Хлопец, пра якога пойдзе размова, сядзіць ва ўсіх магчымых суполках беларускай эміграцыі і дапамогі Украіне. У Фэйсбуку яго клікалі Vladislav Freeman, ён карыстаўся двума нумарамі — польскім і беларускім.

Аказалася, што ён ашукваў валанцёраў, якія збіралі ахоўны рыштунак для абаронцаў Украіны. Махляр абяцаў купіць рэчы, якія ратуюць жыццё вайскоўцам, але не зрабіў гэтага.

Бронік, але не той

Скрыню Пандоры адкрыў украінскі валанцёр Яўген Вайнштэйн, які жыве ў Германіі.

«Мы хацелі набыць для ўкраінцаў 150 перавязачных бандажоў, — кажа мужчына, — і сабралі на гэта 1300 еўра. Першапачаткова я хацеў паставіць іх у падраздзяленне, дзе служыць мой сябар.

У Нямеччыне на той момант гэта было ўжо складана ці надта дорага. Тады пачалі шукаць варыянты куплі не толькі ў Германіі, а наўпрост у Ізраілі ці яшчэ дзесьці, бо іх вырабляюць у многіх месцах.

Пыталіся па знаёмых, на форумах дапамогі Украіне ў розных краінах. У выніку на сувязь з маёй знаёмай праз Фэйсбук-групу «Сябры Украіны ў Ізраілі» выйшаў гэты Уладзь, і сказаў што ён гатовы дапамагчы з купляй бандажоў ў Польшчы і дастаўкай ва Украіну. Я атрымаў яго каардынаты ад знаёмай, з якой мы дапамагаем Украіне з 2014 года, і вырашыў, што яна яго таксама добра ведае.

Скрыншот старонкі Уладзіслава ў Фэйсбуку

Скрыншот старонкі Уладзіслава ў Фэйсбуку

Далей мы з Уладзем некалькі разоў гаварылі голасам праз Фэйсбук. Ён адэкватна адказваў на пытанні, рабіў сустрэчныя прапановы і нават прапанаваў напачатку замовіць меншую партыю, каб не траціць усе грошы адразу. Ён сказаў, што як малы прадпрымальнік можа замовіць дробнааптовую партыю бандажоў і для прыкладу скінуў спасылку на анлайн-краму, дзе яны былі.

Я нічога кепскага не падазраваў, і мы амаль адразу абмеркавалі тэхнічныя дэталі пераводу грошай. Ён расказаў, што быццам бы так ужо для кагосьці замаўляў — мы яму аплачваем замову, як нам зручна, а ён працуе наўпрост з крамай.

Я не змог перавесці яму грошы наўпрост па тэхнічных прычынах, але дзякуючы спробе я пабачыў яго сапраўднае імя і нумар тэлефона. Прамая аплата не спрацавала, ён даў мне каардынаты чалавека з PayPal, сказаўшы што гэты чалавек з ім у адной групе валанцёраў, якія займаюцца дапамогай Украіне. Я перавёў 900 еўра гэтаму чалавеку, а яна перавяла іх далей Уладзю».

Пасля гэтага Уладзіслаў даў справаздачу, што грошы атрымаў, пазней, што купіў бандажы, але так і не паказаў аніякіх доказаў. Ён альбо тэлефанаваў і мяняў тэму, альбо знікаў на палову дня, а потым запэўніваў, што быццам бы ўжо ўсё зрабіў. Яўген пачаў падазраваць нядобрае.

«Спачатку высветлілася, што Наталля, з якой першапачаткова мы задумалі збор грошай і пошук тавару, асабіста хлопца не ведала і з ім раней справаў не мела. Першы званочак…

У нейкі момант, пасля аднаго з маіх запытаў, ён даслаў фота скрынкі, поўнай бандажамі. Але чэкаў так і не паказаў. Другі званочак…

З гэтага моманту мы з Наталляй пачалі актыўна шукаць інфармацыю пра Уладзя. Зразумелая справа, перш за ўсё мы выйшлі на Віку, якой я перавёў грошы для Уладзя і якая, як я думаў, была з ім знаёмая. Але аказалася, што на самой справе яна проста па яго просьбе паслужыла пасярэдніцай пры пераводзе сродкаў. А сама таксама замаўляла ў гэтага хлопца абарончы рыштунак для сваяка ва Украіне.

Перапіска з адной з ахвяр. Узятая з каментароў у Фэйсбук пад запісам Яўгена

Перапіска з адной з ахвяр. Узятая з каментароў у Фэйсбук пад запісам Яўгена

Мой добры сябар гнаў праз Польшчу ва Украіну будучы «бандэрамабіль» і пагадзіўся для мяне забраць ва Уладзя бандажы. Калі таварыш быў ужо ў Польшчы, ён раптам знік з сувязі на суткі…

Стала канчаткова зразумела, што Уладзь — махляр. Праз суткі ён выйшаў на сувязь сам. Сказаў, што ў яго здарылася «асабістая трагедыя» і паабяцаў адправіць усё далей сам па сваім канале», — кажа Яўген Вайнштэйн.

Гэтага так і не адбылося. Валанцёр пазней пачаў пісаць усім «сябрам» хлопца ў Фэйсбуку. І амаль адразу сталі прыходзіць адказы аб тым, што ён махляр.

«Пасля гэтага я перш за ўсё напісаў пост на ФБ і мы яго пастараліся распаўсюдзіць як мага шырэй. Дзякуючы гэтаму паведамленню, некалькі чалавек напісалі, што спынілі перавод грошай у апошні момант, я рады як мінімум гэтаму, — дзеліцца мужчына. —

У выніку пошукаў на сувязь з намі выйшла дзевяць чалавек, якія пацярпелі ад яго махлярства наўпрост. Па нашых прыкідках, ён кінуў людзей не менш чым на 3500—4000 еўра. І гэта яшчэ не ўсе напісалі, колькі яму кідалі грошаў.

Сярод пацярпелых ёсць некалькі чалавек, якія пераводзілі грошы праз рахунак іншага чалавека, якога Уладзь, падобна, таксама выкарыстаў усляпую як пасярэдніка ў ланцужку пераводаў, як зрабіў з Вікай.

З ёй асобная цікавая гісторыя. Калі мы пачалі актыўна капаць інфармацыю пра Уладзя, ён даслаў ёй скан свайго пашпарта, каб супакоіць. Ён тады яшчэ не ведаў, што мы маем зносіны напрамую. І яе сваяк неўзабаве атрымаў па пошце бронік!

Але не той, які замовілі і аплацілі, а іншую мадэль і ад старонняга чалавека.

Як мы высветлілі, Уладзь зрабіў запыт у вялікі фонд, дзе дапамагаюць Украіне, з просьбай забяспечыць канкрэтнага байца ахоўным рыштункам! Фонд выслаў бронік бясплатна… Віка пра гэта даведалася, калі звязалася з адпраўшчыкам».

Фота пашпарта, дасланае Вікторыі

Фота пашпарта, дасланае Вікторыі

Таксама вядомы выпадак, калі Уладзіслаў паабяцаў дапамагчы чалавеку з купляй цеплавізара, для чаго той адмыслова паехаў у Фінляндыю, дзе без грошай на зваротны білет захрас на некалькі дзён.

Яўген з валанцёрамі звярнуўся ў PaySend з просьбай вярнуць грошы.

«Яны адмовіліся, спаслаўшыся на тое, што гэта не ў іх сілах, але выдалі рэальнае імя чалавека, да якога прывязаны акаўнт, нумар тэлефона, назву ягонага банка і частку нумара рахунку. Параілі звярнуцца ў банк наўпрост. Што і было зроблена.

Каментары пад допісам пра сітуацыю. Крыніца: Фэйсбук

Каментары пад допісам пра сітуацыю. Крыніца: Фэйсбук

Ён па-ранейшаму з намі перыядычна выходзіць на сувязь. Кажа, што гатовы паступова аддаць грошы. Апошні раз ён паведаміў, што рахунак у банку па заяве Вікторыі заблакавалі для далейшай праверкі і прасіў даць рахунак у польскім банку, каб ён мог перавесці грошы. Адкуль ён іх узяў — іншае пытанне, так што рахунак яму ніхто даваць не збіраецца…»

У каментарах у Фэйсбуку сам Уладзіслаў прызнае, што ўзяў грошы, але не выканаў абяцанага. Але далей за гэтыя прызнанні, па словах валанцёраў, справа не ідзе.

Дзе хлопец цяпер, не вядома. Ён можа знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі, бо мае частку сацсетак, зарэгістраваных на беларускі нумар. Але, можа, і ў Польшчы, бо ён, магчыма праз пасярэднікаў, мае актыўныя польскі нумар і рахунак. Аднаму з валанцёраў Уладзіслаў расказваў, што нібыта пераехаў у Польшчу праз пераслед уладаў.

«Шкада не грошай — шкада, што хлопцы на перадавой засталіся без рэчаў, якія могуць ім выратаваць жыццё, — кажа Яўген. — 

Але ёсць і добрая навіна: мы пасля ўсё ж сабралі яшчэ грошаў на 150 кампрэсійных бандажоў і 65 кроваспыняльных жгутоў! Гэта ўсё цяпер ва Украіне, часткова ўжо дайшло ў падраздзяленні».

Рыштунак, які нарэшце даехаў ва Украіну

Рыштунак, які нарэшце даехаў ва Украіну

«Людзі, якіх ён ашукаў, не ў Беларусі, таму не могуць напісаць на яго заяву ў міліцыю»

У беларускім асяродку пра гэтага махляра даведаліся пасля допісу Змітра Завадскага.

Прыкладна два месяцы таму Зміцер хацеў перавезці некалькі рэчаў з Беларусі ў Германію. Мужчына адпісаў сваю просьбу ў мясцовую суполку беларусаў. З ім звязаўся хлопец, які прапанаваў дапамогу. Ён узяў 50 еўра за перавозку рэчаў у Германію і нічога не перавёз, а грошай не вярнуў.

«Гэты чалавек прапанаваў вельмі нізкую цану, што мяне спачатку і насцярожыла. Але ж у яго на аватарцы бел-чырвона-белы сцяг, допісы ў падтрымку Украіны, таму ўсё выглядала так, што гэта проста неабыякавы беларускай справе чалавек хоча дапамагчы, — апісвае Зміцер сваю гісторыю. —

Мы некалькі разоў стэлефаноўваліся, таксама з ім стэлефаноўваліся і мае знаёмыя з Беларусі — ніхто з нас не адчуў нейкага падвоху. Наадварот, ён здаваўся добрым, прыемным, адказным чалавекам. 

Перапіска Змітра і Уладзіслава

Перапіска Змітра і Уладзіслава

Вядома, я дапускаў магчымасць падману, але задатак у 50 еўра, на які мы дамовіліся — вельмі нізкі для такой справы. І зрабіў я яго непасрэдна перад тым, як ён, быццам, выехаў ужо да мяне. Таксама ён не хаваў сваё імя і прозвішча, што дадавала даверу. Але ўсё ж «здарыўся форс-мажор»…

Людзі, якіх ён ашукаў, як і я, не ў Беларусі, таму не могуць напісаць на яго заяву ў беларускую міліцыю. Думаю, што на гэта ў махляра і разлік: вялікая колькасць людзей за межамі Беларусі, якіх ён кідае на адносна невялікія сумы. Імавернасць, што нехта звернецца ў міліцыю, вельмі малая, да таго ж, нават калі хто і звернецца, адказнасць будзе не сур'ёзнай, бо памер шкоды невялікі.

Пакуль удалося замарозіць яго рахунак ў Альфа-Банку і Белгазпрамбанку. У любым разе, мы пастараемся яго спыніць, каб ён не псаваў вобраз беларуса ў свеце і не парушаў важнае правіла беларусаў свету: «беларус беларусу беларус».

І я думаю ўсё ж, што ён у Беларусі. У такой краіне яму будзе бяспечней за ўсё».

Здаў старасту, меў судзімасці 

Фота з сацсетак

Фота з сацсетак

Мы высветлілі і асобу хлопца, якога вінавацяць у махлярстве. Яму 23 гады і яго клічуць Уладзіслаў Б. Ён нарадзіўся і жыў у Баранавічах, вучыўся ў юрыдычным каледжы БДУ. 

«Звычайны такі хлопец з вёскі, — расказвае ягоная аднагрупніца. — Сяк-так вучыўся, жыў у інтэрнаце. З хлопцамі пасябраваў. 

Потым здаў нашу старасту, бо яна адмовілася закрываць яму вялікі прагул. Здаў, што яна раней зачыняла камусьці гадзіну-две. І стаў пасля гэтага старастам сам.

Але я з ім не надта мела зносіны, што праўда. Пасля рэпосту гісторыі пра Уладзя, некаторыя аднагрупнікі адгукнуліся таксама».

Рэакцыя былых аднагрупнікаў хлопца на гісторыю махлярства

Рэакцыя былых аднагрупнікаў хлопца на гісторыю махлярства

Раней хлопец быў заўзятарам ФК «Баранавічы». Адна з ягоных старонак Укантакце мае імя карыстальніка «14jurist_vladik88» (14/88 — вядомая лічбавая абрэвіятура, якой карыстаюцца прыхільнікі неанацысцкіх поглядаў).

Ягоны былы нікнэйм у Тэлеграм — Romaroi1312, дзе 1312 — таксама абрэвіятура, якая часта выкарыстоўваецца футбольнымі заўзятарамі і расшыфроўваецца як «усе копы — вырадкі». Пазней хлопец проста выдаліў акаўнт. Вядома, што ён быў удзельнікам наступных груп у Тэлеграме: Беларусы в Литве_чат, WhiteBIT UAБесплатная юридическая помощь (Беларусь)Чат Полк КаліноўскагаТэрміновая фінансавая дапамога беларусам ва Украіне.

Уладзіслаў мае тры судзімасці. Адна гісторыя ў свой час была даволі гучнай. Схема была простай — ён размяшчаў у розных групах Укантакце аб'явы пра продаж квіткоў на канцэрты розных зорак (Макса Каржа, «Рукі Уверх», «Океан Ельзи», «Ленінград»), пасля браў за іх перадаплату і знікаў.

Схема была вельмі падобнай да цяперашняй — у якасці доказаў сваёй «сумленнасці» ён высылаў людзям фота пашпарта і картак, доўга карміў абяцанкамі. У выніку справа тады раскруцілася амаль выпадкова: адна з ашуканых дзяўчын пайшла ў міліцыю і напісала заяву на хлопца. Падчас следства выявілі 42 пацярпелых, а агульная сума нанесенай шкоды склала каля 1300 даляраў. За гэта Уладзіслаў атрымаў тры гады «хатняй хіміі».

Цікава яшчэ вось што: апошніх людзей ён падмануў падчас адбыцця пакарання па іншым злачынстве. Хлопец прысабечыў сабе 1280 рублёў у салоне сувязі «Сувязны», якім менавіта чынам — невядома. У першы раз яму далі два гады «хатняй хіміі» без штрафу.

Арыенціроўка. Фота: сацсеткі

Арыенціроўка. Фота: сацсеткі

Чым скончацца гэтыя кейсы, невядома. Пацярпелыя ад хлопца спадзяюцца прынамсі, што людзі будуць больш уважліва ставіцца да тых, хто прапануе дапамогу, а ашуканцаў, якія нажываюцца на бядзе ўкраінцаў, стане меней.

«Наша Ніва» спрабавала некалькі дзён звязацца з Уладзіславам. Але яго тэлефонныя нумары былі заблакаваныя ці недаступныя, у сацсетках ён так і не прачытаў паведамленні. Частка мэсэнджараў хлопца выдалена.

Калі вы таксама сталі ахвярай гэтага ці іншага махляра — звяжыцеся з Рэдакцыяй, і мы раскажам вашу гісторыю.

Клас
3
Панылы сорам
26
Ха-ха
8
Ого
2
Сумна
1
Абуральна
111