Фота: Радыё Свабода

Ціханоўская нагадала аб прамове Уінстана Чэрчыля, з якой ён выступіў у Цюрыху пасля Другой сусветнай вайны. Чэрчыль тады казаў, што трагедыя можа ператварыцца ў абяцанне і што былыя агрэсары і іх ахвяры могуць пабудаваць новае годнае жыццё на еўрапейскім кантыненце.

Аднак, на думку Святланы Ціханоўскай, і праз 80 гадоў пасля той прамовы Чэрчыля трагедыя Еўропы яшчэ не закончылася, «агонь вайны зноў гарыць на нашым кантыненце. І зноў раздаюцца галасы, якія заклікаюць нас улагоджваць, а не супрацьдзейнічаць паводзінам, якія супярэчаць усяму, за што выступае гэтая арганізацыя (ПАРЕ)».

Гаворачы пра Беларусь, Ціханоўская заявіла:

«Спадарыні і спадары, мы павінны раз і назаўжды пакласці канец трагедыі Еўропы. У Беларусі гэта несправядлівае пазбаўленне волі, катаванні і смяротнае пакаранне. Дыктатура і цэнзура. Карупцыя і крадзеж нашых нацыянальных рэсурсаў. Продаж нашага суверэнітэту для захавання ўлады. Прызямленне міжнароднага рэйсу для захопу актыўных грамадзян. Жорсткае абыходжанне з мігрантамі для стварэння хаосу на нашых межах. І выкарыстанне нашай краіны ў якасці стартавай пляцоўкі для нападу і пагроз нашым суседзям. Гэта не тое, чаго мы, беларусы, жадаем для сваёй краіны… ці для Еўропы. Наша перамога на выбарах 2020 года стала гучным і ясным пасланнем: мы еўрапейцы, мы жадаем вяртання нашай краіны назад — назад беларусам і назад у Еўропу».

Ціханоўская таксама сказала, што леташні яе выступ у Еўрапейскім парламенце у Страсбургу быў папярэджаннем аб тым, што трагедыя Беларусі стане новай трагедыяй Еўропы, калі на яе не будзе дадзены рашучы, прынцыповы і практычны адказ. Яна лічыць, што ў святле апошніх падзей мела рацыю і што яе леташняя прамова стала яшчэ больш актуальнай:

«Ці будзе трагедыя Еўропы працягвацца, таму што добрыя ўрады адмаўляюцца ад сваіх каштоўнасцяў і не ў стане дзейнічаць своечасова? Украінцы не адмовіліся ад гэтых каштоўнасцяў. І яны паказалі смеласць дзейнічаць. Яны ведаюць, што замах на іх суверэнітэт ёсць замах на суверэнітэт усіх. Яны ведаюць, што ўкус мядзведзя толькі распаліць яго апетыт.

Украінцы працягваюць змагацца і лічаць, што трагедыя Еўропы працягваецца. Мы, беларусы, таксама не адмовіліся ад гэтых каштоўнасцяў. Нашы людзі працягваюць супраціўляцца нават пасля масавых рэпрэсій за апошнія два гады. Амаль 2000 чалавек былі затрыманыя за пратэсты супраць вайны ва Украіне. Партызаны ўнутры Беларусі ўчынілі больш за 80 дыверсій супраць расійскіх вайскоўцаў. І да 1500 беларускіх добраахвотнікаў далучыліся да ўкраінскай арміі. Адзін з іх — Цімур Міцкевіч. Яму было 17 гадоў, калі яго пабілі міліцыянты да непрытомнага стану ў першыя дні нашых мірных пратэстаў у 2020 годзе. Ён тыдзень быў у коме. Яго маці памерла ад стрэсу. Нашы людзі дапамаглі Цімуру ўцячы ў Чэхію, дзе дактары паставілі яго на ногі. Гэтай вясной ён паехаў абараняць Украіну. Цімур разумее, што пагроза, з якой сёння сутыкаецца Украіна, большая, чым пагроза толькі адной краіне. Што барацьба ва Украіне — гэта барацьба «за нашу і за вашу свабоду».

На думку дэмакратычнай лідаркі Беларусі, супрацоўніцтва з ПАРЕ павінна будавацца па двух асноўных кірунках — інстытуцыйным будаўніцтве і развіцці грамадства. Яна заклікала Раду Еўропы стварыць каардынацыйны камітэт па дачыненнях з Беларуссю, які павінен складацца з прадстаўнікоў розных органаў Рады Еўропы і прадстаўнікоў дэмакратычных сіл і грамадзянскай супольнасці Беларусі.

Святлана Ціханоўская зноў нагадала дэпутатам ПАРЕ, што беларусы культурна і гістарычна належаць да Еўропы, і заявіла, што гэты факт яе абнадзейвае.

На думку Ціханоўскай, гэтая група будзе сумесна вызначыць прыярытэтныя напрамкі супрацоўніцтва, сплануе, падрыхтуе і запусціць праграмы і праекты дапамогі і кантролю за іх рэалізацыяй. Гэта зробіць Беларусь бліжэйшай да Рады Еўропы.

«Спадарства, гісторыя нашага кантынента паказвае нам шлях. Нашы каштоўнасці — наша сіла. І сёння мы павінны выкарыстоўваць усе нашы сілы, каб абараняць гэтыя каштоўнасці — дзеля ўсёй Еўропы. У нашых сілах пакласці канец трагедыі Еўропы раз і назаўжды. А таксама перадаць абяцанне Еўропы ўсім тым, хто імкнецца жыць разам у свабодзе, міры і працвітання. Давайце зробім гэта. Дзякуй вам! Жыве Беларусь, слава Украіне, жыве Еўропа!» — сказала на заканчэнне Святлана Ціханоўская.

Выступ Святланы Ціханоўскай завяршыўся доўгімі воплескамі дэпутатаў, якія віталі дэмакратычную лідарку Беларусі стоячы.

У сваім заключым выступе пасля дэбатаў Ціханоўская, адказваючы на пытанні, заклікала сяброў ПАРЕ не называць Лукашэнку прэзідэнтам, бо ён прайграў выбары і не мае легітымнасці, утрымлівае ўладу сілай. З рэжымам без вызвалення палітвязняў немагчымыя ніякі дыялог і перамовы, трэба размаўляць з беларускімі дэмакратычнымі сіламі, падкрэсліла яна. Таксама Ціханоўская казала пра пакет рэформаў, падрыхтаваны дэмакратычнымі сіламі, каб «быць падрыхтаванымі, калі падзьме вецер магчымасцяў».

Клас
67
Панылы сорам
4
Ха-ха
5
Ого
6
Сумна
2
Абуральна
5

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру