Памятаеце мінчука, які ў 2017-м выратаваў на Дзень Волі бел-чырвона-белы сцяг з-пад ног амапаўцаў? Зараз ён праходзіць па крыміналцы
«Я не мог трываць, што наш сцяг топчуць быкі ў міліцэйскай форме», — казаў Андрэй Асмалоўскі ў інтэрв’ю СМІ ў 2017 годзе. Падчас акцыі на Дзень Волі, калі пачаўся разгон і затрыманні, бел-чырвона-белы сцяг быў адкінуты на асфальт і апынуўся побач з аўтазакам, пад нагамі амапаўцаў. Тады Андрэй падняў яго, узняў угару і крыкнуў «Уздымаем сцяг назад!» За гэта мужчыну адразу затрымалі. Праўда, у той жа вечар ён быў адпушчаны дадому нават без пратакола.
29 ліпеня гэтага года Андрэя затрымалі падчас «хапуну» членаў АГП. Вось што вядома пра яго лёс на гэты момант.
![](http://nashaniva.com/img/w732d4webp1/photos/z_2022_08/ck2tvllhiaa-5fggy.jpg.webp)
Гісторыя са спробай выратаваць сцяг стала медыйнай. Учынак тады называлі геройскім, слоган Андруся нават стаў плакатам.
«Натхніў мяне свабодны дух, і вось такі экспромт здарыўся. Проста абурыла, што наш родны сцяг топчуць амапаўцы. Я разумеў, што мяне схопяць, але ў той час пра гэта не думаў. Тым больш, што загадзя падрыхтаваўся да затрымання: скончыў свае прыватныя справы, дзелавыя пытанні, перадаў пэўныя працоўныя паўнамоцтвы…
![](http://nashaniva.com/img/w732d4webp1/photos/z_2022_08/sciag-1bdmj.jpg.webp)
Калі шчыра, то ў мяне была такая ідэя: хоць бы неяк паўплываць на астатніх уласным прыкладам. Таму паспрабаваў падняць сцяг як мага вышэй. На здзіўленне, страшна не было. Мой сябар, з якім я быў, неяк здолеў адбіцца і ўцячы, хоць і яго спрабавалі затрымаць. А я ўжо проста падумаў: паміраць — дык з песняй», — тлумачыў ён свае паводзіны журналістам.
![](http://nashaniva.com/img/w732d4webp1/photos/z_2022_08/screenshot2022-08-10at155422-tyg3x.png.webp)
Але гэта не адзіная палітычная актыўнасць мужчыны: ён і раней наведваў акцыі пратэсту ў Мінску, быў заўсёднікам дзён Волі. У 2004-м яго разам з іншымі шматлікімі актывістамі затрымалі пасля акцый, прымеркаваных да 10-годдзя прэзідэнцтва Лукашэнкі. Тады Андрусь «абышоўся» штрафам у 30 базавых.
Андрэй мае двух сыноў, па адукацыі — інжынер-будаўнік. Працаваў па спецыяльнасці, займаючыся архітэктурным праектаваннем як індывідуальны прадпрымальнік.
У 2019 годзе Асмалоўскі вылучаўся ад АГП у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу сёмага склікання — ад Коласаўскай акругі №106, афіцыйна прайграўшы першаму прарэктару БДУІР Сяргею Дзіку.
![](http://nashaniva.com/img/w732d4webp1/photos/z_2022_08/screenshot2022-08-10at142602-6pajn.png.webp)
Цяпер ён трапіў пад зачыстку чальцоў АГП: напярэдадні прыйшлі па лідара АГП Мікалая Казлова, старшыню Мінскай гарадской арганізацыі Аксану Аляксееву і яшчэ адну ўдзельніцу партыі — Антаніну Кавалёву. У гэты ж момант не выйшаў з сутак, прысуджаных раней, сябра АГП Артур Смалякоў.
Да Андруся Асмалоўскага сілавікі завіталі 29 ліпеня. Як нам пацвердзілі сябры сям'і, затрымалі і яго грамадзянскую жонку Дзіяну Чарнушыну (таксама сяброўку АГП). Як на Андруся, так і на іншых чальцоў партыі завялі крымінальную справу па «народным» 342-м артыкуле (актыўны удзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак).
![](http://nashaniva.com/img/w732d4webp1/photos/z_2022_08/fkdyr0g1x5m-g5j4y.jpg.webp)
На сёння агулам у турмах, калоніях і следчых ізалятарах знаходзяцца 13 сяброў Аб’яднанай грамадзянскай партыі.
Каментары
А аматарам грантаў і іншых тэатральных пастановак, не забывайце сплачваць падаткі тым хто насамрэч мае рэпрэсіі ад акупацыйнага рэжыма.