«Не плакаць, не смяяцца, а разумець і рабіць». Гэты беларускі раман Андрэй Скурко раіць прачытаць усім
Раман Евы Вежнавец «Па што ідзеш, воўча?» прачытаў два разы: першы — асабліва не ўдумваючыся ў сямейныя і суседскія пракляцці (і дабраславенні), проста адчуваючы гэты пах гарэлага торфу, смакуючы. Другі раз ужо разбіраў падрабязна, што з чаго вынікае, піша з магілёўскай турмы палітзняволены рэдактар «Нашай Нівы» Андрэй Скурко.
Ураджэнка Любанскага раёна Святлана Курс піша мастацкія творы пад псеўданімам Ева Вежнавец.
Дабраўся нарэшце да рамана Евы Вежнавец (Святланы Курс) «Па што ідзеш, воўча?». Кніжка як агонь. Дзень прайшоў незаўважна.
Мне спадабалася, як у рамане ўтрымліваецца баланс паміж рэальнасцю і казкай. Здавалася б, сюжэт казачны, фальклорны — героі мусяць адшукаць і вярнуць у царства мёртвых пракляты артэфакт (фактычна, сюжэт «Уладара пярсцёнкаў»). Ды які артэфакт — срэбнае люстэрка. Такога ў нашым часе і ў нашым свеце, здавалася б, быць не можа.
А ці можа быць, што два чалавекі з вышэйшай адукацыяй рэжуць палосамі дзірван і возяць на магілку — абкладаць яе, каб нябожчыку не было ўзімку холадна? (Я маю на ўвазе нас з татам і «прыкладанне» бабулінай магілкі.)
Іншымі словамі, нічога фантастычна-звышнатуральнага ў рамане не адбываецца, казка існуе ва ўяўленні людзей. І гэта асаблівасць свядомасці гэтых людзей — беларусаў. Хоць застаецца і ўстойлівае ўражанне, што за сцэнай, на якой іграюцца чалавечыя драмы і камедыі, хтосьці стаіць.
Аўтарка выбрала форму бабулінага аповеду, каб паказаць унутраны схаваны механізм, які рухае сюжэт, што адбываецца ў сучаснасці. Гэты механізм — мінулае.
Я ад сваіх бабуль чуў расповеды пра вайну, раскулачванне, хрушчоўскую нішчымніцу, люблю і разумею гэты жанр. Але як яго ўспрымаюць 17—20-гадовыя?
Таксама гэта «апавяданне ў апавяданні» дазваляе не пісаць ад імя аўтара чатыры тамы «Вайны і міру», як зрабіў Талстой. А матэрыялу, фактуры хапіла б на такі аб’ём. Удалося ўмясціцца ў досыць сціплы фармат, бо памяць расказчыка выбірае галоўнае сама, а менш істотнае — адкідае.
Чытаюцца метафары: «мука калхозная: чорная, у спорах ды ражках» — горкі хлеб, амаль біблейскае: «вазьмі жыта пратухлае, змяшай са свежым — усё пратухне», і пустыя каласы на доўгіх сцяблінах — як вынік і спадчына камуны над ракой Арэсай.
Імпануе прысутнасць у рамане «вялікай гісторыі» — Купалы і Прышчэпава, з яго характарыстыкай беларуса (які «прывык сядзець на хутары і дулю ў кішэні круціць»). Такія «камеа» уводзіў і Мележ у палескай трылогіі.
Яшчэ адна метафара — цыклічнасць гісторыі. Партызаны 40-х паўтараюць учынкі партызанаў 20-х, жонкі «ворагаў народа» адракаюцца ад мужоў, як і жонкі колішніх атаманаў. У гэтым ёсць біблейская (Сава і Прося — як Самсон і Даліла ці Юдыф і Алаферн), але больш феміністычная нотка: войны, агрэсія — спараджэнне жорсткага і нямудрага мужчынскага свету. А вядзьмаркі-шаптухі ў ім — нібыта «санітары лесу». З аднаго боку, яны дапамагаюць усім, «не бяруць нічыйго боку», але разам з тым — «хочаш, страляй мяне, але потым не абіжайся». Бо ўсё адаб’ецца ў наступных пакаленнях — ці то праз тое, што чалавек угнявіў магічныя сілы, ці то проста праз асаблівасць яго натуры і спосаб жыцця. І ў сухім астатку ў Шардыкі, які быў героем, царом і богам — «вогнік на х*і», кіла і дзеці — пустадомкі.
Міфалогіяй — ад самай старажытнай, пазначанай імёнамі прабалцкіх багоў (Дзявоя, Лойма) да сучаснай прасякнутая ўся кніга. (Хочацца напісаць «…як і беларуская душа».) Нават імя галоўнай гераіні з Дарафеі ператвараецца ў Дарфею (дар+фея) і Дарошку («дарожка» ад аднаго свету да іншага). І поруч з усёй гэтай казачнасцю выяўляецца раптам вельмі побытавы грунт усёй гэтай разладжанасці, недалюбленасці галоўнай гераіні: баба Дарфея была халодная са сваім сынам (бацькам галоўнай гераіні), бо лічыла, што яго бацька — Шардыка, гвалтаўнік. Толькі калі нарадзілася рудая кірпатая ўнучка, стала ясна, што сын — ад мілага яўрэя Оркі. Але паправіць адносіны ўжо не было як, бадай. І гэта таксама вельмі жыццёва.
Чаплялася трохі вока за «высакапарныя» фразы: «трымаць руку» (дапамагаць), «з дому» (паходзіць), «звонкая манета» (замест «грошы»). Не было ясна, адкуль гэта і навошта, пакуль не раскрылася значэнне назваў хутароў Арадэбэр і Запатэр. У іх шляхцянкі пасля 1863-га зашыфравалі свае дэвізы для кагосьці, хто зможа іх некалі расчытаць — для сваіх. А раз тыя лацінскія ды іспанскія выразы — частка тутэйшай тапанімікі, дык і «высакапарныя» фразы набылі падмацаванне, загучалі натуральней.
Агучаны, не раз прамоўлены лейтматыў рамана — «тут нішто не трымаецца», гэта зямля безнадзейная, тут трэба «пісаць дрындушкі» проста, каб далі жыць (а часам і гэта не ратуе), адзіны паратунак — уцёкі. Але сюжэт, сама плынь жыцця — супярэчыць прамоўленаму. Калі, перафразоўваючы Спінозу, «не плакаць, не смяяцца, а разумець і рабіць» — штосьці будзе.
Раман быў дапісаны ў 2019-м, а ў друк здадзены ў снежні 2020-га, у зусім ужо іншай ад часу напісання атмасферы.
Але ніякія атмасферныя з’явы не адмяняюць змены пораў году.
Каментары