Свет11

«Гэта можа казаць пра недаверлівасць і фобіі Пуціна, напрыклад, боязь біялагічнай зброі». Як ахоўваюць здароўе прэзідэнта Расіі

Ні ўварванне ва Украіну, ні чатыры прышчэпкі супраць каранавіруса, ні паслабленне пандэміі не адмянілі каранціну для тых, хто кантактуе з Уладзімірам Пуціным. Рэгулярна ў ізаляцыі сядзяць пілоты і медыкі. Для доступу ў «чыстую зону» сотні людзей па чатыры разы здаюць ПЛР-тэсты і двойчы правяраюць антыцелы да каранавіруса. Бяруць і дадатковыя аналізы — на грып, стафілакок і глісты. «Бі-бі-сі» расказвае, як ахоўваюць здароўе расійскага прэзідэнта і ў колькі мільярдаў рублёў гэта абыходзіцца расійскаму бюджэту.

Фота: kremlin.ru

«Калі дайшла чарга да мяне, мы з ім [Пуціным] павіталіся. Я перадаў яму віншаванні ад ветэранаў і кіраўніцтва нашай рэспублікі. Ён усміхнуўся і паціснуў мне руку», — так апісвае сустрэчу з Уладзімірам Пуціным генерал Ахат Юлашаў з Казані.

Юлашаў паціскаў руку расійскаму прэзідэнту на парадзе на Краснай плошчы 9 мая 2022 года — у разгар вайны Расіі з Украінай. Дзеля гэтай сустрэчы 94-гадовы мужчына правёў два тыдні на каранціне.

У Маскву генерал — ветэран не Вялікай Айчыннай, а афганскай вайны — прыехаў 23 красавіка. Сустрэлі яго «з усімі ўшанаваннямі і пасялілі ў раскошным маскоўскім гатэлі», распавядаў ён пасля вяртання мясцовым СМІ, не хаваючы, што «знаходзіўся на поўным забеспячэнні на каранціне».

Генерал Юлашаў быў адным з прыблізна 400 чалавек, якія знаходзіліся з 24 па 9 траўня на каранціне ў Маскве дзеля таго, каб паціснуць руку ці проста наблізіцца да Уладзіміра Пуціна.

Жылі яны, мяркуючы па ўсім, нядрэнна: каранцін праходзіў у дзвюх гасцініцах у цэнтры сталіцы — пяцізоркавай «Залатое кальцо» і чатырохзоркавым «Прэзідэнт-Атэлі».

Фота: АР

У 2021 годзе пасля прышчэпак ад каранавіруса Пуцін стаў больш ездзіць — наведваць публічныя мерапрыемствы і сустракацца з іншымі сусветнымі лідарамі. Кожны раз за два тыдні да яго прыезду расійскія медыкі, пілоты і вадзіцелі садзіліся ў каранцін.

Па адкрытых даных, крамлёўскія структуры выдаткавалі на гэта каля 1,5 млрд рублёў, яшчэ не менш за 1,7 млрд абсерватары атрымалі ў выглядзе субсідый.

«Такія меры беспрэцэдэнтныя, але па іх немагчыма зрабіць выснову аб тым, ці ёсць у прэзідэнта праблемы са здароўем, ці гэта перастрахоўка або «зорная хвароба», — сказаў Бі-бі-сі ізраільскі анестэзіёлаг Міхаіл Фрэмдэрман, які да 2014 года працаваў у Расіі.

Канстанцін Балонаў, загадчык аддзела ў аддзяленні анестэзіялогіі і рэанімацыі ў клініцы Tufts Medical Center ў ЗША, асабіста лячыў цяжкіх пацыентаў з каранавірусам на апаратах ШВЛ, ён лічыць, што падобныя каранцінныя меры ірацыянальныя.

Канстанцін мяркуе, што медыкі ў Крамлі проста баяцца магчымых рэпрэсій і перастрахоўваюцца: «Сядзець у каранціне і здаваць шматлікія аналізы — з медыцынскага пункту гледжання гэта паранойя або рэальны страх. «Справа дактароў» можа вельмі хутка стаць новай рэальнасцю».

Руская служба «Бі-бі-сі» высветліла падрабязнасці таго, як падчас вайны і пандэміі, якая ідзе на спад, берагуць здароўе прэзідэнта і як гэта рабілі да шырокага распаўсюджвання каранавіруса — за апошнія гады ні на адзін буйны форум Пуцін не прыязджаў без штата ўрачоў.

Патрапіць на сустрэчу з Пуціным можна, толькі здаўшы мноства аналізаў. Як мінімум, два аналізы крыві на антыцелы і чатыры ПЛР-тэсты ўжо ў каранціне. Магчымыя аналізы на розныя маркеры запаленняў у арганізме, на іншыя інфекцыі і глістоў.

Лётны атрад «Расія», чые экіпажы лётаюць з Пуціным, толькі на аналізы выдаткаваў 125 млн рублёў. З чэрвеня 2021 года лётчыкі і сцюардэсы сталі здаваць не толькі ПЛР, але і ўсе віды даследаванняў на COVID-19. Штомесяц яны здавалі да дзвюх тысяч тэрміновых ПЛР-тэстаў і да 600 тэстаў на антыцелы. А таксама — паўсотні аналізаў крыві на біямаркеры і 100-200 аналізаў калу для выяўлення каранавіруса.

Урачы пастаянна дзяжураць каля рэзідэнцыі Пуціна на Валдаі. Пад іх каранцін нават закрылі гатэль, які знаходзіцца побач з рэзідэнцыяй.

Аднак і да пандэміі ў любую буйную паездку расійскага прэзідэнта суправаджаў сапраўдны «дэсант» урачоў — інфекцыяністы, пульманалогіі, кардыёлагі, ЛОР і іншыя. Напрыклад, яны лёталі праз усю краіну на Заходні і Арктычны форумы.

Дактары, з якімі пагаварыла «Бі-бі-сі», называюць гэтыя меры залішнімі і ў прынцыпе не патрэбнымі. У іншых краінах свету нават пажылыя лідары ў асноўным выконвалі тыя ж прафілактычныя меры, што і звычайныя людзі — госці і персанал амерыканскага Белага дома, напрыклад, не праходзяць двухтыднёвы каранцін і не здаюць кал на каранавірус.

У персаналу Белага Дома ЗША і журналістаў у ім акрэдытаваных каранцін адсутнічае. Перад прэс-канферэнцыямі ў перыяд пандэміі рабілі антыген-тэсты, а падчас канферэнцый журналісты знаходзіліся ў масках. На той момант гэта былі стандартныя правілы знаходжання ў грамадскіх месцах. Пры гэтым у паездках прэзідэнта ЗША суправаджае сямейны лекар, які валодае поўнай інфармацыяй пра яго здароўе на выпадак неабходнасці і можа каардынаваць дапамогу на месцы.

Па словах доктара Балонава з ЗША, павышаныя меры бяспекі могуць прымяняцца для пацыентаў з паніжаным імунітэтам — напрыклад, з-за хіміятэрапіі. Але і ў гэтым выпадку каранцін і шматлікія аналізы — відавочна залішняя мера. Да таго ж Пуцін на відэа не робіць уражанне цяжка хворага чалавека.

Суразмоўцы выдання выказалі некалькі гіпотэз адносна «крамлёўскага каранціну». 

Магчыма, гэта проста распілоўванне бюджэтных грошай і вынік стараннасці падначаленых расійскага кіраўніка.

Ёсць і іншы варыянт: «З некаторай доляй верагоднасці гэта можа казаць пра недаверлівасць і фобіі Пуціна, напрыклад, боязь біялагічнай зброі».

Навошта Пуціну хірург-анколаг? Выйшла расследаванне пра здароўе прэзідэнта Расіі

Каментары1

  • put in jail
    04.07.2022
    У той час як болей за 40% расейцаў ходзяць сраць у сарцір з дзіркай у падлозе, на аналіз царскага кала трацяць міліярды рублёў. Халопы ўсё сьцерпяць

Што за студэнтка Ульяна, з якой на балі вальсіраваў Лукашэнка?9

Што за студэнтка Ульяна, з якой на балі вальсіраваў Лукашэнка?

Усе навіны →
Усе навіны

Сёння католікі, пратэстанты і частка праваслаўных святкуюць Раство4

Колькі ў Беларусі каштуюць табі — модны абутак, які шмат у каго асацыюецца з капытамі4

Сотні хрысціян выйшлі на акцыю пратэсту ў цэнтры Дамаска5

Зяленскі рэзка раскрытыкаваў паездку прэм’ера Славакіі да Пуціна6

Халезін: Рашэнне Бабарыкі пайсці ў прэзідэнты — гэта пошук сэнсу жыцця пасля смерці жонкі56

Экс-прэзідэнта ЗША Біла Клінтана шпіталізавалі ў Вашынгтоне

Прэзідэнцкая кампанія — 2025 стане самай сумнай. Згадваем, хто былі кандыдатамі ў мінулыя гады1

Беларусь адкрывае пасольства ў Ватыкане3

Відэа маргінальнага пралукашэнкаўскага блогера Дзеда Барадзеда прызналі экстрэмісцкім1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Што за студэнтка Ульяна, з якой на балі вальсіраваў Лукашэнка?9

Што за студэнтка Ульяна, з якой на балі вальсіраваў Лукашэнка?

Галоўнае
Усе навіны →