У Глыбокім суд апраўдаў чалавека, якога абвінавачвалі ў «непадпарадкаванні»
Судзілі мужчыну за тое, што ён, прыехаўшы ў Глыбокае рамантаваць медабсталяванне, рабіў фотаздымкі непадалёк ад калоніі. Супрацоўнік калоніі, які праходзіў міма, палічыў гэта парушэннем, спрабаваў гэта забараніць, падключыў міліцыю. Дзіўная рэч, але і раённы, і абласны суд прынялі бок не сілавікоў, пішуць «Народныя навіны Віцебска».
19 траўня, скончыўшы працоўны дзень, мужчына адправіўся аглядаць славутасці Глыбокага. Па дарозе ён фатаграфаваў смартфонам упадабаныя аб'екты: крыж, звон, стэнд з гісторыяй будынка.
У гэты момант супрацоўнік Глыбоцкай калоніі, які якраз апынуўся непадалёк, зрабіў чалавеку заўвагу, што здымаць рэжымныя аб'екты нельга, і прагледзеў здымкі ў ягоным тэлефоне.
Нічога не знайшоўшы, ён мужчыну адпусціў. Але калі мужчына адправіўся далей і сфатаграфаваў упадабаны яму жылы дом, то яго затрымалі.
У судзе прапаршчык Б. заявіў, што мужчыну было растлумачана пра забарону рабіць відэа — і фотаздымкі на рэжымным аб'екце, і той сышоў. Але пазней ён заўважыў фатографа на прылеглай тэрыторыі шостага ўчастка папраўчай установы каля крыжа і памятных дошак. Ён паўторна прад'явіў грамадзяніну патрабаванні пакінуць тэрыторыю аб'екта, аднак, у 19:45 той усё ж вёў здымкі каля пасады папраўчай калоніі, таму быў затрыманы.
Разгледзеўшы справу, суд Глыбоцкага раёна прыйшоў да высновы, што паводле законаў ніякіх абавязкаў па ахове грамадскага парадку на прапаршчыка Б. не ўскладалася. Пры такіх абставінах ён не валодаў законным правам прад'яўлення патрабаванняў грамадзянам, якія знаходзяцца па-за тэрыторыяй папраўчай установы.
Акрамя таго, што мужчына знаходзіўся па-за межамі тэрыторыі рэжымнай установы, здымкаў яе аб'ектаў, якія маглі нейкім чынам паўплываць на працу гэтай установы, выяўлена ў тэлефоне не было. Таксама органам, які вялі адміністрацыйны працэс, не было прадстаўлена доказаў наяўнасці інфармацыі аб забароне правядзення фота— і відэаздымкаў па-за тэрыторыяй папраўчай установы.
У выніку суддзя прыйшоў да высновы аб недаказанасці віны фатографа ў здзяйсненні правапарушэння, прадугледжанага артыкулам 24.3 КаАП — непадпарадкаванне законнаму патрабаванню службовай асобы.
Пасля гэта рашэнне было абскарджана начальнікам Глыбоцкага РАУС з прычыны неаб'ектыўнага і павярхоўнага, па яго думку, разгляду справы. Аднак 22 чэрвеня Віцебскі абласны суд пастанавіў пакінуць пастанову суда Глыбоцкага раёна ад 25 мая без зменаў, а скаргу начальніка Глыбоцкага РАУС — без задавальнення.
Каментары