Грамадства

Як беларусаў будуць судзіць завочна? Тлумачыць юрыст

Цяпер улады змогуць судзіць нават тых беларусаў, каго не змаглі затрымаць і даставіць у суд. Адпаведны законапраект быў прыняты Палатай прадстаўнікоў у першым чытанні. Як гэта можа адбывацца? «Наша Ніва» пацікавілася меркаваннем юрыста.

Гэта ўвогуле законна? Ці не парушае правы? Якія яшчэ краіны маюць такую практыку?

Адказвае юрыст Андрэй Мачалаў:

«На жаль, тэкст законапраекта не апублікаваны ў вольным доступе, адпаведна, немагчыма дакладна казаць пра яго змест.

Да таго ж, гэты законапраект пакуль прыняты толькі ніжняй палатай парламента, таму казаць аб яго ўступленні ў сілу і афіцыйным апублікаванні заўчасна.

Андрэй Мачалаў

У любым выпадку, ацэнку адпаведнасці любога прынятага парламентам закона нормам Канстытуцыі дае Канстытуцыйны суд у рамках правядзення абавязковага папярэдняга кантролю».

Наогул, інстытут спецыяльнай (па сутнасці завочнай) вытворчасці не з'яўляецца навацыяй беларускага права. У той ці іншай форме ён прысутнічае ў большасці прававых сістэм свету.

«Аднак, на маю думку, такі радыкальны варыянт спецыяльнай вытворчасці парушае шэраг агульных прынцыпаў крымінальнага права і супярэчыць рэкамендацыям міжнародных інстытутаў, — мяркуе юрыст. —

У прынятым законапраекце ў крымінальным працэсе адсутнічае спаборніцтва бакоў, права прадастаўляць доказы і даваць паказанні і гэтак далей.

Напрыклад, на сёння, па афіцыйнай статыстыцы апраўдальных прысудаў у Беларусі, асноўнай прычынай вынясення такіх прысудаў лічыцца недастатковая праверка паказанняў падазраванага на стадыі папярэдняга следства. Наколькі якасным будзе інстытут спецыяльнай вытворчасці, застаецца толькі гадаць.

У выніку ўсе гэтыя абавязковыя прынцыпы, якія дэкларуюцца Камітэтам па правах чалавека ААН, Саветам Еўропы, Еўрапейскім судом па правах чалавека, адсутнічаюць». 

Паведамляецца, што завочна судзіць будуць па справах «супраць міру і бяспекі чалавецтва, супраць дзяржавы, шэрагу іншых злачынстваў, якія прыводзяць да пагрозы нацыянальнай бяспецы».

Але пакуль дакладна не вядома, якія канкрэтна злачынствы ці артыкулы КК пацягнуць завочныя суды, адзначае Мачалаў. 

Але для каго гэта робіцца? Супраць каго накіравана? Менавіта супраць актывістаў, якія за мяжой? Ці таксама дапаможа прыцягваць да адказнасці сапраўдных злачынцаў? 

«Зыходзячы з каментарыя спадара Гары, «усё гэта не будзе насіць масавага характару і закране толькі тых, хто «нанёс найбольш значны і істотны ўрон нашай дзяржаве»», — кажа Мачалаў. — Агучаныя ім умовы прымянення інстытута спецыяльнай вытворчасці маюць вельмі суб'ектыўны характар. Калі такія ўмовы сапраўды адлюстраваныя ў законапраекце, то гэта, без сумневаў, дрэнны знак.

Па сутнасці, гэта азначае, што выкарыстанне ці невыкарыстанне гэтай вытворчасці будзе залежаць ад суб'ектыўнага рашэння следчага ці пракурора. Тут я не бяруся прадказваць, ці будзе следства падзяляць беларусаў на публічных палітыкаў і звычайных людзей. Практыка апошніх двух гадоў паказвае, што як толькі ў праваахоўных органаў заканчваюцца публічныя людзі, то яны бяруць «у работу» звычайных, якія здзейснілі самыя нязначныя «палітычныя» злачынствы».

Завочныя суды ўводзяцца для таго, каб была магчымасць «законна» канфіскоўваць маёмасць няўгодных?

«Па сутнасці, увядзенне інстытута спецыяльнай вытворчасці вырашае дзве задачы следства. Па-першае, робіць магчымым рэалізацыю фінансавай часткі крымінальнага асуджэння ў форме спецыяльнай канфіскацыі (прымяняецца ў дачыненні да маёмасці, здабытай злачынным шляхам або набытай на сродкі, здабытыя злачынным шляхам; даходу, атрыманага ад выкарыстання гэтай маёмасці, прадметаў злачынства і сродкаў здзяйснення злачынства), альбо ў форме спагнання на грошы і маёмасць для пагашэння крымінальнага штрафу (як дадатковага пакарання) або пагашэння шкоды, нанесенай злачынствам, — тлумачыць юрыст. — 

Па-другое, ствараецца прэюдыцыя. Як вядома, высновы суда, выкладзеныя ў прысудзе, па адной крымінальнай справе, абавязковыя ў далейшым для іншых судоў пры разглядзе і крымінальных, і грамадзянскіх спраў.

Існуе меркаванне, што адмысловая вытворчасць можа палегчыць беларускім праваахоўнікам аб'яўленне асуджанага чалавека ў вышук. Аднак я да такога меркавання стаўлюся скептычна, бо крытэрыі і практыка выдачы Беларусі асуджанага і падазраванага чалавека ў цяперашні момант у многіх краінах свету не адрозніваюцца. Таксама, я не думаю што практыка інтэрпала ў дачыненні да Беларусі ў агляднай будучыні неяк зменіцца ў лепшы для беларускіх праваахоўнікаў бок».

А што будзе з завочна асуджаным чалавекам і яго маёмасцю? Як гэта адаб'ецца на яго сям'і, калі яна засталася ў Беларусі?

«Зразумела, у выпадку прыняцця судом па прысудзе якіх-небудзь фінансавых санкцый (спецыяльная канфіскацыя, штраф, спагнанне шкоды), выкананне будзе адбывацца за кошт грашовых сродкаў і маёмасці завочна асуджанага.

Але спагнанне не можа быць ужытае ў дачыненні да адзінага жылля, у якім пражывае асуджаны або члены яго сям'і, а таксама базавага пераліку маёмасці. Гэта значыць, жонку ці дзяцей завочна асуджанага ніхто на вуліцу не выганіць.

Што тычыцца маёмасці мужа і жонкі, то спагнанне можа быць звернутае толькі на долю асуджанага мужа ў сумесна нажытай маёмасці. Непасрэдна спагнаннем у рамках вынесенага прысуду займаюцца органы прымусовага выканання», — кажа Андрэй Мачалаў.

Ці могуць завочна асуджанага выдаць замежныя краіны? Якіх краін варта будзе засцерагацца?

«Магчыма, выдаць змогуць. Але толькі краіны, якія супрацоўнічаюць з Беларуссю ў крымінальна-прававой сферы. На сённяшні дзень мне дакладна вядома толькі пра Расію, як краіну, якая выдае людзей, абвешчаных Беларуссю ў вышук. Хоць і ў Расіі былі выпадкі, калі ў выдачы грамадзяніна Беларусі было адмоўлена», — заўважае юрыст.

Законапраектам таксама прадугледжваецца «ўстанаўленне ўмоў, пры якіх магчымая спецыяльная вытворчасць па крымінальнай справе ў дачыненні да абвінавачанага, які знаходзіцца па-за межамі Рэспублікі Беларусь і ўхіляецца ад яўкі ў орган, які вядзе крымінальны працэс». Пра якія ўмовы тут ідзе гаворка, юрыст пакуль не ведае.

Што будзе з самім працэсам? Калі чалавека завочна судзяць, ён зможа наняць адваката і адправіць на суд бараніць інтарэсы? Абскарджваць прысуд?

«Зыходзячы з навіны, якую распаўсюдзіла Палата прадстаўнікоў, так, удзел абаронцы ў крымінальнай справе ў выпадку прыняцця рашэння аб правядзенні ў дачыненні да абвінавачанага спецыяльнай вытворчасці будзе абавязковым. З нагоды магчымых абмежаванняў для абскарджання прысуду ў навіне нічога не гаворыцца», — кажа Мачалаў.

Канфіскацыя маёмасці ў тых, хто з'ехаў, — спекуляцыя ці рэальная пагроза? Каментарый юрыста

Каментары

«Вісіць на валаску». Падзенне рэжыму Асада ставіць пад пагрозу расійскія аперацыі ў Афрыцы2

«Вісіць на валаску». Падзенне рэжыму Асада ставіць пад пагрозу расійскія аперацыі ў Афрыцы

Усе навіны →
Усе навіны

Трамп запрасіў Сі Цзіньпіна на сваю інаўгурацыю1

«Буду змагацца да канца». Прэзідэнт Паўднёвай Карэі адхіліў абвінавачванні ў мяцяжы1

32-тонную піўную цыстэрну каля мінскай плошчы Бангалор паднялі ВІДЭА

Камунальнік замяніў на мінскім даху чырвона-зялёны сцяг на бел-чырвона-белы, каб «пажартаваць з апазіцыянераў»4

Сірыя была фабрыкай каптагону, «какаіну для бедных». Пасля падзення рэжыму стала ясна, дзе яго выраблялі2

Нобелеўскі лаўрэат Муратаў крэатыўна абверг выдумкі прапагандыстаў ФОТАФАКТ1

Пасля смерці Прыгожына наймітам з ампутаванымі канечнасцямі перасталі плаціць пенсіі5

У Беларусі з'явіўся народны паэт12

У Мінску назвалі самыя папулярныя сёлетнія дзіцячыя імёны1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Вісіць на валаску». Падзенне рэжыму Асада ставіць пад пагрозу расійскія аперацыі ў Афрыцы2

«Вісіць на валаску». Падзенне рэжыму Асада ставіць пад пагрозу расійскія аперацыі ў Афрыцы

Галоўнае
Усе навіны →