсе.
У тым ліку тыя, для каго Бандэра зусім не герой і хто кожнае 9 мая сустракае з той жа горыччу і цеплынёй, як гэта робяць у Пецярбургу, Валгаградзе і Маскве. Гэтыя людзі — грамадзяне сучаснай Украіны, якія абараняюць свой дом.
7. Не ведаю, ці ёсць яшчэ людзі, якія маюць на Пуціна хоць нейкі ўплыў, але, дапусцім, ёсць. Не ведаю, як яны цяпер засынаюць і прачынаюцца і што трэніруюць паміж абуджэннем і сном. Але ўсім ім — ад Ратэнбергаў да Цімчанкі, ад Чэмезава да Грэфа, ад Абрамовіча да Мардашова, ад Кудрына да Эрнста — хочацца нагадаць адно: чалавечая годнасць цяпер — не ў Крымскіх мастах і не ў перамогах у Лізе чэмпіёнаў. Годнасць — у тым, каб выказаць вашаму начальніку сваю пазіцыю (а ў многіх з вас яна шмат дзе супадае з маёй) і растлумачыць яму, што за катастрофа адбываецца прама цяпер.
8. Фінальнае і галоўнае: гэтая вайна павінна быць неадкладна скончаная.
Каментары