Эканоміка

Што такое дэфолт? Ён будзе ў Беларусі? Што тады рабіць? Даём простыя адказы на складаныя пытанні

Уварванне ва Украіну прывяло да таго, што ўсе аналітыкі прагназуюць Расіі дэфолт у самым хуткім часе. А што будзе з Беларуссю — таксама дэфолт? І як гэта адаб’ецца на звычайных грамадзянах? Пакуль беларуская ўлада настроеная адкладваць гэта, спадзяючыся, што атрымаецца неяк выкруціцца. Цяпер многае залежыць ад рашэнняў ЗША, тлумачыць эканаміст Зміцер Крук.

Дэфолт — што гэта?

Гэта тэхнічны тэрмін для сітуацыі, калі краіна не можа выконваць фінансавыя абавязкі, плаціць даўгі. 

На нашай прасторы «дэфолт» стаў страшным словам і асацыюецца з фінансавым армагедонам, бо згадваецца 1998 год, калі ў Расіі адбыўся дэфолт з сумнымі наступствамі. Тады многія краіны-суседкі былі фінансава звязаныя з Расіяй, і хваля фінансавай панікі ўдарыла і па іх, у тым ліку і па Беларусі. 

Калі дэфолт адбываецца па дзяржаўных аблігацыях, то гэта істотны ўдар па ўсім фінансавым рынку краіны, бо дзяржаўныя аблігацыі, дзяржаўныя абавязацельствы выступаюць свайго роду якарам для фінансавага рынку, бо ўсё прывязанае да іх. І калі дзяржава не ў стане выконваць свае абавязацельствы, рэзка знікае давер на фінансавым рынку, пачынаецца фінансавая паніка, фінансавы хаос.

Ці адбудзецца дэфолт у Расіі? 

Расіі абмежавалі выкарыстанне іх золатавалютных рэзерваў, і ўсе рэйтынгавыя агенцтвы і інвестыцыйныя банкі кажуць, што дэфолт — пытанне некалькіх тыдняў, можа, месяца. Кажуць пра сярэдзіну красавіка. 

Расія кажа, што будзе выплачваць даўгі ў расійскіх рублях, але гэта парушэнне абавязацельстваў. Калі аблігацыі, намінаваныя ў валюце, пагашаць трэба таксама ў валюце. Выплаты ў рублях могуць таксама класіфікавацца як дэфолт.

Таму з вельмі вялікай імавернасцю дэфолт у Расіі будзе.

А ў Беларусі? 

Тут сітуацыя нявызначаная. У нас ёсць пакуль толькі пастанова ЕС, што наш Нацбанк не можа выкарыстоўваць свае рэзервы. Астатнія краіны, перш за ўсё ЗША, пакуль такіх рашэнняў не прымалі. Якую частку рэзерваў Нацбанк мае пад юрысдыкцыяй ЕС — пытанне, гэтая інфармацыя не раскрываецца. 

Калі Нацбанк у стане распараджацца большай часткай сваіх рэзерваў, то патэнцыйна ён зможа заплаціць 350 мільёнаў даляраў, якія трэба заплаціць за наступныя два месяцы.

Таксама важны настрой улады. Калі ўлада лічыць дэфолт непазбежным, то можа не зацягваць, абвяшчаць яго хутчэй. Але

пакуль, выглядае, што беларуская ўлада настроеная адкладваць гэта, спадзеючыся, што атрымаецца неяк выкруціцца. Па знешніх прыкметах, улада паводзіць сябе як падчас першай хвалі кавіду. 

Калі ЗША вырашаць не абмяжоўваць беларускаму Нацбанку выкарыстанне яго рэзерваў, то ў наступныя месяцы чакаць дэфолт не варта. Але з мая па люты наступнага года дэфолт усё роўна вельмі імаверны, бо доступу да знешніх пазыкаў амаль няма, а сума для пагашэння за гэты перыяд набягае істотная. Вылучу канкрэтны пункт: у лютым 2023 года трэба аднаразова сплаціць прыкладна 800 мільёнаў даляраў. Нават калі Беларусь дацягне да гэтага часу без дэфолту, то вельмі верагодна, што разлічыцца ў лютым 2023 улада ўсё ж ужо не зможа.

Беларусі трэба плаціць адносна невялікія сумы. Можа Расія нам пазычыць грошы?

Патэнцыйна гэта магчыма. Але я ў гэта не веру. Бо ў сітуацыі фінансавай напружанасці дзяржава звычайна пачынае лічыць кожны лішні даляр. Фінансавая логіка кажа, што гэта амаль выключана.

Таксама магчымасці Расіі усё ж абмежаваныя і сваіх фінансавых праблем у іх хапае. У такой сітуацыя яшчэ клапаціцца пра Беларусь — сумнеўна.

Але пытанне расійскай падтрымкі, магчыма, будзе залежаць не ад фінансавай сітуацыі. Напрыклад, дадуць грошай як своеасаблівую падзяку за падтрымку Беларуссю нападу на Украіну.

Трэба баяцца дэфолту? 

Дэфолт найбольш небяспечны, калі ён становіцца прычынай, якая запускае негатыўныя працэсы. А цяпер усё пачалося і без яго.

У бягучай сітуацыі да дэфолту трэба ставіцца значна прасцей. Бо амаль усе фінансавыя наступствы, якія звычайна адбываюцца пасля дэфолту, фактычна адбываюцца ўжо цяпер. І дэфолт можа стаць ужо вішанькай на торце, завяршаючай фазай гэтых адмоўных трэндаў, якія ёсць і ў Расіі, і ў Беларусі. Фактычна, этап фінансавага хаосу ўжо пачаўся да дэфолту, у першую чаргу ў Расіі.

Калі дэфолт здарыцца, ён можа дадаткова трыгернуць сітуацыю. Але ці яшчэ будзе на той момант што трыгерыць, вось у чым пытанне.

Дэфолт аб’яўлены. Чаго чакаць звычайнаму чалавеку?

Хутчэй за ўсё, на момант, калі дэфолт адбудзецца, ён ужо не так істотна паўплывае на сітуацыю. Курс даляра, цэны ўжо пачалі жыць сваім жыццём. Дэфолт, магчыма, толькі трошкі паскорыць гэтыя працэсы, але, магчыма, і наогул ніяк не адаб’ецца. 

Тое, што я бачу на рынку, гэта ўжо ўведзеныя нефармальныя абмежаванні: максімальна адцягваць час выдачы грошай і дэпазітаў. Таму дэфолт тут амаль нічога не зменіць.

Дзяржава не мае грошай плаціць даўгі, абвяшчае дэфолт. Што будзе пасля? Зноў дэфолт праз месяц?

Дэфолт — сітуацыя аднаразовая, ён фіксуецца, пазычальнік прызнае, што не ў стане выконваць абавязацельствы. Пасля звычайна з крэдыторамі дамаўляюцца пра рэструктурызацыю даўгоў, бяруць адтэрміноўкі на пагашэнне. Логіка крэдытораў тут простая: атрымаць хоць нешта. Таму не трэба чакаць некалькіх дэфолтаў за год, такога не будзе.

Каментары

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Хто той чацвёрты вайсковец ЗША, якога дагэтуль шукаюць? І які амаль супадае па ўзросце з амерыканцам, затрыманым пад Маладзечнам9

Хто той чацвёрты вайсковец ЗША, якога дагэтуль шукаюць? І які амаль супадае па ўзросце з амерыканцам, затрыманым пад Маладзечнам

Усе навіны →
Усе навіны

11 песень-заклёнаў — у Анастасіі Рыдлеўскай выйшаў новы альбом на трох мовах

У Крыме спалілі магілу загінулага ваенкара «Известий»4

У Белавежскай пушчы зацвілі пралескі5

У Маскоўскім раёне сталіцы з'явіцца «Сад вершаў»

Чаму не зашкварна хадзіць на канцэрты Меладзэ — тлумачыць Лойка46

Герояў прапагандысцкага фільма пра эмігрантаў з ананімных акаўнтаў зазываюць вярнуцца ў Беларусь7

У Расіі абверглі інфармацыю пра новы небяспечны вірус

У Беларусь экстрадавалі кілера банды Марозава. Цяпер яго расстраляюць? А вось і не1

Вайсковую машыну з амерыканскімі вайскоўцамі, што затанула на палігоне ў Літве, дасталі

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Хто той чацвёрты вайсковец ЗША, якога дагэтуль шукаюць? І які амаль супадае па ўзросце з амерыканцам, затрыманым пад Маладзечнам9

Хто той чацвёрты вайсковец ЗША, якога дагэтуль шукаюць? І які амаль супадае па ўзросце з амерыканцам, затрыманым пад Маладзечнам

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць