«Гандлёвыя патокі будуць ісці праз Грузію і Казахстан». Як Беларусь зможа абыходзіць большасць санкцый Захаду?
Каб купляць аўто, фірмы рэгіструюць акаўнты ў ЗША. А старыя схемы па ўвозе імпарту наладжваюць праз новыя краіны. «Наша Ніва» разбіралася, якія санкцыі з'яўляюцца найбольш адчувальнымі і як эканоміка будзе выжываць ва ўмовах шматлікіх абмежаванняў.
Персанальныя санкцыі амаль не маюць сэнсу
Эканаміст Яраслаў Раманчук мяркуе, што частка санкцый, якія ўводзяцца, маюць толькі псіхалагічны або дэкаратыўны характар. Да «псіхалагічных» ён у першую чаргу адносіць персанальныя санкцыі.
«Калі ўводзяць санкцыі супраць нейкіх фізічных асоб, то трэба разумець, што яны фактычна не маюць істотнага значэння. Часта яны нават нічога не мяняюць у жыцці саміх людзей, якія трапілі ў санкцыйны спіс, не кажучы ўжо пра функцыянаванне рэжыму. Ёсць шэраг чыноўнікаў і сілавікоў, якія ніколі не мелі рахункаў у замежных банках, не валодалі там нерухомасцю, ніколі не ездзілі ў Еўропу, ЗША і наогул наўрад ці планавалі калі-небудзь гэта рабіць».
Раманчук адзначае, што санкцыі ўводзяць з разлікам на тое, каб паўплываць на паводзіны Пуціна і Лукашэнкі. Зыходзячы з гэтага, эканаміст прапануе разглядаць уведзеныя забароны і абмежаванні менавіта з пункту гледжання таго, наколькі яны спрыяюць дасягненню агучаных мэтаў.
«Калі мы гаворым аб санкцыях у дачыненні да так званых «кашалькоў» Лукашэнкі, то мы павінны разумець, што ў нашай краіне няма такіх бізнэсоўцаў, якія маглі б хоць як-небудзь уплываць на прыняцце рашэнняў Лукашэнкам. Як, напрыклад, у свой час гэта мог рабіць Барыс Беразоўскі.
Падобныя «кашалькі» для рэжыму з'яўляюцца проста расходным матэрыялам, які калісьці выконваў свае функцыі і па прычынах, вядомых толькі самому Лукашэнку, перастаў іх выконваць. Таму, як і ў выпадках з персанальнымі санкцыямі ў дачыненні да палітыкаў і сілавікоў — гэта ніяк не ўплывае на функцыянаванне рэжыму».
У той жа час эканаміст вылучае санкцыі, якія, на яго думку, сапраўды наносяць сур'ёзны ўрон. Сярод іх — забарона літоўскага боку на выкарыстанне марскіх партоў для транзіту калійных угнаенняў.
«Адна гэтая мера аказалася больш дзейснай, чым усе папярэднія разам узятыя.
Другая балючая санкцыя — забарона на грузаперавозкі ў краінах ЕС беларускім транспартным кампаніям».
Старыя схемы праз новыя краіны
У той жа час санкцыі, звязаныя з забаронай на гандаль з асобнымі прадпрыемствамі, абыходзяцца праз фірмы-пракладкі.
«Многія гандлёвыя патокі будуць выбудоўвацца праз Грузію, Арменію, Казахстан і Кыргызстан. Раней для абыходу санкцый Расія актыўна выкарыстоўвала Беларусь, але наша краіна таксама стала таксічнай, як суагрэсар. Таму ў цяперашніх умовах Расія і Беларусь будуць карыстацца гэтымі шляхамі, і ўвесь схематоз, які працаваў у 2014-2022 гадах праз Беларусь, цяпер будзе дзейнічаць праз гэтыя краіны.
Да таго ж мы маем Кыргызстан, межы якога з'яўляюцца самай вялікай дзіркай на межах ЕАЭС. Частка мяжы фактычна кантралюецца не кіргізскімі мытнікамі і памежнікамі, а расійскімі злачыннымі групоўкамі», — адзначыў эксперт.
Кажучы пра абыход санкцый, можна згадаць досвед Беларусі ў абыходзе контрсанкцый, уведзеных РФ. Нягледзячы на забарону імпарту з ЕС прадуктаў харчавання расійскім бокам, польскія яблыкі і гішпанскія мандарыны ўсе гэтыя гады працягвалі паступаць на рынак РФ.
Выкарыстоўваліся розныя падыходы. Напрыклад, у выпадку з польскімі яблыкамі магла працаваць наступная схема: яблыкі з Польшчы па дакументах ехалі ў Беларусь, тут размытніваліся, а пасля адпраўляліся ў Расію, толькі ўжо пад выглядам вырашчаных у Беларусі.
Для ўвозу садавіны і гародніны, якія па зразумелых прычынах не маглі быць вырашчаны ў Беларусі, выкарыстоўваліся іншыя схемы, да якіх далучаліся латвійскія і літоўскія фірмы і склады. Іспанскія садавіна і гародніна дастаўляліся ў адну з прыбалтыйскіх краін, дзе прадукты перагружаліся ў іншыя фуры, на іншыя палеты, пасля чаго па дакументах гэта ўжо былі прадукты, вырашчаныя, напрыклад, у Сербіі ці Чарнагорыі.
З пэўнай доляй скепсісу эканаміст ставіцца і да санкцый ад замежных кампаній, якія прыпынілі дзейнасць свайго бізнэсу на тэрыторыі Расіі.
«З-за рэпутацыйных рызык многія аказаліся ў становішчы, калі нельга гэтага не зрабіць, але потым яны пачынаюць знаходзіць шляхі адыходу. Напрыклад, перадаюць кіраванне іншым кампаніям, каб асноўны брэнд не быў замазаны ў гэтым. Да таго ж, многія ўсяго толькі заяўляюць аб спыненні інвеставання ў новыя праекты, аб згортванні рэкламных праектаў і г.д. Трэба разумець, што ў любых краінах былі і ёсць людзі, для якіх грошы важнейшыя за ўсе прынцыпы і маральныя нормы.
Да таго ж у гэтым спісе каля 500 кампаній, таму як мінімум з-за іх вялікай колькасці праверыць, наколькі яны выконваюць умовы санкцый і ўласныя абяцанні, вельмі складана», — адзначае эксперт.
Тым не менш той факт, што частка санкцый фактычна не мае ніякага ўплыву, а іншыя можна абысці, не адмяняе крызісу, якія чакае Беларусь і Расію.
«Калі хтосьці і выйграе ад санкцый, то гэта будзе вузкае кола людзей з наменклатурнага і сілавога блокаў, а таксама набліжаных да ўлады бізнэсоўцаў, якія будуць узбагачацца шляхам выкарыстання розных схематозаў. У глабальным сэнсе ніякай карысці для эканомікі, вядома, ж няма», — дадаў эксперт.
Флагманы, якія экспартавалі прадукцыю, трапілі ў лагістычную блакаду з-за вайны ва Украіне
Падобнае меркаванне датычна абыходу санкцый і заробку на гэтым выказалі ў эканамічнай службе Народнага антыкрызіснага ўпраўлення.
«Беларускі бізнэс, асабліва блізкі да ўлады, вельмі даўно ў тэме абыходу санкцый, тут добра дапамагае шматгадовы досвед кантрабанды. У іх добра выбудаваная лагістыка, ёсць ланцужкі фірмаў-пракладак, кіраваная мытня.
Калі ЕС зачыніў транзіт нафтапрадуктаў, яны паспрабавалі ўжыць схему з растваральнікамі, падобную на тую, што выкарыстоўвалі каб падманваць РФ. Гэта хутка раскрылася дзякуючы дыяспары, журналістам, ды і мы ведалі, на што звяртаць увагу. Прадпрыемствы паспрабавалі пераарыентаваць еўрапейскі транзіт праз Украіну: на беларуска-ўкраінскай мяжы бензін маскіраваўся пад іншыя прадукты, а на ўкраінска-польскай або венгерскай зноў ператвараўся ў бензін», — кажуць у НАУ.
Пры імпарце тавараў выкарыстоўваюцца іншыя схемы. Прадукт ідзе транзітам на падстаўную фірму ў Казахстане, але ў выніку фура губляецца на прасторах Беларусі.
Аднак, заўважаюць у НАУ, за апошнія два месяцы сітуацыя кардынальна змянілася.
«Цяпер склалася беспрэцэдэнтная сітуацыя, справіцца з якой будзе вельмі складана, а ў некаторых выпадках немагчыма.
Нашы флагманы, якія экспартавалі прадукцыю на Захад, трапілі не толькі пад санкцыі, але і пад лагістычную блакаду з-за вайны ва Украіне.
Сутнасць у тым, што беларуская нафтахімічная прамысловасць мела велізарны прыбытак не з-за сваёй эфектыўнасці, а па прычыне таго, што экспартная пошліна лічылася ў бухгалтарскім сэнсе прыбыткам гэтых прадпрыемстваў. Прадукцыя «Гродна Азота» была канкурэнтаздольнай толькі за кошт цаны на газ, непараўнальнай з цаной канкурэнтаў у Еўропе. Цяпер жа, калі гэтую прадукцыю немагчыма адправіць у Еўропу (магчымыя аб'ёмы экспарту на Захад упалі ў разы), яна становіцца непрыдатнай нават на Усходзе, бо і газ даражэйшы, і везці далей. А калі, напрыклад, адпраўляць бензін, зроблены з расійскай нафты назад у Расію, прыбытковасць заводаў ўпадзе ў 10 разоў, паколькі знікае прыбытак, які давала нявыплата пошліны».
Забарона на працу беларускіх і расійскіх транспартных кампаній магла бы сур'ёзна ўскладніць схему абыходу санкцый, але і тут беларускі бок знайшоў выйсце. Беларусь не стала ўводзіць люстэркавыя санкцыі, паколькі гэта прывяло б да практычна поўнай блакады імпарту і экспарту. Таму наш бок не забараніў уезд на сваю тэрыторыю транспарту, зарэгістраванага ў ЕС. Аднак Беларусь абмежавала яго глыбіню пранікнення ў краіну 50 кіламетрамі.
Чытайце: Беларускія транспартнікі разлічваюць узбагаціцца на фоне еўрапейскіх санкцый супраць перавозчыкаў, і гэта магчыма. Тлумачым нюансы
«У гэтай 50-кіламетровай зоне павінна будзе адбыцца перачэпка або перагруз тавару, што стварае спрыяльную глебу для абыходу санкцый. Акрамя таго, такі падыход дазволіць беларускім транспартным кампаніям не застацца без працы», — адзначылі ў НАУ.
Беларусы карыстаюцца акаўнтамі, якія зарэгістраваныя ў ЗША, Грузіі або Літве
Некаторыя санкцыі, якія на першы погляд могуць паказацца строгімі, можна абысці хутка і нават практычна без страт. Такім прыкладам можа быць блакіроўка беларускіх і расійскіх акаўнтаў на амерыканскіх аўкцыёнах па продажы аўто. А таксама забарона на экспарт тавараў раскошы, у спіс якіх трапляе шэраг аўтамабіляў.
Зараз беларускія і рускія гульцы вымушаны карыстацца акаўнтамі, якія зарэгістраваныя ў саміх Штатах, Грузіі або Літве. Гэты момант ніяк не ўплывае на працэс пакупкі. Аплата за лоты таксама праводзіцца праз Грузію, Літву і іншыя краіны.
Адзіная нязручнасць, якую дадаюць гэтыя абмежаванні, — немагчымасць непасрэднай дастаўкі аўто ў кантэйнеры ў Мінск без перагрузкі ў парту Клайпеды. Але варта адзначыць, што і раней вялікая кольскасць машын разгружалася ў Літве, а адтуль ужо дастаўлялася на аўтавозах. Такім чынам, уведзеныя санкцыі па гэтым кірунку амаль ніяк не адаб'юцца на працы кампаній і кошце дастаўкі, бо сумы ў 100-200 даляраў у цане аўто можна назваць незаўважнымі.
Але калі раптам і на гэтым шляху ўзнікнуць дадатковыя складанасці, беларусы ўсё адно не застануцца без амерыканскіх аўто. Бо будзе магчымасць вазіць іх у Беларусь і Расію праз Грузію.
Пра тое, што Беларусь і Расія зацікаўлены ў шэрых схемах ўвозу тавараў на сваю тэрыторыю, ускосна сведчыць і той факт, што з 15 красавіка быў павялічаны бязмытны парог увозу тавараў для асабістага карыстання, які перавозіцца ў багажы. Раней бязмытны парог складаў 500 еўра і 25 кг. Цяпер сума павялічаная да 1000 еўра, а лімітавая вага да 31 кілаграма.
Акрамя таго, з 200 да 1000 еўра павялічаны ліміт бяспошліннага ўвозу тавараў для фізічных асоб, якія дастаўляюцца перавозчыкам або ў паштовыя адпраўленні. Дадзеныя меры часовыя, яны будуць дзейнічаць да 1 кастрычніка бягучага года. Прадстаўнік ЕЭК Ія Малкіна адзначала, што гэта дазволіць падтрымаць грамадзян ва ўмовах санкцыйнага ціску і пазбегнуць дэфіцыту тавараў першай неабходнасці і тавараў крытычнага імпарту.
Каментары