Літаратура1111

Жудасны новы свет. Прадказанні аднаго з самых апакапаліптычных геапалітычных стратэгаў

Гэтая кніга — халодны душ для тых, хто глядзіць у будучыню з аптымізмам. Пітэр Зейхан, былы аналітык Stratfor, прадказвае, што глабальны сусветны парадак, да якога мы так прывыклі, асуджаны на крах. Большая частка яго аргументаў заснавана на аналізе сусветных дэмаграфічных даных і на назіранні за тым, як амерыканская палітыка становіцца ўсё больш замкнёнай на сваёй краіне, менш схільнай падтрымліваць глабальную бяспеку і глабальны гандаль. Чаму The End of the World is just the Beginning («Канец свету — гэта толькі пачатак») варта пачытаць, расказвае Андрусь Храпавіцкі.

Згодна з Зейханам, свет у бліжэйшы час чакае дэмаграфічны і, як вынік, эканамічны крызіс — падзенне нараджальнасці, змяншэнне колькасці насельніцтва, якое працуе, у прапорцыі да пенсіянераў. Мы ўжо цяпер некаторы час назіраем гэтыя працэсы ў многіх краінах свету. У тым ліку ў Беларусі і ў яе найбліжэйшых суседзяў. Але гэта глабальная праблема. Мы нават не задумваемся, што перанаселены Кітай, а таксама Расія маюць катастрафічныя дэмаграфічныя паказчыкі.

«У 2020-я гады амаль паўсюдна адбудзецца калапс спажывання, вытворчасці, інвестыцый і гандлю. Эра глабалізацыі скончыцца. Гандляваць стане дорага, а жыццё замарудзіцца. І галоўнае, будзе горш. Ніякая эканамічная сістэма не зможа функцыянаваць у той будучыні, з якой мы сутыкнёмся», — прадракае Зейхан канец глабалізацыі.

У гэтай змрочнай карціне будучыні ёсць ці не адзіная краіна, якая здольная адужаць новыя абставіны. Гэтая краіна — Злучаныя Штаты Амерыкі. Калі вы там жывяце, лічыце, вам пашанцавала. Вы асабліва не адчуеце, як свет трашчыць па швах. Зейхан падрабязна распавядае, чаму сітуацыя ў Амерыцы нашмат лепшая, чым ва ўсім астатнім свеце.

У Амерыкі, сцвярджае аўтар, ідэальная геаграфія, шмат прыродных рэсурсаў, багатая сельская гаспадарка, вялізны ўнутраны рынак з буйнымі гарадамі як на атлантычным, так і на ціхаакіянскіх узбярэжжах, прыязныя суседзі, прыток маладых мігрантаў, лепшая дэмаграфія, чым у большасці краін свету — ЗША адна з рэдкіх развітых краін свету, дзе захоўваецца высокая нараджальнасць, — і шмат іншых плюсоў.

Кітай — а гэта адна з галоўных тэм кнігі — чакаюць вялізныя праблемы. Пік колькасць працоўнай сілы і колькасці насельніцтва Кітая прыпаў на 2010-я гады. У найлепшым выпадку колькасць насельніцтва Кітая ў 2070 годзе будзе складаць палову ад таго, што было ў 2020-м. Больш свежыя даныя, якія пратачыліся з кітайскага органа перапісу насельніцтва, дазваляюць меркаваць, што 2070 год у прагнозе, магчыма, давядзецца замяніць на 2050-ты. Крах ужо пачаўся, піша Зейхан.

У Еўропе аўтар бачыць шмат праблем. Вось тыя, якія ён выдзяляе.

Энергетыка: еўрапейцы больш залежаць ад імпарту энерганосьбітаў, чым азіяты, і няма адзінства сярод еўрапейскіх краін, як гэтую праблему вырашаць.

Дэмаграфія. Еўрапейскія краіны даўно ўжо дасягнулі такіх узроўняў старэння насельніцтва, калі нават у тэорыі рэпапуляцыі ўяўляюцца нерэальнымі, а гэта азначае, што Еўрапейскі саюз цяпер функцыянальна з'яўляецца экспартным саюзам. Без створанага амерыканцамі глабальнага парадку еўрапейцы губляюць усялякую магчымасць экспарту тавараў, што выключае магчымасць захавання еўрапейскага грамадства ў яго цяперашнім выглядзе.

Аўтар сцвярджае, што толькі пры ўмове, што амерыканцы будуць аплачваць асноўную частку выдаткаў на абарону і забяспечваць эканамічны рост, еўрапейцы могуць падтрымліваць сваю звыклую сацыял-дэмакратычную мадэль сацыяльнай дзяржавы.

Дэглабалізацыя, старэнне насельніцтва Еўропы, а таксама страта доступу да сусветных рынкаў даюць падставу думаць, што еўрапейскія краіны можа чакаць у лепшым выпадку перманентная рэцэсія.

Не ўсе еўрапейскія дзяржавы створаныя роўнымі. На кожную ўмоўную багатую Брытанію прыпадае ўмоўная бедная Грэцыя. На кожную самадастатковую Францыю ёсць уразлівая Латвія. Некаторыя краіны бяспечныя і багатыя. Іншыя ўразлівыя або бедныя. Магчыма, горш за ўсё тое, што найбуйнейшы эканамічны гулец (Нямеччына) не мае іншага выбару, акрамя як быць у цэнтры ўсяго, у той час як дзве краіны з найбольшай здольнасцю дзейнічаць у адзіночку (Францыя і Вялікабрытанія) ніколі паўнавартасна не інтэграваліся з астатняй Еўропай. Мала падстаў чакаць, што французы скарыстаюцца сваім уплывам на карысць Еўропы, і няма падстаў чакаць дапамогі ад брытанцаў, якія афіцыйна выйшлі з Еўрасаюза ў 2020 годзе.

Бачанне будучыні Еўропы і Азіі ў Зейхана часам здаецца празмерна драматычным. Як піша аўтар, Японія знайшла спосаб «грацыёзна старэць». Чаму тая самая Нямеччына не знойдзе спосаб пераняць яе прыклад і ўтрымацца на плыву, разам з тым захоўваючы і падтрымліваючы свабодны еўрапейскі рынак?

Энергетычная залежнасць — велізарная праблема. І так, гэта прывядзе да сур'ёзнай турбулентнасці, магчыма, нават у надыходзячым зімовым сезоне. Але еўрапейцы не проста сядзяць у чаканні халадоў. Ці не?..

Гледзячы на Усходнюю Еўропу, большая частка аналізу Зейхана гучыць цалкам праўдападобна. Памятаю, да 2020 года мяне ўражвалі хуткія тэмпы трансфармацыі Мінска. Мінск, празваны Сіліконавай далінай Усходняй Еўропы, паўсюль меў прыкметы вестэрнізацыі.

З усімі гэтымі кавярнямі, пабамі, масавымі гісторыямі поспеху ў галіне ІТ хацелася верыць, што палітычныя змены непазбежныя. Заканамерна ў жніўні 2020 года прыйшла хваля пратэстаў. Здавалася, што рэжым Лукашэнкі вось-вось абрынецца.

Але не, не зраслося. Пры падтрымцы Расіі беларускі дыктатар выстаяў. І пачалася «рэканкіста» — зачыстка ці не кожнага глытка свабоды ў краіне. IT-кампаніі збеглі. Адчуванне вестэрнізацыі Беларусі выпарылася.

А потым у 2022 годзе прыйшла вайна. Расія не проста дэглабалізуецца, яна дэцывілізуецца — яшчэ адзін тэрмін, які Зейхан выкарыстоўвае для апісання новай рэальнасці. Расія, Украіна, Беларусь перажываюць нечуваныя да гэтага часу маштабы ўцечкі мазгоў.

Сумнае выратавальнае кола для краін з жахлівай дэмаграфіяй, такіх як Літва, дзе частка гэтай кваліфікаванай працоўнай сілы асядае — прынамсі, на гэты момант.

Гледзячы на новую рэальнасць з Вільні, адчуваеш валатыльнасць рэгіёна. Жыццё на франціры з гіганцкай краінай-ізгоем побач. Дадайце да гэтага тое, як хутка старэе гэты рэгіён. І сапраўды, чытаючы Зэйхана, адчуваеш, што кніга проста апісвае тое, што мы тут ужо перажываем. Не заўтра. Сёння.

Зейхан шмат старонак прысвячае энергетыцы, прыродным рэсурсам, сельскай гаспадарцы (Беларусь амаль выключна згадваецца ў сельскагаспадарчым кантэксце). Прыбярыце глабалізацыю, і, сапраўды, нас чакаюць змрочныя часы.

Але падчас чытання не пакідала і іншая думка. Няўжо сапраўды ўсё будзе менавіта так? Усё гэта непазбежна?

З назапашанымі чалавецтвам ведамі і навуковым прагрэсам нават у самыя змрочныя часы ёсць надзея. Як ні дзіўна, Зейхан называе сябе аптымістам. Перыяд, з якім мы сутыкаемся, з'яўляецца чымсьці накшталт interregnum (міжкаралеўе), сцвярджае ён. Гэта пройдзе. Адсюль і назва кнігі.

Некаторыя яго прагнозы могуць і не спраўдзіцца. Антынаталісты, такія як філосаф Дэвід Бенатар, нават рады пачуць пра дэмаграфічны крах чалавецтва, улічваючы іх пазіцыю, што прыводзіць у гэты свет пакутаў новае жыццё амаральна. Некаторыя «зялёныя» актывісты могуць таксама ўбачыць перавагі старэння чалавецтва — менш канс'юмерызму, больш шанцаў для сусветнай экасістэмы адпачыць ад глабалізацыі і ачысціцца.

У любым выпадку, на якім баку ў гэтых філасофскіх спрэчках вы ні знаходзіліся б, гэтая кніга наўрад ці выкліча ў вас усмешку і добры настрой. Я вас папярэдзіў.

Каментары11

  • Satan
    10.08.2022
    @Памятаю, да 2020 года мяне ўражвалі хуткія тэмпы трансфармацыі Мінска. Мінск, празваны Сіліконавай далінай Усходняй Еўропы@
    Достаточно было выехать за МКАД, чтобы слетели шоры с глаз. Минск - это не вся Беларусь. Да, и Минск... зыба, октябрьская, пвт - это еще не весь Минск. В том же Минске где-то на Фрунзенской в бабушатнике школьная училка думала как дожить до зарплаты и что купить в магазе на ужин - макароны или гречку. Не было никакой трансформации Минска. Были легкие бабки, которые были легко вброшены и, как обычно бывает в таких ситуациях - легко просраны. Ну, лан. Еще пока не полностью просраны. Заброшенные и пустые ТЦ появятся через года два-три по моим прогнозам. А трансформация - это системный процесс. Где всё изменяется одновременно со всем. Как в Трансформерах. А в Минске мы имели классовое расслоение, а не трансформацию.
  • Andrei
    10.08.2022
    антисвета, Получается, если война выгодна только Америке, как вы утверждаете, то Россия, начав ее, действует на стороне Америки? Нестыковка...
    Кстати, в Америке перерабатывается 32% мусора. Интересно, а в Беларуси и России сколько?
  • антисвета
    10.08.2022
    Andrei, ясна, што меней. але Беларусь не распіхвае сваё смецце па ўсёй Зямлі 

    мне (як трохі гаўналыжніцы)) такі праект невераемна падабаецца - ski.ru/az/blogs/post/na-kryshe-musoroszhigatelnogo-zavoda-v-kopengagene-otkryli-gornolyzhnuyu-trassu/

    можа і ў нас калі будзе такое... я не дажыву, але можа ўнукі

    горка функцыянуе і летам. а я некалі думала, калі шчэ не ведала пра такі праект - чаму нельга зрабіць такое штучнае пакрыццё, каб і летам катацца было можна?

    а сам завод апынуўся, як прадпрыемства, настолькі круты, што яны нават імпартавалі смецце, каб ён не прастойваў, бо свайго смецця не хапала пад ягоныя магутнасці

Сілавікі выклікаюць на размовы — што трэба ведаць2

Сілавікі выклікаюць на размовы — што трэба ведаць

Усе навіны →
Усе навіны

Трансгендарная дачка Ілана Маска адказала на яго гучныя заявы12

У дзень цырымоніі адкрыцця Алімпіяды ў Францыі адбыліся дыверсіі на чыгунцы1

У Мінску пачалі судзіць пяць чалавек па гучнай справе за «падрыхтоўку тэракту ў Дзень перамогі»3

Якая сетка кафэ самая распаўсюджаная ў Беларусі? Гэта не «Бургер Кінг» і не былы «Макдональдс»2

95-гадовая жанчына патанула ў каркасным басейне ў Лёзненскім раёне1

Марыя Васілевіч расказала, як стала вядучай «Калыханкі». Кажа, гэта не дзеля папулярнасці6

Даляр на таргах апускаўся ніжэй за 3,10 рубля1

«Байсол» збірае грошы для дзяцей палітвязняў перад школай — яшчэ можна падтрымаць2

Экс-дзяржсакратар ЗША апублікаваў імаверны мірны план Трампа па Украіне. Што ў ім?29

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Сілавікі выклікаюць на размовы — што трэба ведаць2

Сілавікі выклікаюць на размовы — што трэба ведаць

Галоўнае
Усе навіны →