Украіна просіць Польшчу, Літву, Латвію і Эстонію закрыць межы з Беларуссю
Улады Украіны і Польшчы праводзяць перамовы па пытанні закрыцця польска-беларускай мяжы. Пра гэта пасол Украіны ў Польшчы Андрэй Дзяшчыца распавёў падчас Украінскага нацыянальнага тэлемарафона.
«Мы праводзім перамовы з Міністэрствам інфраструктуры Польшчы, з урадам Польшчы з мэтай, каб усё ж былі цалкам закрытыя межы. Нават калі рашэнне не будзе прынятае на ўзроўні ЕС», — паведаміў Дзяшчыца.
Акрамя таго, па словах дыпламата, Украіна звярнулася да Літвы, Латвіі і Эстоніі з аналагічнай просьбай — аб закрыцці межаў з Расіяй і Беларуссю.
«Я думаю, што гэтае рашэнне будзе прынятае. Тады не прыйдзецца чакаць ЕС, і мы заблакуем цалкам любыя дастаўкі ў Расію», — патлумачыў пасол.
25 сакавіка міністэрства інфраструктуры Украіны паведаміла аб адпраўцы звароту ў Еўракамісію з просьбай заблакаваць сухапутныя і марскія транспартныя зносіны з Расіяй і Беларуссю. Гэта дало б магчымасць перапыніць пастаўкі ў Расію тавараў двайнога прызначэння, якія маглі б быць выкарыстаныя ў ваенных мэтах, заявіла міністэрства.
Каментары