«Засялілі ў пяціпакаёвую кватэру разам з украінскай сям’ёй». БЧБ-нявеста пераехала ў Швейцарыю і расказвае, як там жывецца
Іна Зайцава — адна з першых беларусак, якая сутыкнулася з праблемамі з працягненнем дазволу на жыхарства ва Украіне. Пасля некалькіх беспаспяховых візітаў у міграцыйныя органы Іна разам з мужам і дзецьмі з'ехала з Украіны. «Наша Ніва» паразмаўляла з ёй пра тое, як сям’я ўладкавалася ў Люцэрне, што ў Швейцарыі ўразіла больш усяго і як праходзіць адаптацыя ў новай краіне ў дзяцей.
Фота: асабісты архіў
«Не падабаецца жыць у кантоне з вялікімі падаткамі — можна пераехаць у іншы, дзе яны меншыя»
11 ліпеня сям’я транзітам праз Польшчу дабралася да Швейцарыі.
Іна кажа, што ў новую краіну яны «арганічна ўпісаліся».
«Украіна свабодалюбная краіна, а Швейцарыя — вельмі арганізаваная, — расказвае яна. —
Менавіта тут мы ўбачылі, як такая арганізацыя можа працаваць на людзей, а не на сістэму ўтрымання ўлады, як у Беларусі.
Швейцарыя — адна з краін з найстарэйшай дэмакратыяй. Тут ёсць прамыя выбары, калі людзі збіраюцца на плошчы, паднімаюць рукі і галасуюць.
Вельмі хочацца зразумець, як усё тут працуе, наколькі камфортна людзям і прывезці досвед у Беларусь. Мы ж, беларусы, таксама за парадак, а вось як гэта рэалізаваць, каб не адчуваць сябе рабом, глядзім на прыкладзе Швейцарыі».
Сама краіна шматмоўная, тут чатыры афіцыйных мовы — нямецкая, французская, італьянская і рэтараманская.
Швейцарыя складаецца з аб’яднання кантонаў. Гэта своеасаблівыя «вобласці», у кожнай з якой існуюць свае законы і правілы.
«Адрозненні могуць быць ад памеру падаткаў да арганізацыі школьнага працэсу. Як усё гэта будзе працаваць вырашаюць людзі на рэферэндуме.
У іх, напрыклад, на ўсходзе няма думак, што чаму мы павінны жыць так, як хочуць на захадзе Швейцарыі. Кожны кантон вырашае сам.
У адной краіне ты можаш абраць тую «вобласць», якая табе падыходзіць. Не падабаецца жыць у кантоне з вялікімі падаткамі — можна пераехаць у іншы, дзе яны менш.
Унікальная сістэма, якая мне вельмі падабаецца. Уяўляеце, як будзе здорава, зрабіць такое ў шасці абласцях Беларусі. Напрыклад, у адной трэба развіваць сельскую гаспадарку, а ў другой вытворчасць, распрацоўваць законы канкрэтна пад кожную вобласць, а не мяняць гэта на ўзроўні цэлай краіны», — кажа Іна.
«Кватэру нам далі ў адным з найлепшых раёнаў горада»
У Швейцарыі, па словах жанчыны, людзі даволі палітызаваныя. Многія чытаюць газеты.
«Швейцарыя славіцца сваім нейтралітэтам і пры гэтым яны зрабілі выснову пасля заканчэння Другой сусветнай вайны, да чаго прыводзіць нявызначанасць пазіцый. Тут вісяць украінскія сцягі, усе людзі дапамагаюць бежанцам, прызнаюць, што Расія — гэта агрэсар.
З любым швейцарцам можна закрануць тэму законаў, падаткаў ці нешта іншае, ён будзе ўсё ведаць пра гэта ў сваім кантоне», — запэўнівае яна.
Палітычнай пісьменнасці ў Швейцарыі вучаць у школе.
«Аказваецца, што атрымаць свядомую грамадзянскую пазіцыю можна без ідэалогіі партыі, а проста расказваючы, як усё вакол уладкавана. А пасля толькі чалавек будзе задумвацца, як ён бы хацеў, што для гэтага трэба», — тлумачыць Іна.
Ехаць у Швейцарыю сям’і прапанавала адна з беларускіх журналістак, якая там жыве.
Спачатку Іна з мужам і двума дзецьмі жыла месяц у лагеры для бежанцаў: два тыдні ў Берне і яшчэ столькі ж у Люцэрне. Яны чакалі, пакуль ім дадуць жытло.
Пры засяленні ім прапанавалі абраць кантон, у якім яны хочуць жыць.
«Люцэрн быў на карце ў сярэдзіне. І калі раптам давядзецца кудысьці ездзіць на працу, то з гэтага горада гэта зручна.
Кватэру нам далі ў адным з найлепшых раёнаў горада. Тут жывуць дастаткова забяспечаныя людзі. І ў нас з'явілася магчымасць убачыць сапраўдных швейцарцаў. Бо тут усё ж ёсць раёны, у якіх жывуць эмігранты і сустрэць там мясцовага можна рэдка.
Мы назіраем вялікую павагу адзін да аднаго, што беларусам знаёма: прыбіраюць за сабой, сочаць за парадкам у грамадскіх месцах», — пералічвае яна.
«Мінімальны пражытачны мінімум, які тут патрэбен, — 3500 франкаў»
Рыса швейцарцаў, якой няма ў беларусаў, — ветлівасць. Калі незнаёмыя людзі ідуць міма адзін аднаго і яны сустракаюцца вачыма, у Швецарыі прынята вітацца. Адвесці позірк нельга.
«Гэта стварае адчуванне, што нават будучы адным у новым горадзе, ты не самотны, — дзеліцца Іна. — Выходзіш на вуліцу ў краму і ёсць ўпэўненасць, што грамадства цябе прымае.
Першая эміграцыя была для нас вельмі траўматычная, цяжка выходзілі з гэтага стану. На момант другой мы ўжо ў ім не знаходзіліся. У нейкім сэнсе пашанцавала, што мы не ўцяклі, а нас выгналі з Украіны. Я нават удзячная ў гэтым кантэксце.
Калі з'язджала, не было адчування, што я здалася ці зламалася. Не трэба Украіне? Дзякуй, тады я паеду.
Наша задача тут адчуць упэўненасць, наладзіць жыццё, бо для маіх дваіх маленькіх дзяцей за гэты перыяд было зашмат пераездаў. Таму зараз бацькоўскі абавязак даць ім адчуць сябе ў бяспецы».
Шмат гадоў стабільнага развіцця, без войн і рэвалюцый, прывялі да таго, што ўся Швейцарыя стала максімальна добраўпарадкавана.
Пары вылучылі пяціпакаёвую кватэру, але ў ёй з імі жыве яшчэ адна ўкраінская сям’я.
Атрымліваецца, што дзяржава аплочвае сям’і жытло, медыцынскую страхоўку, плаціць дапамогу — 860 франкаў (866 даляраў).
«Цяпер мы атрымалі статус бежанца, таму будзе каля 1000 (1007 даляраў) на сям'ю. Таксама могуць аплочваць курсы нямецкай мовы. Але мы іх не чакалі, а адразу, як прыехалі, пачалі актыўна вучыць мову, узялі рэпетытара.
860 франкаў нам цалкам хапае на харчаванне, базавую вопратку.
Канечне, мы глядзелі цэны на арэнду жытла, усё залежыць ад раёна. Трохпакаёвую ці чатырохпакаёвую кватэру не ў цэнтры горада можна зняць за 1500 франкаў (1511 даляраў). За 1000 (1007 даляраў) можна спакойна пракарміць сям'ю. І каля 1000 сыдзе на сям'ю за страхоўкі.
Сярэдні заробак тут — 6500 франкаў (6549 даляраў), мінімальны пражытачны мінімум, які тут патрэбен, — 3500 франкаў (3526 даляраў). Пры гэтым мінімальная аплата працы — 20 франкаў (20 даляраў) у гадзіну. Атрымліваецца, што адзін чалавек можа забяспечыць сваю сям'ю», — кажа яна.
«Работнікі тут вельмі патрэбны ва ўсіх сферах»
Іна расказвае, што знайсці ў Швейцарыі працу высакакласнаму спецыялісту нескладана.
З асаблівасцей — пры ўладкаванні папросяць рэкамендацыю ад былога працадаўцы.
«Калі зайсці на сайт з вакансіямі аднаго кантона, то там будзе столькі прапаноў, як у нас па ўсёй Беларусі. Супрацоўнікі тут вельмі патрэбны ва ўсіх сферах.
Я зрабіла ўсе неабходныя крокі для таго, каб уладкавацца на працу. Па-першае, пазнаёмілася са швейцарцамі, суседзямі. Сказала ім, што хутка буду шукаць працу і калі яны раптам пачуюць, што камусьці патрэбен супрацоўнік, то я гатова. Ужо шанцы павышаюцца. Па-другое, знаёмыя швейцарцы дапамаглі мне скласці рэзюмэ па іх правілах. Па-трэцяе, я інтэнсіўна вучу мову па 5—6 гадзін на дзень з рэпетытарам», — расказвае жанчына.
Ад беспрацоўя ў Швейцарыі ўсе застрахаваны.
«Калі ты паўтара года плаціш за страхоўку, то ў выпадку страты працы страхавая на такі ж тэрмін будзе выплачваць 80 адсоткаў ад твайго папярэдняга акладу, — тлумачыць яна.
—Тут не існуе панічнага страху, што калі не стане працы, то ты памрэш з голаду.
Дарэчы, калі ў іх быў каранцін, пандэмія, усе атрымлівалі гэты працэнт».
Муж Іны таксама пакуль што вучыць мову. У Швейцарыі яму цікава тэма перапрацоўкі смецця.
«У іх тут мала месца, няма дзе рабіць звалкі, таму існуе поўны цыкл перапрацоўкі.
Муж вельмі хоча пайсці ў такую сферу. А я вырашыла, што хачу развівацца ў сферы турызму», — расказвае яна.
«У школе па будынку дзеці ходзяць у тапачках»
Старэйшаму сыну Іны 12 гадоў. У Люцэрне ён пайшоў у адаптацыйны клас у мясцовай школе. У яго адпраўляюць усіх дзяцей-бежанцаў.
«Ён пакуль у супраціве, не хоча асабліва вучыць мову. Лічыць, што хутка вернецца дадому, у Беларусь, таму нямецкая яму не патрэбная. Таксама сын не сутыкнуўся яшчэ з неабходнасцю размаўляць на іншай мове.
Малодшаму — 4 гады. Ён неяк адразу паверыў у тое, што яму неабходна ведаць нямецкую. Вывучылі з ім базавыя словы, фразы. І я яго адвяла ў адаптацыйную шпіль-групу. Яна гульнявая, абавязковая для наведвання дзяцей-эмігрантаў, каб яны хутчэй адаптаваліся, вучылі мову. Аплочвае яе гарадская казна», — расказвае Іна.
Малодшаму сыну жанчыны вельмі падабаецца туды хадзіць. Ён тлумачыць гэта тым, што там «не трэба спаць днём і не прымушаюць есці».
«Тут, дарэчы, сістэма, што кожны сілкуецца індывідуальна. У садок, школу бярэш ланчбоксы.
Ён у такой шпіль-групе знаходзіцца з 8:30 да 11:30. Садок на цэлы дзень тут, вядома, ёсць, а сума, якую за яго трэба плаціць, залежыць ад твайго заробку.
Калі якая-небудзь маці-адзіночка атрымлівае мінімальны заробак, то плаціць не трэба. Гэтае прагрэсіўнае падаткаабкладанне прывяло да таго, што людзі не шукаюць высокааплатную працу абы зарабіць, а шукаюць нешта па душы, добрыя грошы да гэтага служаць бонусам», — расказвае жанчына.
У швейцарскай школе, па словах Іны, акрамя стандартных прадметаў вучаць практычнаму боку жыцця. Напрыклад, расказваюць аб прафесіях, падатках, крэдытах.
Уразіла жанчыну тое, што ёй не прыйшлося рыхтаваць дзіця да навучальнага года: усю канцылярыю даюць у школе.
«Мы купілі бутэльку для вады, заплечнік (20 франкаў каштаваў), ланчбокс. Форма адзення свабодная.
Дарэчы, заўважыла, што адзенне перад пачаткам школы былі на распродажы. Красоўкі набылі дзіцяці за 15 даляраў.
У школу старэйшы сын таксама ходзіць з задавальненнем. Там есці не прымушаюць, па будынку дзеці ходзяць у тапачках. Клапоцяцца, каб было камфортна», — расказвае яна.
Сям’я таксама «пазнаёмілася» са страхавой медыцынай ў Швейцарыі. Іна кажа, што ёсць свае мінусы.
«У сына быў пералом рукі, — кажа яна. — Прыехалі ў бальніцу, далі абязбольвальнае, зрабілі здымак, потым аперацыю, прачнуўся пасля яе ён ужо дома. Гіпс знялі, але рука не роўная. Урачы тлумачаць, што дзіця расце, таму яна павінна сама выраўняцца. Не ведаю, ці так гэта насамрэч.
У Швейцарыі скардзяцца на пераддыягностыку. Падставай да звароту да доктара можа служыць нейкая відавочная праблема.
Не прынята тут, напрыклад, раз у год здаваць аналізы, УГД рабіць. Гэта мінус, вядома».
Каментары