Улада

Швед як пераемнік? Чаму менавіта кіраўнік Генпракуратуры цяпер у фаворы? Вось меркаванні

На нядаўняй нарадзе Лукашэнка зладзіў кіраўніку Міністэрства ўнутраных спраў Кубракову публічную вывалачку: «Забыліся, што было ў 2020 годзе? Разбярыцеся са сваімі падначаленымі!» Таксама было абвешчана пра ўзмацненне ролі пракуратуры і «іншых органаў». Што гэта было? Чаму ястраб Кубракоў ужо недастаткова ястраб? Чаму менавіта Генпракуратура і яе кіраўнік Швед цяпер у фаворы? Сваімі меркаваннямі дзеляцца палітык Павел Латушка і аналітык Арцём Шрайбман.

Андрэй Швед і Аляксандр Лукашэнка. Скрыншот з відэа.

Кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка мяркуе, што Беларусь цяпер чакаюць яшчэ больш моцныя рэпрэсіі.

«У нас яшчэ да гэтай нарады былі звесткі з дастаткова надзейных крыніц, што апошнім часам над Кубраковым збіраюцца хмары. І Лукашэнка не выключае магчымасці зняць Кубракова з пасады міністра ўнутраных спраў. У сувязі з гэтым нават называлася прозвішча Карпянкова.

Што не так з Кубраковым? У Беларусі пратэсная актыўнасць працягваецца, нават падчас знаходжання расійскіх войскаў.

Кубракоў на той самай нарадзе 19 красавіка

Праводзяцца дыверсіі, людзі выходзяць на акцыі, працуюць па-ранейшаму кіберпартызаны. Усё гэта паказвае, што сілавікі да канца не кантралююць сітуацыю, адпаведна ўзнікае страх, што пратэсты пры спрыяльных умовах могуць стаць больш актыўнымі. А гэта для Лукашэнкі недапушчальна: зараз ён мусіць жа паказваць Пуціну два галоўныя моманты: што цалкам лаяльны Расіі і што цалкам кантралюе сітуацыю ў Беларусі. Калі хоць адзін з фактараў не спрацоўвае, Пуцін можа задумацца пра замену Лукашэнкі. 

І пасля гэтай нарады трэба адзначыць, што Лукашэнка сапраўды вельмі крытычна ставіцца да Кубракова, як і да ўсёй сілавой сістэмы ў прынцыпе. На гэтай нарадзе мы ўбачылі, што Лукашэнка дае моцны сігнал Шведу: Генпракуратура сёння можа кантраляваць любую сілавую структуру. І значна тое, што гэтую функцыю аддалі не КДБ і Церцелю, а менавіта Шведу.

Таксама важны момант: на нарадзе прысутнічалі «маладыя» прадстаўнікі сілавога блоку, палкоўнікі і нават падпалкоўнікі, што нетыпова», — адзначае Латушка. 

«Тут трэба не забываць пра моцнае расійскае лобі ў беларускім сілавым блоку. Генерал Вальфовіч — гэта асоба ўплыву Крамля,

ён вельмі актыўна камунікуе з дырэктарам ФСБ Патрушавым, — адзначае Латушка іншы важны для разумення нюанс. — Вальфовічу дапамагае намеснік Павел Муравейка, яны разам працавалі ў Генштабе і цяпер Вальфовіч прыцягнуў яго за сабою ў Раду бяспекі. Асобай, якая таксама прадстаўляе інтарэсы «рускага свету» з’яўляецца Карпянкоў, які калісьці працаваў у Службе бяспекі Лукашэнкі, адкуль быў звольнены з негатывам, рашэнне аб яго звальненні прымалася на ўзроўні самога Лукашэнкі. Карпянкоў апошнім часам пашырае свой уплыў у МУС, прасунуў свайго чалавека — Бедункевіча — на пасаду аднаго з кіраўнікоў ГУБАЗіК.

Таксама па словах Лукашэнкі бачна, што ён мае інфармацыю аб настроях — а людзі незадаволеныя, прычым як у грамадстве, так і ў сілавым блоку.

Я меў размову з былым высокапастаўленым кіраўніком з беларускай сістэмы, ён казаў, што нават некаторыя генералы КДБ крытыкуюць сённяшнюю палітыку Лукашэнкі. І калі такая інфармацыя ёсць у нас, то, безумоўна, яна ёсць і ў самога Лукашэнкі. Сістэмнага супраціву яму можа і няма, але настроі сапраўды не самыя радасныя.

Удзел у вайне падрывае патэнцыйную стабільнасць і можа прывесці да зменаў ва ўладзе — гэта хвалюе сілавікоў. Бо пачынаюцца думкі: а што ж тады будзе з імі?» — адзначае Латушка.

Яшчэ важны момант: на нарадзе прагучалі словы Лукашэнкі пра малую выкрывальнасць па экстрэмісцкіх артыкулах.

«Сістэма сама прыдумвае гэтыя артыкулы, але вось не хапае пакаранняў. І тое, што мы ўбачылі на наступны дзень пасля нарады — масавыя затрыманні незалежных прафсаюзнікаў — гэта якраз адказ сілавікоў Лукашэнку. Яны такім чынам паказваюць: мы працуем, мы актыўныя, будзем караць і караць. Таму нас чакае «рэнесанс рэпрэсій»,

сваімі словамі на нарадзе Лукашэнка фактычна прастымуляваў новую хвалю ператрусаў і затрыманняў».

Што тычыцца Шведа як новага фаварыта і магчымага пераемніка, то Павел Латушка такую версію выключае.

Чытайце таксама: «Чакаем больш сур’ёзных крокаў». Крыніцы ў дыпкорпусе пра ліст Макея

«Лукашэнка нікога не паставіць пераемнікам, я не веру, што ён калісьці сам сыйдзе з пасады і пасадзіць у сваё крэсла іншага. Бо страта кантролю аўтаматычна прывядзе да таго, што Лукашэнку прыйдзецца ўцякаць з краіны. Таму я бачу толькі два варыянты змены ўлады: гэта робіць Расія (што не адпавядае інтарэсам беларусаў) альбо гэта робяць самі беларусы», — разважае палітык.

«Швед адзін з двух-трох сілавікоў, якія ўсімі сваімі дзеяннямі дэманструюць, што гатовыя рэпрэсаваць нават больш народу, чым ад іх патрабуюць»

Палітычны аналітык Арцём Шрайбман не мае інсайдаў наконт прычын і вынікаў нарады і абмяжоўваецца назіраннямі:

«Тлумачэнні магчымыя самыя розныя: можа быць Лукашэнка атрымліваў паведамленні аб недастатковай лаяльнасці некаторых сілавікоў, напрыклад, у Следчым камітэце. Магчыма, ён незадаволены тым, што закрываўся большы працэнт спраў, чым яму б хацелася… Мы ж можам бачыць толькі тыя справы, якія заведзеныя — а калі пракуратура дасылала ў СК, умоўна кажучы, трыста здымкаў, а справы завялі толькі па сотні з іх?

Можа і МУС цяпер падаецца недастаткова актыўным у справе рэпрэсій? 

Тлумачэнняў можа быць шмат і мы не маем дакладных крытэраў і індыкатараў, каб вызначыць, якое з гэтых тлумачэнняў больш верагоднае. Пакуль не адбудуцца змены, наўпрост звязаныя з вынікамі гэтай нарады, казаць штосьці канкрэтнае вельмі рана.

Таму сказаць дакладна, хто там і чым незадаволены, вельмі цяжка. Але ясна, што ёсць такія сілавікі, хто ўзяўся за рэпрэсіі з энтузіязмам яшчэ паўтара года таму, і тыя, хто недастаткова энтузіязм праяўляе.

З сённяшняй лінейкі сілавікоў Швед адзін з двух-трох, якія ўсімі сваімі дзеяннямі дэманструюць, што цалкам і без сумневаў гатовыя рэпрэсаваць нават больш народу, чым ад іх патрабуюць. Два іншых, напэўна, Карпянкоў і Церцель.

Вызначыць фаварыта мне цяжка, усё ж Качанава часцей сустракаецца з Лукашэнкам і дапушчаная бліжэй, таму ж Шэйману Лукашэнка відавочна давярае не менш. Таму тут мераць гэты фаварытызм цяжка. Але калі Лукашэнка на нарадзе казаў, што цяпер «Генпракуратура будзе сачыць», то натуральна, што Шведу ён цяпер давярае больш, чым некаторым сілавікам. Таму, напэўна, Швед і быў прызначаны замест менш актыўнага Канюка, і пакуль Лукашэнка не расчараваўся ў гэтым прызначэнні.

Але мы ж разумеем, што гэта ўсё — не вечнае. Сёння Швед у фаворы, заўтра вецер зменіцца і яго рэпрэсіўны актывізм можа больш не быць актывам. Бываюць моманты, калі такімі вось «ястрабамі» трэба ахвяраваць дзеля іншых працэсаў. 

Таму я б не рабіў пакуль далёка ідучых палітычных высноваў наконт Шведа. Бо палітычная роля такіх людзей будзе бачная тады, калі ў краіну вернецца палітыка, пакуль жа яны ўсе функцыянеры пад Лукашэнкам. І пакуль Лукашэнка не сыходзіць са сцэны, усё можа змяніцца ў любы момант. Пакуль жа мы бачым, што Швед на вяршыні гэтай рэпрэсіўнай плыні і, мяркую, гэта натуральна, бо Генпракуратура апошні год якраз займаецца гэтымі справамі аб генацыдзе беларусаў, раскопкамі, прызнаннем усіх тэрарыстамі і гэтак далей вельмі актыўная і ініцыятыўная, прынамсі ў параўнанні са Следчым камітэтам. 

Што тычыцца пераемніка Лукашэнкі, то я не бачу зараз магчымасці здагадацца на каго Лукашэнка паставіць. Гэта, само сабою, не будзе ліберал, але я б не спяшаўся казаць, што ў занадта ініцыятыўных сілавікоў будзе больш шанцаў трапіць у пераемнікі. Бо Лукашэнку найперш будзе патрэбны лаяльны, паслухмяны і кантраляваны пераемнік, а чалавек з ноткамі палітычных амбіцый, актыўны, таксама ж будзе ўспрымацца надзейным не на 100%». 

Каментары

«Чаму яна бесіцца? Мужыка даўно не было!» АНТ паказала камедыю ўласнай вытворчасці. Насмяшыць вас толькі канцоўка10

«Чаму яна бесіцца? Мужыка даўно не было!» АНТ паказала камедыю ўласнай вытворчасці. Насмяшыць вас толькі канцоўка

Усе навіны →
Усе навіны

Крама адзення ў Мінску прадае падарункавы сертыфікат на 5000 рублёў

Стала вядома, хто хаваецца за псеўданімам галоўнай расійскай даносчыцы Карабковай. Яна пісала данос на «Белсат»14

Аляксандр Глеб возьме ўдзел у праўладным «Марафоне адзінства» ў Мазыры13

У Крамлі адмовіліся каментаваць прычыны крушэння самалёта ў Казахстане1

Мінюст пазбавіў ліцэнзіі гродзенскага адваката з-за «недастатковай кваліфікацыі». Раней ён служыў у КДБ3

ЗША рассакрэцілі новыя дакументы па праграмах ЦРУ «па кантролі над розумам», якія ладзіліся падчас Халоднай вайны10

З'явілася расшыфроўка перамоў экіпажа рэйса Баку — Грозны з дыспетчарам. Усё паказвае на тое, што самалёт падбілі зенітнай ракетай13

Закладчыкі хавалі наркотыкі ў шышках, каштанах і жалудах3

Іван Наскевіч выдаў кнігу пра Следчы камітэт — які ён раней узначальваў6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Чаму яна бесіцца? Мужыка даўно не было!» АНТ паказала камедыю ўласнай вытворчасці. Насмяшыць вас толькі канцоўка10

«Чаму яна бесіцца? Мужыка даўно не было!» АНТ паказала камедыю ўласнай вытворчасці. Насмяшыць вас толькі канцоўка

Галоўнае
Усе навіны →