Меркаванні

Андрэй Казакевіч: Вынік расійска-ўкраінскай вайны можа ўсё істотна для нас змяніць

Учора падчас сустрэчы з губернатарам Варонежскай вобласці Аляксандр Лукашэнка заявіў, што да Саюза Беларусі і Расіі «будуць падключацца» і іншыя «рэспублікі былога СССР». «Салідарнасць» спыталася ў палітолага, дырэктара Інстытута «Палітычная сфера» Андрэя Казакевіча, якія ёсць шанцы на гэта. І як увогуле цяперашняя сітуацыя можа паўплываць на лёс Беларусі і ўсяго рэгіёна?

Андрэй Казакевіч

«Цяпер гэтая ідэя выглядае досыць смешна. Пасля агрэсіі РФ супраць Украіны сама Расія стала вельмі таксічнай дзяржавай, — кажа Казакевіч. — Цяпер усе інтэграцыйныя працэсы на постсавецкай прасторы, якія запускала Масква на працягу апошніх гадоў, знаходзяцца ў самай ніжэйшай кропцы.

Відавочны факт, што лакаматыў і ініцыятар гэтай інтэграцыі ператвараецца калі не ў краіну-ізгоя, то ў краіну, вельмі моцна ізаляваную ад іншых. Краіну, супраць якой уведзеная вялікая колькасць санкцый. І, вядома, для ўсіх удзельнікаў Еўразійскага саюза і СНД зараз галоўная задача ў тым, каб нейкім чынам самім пазбегнуць гэтых санкцый.

На такім фоне ніводная суверэнная дзяржава не пойдзе на тое, каб неяк далучацца да гэтых саюзаў ці ствараць нешта новае. Ва ўсякім выпадку, добраахвотна».

Гвалтоўны захоп тэрыторый у цяперашні час суразмоўцу не падаецца рэалістычным.

«Хацець, можа, яны і хочуць, але хацець не шкодна. Мы бачым, як загрузла сітуацыя ва Украіне, і, напэўна, у найбліжэйшыя гады гэты канфлікт будзе паглынаць большасць расійскіх рэсурсаў. І адкрыццё тут нейкага другога фронту здаецца неверагодным.

Тым больш паўстае пытанне: а якую дзяржаву магла б уключыць у нейкі саюз Расія? Патрабаваць ад Казахстана аддзялення нейкіх тэрыторый? Вельмі сумнеўна, што гэта прывядзе да станоўчага выніку.

Арменія, скажам, таксама пад вялікім пытаннем. Па-першае, няма агульнай мяжы, але ёсць шмат тэрытарыяльных спрэчак і праблем і з Турцыяй, і з Азербайджанам. Ну, і насельніцтва ніколі не прыме нічога падобнага.

Нават з нагоды Прыднястроўя ёсць сур'ёзныя сумневы. Цяпер у Расіі няма агульнай мяжы з Прыднястроўем. Па-мойму, там ніколі не было вялікага жадання стаць часткай нейкага саюза з Расіяй або далучыцца да яе. Ёсць, напэўна, сілавы варыянт, але ж паўстане пытанне аб тым, што тады рабіць з Малдовай, на рынак якой вельмі моцна завязана Прыднястроўе, а праз яе на рынак Еўрасаюза.

Таму, акрамя такіх непрызнаных утварэнняў, як «ДНР», «ЛНР», Паўднёвая Асеція, можа, Абхазія, іншых ахвотных паўдзельнічаць у агульным з Расіяй і Беларуссю саюзе няма, — падсумаваў Казакевіч.

У той жа час, на ягоную думку, Беларусі выйсці з-пад кантролю Расіі цяпер немагчыма. Для гэтага неабходны цэлы шэраг сур'ёзных фактараў.

«На жаль, мы знаходзімся ў закладніках у гэтай сітуацыі. Лукашэнка ўтрымаўся ва ўладзе толькі дзякуючы падтрымцы Масквы, і, адпаведна, Масква можа на яго сур'ёзным чынам ціснуць. І мы гэта назіраем увесь апошні год. Ён вельмі шмат зрабіў у справе ўзмацнення залежнасці ад Расіі.

У сферы бяспекі значна абмежаваны суверэнітэт. У інфармацыйным плане беларускія дзяржСМІ знаходзяцца ў падначаленні ў расійскіх. Былі падпісаныя «дарожныя карты», хай і вельмі абстрактныя, але, тым не менш, беларускі суверэнітэт працягвае заставацца пад пагрозай.

Аднак зыход расійска-ўкраінскай вайны ўсё можа істотна змяніць. Гэта асноўны фактар, і ключавым тут з'яўляецца тое, што будзе з самой Расіяй, з яе эканомікай і палітыкай. Гэта будзе ўзмацненне аўтарытарнай тэндэнцыі або, можа быць, нейкія змены ў кіраўніцтве, пераварот і г. д. Усе гэтыя працэсы будуць вельмі моцна ўплываць на тое, што будзе з Беларуссю», — упэўнены Казакевіч.

Каментары

Цяпер чытаюць

Расійскі прадавец паспяховага поспеху паспрабаваў адкрыць філіял у Мінску. Рэакцыя беларусаў была паказальнай7

Расійскі прадавец паспяховага поспеху паспрабаваў адкрыць філіял у Мінску. Рэакцыя беларусаў была паказальнай

Усе навіны →
Усе навіны

У Жыткавічах маладыя згулялі вяселле дома3

Бабарыка заявіў, што не будзе ўдзельнічаць у выбарах у Каардынацыйную раду9

АНТ запускае інтэлектуальнае шоу — гэта калька сусветнага хіта6

Латушка не верыць, што Мельнікава супрацоўнічала з беларускімі спецслужбамі6

У Барысаўскім раёне ў рацэ знайшлі цела 6‑гадовага дзіцяці

З музея ў Італіі скралі карціны Рэнуара, Сезана і Маціса1

Трамп заявіў, што хоча валодаць іранскай нафтай і не супраць захопу вострава Харк2

Трамп напісаў, што з нецярпеннем чакае Лукашэнку ў ЗША22

Прыдумалі яшчэ адзін спосаб выявіць адбіткі пальцаў на месцы злачынства

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Расійскі прадавец паспяховага поспеху паспрабаваў адкрыць філіял у Мінску. Рэакцыя беларусаў была паказальнай7

Расійскі прадавец паспяховага поспеху паспрабаваў адкрыць філіял у Мінску. Рэакцыя беларусаў была паказальнай

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць