Прапаганда крычыць пра «беларускі экспартны цуд». Усё аказалася трывіяльным
«Наша Ніва» параўнала беларускую статыстыку з паказчыкамі суседзяў. Экспарт Беларусі выглядае больш чым сціпла.
Вадзім Гігін — прызначаны Аляксандрам Лукашэнкам кіраўнік таварыства «Веды» тут фігуруе як «палітычны аналітык» — у эфіры СТВ гаворыць:
«Калі нашы праціўнікі кажуць: ой, нечакана так аказалася, Беларусь настолькі ўстойлівая перад санкцыямі. Так устойлівая яна не выпадкова, не таму, што нейкі цуд здарыўся, як я чуў ад іх аналітыкаў — «экспартны цуд». Цуд прыходзіць, калі ты на яго працуеш. У эканоміцы асабліва цудаў не бывае, гэта ўсё вынік напружанай працы. І менавіта гэта і з'яўляецца стратэгіяй Аляксандра Лукашэнкі», — кажа праўладны палітычны каментатар.
Паднялі статыстыку: аб’ёмы беларускага экспарту ў адносна паспяховым 2021 годзе не выглядалі як нейкі «цуд» на фоне суседніх краін.
У 2021 годзе Беларусь з насельніцтвам 9,4 млн чалавек экспартавала тавараў на 39 мільярдаў даляраў.
У тым жа 2021-м Літва, якая мае ў амаль у тры з паловай разу меншае насельніцтва (2,8 млн) экспартавала тавараў амаль на аналагічную суму — на 37 мільярдаў даляраў.
У Латвіі ў мінулым годзе экспарт тавараў склаў 19 мільярдаў даляраў. Гэта ў 2 разы менш, чым у Беларусі. Але нагадаем, што насельніцтва Латвіі меншае за 2 млн чалавек.
Польшча ў 2021 годзе экспартавала тавараў на 331 млрд даляраў. Гэта больш чым у 8 разоў больш за паказчыкі Беларусі (хаця насельніцтва Польшчы большае за беларускае толькі ў 4 разы).
Такім чынам, гэтыя краіны экспартуюць тавараў на душу насельніцтва ў разы больш, чым Беларусь, і ніхто з іх не крычыць пра «экспартны цуд». Зрэшты, і фінансаваных з дзяржаўнага бюджэту таварыстваў «Веды» ў гэтых краінах таксама няма.
Варта адзначыць, што структура таварнага экспарту пералічаных краін нашмат больш разнастайная, чым беларускага, які ў значнай меры абапіраецца на танныя расійскія энергарэсурсы. Большую частку беларускага экспарту складаюць калійныя ўгнаенні і нафтапрадукты, вырабленыя з расійскай нафты. У выпадку Літвы, Латвіі і Польшчы доля высокатэхналагічных тавараў у экспарце нашмат большая.
Рост аб'ёму экспарту ў 2021 годзе — гэта не зусім заслуга беларускіх вытворцаў. Яны не сталі раптам выпускаць нейкую новую прадукцыю. У першую чаргу на ажыўленні замежнаэканамічнай дзейнасці адбілася імклівае аднаўленне сусветнай эканомікі пасля пандэміі кароны і рост цэн на нафту і калій на сусветным рынку.
Але гэта быў 2021 год. Рэпрэсіі, атака мігрантамі на Польшчу і Літву, а пасля і суўдзел ў агрэсіі супраць Украіны сталі прычынамі ўвядзення санкцый супраць Беларусі. Эфект ад санкцый пачаўся ў 2022 годзе.
Беларускі экспарт тавараў у першай палове 2022 года знізіўся. Першы намеснік прэм’ера Снапкоў прызнаў, што па выніках года экспарт можа абваліцца на 30%.
Каментары
Ну плявузгаеш ты нейкую бздуру, але навошта туды Лукашэнку ўпісваць. Здаецца, што хутка ў падручніках будзе афіцыйна напісана, што сонца, вецер, дождж, сьнег толькі па яго рашэнню.